92725.fb2
Петрык пайшоў у школу. Iсам здзiўляўся, як лёгка яму давалася вучоба. Варта было паслухаць на ўроку настаўнiка - i ў кнiжку не трэба заглядваць, усё чысценька, да слова запамiнаў. Навучыўся чытаць, пiсаць, лiчыць. Ды так, што нiхто з iм не мог нi ў чым зраўняцца. Сем класаў скончыў на пяцёркi. Ды i астатнiя класы - восьмы, дзевяты, дзесяты - таксама на "выдатна".
- Гэта талент, незвычайны з яго вырасце чалавек, - казалi настаўнiкi пра Петрыка бацькам. - Што нi даручыш, за што нi возьмецца - зробiць!
I праўда, не толькi галава была светлая ў Петрыка, але i залатыя рукi. Ён мог адрамантаваць прас i радыёпрыёмнiк, гадзiннiк i веласiпед, матацыкл. Iграў на баяне, на пiянiна, на гiтары. Умеў - i даволi прыгожа - спяваць. Быў чэмпiёнам школы i горада па плаваннi, бегу на сто, дзвесце i пяцьсот метраў. Вышэй за яго нiхто не скакаў, лепей за яго нiхто не гуляў у футбол, валейбол i тэнiс. Словам, усюды i ва ўсiм ён паспяваў, паказваў спрыт, дамагаўся поспехаў.
Настаўнiкi ставiлi яго ў прыклад, многiя яму зайздросцiлi. Вядома, сярэднюю школу ён закончыў на залаты медаль. Куды ехаць вучыцца далей, Петрык (яго цяпер звалi ўжо Пятром, а сёй-той i Пятром Пятровiчам) ведаў, бо даўно абраў сабе прафесiю - захацеў стаць матэматыкам. Прываблiвалi яго лiчбы, у iх ён бачыў схаваны таямнiчы сэнс. Складваць iх, дзялiць, множыць - гэта быў любiмы яго занятак. Больш таго - ён, будучы яшчэ вучнем, знаходзiў у дзяленнi, множаннi, складаннi, адыманнi такiя заканамернасцi, якiх да яго нiхто не знаходзiў. А калi, можа, i знаходзiў, дык пра гэта ён, Пятро, не ведаў, не чуў. Рашыць самую складаную матэматычную задачу яму не было нiякай цяжкасцi рашаў, лускаў, раскусваў, як семкi, арэшкi, проста на хаду.
Ва ўнiверсiтэце, куды паступiў, яго з першага курса захапiла вышэйшая матэматыка. Ужо на другiм курсе ён напiсаў працу, якую надрукавалi ў студэнцкiм навуковым зборнiку. Гэты зборнiк нейкiм чынам трапiў за мяжу, i адтуль пачалi на яго iмя прыходзiць лiсты - пiсалi вучоныя, выказвалi захапленне працай маладога свайго калегi. На трэцiм курсе студэнта матэматычнага факультэта Пятра Пятровiча Каравая ўжо ведалi ў многiх краiнах. А на пятым курсе разам з дыпломам аб заканчэннi ўнiверсiтэта ён атрымаў пасведчанне аб прысваеннi яму навуковай ступенi кандыдата матэматычных навук. Патрабавалася два гады, каб Пятро Пятровiч Каравай стаў доктарам, а потым праз вельмi кароткi час i членам-карэспандэнтам, акадэмiкам.
Само сабой, i асабiстае жыццё складвалася ў Пятра Каравая як найлепей. Яшчэ ў школе ён закахаўся ў дзяўчыну, Лiну. У Лiны, праўда, быў ухажор, яна сябравала з iм з маленства. Але Пятру варта было пабыць з Лiнай некалькi гадзiн, i яна забылася на сябра маленства - закахалася, як кажуць, па самыя вушы ў Пятра.
- Як убачу цябе, - прызналася аднойчы Лiна, - на ўсё забываю. Ты, i толькi ты ў маiх вачах, у маiх думках. Быццам заваражыў чым... Гiпноз, нейкая няйнакш магiчная сiла ў цябе...
Гэтую магiчную сiлу цi гiпноз адчуваў у сабе i сам Пятро. Варта было яму чагосьцi захацець - i яно з'яўлялася. Упершыню ён адчуў гэта яшчэ ў школе. Неяк Косця Верамейчык, з якiм Пятро сядзеў за адной партай, прынёс у школу пенал каляровых алоўкаў. Ды не абы-якiх, а замежных, прывезеных бацькам з Нямеччыны. Алоўкi былi як алоўкi, а вось пенал... Нейкi быццам касцяны. I як, як размаляваны! Цэлая карцiна - i высокi дом са светлымi вокнамi, i бабкi, што за столiкам вяжуць карункi, i дзецi гуляюць у мяч... А якiя там намаляваны звяры, птушкi, рыбы!..
Захацелася, вельмi захацелася мець такi пенал Пятру. I, уяўляеце, скупеча Косця падарыў яго яму.
- А як жа ты? - здзiўлена глядзеў на Косцю Пятро.
- Бацька не адзiн, а два такiя прывёз... I калi табе падабаецца, бяры...
Далей - болей. Дарылi яму цi ўзнагароджвалi за выдатную вучобу, спартыўныя поспехi, iншыя рэчы, якiя яму падабалiся, якiя ён хацеў мець. Нават здаралася: сёе-тое i знаходзiў - на вулiцы, у траве. Цi бацька, мацi яму куплялi. I заўсёды якраз тое, што ён у кагосьцi бачыў i чаго так прагнуў, хацеў.
Пра тое, што гэта сюрпрызы Карчоўнiка, той яму спрыяе, дапамагае, - не думалася. Пра Карчоўнiка Пятро i зусiм забыў. Цi мала што магло прыблюзнiцца яму, малому, ад страху, калi ляжаў за старадрэвiнай, хаваўся ад немцаў? Дык i верыць? Ну, падалося тады... Але ж чэрцi, нячысцiк... Казкi гэта, выдумка, прычым адсталых людзей, такiх, якiм i быў дзед Максiм. Пражыў увесь свой век у вёсцы, нiдзе, нават у горадзе, нi разу не быў, не ўмеў нi чытаць, нi пiсаць. А фантазiя... Фантазiя ў яго, мабыць, была. Вось i выдумаў. Ды i не сам ён мог пра чарцей i нячысцiкаў выдумаць, а перадалося ад бацькоў, дзядоў. А ён паспяшаўся ўнуку ўсё, што сам ведаў, перадаць... Прызнайся, скажы цяпер каму-небудзь у горадзе пра чарцей цi нячысцiкаў - засмяюць жа. I правiльна. Няма нiдзе нiякiх чарцей. Ёсць тое, што мы бачым, адчуваем. Усё ж астатняе... Выдумка, плод фантазii, галавы...
Кажуць, чалавек хутка да ўсяго прывыкае. Асаблiва да добрага. I Пятро прывык. Ды так, што i як жыць па-iншаму не ўяўляў. Дзiўным нават здавалася як гэта чаго-небудзь хацець i не мець? Сутыкнуўся з гэтым ён яшчэ ў школе, калi Лiнiн ухажор - таксама дзесяцiкласнiк, толькi з паралельнага класа, неяк падышоў да яго, Пятра, i быццам папрасiў:
- Не збiвай з тропу Лiну... Табе што?.. А я яе... З маленства, можна сказаць, ведаю...
- Дык i што? - не зразумеў, здзiвiўся Пятро.
- Але ж ты зачмурыў ёй галаву...
- Зачмуры ты...
- Яна ж адна... З двума... Не можа яна...
Вось тады i задумаўся Пятро. Ну рэчы, няхай... Яны могуць быць аднолькавыя. Як пеналы тыя ж з алоўкамi, што прывёз з Нямеччыны бацька Косцi Верамейчыка. I кожны, каму што падабаецца, можа набыць сабе, купiць. А як быць з дзяўчынаю, калi яна падабаецца i табе i некаму яшчэ?.. Ды... Не аддаваць жа Лiну таму, каму яна таксама падабаецца. I Пятро не аддаў. Наадварот, яшчэ больш зблiзiўся з ёй. А на трэцiм курсе ўнiверсiтэта i зусiм жанiўся, узяў яе сабе ў жонкi. I добра зрабiў, не памылiўся. Пра такую жонку, як Лiна, толькi марыць можна. Усё, усё ў ёй Пятру падабалася, нi ў чым ён не бачыў, не знаходзiў заганы. А галоўнае, слухмяная яна, нават у дробязях не пярэчыла мужу, выконвала ўсе яго жаданнi. I казаць нiчога не трэба было. Варта падняць вочы, паглядзець - яна ўмiг здагадвалася, што трэба.
- Хвiлiначку, зараз, - казала яна, i тое, што яму хацелася, тут жа з'яўлялася.
I прыгажуня, якая прыгажуня! Валасы светлыя, iльняныя, вочы - блакiтныя, вусны - поўныя, сакаўныя, што вiшнi. I сама зграбненькая, станiстая, нiчога нiдзе лiшняга няма. Думаў, калi народзiць дзiця, - зменiцца, распаўнее. Аж не. Быццам i не раджала - асталася такой жа, як i да родаў была. Анi не змянiлася. Нi знешне, нi ў характары. I дзiцё - маленькая кволенькая Наташка - нiчога, здаецца, у сям'ю не прынесла iншага, акрамя радасцi. Асаблiва жонцы нудзiлася ж яна адна дома, без працы седзячы. Бо ён, Пятро, заняты ўсё быў, вечна са сваiмi лiчбамi ды формуламi важдаўся. А яна, Лiна, iншы раз рабiць не ведала што. А цяпер, з нараджэннем Наташкi, у Лiны свой клопат ды i занятак быў - то хадзiць, гаварыць Наташку вучыла, то ў дзiцячы сад, у школу вадзiла. Ды i ўрокi ж разам рыхтавалi, яду гатавалi, у хаце прыбiралi.
Калi ён, Пятро, дадому вяртаўся, усё, што б нi рабiлi, кiдалi, да яго беглi.
- Во, i татка наш прыйшоў, - радавалiся яны i памагалi яму i разуцца, i распрануцца. Потым вялi на кухню, кармiлi. I расказвалi, расказвалi ўсё, што ўдзень у iх было, чым займалiся, куды хадзiлi, якiя адзнакi ў школе атрымалi. Зноў жа нiчога нiякага не было такога, што б засмуцiла цi з-за чаго б ён перажываў. Рабiлi Лiна i Наташка тое, што яго радавала. Нават адзнакi са школы прыносiлi толькi выдатныя.
- Зусiм вы мяне разбэсцiлi, - казаў, смяяўся iншы раз Пятро. - Поспехi, кругом адны поспехi... I ў мяне i ў вас...
- Так яно i павiнна быць, - падтаквала мужу жонка, Лiна. - Хто дбае, той i мае.
- Яно быццам, - згаджаўся з жонкаю Пятро. - I ўсё ж... Не ва ўсiх усё так гладка, як у нас.
- Бо не ўсе такiя, як мы, - усмiхалася Лiна. - I ты ў нас малайчына, i Наташка во. Ды i я ж...
Лiна пачынала весела, бесклапотна смяяцца. Смяяўся i ён, Пятро.
Ад радасцi, што ўсё ў iхняй сям'i iдзе на лад, ва ўсiм ёсць толк, згода, поўнае разуменне...
I не заўважылi, як Наташка вырасла. Школу скончыла, ва ўнiверсiтэт паступiла. Не на матэматыку, вядома, хоць матэматыка i ёй давалася лёгка. З усiх навук i прафесiй выбрала яна прыродазнаўства.
- Чалавецтва дасягнула ва ўсiм небывалых поспехаў, - казала, пераконвала Наташка бацьку. - I поспехi якраз найбольшыя ў тэхнiцы, фiзiцы. Атам вунь рашчапiлi, прыручылi. I ў будучым чалавецтва будзе iмкнуцца абаранiць усё жывое ў прыродзе, не даць, каб яно загiнула. Гэта ў першую чаргу датычыць раслiннага, жывёльнага i птушынага свету, вады, зямлi, паветра... Сёння мы не ўяўляем яшчэ, што чакае нас у будучым. Асаблiва ў сувязi з адкрыццём энергii атама... Таму ўся ўвага чалавецтва павiнна быць накiравана зараз на захаванне таго, што створана прыродай i яшчэ не забруджана, не знiшчана. I прыродазнаўчыя навукi вельмi ж перспектыўныя...
Пятро думаў над словамi дачкi. I згаджаўся з ёю. Сам жа быў вучоны i сёе-тое ведаў. I выбар дачкi ўхваляў.
- У разумных бацькоў - дзецi разумныя, - казаў ён.
Сярэднюю школу Наташка скончыла з залатым медалём, таму нiяiх складанасцей пры паступленнi ва ўнiверсiтэт у яе яе ўзнiкла. Нiякiх складанасцей не ўзнiкла ў яе i потым, калi вучылася. Наадварот, ужо з першага курса яе заўважылi выкладчыкi, бо вылучалася яна сур'ёзнасцю, кампетэнтнасцю. Першыя навуковыя працы, што напiсала Наташка, на студэнцкiм конкурсе атрымалi прэмii i былi адзначаны дыпломамi...
Мела Наташка поспех i ў хлопцаў. Ад iх проста адбою не было, хадзiлi за ёй цугам. Але яна выбрала сабе таго, хто ёй найбольш падабаўся, - вясковага хлопца, свайго аднакурснiка Язэпа. Язэп быў родам з Палесся, недзе з тых мясцiн, што i Пятро. Бацькi ў яго былi звычайныя калгаснiкi. Ды i сам ён знешне нагадваў калгаснiка - быў сцiплы, сарамяжлiвы, нават гаварыць па-гарадскому добра не ўмеў i ўсё ж, як нi дзiўна, спадабаўся Наташцы. Не цярпела яна вышкаленасцi, ведала, за знешнiм лоскам часта хаваецца пустата. А ў Язэпа нешта было такое, чаго нi ў кога не было. Да таго ж ён пiсаў вершы, быў па натуры паэт, рамантык...
I ў сваiм выбары, як хутка пераканалiся бацькi, Наташка не памылiлася. У Язэпа гэтак жа, як i ў Пятра Пятровiча, былi залатыя рукi. Ён хутка навучыўся вадзiць машыну, рамантаваць усё, што прыходзiла ў нягоднасць. Рослы, плячысты, з густым чорным чубам, ён рабiў уражанне на кожнага, з кiм сустракаўся, хто яго бачыў. Вершы, што ён пiсаў i даволi актыўна друкаваў, хвалiла прэса. Так што з часам з яго мог вырасцi i паэт.
- А Наташка разбiраецца ў людзях, - казаў, круцячы галавою, iншы раз жонцы Пятро Пятровiч. - Ведала, каго выбiраць, за каго выходзiць замуж.
А калi Наташка зацяжарала, а потым i нарадзiла ўнучка, Славiка, - бацькi i зусiм былi на сёмым небе ад радасцi.
- Ну i малайцы ж, ну i малайцы ж! - усклiкалi яны, хвалiлi i дачку i зяця.
Неяк сталася так, што чым далей жыў Пятро, чым рабiўся больш i больш вядомы, тым усё менш i менш бываў дома. Мала што праца адрывала, розныя сходы, пасяджэннi, дык забiралi нямала часу i грамадская работа, абавязкi, даручэннi, што так i сыпалiся адусюль. А паездкi? Iх было столькi, што хоць наймай каго, хоць разарвiся. То ў Маскву, то ў Ленiнград, то ў Кiеў трэба, то ў iншыя гарады. Запрашалi на сустрэчы, канферэнцыi, "круглыя сталы" i розныя замежныя навуковыя ўстановы. Першы раз, калi паехаў у Балгарыю, было нават цiкава. Хоць, здаецца, i не так далёка гэтая краiна ад Беларусi, i славяне там жывуць, аднак паглядзець было на што. I Шыпка, i старадаўнiя манастыры i цэрквы, ды i прырода была зусiм iншая - горы, укрытыя зелянiнаю, вялiзныя абсягi вiнаграднiкаў, сады... I людзi там надта ж дабрадушныя, ветлiвыя, ласкавыя, асаблiва калi даведвалiся, што госцi - з Савецкага Саюза. А ўжо калi аднойчы спусцiлiся ў "механу", дзе можна было i выпiць, i закусiць, i паслухаць старадаўнюю музыку, - i зусiм быў развесялiўся Пятро...
За Балгарыяй была Амерыка. Адзiн пералёт i то заняў амаль паўсутак. Прызямлiлiся ў Ню-Ёрку, у аэрапорце Кенэдзi. Сустрэлi яго i яшчэ двух вучоных, што разам з iм прыляцелi з Савецкага Саюза, амерыканскiя калегi. I некалькi дзён быў Пятро быццам сам не свой - усё тут было iнакшае, не такое, як на радзiме. Уражвалi архiтэктура, дарогi, дысплеi, наогул дасягненнi навукi i тэхнiкi. Уражвала i багацце - чаго толькi не прадавалася ў крамах! I ўсё ў адмысловай прывабнай упакоўцы, на любы густ i за любыя грошы! Праўда, як хутка пераканаўся Пятро, багацце такое ў крамах таму, вiдаць, i сабралася, што не кожны мог усё, што хоча, купiць. Многiя людзi ледзь-ледзь зводзяць канцы з канцамi. А ёсць i такiя - i iх шмат, што i зусiм галадаюць, - сноўдаюцца, як ценi, па парках, скверах. Гэта - бяздомнiкi... Дзiўна, але калi яны, савецкiя вучоныя, сустракаючыся са сваiмi амерыканскiмi калегамi, пыталi, як гэта такое можна, каб, маючы такiя багаццi, людзi галадалi, тыя махалi рукамi, ат, маўляў, кожны жыве паводле сваiх грошай i так, як хоча... Усiх, маўляў, не пашкадуеш, усiх не навучыш, як жыць. Няхай кожны думае i дбае сам пра сябе...
За Амерыкай быў Парыж, потым Берлiн, Варшава... З кожнай замежнай камандзiроўкi Пятро, як правiла, прывозiў сувенiры. I так удала iх выбiраў, купляў, што ўсе, хто бываў з iм, здзiўлялiся. У спадарожнiкаў заўсёды грошай не хапала, а ў яго яны заставалiся, iншы раз мяняў на свае, каб не мець на мяжы нiякiх непрыемнасцей. Калi што-небудзь падабалася яму, хацелася купiць, заўсёды выйсце знаходзiлася - то, даведаўшыся, адкуль пакупнiк, збаўлялi цану, то знаходзiўся ганарар за працу, якую ў гэтай краiне выдалi цi збiралiся выдаваць. Сам сабе аж не верыў, як шанцуе яму нават у замежных камандзiроўках. Не паспееш падумаць, як тую цi iншую рэч знайсцi i купiць, а яна, як кажуць, ужо ў чамадане, дамоў едзе. Дарэчы, з пакупкамi прыкладна тое самае i дома, на радзiме, было. Як толькi нешта трэба, дык яно i з'яўлялася. То сам выпадкова купiць, то жонка дадому цi дачка, Наташка, прынясе. Таму ў кватэры Пятра Пятровiча ўсё было даведзена да ладу, падагнана па апошнiм, як кажуць, пiску моды. Па апошнiм пiску моды апраналiся i Наташка, i ён сам, i жонка, Лiна. Нават Язэп, зяць, i то з таго дня, як пачаў жыць у iх, апранаўся, бы дэндзi... Само сабой, вядома, была ў Пятра Пятровiча машына, свая, уласная, i службовая, была непадалёку ад горада драўляная двухпавярховая дача... Пры дачы былi гарод i сад, дзе чаго толькi нi расло! Справа ў тым, што Наташка выношвала ў галаве цэлую тэорыю, як чалавецтва з часам загубiць само сябе, забруджваючы, атручваючы паступова наваколле - паветра, ваду, яду... Таму на дачы iншых угнаенняў, акрамя арганiкi, не прымянялi. Каб дагледзець па-належнаму сад i гарод, давялося наняць жанчыну з суседняй з дачай вёскi i садоўнiка. Ды i сам Пятро, яго жонка Лiна, Наташка, а потым i Язэп не цуралiся зямлi - таксама i з рыдлёўкай, i з капанiцай, i з граблямi завiхалiся. Была яшчэ адна слабасць у Пятра Пятровiча - з кожнай паездкi ён прывозiў нешта для сванго гарода цi саду - то дрэва, якое не расло ў Беларусi, то раслiну нейкую, кветку. I рэдка што не прыжывалася ў яго. Таму не толькi чужым людзям, але i самiм, самому было цiкава пахадзiць па гародзе i садзе, паглядзець, як што i дзе расце. Ды i пакаштаваць на смак гароднiну, садавiну, пачаставаць гасцей тым, чаго тыя яшчэ не бачылi, не елi... А гасцей у Пятра Пятровiча бывала нямала. I сваiх, мiнскiх, калег па сумеснай працы i проста знаёмых, ды i тых, што прыязджалi з усяго, можна сказаць, свету. Сам Пятро Пятровiч ездзiў, i да яго таксама ездзiлi... I рэдка хто, пабываўшы ў Пятра Пятровiча, пакiдаў яго дачу цi дом, каб не здзiвiцца, не пахвалiць гаспадара i гаспадыню за гасцiннасць, дабрыню. Бо што-што, а прыняць, пачаставаць гасцей Пятро Пятровiч умеў i любiў. Стол у яго сервiраваўся, як у самых шыкоўных рэстаранах. Былi там i iкорка, чорная i чырвоная, i сяўружка, асятрынка, i бялужын бок, i засмажанае проста ў вясковай печы парася, i... Ды лепш не пералiчаць! I напоi былi i свае, i заморскiя, прычым заўсёды самых лепшых гатункаў i ў дастатковай колькасцi. Зноў жа праблемы, якiя iснуюць у многiх - што-небудзь адмысловае купiць, дастаць, - у Пятра Пятровiча не iснавала. Куплялася, даставалася ўсё неяк само сабой, лёгка, быццам нават выпадкова. I якраз тое, што трэба было ў тых цi iншых абставiнах, умовах...
Пятру Пятровiчу, ды i ўсёй яго сям'i, зайздросцiлi. "Пад шчаслiвай зоркай ён няйнакш нарадзiўся", - казалi некаторыя. Былi i такiя, што розныя пiсьмы, ананiмкi на яго пiсалi, патрабавалi стварыць камiсiю, разабрацца, хто наогул ён такi, гэты Пятро Пятровiч. Камiсii стваралiся, правяралi ўсё, што можна праверыць. Аднак... Знайсцi такое, каб у нечым можна было западозрыць цi абвiнавацiць Пятра Пятровiча, нiхто нiчога не мог. Наадварот, чалавек жыў сумленна, паводле сваiх заробкаў, нiдзе нiчога не парушаў. Хоць да ўзнагароды чарговай яго прадстаўляй...
I прадстаўлялi. Праўда, не правяральшчыкi, а ўжо iншыя, хто таксама бываў у Пятра Пятровiча, ведаў яго. I слава Пятра Пятровiча расла ўсё больш i больш. Яго партрэты мiльгалi ў газетах i часопiсах з розных выпадкаў - то ён прэмii атрымлiваў, то яму прысвойвалiся чарговыя ганаровыя званнi, то друкавалiся яго iнтэрв'ю, артыкулы...
З выгляду Пятро Пятровiч таксама мала мяняўся - быў па-спартыўнаму падцягнуты, рухавы - зусiм малады. Рэдка хто мог не памылiцца, сказаць, колькi яму год. Звычайна давалi яму на дзесяць - пятнаццаць гадоў менш, чым было на самай справе. Пятро Пятровiч нiколi нi на што не хварэў. Нават калi бывалi эпiдэмii грыпу, то яны яго абмiналi, абыходзiлi. Здаралася, хварэў увесь iнстытут, уся акадэмiя, горад увесь, а Пятро Пятровiч - хоць бы што.
- Як гэта вам так удаецца? - пыталi ў яго.
- А я... Часначок кожны дзень на ноч ем, жую... - прызнаваўся ён.
Спрабавалi есцi, жаваць на ноч "часначок" iншыя. Аднак... Усё адно хварэлi.