83897.fb2
- Ён укусiў мяне, мiс Фэлоўз! - душачыся ад злосцi, крыкнуў Джэры. - Ён укусiў мяне!
Але мiс Фэлоўз нават не звярнула на яго ўвагi.
- Што вы зрабiлi з Цiмi? - крыкнула яна.
- Я зачынiла яго ў ваннай, - адказала Мэдзi. - Я проста шпурнула туды гэтую маленькую пачвару i замкнула яе там.
Мiс Фэлоўз бягом рынулася ў лялечным домiк. Яна замарудзiлася каля дзвярэй ваннай, здавалася, што прайшла цэлая вечнасць, пакуль ёй удалося, нарэшце, адчынiць дзверы i знайсцi ў кутку свайго выродлiвага хлапчука.
- Не бiце мяне, мiс Фэлоўз, - прашаптаў ён. Вочы яго пачырванелi, вусны дрыжалi. - Я не хацеў гэтага.
- О Цiмi! Чаму ты думаеш, што я буду цябе бiць? - падхапiўшы дзiця на рукi, яна моцна прытулiла яго да сябе.
- Яна сказала, што вы адлупцуеце мяне доўгай вяроўкай. Яна сказала, што вы будзеце мяне бiць, бiць, бiць...
- Нiхто цябе не будзе бiць. Вельмi нядобра было ёй так гаварыць. Але што здарылася? Што здарылася?
- Ён назваў мяне хлопчыкам-малпай. Ён сказаў, што я не сапраўдны хлопчык, што я - жывёлiна.
З вачэй у Цiмi палiлiся слёзы.
- Ён сказаў, што не хоча больш гуляць з малпаю. А я сказаў, што я не малпа. Я не малпа! Потым ён сказаў, што я вельмi смешны, што я жахлiва пачварны. Ён паўтарыў гэта многа-многа разоў, i я ўкусiў яго.
Цяпер яны плакалi абое.
- Але ж ты ведаеш, Цiмi, што гэта няпраўда, - усхлiпваючы, сказала мiс Фэлоўз, - i ты сапраўдны хлопчык. Ты сама сапраўдны i сама харошы хлопчык на свеце. I нiхто, нiхто нiколi цябе ў мяне не адбярэ.
Цяпер ёй лёгка было адважыцца, яна, нарэшце, ведала, што трэба рабiць. Але дзейнiчаць трэба было хутка, Хоскiнс не будзе больш чакаць, пацярпеў жа яго сын...
Гэта павiнна адбыцца ноччу, сёння ноччу, калi амаль усе служачыя Стасiса будуць альбо спаць, альбо весялiцца ў сувязi з паспяховым ажыццяўленнем "Праекта Сярэднявечча".
Яна вернецца ў Стасiс у нязвычны час, але ж гэта здаралася i раней. Ахоўнiк добра ведае яе, i яму нават у галаву не прыйдзе патрабаваць ад яе нейкiх тлумачэнняў. Ён i ўвагi не зверне на тое, што ў яе ў руках будзе чамадан. Яна разоў колькi прарэпетыравала гэтую такую простую фразу "Гульнi хлопчыкам", а ўслед за ёй спакойную ўсмешку.
I ён паверыў.
Калi яна зноў паявiлася ў памяшканнi домiка, Цiмi яшчэ не спаў, i яна, як магла, старалася паводзiць сябе так, як заўсёды, каб не перапалохаць яго. Яна пагаварыла з iм пра яго сны i выслухала яго роспыты пра Джэры.
I потым яе ўбачаць нямногiя, i нiкому не будзе нiякай iцкавасцi да таго клунка, якi яна будзе несцi. I Цiмi будзе паводзiць сябе вельмi спакойна, а потым усё астатняе стане fait accompi*. Задуманае здзейснiцца, i якi толк спрабаваць выправiць тое, што ўжо адбылося. Ёй дадуць магчымасць жыць. Iм абаiм будзе падаравана жыццё.
* Споўненым фактам.
Яна адчынiла чамадан i выцягнула з яго палiто, шарсцяную шапку з навушнiкамi i яшчэ сёе-тое.
- Мiс Фэлоўз, чаму вы надзяваеце на мяне ўсе гэтыя рэчы? - устрывожыўшыся, спытаўся Цiмi.
- Я хачу вывесцi цябе адсюль, Цiмi. Мы адправiмся ў краiну тваiх сноў, адказала яна.
- Маiх сноў? - яго твар засвяцiўся радасцю, але ён яшчэ не мог цалкам пазбыцца страху.
- Не бойся, ты будзеш са мной. Ты не павiнен баяцца, калi ты са мной. Праўда, Цiмi?
- Праўда, мiс Фэлоўз, - ён прытулiўся да яе галоўкай, i, абняўшы яго, яна адчула пад рукою бiццё яго маленькага сэрца.
Надышла поўнач. Мiс Фэлоўз узяла Цiмi на рукi, выключыла сiгналiзацыю i асцярожна адчынiла дзверы.
I тут з яе грудзей вырваўся крык жаху - яна апынулася тварам у твар з Хоскiнсам, якi стаяў на парозе.
* * *
З iм былi яшчэ двое, i, убачыўшы яе, ён быў агаломшаны не менш, чым яна сама.
Мiс Фэлоўз апомнiлася на нейкую долю секунды раней за яго i паспрабавала хуценька праскочыць каля яго, але, нягледзячы на гэты выйгрыш у часе, ён усё-такi апярэдзiў яе. Ён груба схапiў яе i адштурхнуў назад у глыбiню пакоя да шафы. Ён знакам загадаў астатнiм увайсцi ў пакой i сам стаў каля выхаду, засланiўшы дзверы.
- Гэтага я не чакаў. Вы зусiм звар'яцелi?
Калi Хоскiнс штурхануў яе, яна паспела павярнуцца так, што ўдарылася аб шафу плячом, i Цiмi амаль не ўдарыўся.
- Што здарыцца, калi я вазьму яго з сабой, доктар Хоскiнс? - як малiтву вымавiла яна. - Няўжо страта энергii вам даражэй за чалавечае жыццё?
Хоскiнс рашуча вырваў у яе з рук Цiмi.
- Страта энергii ў такiх памерах прывяла б да страты многiх мiльёнаў даляраў у кiшэнях укладчыкаў. Гэта катастрафiчна затармазiла б работы, якiя вядзе акцыянерная кампанiя "Стасiс Iнкарпарэйтэд". Гэта азначала б, што ўсiм i кожнаму стала б вядомая гiсторыя жаласлiвай медсястры, якая прычынiла каласальныя страты кампанii ў iмя ўратавання хлопчыка-малпы.
- Хлопчык-малпа! - у бяссiльным адчаi ўсклiкнула мiс Фэлоўз.
- Пад такiм прозвiшчам ён фiгураваў бы ў апiсаннях гэтае падзеi.
А тым часам адзiн з тых, хто прыйшоў з Хоскiнсам, пачаў працягваць праз адтулiны ў верхняй частцы сцяны нейлонавы шнур. Мiс Фэлоўз успомнiла шнур, што вiсеў на вонкавай сцяне камеры з абломкам каменя прафесара Адэмеўскага, той шнур, за якi некалi таргануў Хоскiнс.
- Не! - закрычала яна.
Але Хоскiнс апусцiў Цiмi на падлогу i, асцярожна зняўшы з яго палiто, сказаў:
- Заставайся тут, Цiмi, з табою нiчога не здарыцца. Мы толькi выйдзем на хвiлiнку з пакоя. Добра?
Цiмi збялеў, яму заняло мову, аднак ён знайшоў у сабе сiлы сцвярджальна кiўнуць галавой. Хоскiнс вывеў мiс Фэлоўз з лялечнага домiка, трымаючыся на ўсякi выпадак ззаду. На нейкi мiг мiс Фэлоўз страцiла здольнасць супрацiўляцца. Яна тупа сачыла за тым, як замацоўвалi на сцяне канец шнура.
- Мне вельмi шкада, мiс Фэлоўз, - сказаў Хоскiнс, - я ахвотна пазбавiў бы вас гэтага вiдовiшча. Я хацеў гэта зрабiць ноччу, каб вы даведалiся пра ўсё ўжо пасля.
- I ўсё з-за таго, што перапала вашаму сыну, якi замучыў гэтае дзiця так, што яно ўжо не змагло авалодаць сабой?
- Паверце мне, што не ў гэтым прычына. Мне зразумела, што тут сёння адбылося, i я ведаю, што ва ўсiм вiнаваты Джэры. Але гэтая гiсторыя ўжо набыла розгалас, ды iнакш i быць не магло пры такой колькасцi карэспандэнтаў, якiя сабралiся тут у такi дзень. Я не магу рызыкаваць i дапусцiць, каб iлжывыя чуткi пра нашу неахайнасць i так званых "дзiкiх неандэртальцаў" трапiлi ў друк i прынiзiлi значэнне поспеху "Праекта Сярэднявечча". Так цi iнакш Цiмi ўсё роўна павiнен неўзабаве знiкнуць, дык чаму б яму не знiкнуць цяпер, стрымаўшы тым самым iмпэт ахвотнiкаў да сенсацый i зменшыўшы тую колькасць бруду, якi яны на нас пастараюцца вылiць.
- Але ж гэта не тое самае, што адправiць у мiнулае асколак каменя. Вы заб'яце чалавека.
- Гэта не забойства. Ён нiчога не адчуе, ён проста зноў стане хлопчыкам-неандэртальцам i трапiць у сваё звыклае асяроддзе. Ён не будзе больш чужынцам, асуджаным на вечнае зняволенне. Ён будзе жыць свабодным жыццём...