76628.fb2 Паўлінка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Паўлінка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Адольф. О, важная маладзіца! Хоць сягоння гатоў з ёю жаніцца.

Сцяпан. Ну, так тупай каля яе; толькі смела; яна дзеўка падатлівая, хоць, можа, і мае трохі якіх мухаў у носе.

Адольф. Хэ-хэ-хэ! Я да ўсякай патраплю падлізацца.

Сцяпан. Ну, дык падлізвайся, каханенькі, родненькі. (Адвітваецца і ідзе ў бакоўку.)

З'ява VII

Паўлінка, Адольф, Альжбета.

Альжбета(сціраючы стол). А ты, Паўлінка, можа, у карты пайграеш з панам Адольфам?

Адольф(закурваючы). Ды і мне ўжо трэба збірацца дамоў.

Паўлінка. Ці ж пан Адольф рассыпаўся, што маніцёся збірацца? Заедзеце яшчэ; каня ж маеце не жартачкі!..

Адольф. О, конь мой добры!

Альжбета. Ну, дык і чаго ж спяшацца?.. Нам, старым, як той кажа, такая рэч: пад'еў ды на печ.

Паўлінка(убок). Чаго добрага - заначуе, вось будзе бяда! (Голасна.) А пагода сягоння нядрэнная. Нават месяц свеціць, што рэдка на Пакровы. Будзе добра для пана Адольфа дамоў ехаць.

Адольф. А хоць бы і дрэнная, дык мне блізка, жарабец мой умомант дамчыць.

Альжбета(да Паўлінкі). Ну, дык паглядзі ж ты, дзе карты, ды пазабаўляйцеся яшчэ трохі з панам Адольфам, бо я, мусіць, зраблю следам за дзедам. Трохі ж сягоння такі натупалася.

Адольф. Проша, проша, панічка! На нас, маладых, не зважайце.

Альжбета. А ўжо ж я такі і пайду.

Адольф(цалуючы ў руку Альжбету). Хутка і я паеду, вось толькі дам аднаго гаспадара панне Паўлінцы.

Паўлінка. Паглядзім - хто каму?!

Шукае карт. Альжбета выходзіць у бакоўку.

З'ява VIII

Паўлінка, Адольф.

Адольф. Чаго паненка шукае?

Паўлінка. Таго, чаго яшчэ не маю, - карт.

Адольф(глянуўшы на акно). А вось яны, на акне.

Паўлінка(убок). Думала, што не ўбачыць; скарэй бы, можа, з хаты выпхнула, не найшоўшы карт. (Да Адольфа.) Ну, калі ёсць, дык будзем іграць. (Паглядзеўшы ў акно.) А ў што?

Адольф. У гаспадара.

Паўлінка. Гэта, значыцца, у дурня?

Адольф. Ну, гэта толькі мужыкі так гавораць. (Раздае карты.)

Паўлінка. А як пан Адольф думаў, хто мы? То ж таксама мужыцкага роду.

Адольф. Першы раз чую!

Паўлінка. Ды і пан Адольф таксама мужыцкага роду. (Іграюць у карты.)

Адольф(здзіўлены). І я?!

Паўлінка. Але, але! Калісь былі ўсе мужыкі, ну дык цяпер кожны чалавек мужыцкага роду, хоць каторы і прыкідваецца панам ці графам. Ды і што гаварыць! Адам і Ева і то былі мужыкамі.

Адольф(здзіўлены). Адам і Ева?!

Паўлінка. І Ной, і Езус...

Адольф. Што я чую? Адкуль гэта, панна Паўлінка, усё ведаеце?

Паўлінка. Ого, не скажу!

Адольф(просячы). Проша сказаць.

Паўлінка. Не тэй б'іце! Вот салапяка!

Адольф(паправіўшыся). Ды скажыце!

Паўлінка(нецярпліва). Ну, добра. Запытайцеся ў Якіма Сарокі: ён усё вам раскажа. (Адольф праігрывае.) Дурань пан! Дурань пан!

Адольф(папраўляючы). Гаспадар. (Раздае карты.)

Паўлінка(убок). Які чорта гаспадар, калі дурань?

Адольф. Што панна Паўлінка кажа?

Паўлінка. Кажу: але, гаспадар. (Хвілю маўчаць. Убок.) Што тут гаварыць з гэтай вандзонкай. І трымае ж яго нядобрае! (Да Адольфа.) А ці, пан Адольф, жаніцца хочаце?

Адольф. Ой, страшэнна хачу. А панне Паўлінцы замуж хочацца?

Паўлінка. Ого, яшчэ і як хочацца!.. Калі ўдасца, дык яшчэ і сягоння, можа, пайду.

Адольф. А я ж яшчэ з таткам і мамкай вашымі нічога аб гэтым не гаварыў.

Паўлінка. Аб чым - аб гэтым?

Адольф. Ну, аб тым, як я жаніцца буду, а панна Паўлінка замуж ісці. (Праігрывае.)

Паўлінка. Ізноў пан дурнем! Ізноў дурнем!

Адольф. Гаспадаром!.. (Раздае карты.)