76628.fb2
Агата
Адольф
Паўлінка
Адольф
Паўлінка
Пранцісь(як перасталі гульню, да Сцяпана). Собственно, і дала ж твая баба мне дыхту, вось-цо-да. Аж лыткі трасуцца, пане дабрудзею.
Сцяпан. І твая, каханенькі, родненькі, не адстала, - аж дыхавіцу чуць мне не нагнала.
Агата. Абодва вы кавалёвыя мяхі, тудэма-сюдэма, непаваротлівыя, дык і здаецца, што нехта вам дыхту нейкага даваў.
Альжбета. А праўда, свацейка, праўда. Ім толькі каля пляшкі круціцца, а не з дарэчнымі жанкамі лявоніху ісці.
Пранцісь. Ага, собственно, добра, што свацейка, пане дабрудзею, успомніла. (Дастае пляшку і частуецца з Сцяпанам.)
Паўлінка(да Адольфа). Ну, як жа пану Адольфу спадабаўся наш мужыцкі танец? Як я ўважаю, дык лепей у вас лявоніха выходзе, чымся тое нейкае «падзі-кварта». І прыпеўкі складныя знаеце.
Адольф(нібы скромна). А трохі ж нейкіх навучыўся калісь.
Адзін з гасцей. Пара нам і чэсць знаць! Пэўна, ужо каля поўначы матаецца.
Колькі галасоў. Так, так, час рухацца дамоў!
Паўлінка(з аблягчэннем, убок). Дзякуй Богу!.. (Да гасцей.) А можа б, яшчэ пагулялі?
Альжбета. Каму далёка, то яно так, а каму блізка, дык не шкодзіць яшчэ пазабаўляцца.
Колькі галасоў. Не! Не! Ужо час і пара!
Паўлінка. Ну, дык хай музыкі на адходнае хоць марша зайграюць, каб весялей усім снілася і каб моцна, моцна ўсім спалася.
Сцяпан. А гэта не шкодзіць. (Да музыкаў.) Што ж, каханенькія, родненькія, зайграйце, калі ласка, яшчэ што-колечы на адходнае дарагім госцікам, а там дзве дзюркі ў носе і сканчылося.
Музыкі іграюць марш. Госці адзяваюцца, адвітваюцца і выходзяць, за імі - музыкі.
Паўлінка, Адольф, Сцяпан, Альжбета, Пранцісь і Агата.
Сцяпан. Вось і пацішэла трохі ў нашай хаце, няма ўжо каму скакаці.
Пранцісь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Было шумна, пане дабрудзею, і будзе шумна!
Агата. А так, так, тудэма-сюдэма, як будзе вяселле ў Паўлінкі.
Паўлінка. Э-э, майго вяселля ніколі не будзе, значыцца, і шумна не будзе!
Адольф. Ці ж у бацькоў маладога, паненка, думаеце, не хваце на вяселле?
Паўлінка. Хваце не хваце, а такі вяселля майго ніхто не ўбача...
Сцяпан. Гэта, каханенькая, родненькая, пабачым. Яшчэ я на тое ёсць і ў сваёй хаце гаспадар, а не госць! Жыта повен аруд і сала не адзін пуд.
Пранцісь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Часам ці вяселле, ці павесіў - адно на другое, пане дабрудзею, выходзе.
Агата. А ты, «вось-цо-да», прыкусі свой язык і не тыцкайся, тудэма-сюдэма, туды, куды цябе не просяць. Напіўся, наеўся, дык і маўчы!
Альжбета(да Агаты). Што ж там, свацейка, такое? Сват жа нічога благога не кажа. (Да Паўлінкі.) Прыбірай ты ўжо, дзеткі, са стала.
Пранцісь. Собственно, ці свінні елі, ці шляхта папасавалася - гэтак, вось-цо-да, стол выглядае, пане дабрудзею.
Паўлінка. Добра, мамка, зараз. (Да Адольфа.) А пан Адольф мне паможа?
Адольф. Калі патраплю, дык чаму ж не?
Прыбіраюць са стала; пасудак стаўляюць на табурэце, каля самавара.
Альжбета. Вы бы, дзеткі, занеслі пасудак на тую палавіну.
Паўлінка. Усё роўна я пасля занясу сама, а цяпер... (паглядаючы хітравата на Адольфа) я баюся з панам Адольфам ісці адна на тую палавіну!
Адольф(несучы пасудак, убок). Відаць, дзеўка ўлялюскалася ў мяне па самую шыю.
Паўлінка(ідучы к сталу, убок). І собіла ж Богу стварыць гэткую чапялу недарэчную!
Пранцісь(да Паўлінкі). А праўда, собственно, лепш старожа, як варожа, пане дабрудзею.
Агата(да Пранціся). А ты, «старожа», не мялі попусту, а думай, як дахаты ісці.
Пранцісь. Пане дабрудзею, дык і пойдзем; што ж там, собственно, такое.
Развітваюцца абое і выходзяць. Альжбета памагае прыбіраць са стала.
Паўлінка, Адольф, Сцяпан, Альжбета.
Паўлінка. Не так, пан Адольф, бярэш шклянкі; трэба вось як. (Паказвае.) Ну, і зграбны ж! не раўнуючы - як вол да карэты.
Адольф. А панна Паўлінка ўсё капліменты мне гавора.
Паўлінка(убок). Дурню плюнь у вочы, а ён скажа: дождж ідзе!
Альжбета(да Сцяпана, які клюе носам за сталом). Што ты табаку важыш? Ідзі ды кладзіся спаць. Гэта ж табе тут не карчма!
Сцяпан(сонна). Каханенькая, родненькая, я наважу, а ты купіш. Сон - не кепская рэч. Для чаго калядкі - добрыя святкі, што пад'еў ды на палаткі. (Вылазячы з-за стала, да Адольфа.) Каханенькі, родненькі, выбачай... Забаўляйся тут з Паўлінкай, а я прыкархну трохі... Сягоння яшчэ досвіта мяне мая ўспарола. (Адводзячы Адольфа ў старану.) Ну, што? Як мая Паўліна... падышла пад мысль?