68529.fb2
Хадзееў (кідаецца да Каралёва). Ты... ты... скаціна... Калі з ёй што-небудзь... Калі хоць адна валасінка... Я... я цябе...
Каралёў. Што? Што ты мяне? Я ж табе пісталет аддаў! Ты думаеш, я гарбатага ляплю... Дай сюды! (Забірае пісталет.) Якая ў цябе тут самая каштоўная ваза... А, вунь! (Прыцэльваецца, страляе. Ваза разлятаецца на кавалкі.)
Бачыў? На! Там яшчэ шэсць патронаў засталося. Стаць да сценкі? Ці мо ў ванную пройдзем? Га? Hi храна ты са мной не зробіш і нічым не дастанеш... Я — адзін... У мяне нікога. Нікога. Зразумеў, Халдзей?
Хадзееў. Я — Хадзееў...
Каралёў. Хадзееў! Ты мяне цяпер ахоўваць будзеш... Варта толькі мне знікнуць. Знікнуць на адзін дзень, і банцік тваёй Зайкі будзе сапсаваны... Той самай куляй, што прабіла гэту кніжачку! I нідзе ты яе не схаваеш! Яе дастануць, нават на Канарах! Ты б ужо спраўляў па ёй дзевяць дзён, каб не прыдуркаватая медзічка з клінікі, якая зубамі дастала кулю з маіх грудзей! Яна на каленях прасіла мяне не рабіць гэтага, бо мяне ўратаваў сам Бог, паклаўшы ў маю кішэню гэтую кніжачку! Так што давай грошы на свечку... Я не жартую... Грошы на тоўстую-тоўстую свечку!
Хадзееў. Хопіць?
Каралёў. Хопіць. Хаця не! Я прыехаў сюды на таксі... Давай і за таксі. А сам чытай знявечанае пісанне і малі Бога, каб мне на галаву не звалілася цагліна, каб не збіла машына, каб не прыхапіў інфаркт, каб я не атруціўся ў рэстаране чым-небудзь... Таму што кветкі з маёй магілы можна будзе ўскласці на магілу тваёй Зайкі. Завянуць не паспеюць.
Бар. За столікам Юля. Перад ёй бакал. З’яўляецца Кім.
Кім. Тут холадна, мэм, я прынёс вам кофту.
Юля. Дзякую...
Кім. Вы сваёй сумнай постаццю нагадваеце нешта з імпрэсіяністаў. О! «Абсент» Ван Гога.
Юля. «Абсент» у Гагена. Двойка.
Кім. Дарэчы, што такое абсент?
Юля. Алкагольны напой на палыне. Яшчэ адна двойка.
Кім. Я непаўналетні і маю законнае права гэтага не ведаць.
Юля. Калі непаўналетні, няма чаго швэндацца вечарам па барах...
Кім. Я прынёс вам кофту, няўдзячная! I заадно паведаміць, што сям’я хвалюецца і хоча ведаць, ці хутка вы з’явіцеся дадому. Малым класціся спаць, ці вас яшчэ можна дачакацца?
Юля. Ідзі. Я хутка.
Кім. Праз паўгадзіны я вас чакаю каля пад’езда.
Юля. Добра.
Кім. Я пайшоў.
Выходзіць. З’яўляецца Каралёў.
Каралёў. Што адзначаеш, прыгожая?
Юля. Свята...
Каралёў. Чаму адна?
Юля. Так.
Каралёў. А якое ў цябе свята?
Юля. Не ў мяне асабіста, ва ўсіх. Няўжо не чулі? Сёння дзень закаханых...
Каралёў. А-а-а, нешта чуў... Людзі ўсё, чым толькі ні займаюцца на зямлі, якой бы брыдотай ні займаліся, усё хочуць звязаць, знітаваць з нябёсамі... Са святымі. Як яго?
Юля. Дзень святога Валянціна...
Каралёў. Гэта яшчэ нічога... А ты ведаеш, што ў ракетчыкаў... ну ў тых, што з ядзернымі боегалоўкамі... таксама ёсць свая святая. Чэснае слова! Святая Варвара... Варррваррра... Смешна?
Юля. Не.
Каралёў. I мне не смешна. А ты што, закаханая?
Юля. Так.
Каралёў. I хто ён?
Юля. Мужчына.
Каралёў. Ты вельмі прыгожая...
Юля. Дзякую.
Каралёў. Плюнь на свайго п’яніцу... і паехалі да мяне.
Юля. Не магу.
Каралёў. Ты мне падабаешся... Ты мне некага нагадваеш нават...
Юля. Ну маці, вядома, так звычайна гавораць.
Каралёў. Паслухай, у мяне ніколі не было ні маці, ні бацькі, і я прашу на гэтую тэму не жартаваць!
Юля. Скуль жа я ведала? Даруйце...
Каралёў. Ну во... ты зноў мне падабаешся. Паедзем да мяне... У маёй спальні шкляная столь... Уяўляеш? Ты спіш, а над табой свецяць зоркі... Я аднаго разу метэарыт бачыў... Так жу-ух праляцеў справа налева... Ну што табе твой п’яніца? Га? I чаму вы, жанчыны, любіце толькі прыпыленых, няўдачнікаў і альфонсаў, якія корчаць з сябе «непонятых гениев»...
Юля. Гэта да яго не падыходзіць.
Каралёў. Дык хто ён?
Юля. Бандзюга дурны...
Каралёў. Калі бандзюга ды яшчэ дурны, ты хутка ўдавою будзеш... Такія доўга не жывуць.