28139.fb2
Мар’я валіць п’яная,
З перапою ўся дрыжыць...
Кашуліна падраная,
Лева вочачка крывіць...
— Гэта сапраўды!.. — цмокаў армянін, утаропіўшы вочы на малодшага камандзіра.
Паблізу хтосьці распавядаў анекдот:
— Такім чынам прыходзіць ён, вядома, да таго апошняга купэ (бо ўсе іншыя набіты), а ля ўвахода, вядома, габрэй вартуе і не ўпускае. «Заняты» — кажа. «А хто едзе?» — пытае. А ён і гяргеча: «Дзве Розы з Совнархозы, дзве Рывы з кааперацівы, адзін Іцэк з Цэнтроспіцэк, я і жонка майго брата, савец- кага дэлегата».
Малодшы камандзір павярнуўся да цывільнага, які травіў анекдоты:
— Я вам забараняю, грамадзянін, распавядаць такія свінствы! Гэта антысемітызм!.. Там, дзе пануе чырвоная зорка інтэрнацыяналу, няма месца шавінізму, бо разам з шавінізмам ідзе рэакцыя! — казаў, паварочваючыся да армяніна, бо цывільны дзесьці знік, ледзь толькі звярнулі на яго ўвагу. — Гэта палітыка буржуазіі. Палітыка нацкоўвання адной класавай праслойкі насельніцтва супраць другой, каб адцягнуць увагу. — тут ён спыніўся, бо заўважыў, што ягоны слухач заснуў.
У Бабруйску Забава высунуўся праз акно і аддаў хлапчуку, які прадаваў газеты, ліст.
— Укінь зараз жа ў паштовую скрынку! — сказаў, даючы яму дробную купюрку.
Хлопчык укінуў ліст ў паштовую скрынку, павешаную на сцяне вакзала.
Забаве было вельмі неабходна, каб ліст прыйшоў у Менск з Бабруйскім паштовым штэмпелем, таму і скарыстаўся выпадкам.
Ліст гэты Забава напісаў яшчэ ў Гомелі, калі і намерваўся ехаць у Менск праз Бабруйск.
Бабруйск, 10 жніўня 1922 г.
Шаноўная Соф’я Паўлаўна!
Прабачце, што так даўно не пісаў. Заўсёды спадзяваўся адведаць Вас асабіста і пісанне лістоў адкладваў на пасля.
Зараз я жыву ў Бабруйску, дзе працую на пошце тэлеграфістам. Неўза- баве прыеду ў Менск і абавязкова завітаю да Вас... Тады распавяду пра сябе болей падрабязна.
Пакуль што ўсё.
Прывітанне Марыі Дзмітрыеўне, Паўлу Аляксандравічу і Эльжбеце.
Раман Забава
Ліст гэты Забава напісаў да сваёй былой нявесты, з якой калісьці развітаў- ся ў 1920 годзе, выязджаючы ўглыб краіны. Цяпер жадаў падрыхтаваць яе і ейную сям’ю, каб знянацку не застаць іх сваім нечаканым з’яўленнем. Слуш- на лічыў, што ў сям’і маглі адбыцца неспадзяваныя змены. Ліст павінен быў легалізаваць яго ў сям’і Брагіных. Дзеля гэтага прыдумаў ім складаную, добра абдуманую гісторыю свайго жыцця ад 1920 года. Што праўда, мог бы адмовіцца ад далейшага знаёмства з імі, але штосьці вабіла яго да іх, найперш да Зосі, якую дагэтуль не перастаў кахаць і ўспаміны пра якую часта наведва- лі яго. Быў сентыментальны і любіў у «каханні» найперш яго ідэальны бок: самаахвяраванне, шляхетнасць, нават рыцарства. Зося была для яго калісьці выдатнай партнёркай у той гульні.
Вырашыў пайсці да Брагіных падчас наступнага задання. Яго планавалі закінуць у Саветы другі раз перад канцом жніўня. На тое была вельмі важная прычына.
У Менск Забава прыехаў без аніякіх прыгод, толькі ледзь не аглух ад пес- няў вясёлай кампаніі.
4
Забава пакінуў Менск пасля полудня. Яму належала як мага раней перай- сці дзяржаўную мяжу. З вопыту ведаў, што зноў будзе блукаць. Вырашыў ісці гасцінцам як найдалей, а потым дачакацца прыцемкаў, пасля чаго ісці лесам, трымаючыся дарогі, ажно да мяжы. Ішоў насцярожана, нават не маючы паняцця, што творыцца вакол. Толькі будучыня дала яму разуменне таго, на што тут, паміж Менскам і мяжой, мог напароцца. Людзі кажуць, што «дурням шанцуе»...
У пэўным сэнсе так было і з Забавам.
Дарога з Менска да Ракава падлягала ўзмоцненай ахове, паколькі гэта быў найкарацейшы шлях паміж сталіцай і мяжой. За прадмесцямі сачылі міліцэйскія пасты і ЧК, а саму дарогу, на ўсёй яе працягласці, пільнавалі заградатрады.
Каб прабрацца з Польшчы ў Менск, належала перайсці ўласна мяжу, потым яшчэ адну памежную лінію, паміж якімі кружылі пешыя і конныя патрулі. Акрамя таго, яшчэ былі межавыя пасты, а ў зручных мясцінах ладзі- ліся засады, часта з вывучанымі сабакамі. Бывала, што ў прыгранічную паласу ўскоквалі рухомыя кавалерыйскія патрулі. Дапаможную працу ў больш глы- бокім тыле праводзілі мытнікі. Калі да ўсяго гэтага мы дададзім яшчэ працу памежнікаў, што звычайна вялася паводле ўласнай, ніяк не прадказальнай іні- цыятывы, ды яшчэ і высілкі сексотаў, а таксама іх давераных асоб, якія павод- ле самых розных хітрых прычын карміліся на памежжы, дык зразумеем, як цяжка было прабрацца з-за мяжы ў Менск. Гэткае падарожжа я параўноўваю з вандроўкай па велізарнай шахматнай дошцы, у якой чорныя квадраты — гэта небяспека, і чалавек вымушаны перайсці з аднаго боку шахматнай дошкі на другі па белых клетках; пры тым дакладна невядома, дзе чорныя квадраты, а дзе белыя, бо яны ўвесь час змяняюцца.
Існавала яшчэ адна небяспека. Жыхары прыгранічча (сяляне) добра веда- лі, што па дарогах, сцежках, палях, лугах і лясах часта праходзяць партыі кантрабандыстаў, таму збіраліся па некалькі, з агнястрэльнай зброяй або косамі і сякерамі, і, карыстаючыся выдатным веданнем мясцовасці, рабілі засады, каб рабаваць тых кантрабандыстаў. Ладзілі паляванні на людзей і часта добра на тым нажываліся. Нават аддавалі перавагу такому спосабу рабаўніцтва, чым самім «чэсна» займацца кантрабандай. За яе, кантрабанду, у Саветах вельмі сурова каралі.
Шматкроць здаралася, што такая кампанія «паляўнічых» лавіла партыю кантрабандыстаў, у якой крочыў за мяжу агент або некалькі савецкіх агентаў. Сяляне адбіралі ў схопленых «шмугляроў» тавар і адпускалі іх. Тады аген- ты-выведнікі звярталіся ў ЧК. ЧК з уласцівай ёй энергіяй бралася за справу. А паколькі няма нічога лягчэйшага, чым выкрыццё злачынства, зробленага сялянамі, вінаватых хутка знаходзілі, прыпячатвалі ім бандытызм і «пускалі ў расход». Таму сяляне пасля некалькіх такіх выпадкаў кінулі гэты занятак, а тыя, што і надалей займаліся сабе ім, сталі дзейнічаць больш абачліва. Часта, каб знішчыць за сабою ўсякія сляды і мець абсалютную ўпэўненасць, што справа не выкрыецца, забівалі абрабаваных кантрабандыстаў, а трупы пры- хоўвалі.
Вечарэла. Сонца хілілася да зямлі. Забава быў ужо паблізу мяжы. У адным месцы выйшаў з-за густога алешніку, што закрываў паварот дарогі, убачыў за сотню крокаў ад сябе будынак пры дарозе. Гэта была карчма, у якой несум- ненна знаходзіўся заградатрад. Вакол будынка мітусіліся чырвонаармейцы. Некалькі асядланых коней стаяла паблізу ганка.
Забава ўсвядоміў небяспеку, але падацца назад, каб схавацца, не мог, бо зразумеў, што яго ўжо бачаць. Уцякаць таксама не мог, паколькі найбліжэйшы лес быў уласна за карчмой, на адлегласці больш кіламетра, а вакол цягнуліся голыя палі.
Пайшоў наперад. Памацаў у кішэні наган, а пакет з дакументамі і газе- тамі запхаў на грудзі пад кашулю. «У выпадку чаго пакраплю іх свінцовым кадзілам. ды ў лес», — думаў Забава, рашуча прастуючы насустрач невядо- масці.
Гэта быў план, які яму падказаў мозг, а дакладней кажучы, інтуіцыя. Любыя іншыя дзеянні ў дадзенай сітуацыі былі пройгрышнымі. Гэты ж мог атрымацца. Перад карчмой мітусілася некалькіх чырвонаармейцаў; адны ўваходзілі, другія выходзілі. Пры выпадку Забава мог вельмі хутка, амаль імгненна расстраляць некалькіх з іх і, перш чым іншыя апамятаюцца, сіга- нуць у лес. Бегаў ён шпарка, таму калі б у яго не пацэлілі з першага стрэлу, даімчаў бы да лесу, які ўжо ахутвалі вячэрнія прыцемкі. У лесе ж ён быў бы сам сабе гаспадар.
Крочыў ужо паблізу карчмы. Ішоў сярэдзінай дарогі, штосьці насвіства- ючы. Чырвонаармейцы глядзелі на яго. Забава, замест таго, каб абмінуць карчму, падышоў да ганка, дзе на лаўцы стаяла вядро вады і бляшанка ад кансерваў, якая замяняла кубак.
— Добры вечар! — сказаў, набіраючы ваду з вядра.
Зацікаўленасць чырвонаармейцаў ягонай асобай адразу знікла, і Забава, напіўшыся вады, пайшоў сваёй дарогай, ні пра што не пытаны. Было яму весела. Далонь моцна і ўпэўнена сціскала шурпатую рукаятку нагана. Пачуваўся валадаром жыцця і смерці. Нешто цёплае казытала яго ў грудзях і горле — як тады, калі бачыў цудоўную ўсмешку на твары спадарыні Ядвігі.
Датупаў да лесу. Пераскочыў канаву і ўвайшоў паміж высокімі хвоямі. Лёг на мяккім імху і запаліў цыгарэту. Неўзабаве зноў выйшаў з лесу і спы- ніўся пры дарозе. Перад ім рассцілася велізарная паляна, аточаная густым борам. Перасякала яе дарога, знікаючы за цёмнай сцяной лесу, які з малымі перапынкамі цягнуўся ажно да мяжы. Забаве было душна. Парыла, паветра было нібы насычанае электрычнасцю. Насамрэч дзеялася штосьці незвычай- нае. Нерушная цішыня панавала вакол. Толькі птушкі, трывожна шчабечучы, кружлялі над самай зямлёй, але раптам і яны зніклі.
З захаду падыходзіла навальніца. Верхам гнала перад сабою статак парва- ных ветрам аблокаў. Усё замерла. Удалечыні, нізка над дрэвамі, паказалася чарада чорных хмараў. Паўзла павольна. цёмная, змрочная, жудасная. Раптам спынілася адразу над лесам. Збілася цясней, нібы збіраючы сілы да нападу, і. праз імгненне цяжка абрынулася на лес, як туша велізарнага звера на лугавую траву. Лес нібы вохнуў і задрыжаў. Нібы заслонай наваліўся змрок. Стрэлілі маланкі, белымі, блакітнымі і залатымі ніткамі працінаючы цемру. Цяжка ўздыхнулі перуны і з трэскам разарвалі паветра на тысячы шматкоў. Рыкнулі нізка, цяжка, глуха.
Бура шалела. А праз буру, лівень, віхуру няспынна цягнуўся наперад чалавек. У руцэ меў наган, у кожны момант гатовы страляць.
«Каб толькі не збіцца з дарогі», — трывожна думаў Забава.
Праз гадзіну бура мінула. Дождж сцішэў, а потым і зусім перастаў. Толькі па-ранейшаму валадарыла ноч. Ноч цёмная, непраглядная, ноч гэткая чорная, што, здавалася, можна па ёй, як па сажы, маляваць пальцам. Улас- най далані перад вачыма не было відаць. І чалавек у ёй быў быццам акунуты ў дзёгаць.
Ідучы па невядомай дарозе наперад, Забава часам напорваўся на дрэвы, некаторы час кружляў, мацаючы нагамі зямлю, зноў выходзіў на дарогу і цяг- нуўся. у цемру і невядомую далеч.
Дарога ішла і ішла, цягнулася і цягнулася. У адным месцы натыкнуўся на нейкі слуп. Абмацаў яго рукой. Быў чатырохкутны; стаяў на невялікім капцы. Зрабіў некалькі крокаў далей і зноўку ўспёрся на слуп. Тады яшчэ не ведаў, што гэта была мяжа з пагранічнымі слупамі. Сеў на капцы. Вельмі хацелася папаліць. З цяжкасцю здолеў запаліць цыгарэту, бо запалкі ад- моклі.
Выпаліў цыгарэту і рушыў далей. Ступакі гразлі ў балоце. З намагання- мі пасоўваўся наперад. Ішоў яшчэ амаль з гадзіну, зусім ужо згубіў бадзё- расць і ахвоту ісці, што звычайна здараецца, калі чалавек не мае пэўнасці, што правільна ідзе. Вось пайшла высокая трава, стаў спатыкацца на нейкіх камянях. Нешта высокае перагарадзіла яму дарогу. Абмацаў далонямі пера- шкоду. Гэта быў вялікі, жалезны крыж. «Могілкі — падумаў Забава. — А дзе ёсць месца памерлых, там паблізу будзе места і жывых. Ці не Койда- нава гэта?»
Праваруч бліснула святло. Забава зрабіў у тым кірунку некалькі крокаў і ўбачыў яшчэ плямы святла. Яго раптам ахапілі два процілеглыя пачуцці: пачуццё радасці, што знаходзіцца між людзей, і страху, што мог заблудзіцца і зайсці далёка ўглыб савецкай тэрыторыі. Крочыў нейкай вуліцай. Паміж ім і святлом, што падала з акна нябачнай у цемры хаты, прасунулася нейкая постаць.
— Якая гэта вёска? — паспешліва спытаў па-расейску Забава.
Перапалоханая жанчына адсунулася ўбок.