17004.fb2 Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

VII

Дарога... Дарога...

Звіняць званочкі. Спявае на козлах фурман. Ехаць яшчэ доўга-доўга. Нават не на перакладных, а на сваіх. Коні будуць адпачываць уначы, а ўдзень людзі будуць спыняць іх на трохгадзінны адпачынак, паіць і задаваць аброк. Вязуць прыпасы на ўсю зіму, кілімы, кнігі. Абоз прыедзе ў сталіцу, а потым, размясціўшы ўсё, рушыць назад.

Можна было б, вядома, даехаць іначай і хутчэй. Ну, хаця б да Дынабурга коньмі, а потым – цягніком. Але ён не хоча сам. Што ўбачыш з акна вагона? Нават з фурманкі бачыш мала, і лепей бы ісці пехатою.

Яму вельмі, яму прагна хочацца жыцця. Бачыць, слухаць, піць паветра, усміхацца на ямскіх станцыях прыгожым дзяўчатам.

Ах, як жа хочацца жыць!

Лухта ўсё. Поўніць сэрца любоў і ўпэўненасць. ён дараваў усім, нават Хаданскаму. Бедны дурань! Што ён ведае аб шырокай плыні жыцця?

...Вось Паўлюк на кані праваджаў яго... А потым ён звярнуў з дарогі, заехаў у гай і вярнуўся адтуль з Міхалінай.

...Майка нібы баялася дакрануцца да яго і толькі развітваючыся, відаць, не вытрымала. Заплюшчыла вочы.

– Embrassez moi, – глуха сказала яна. – Еt nе doutez jаmаіs de mоі[19].

Ён абняў і ўбачыў, што яна зусім нерухомая, а з апушчаных веек падаюць слёзы.

I ён пацалаваў яе ў вочы. Ён разумеў, што ёй проста было сорамна сказаць гэта па-свойму. Па-французску лягчэй.

Ён схіліўся і пацалаваў яе ў нерухомы цёплы рот.

– Алесь, – на гэты раз па-свойму сказала яна. – Ты мне вер. Я цябе не падману.

...Развіталіся. Паўлюк глядзеў змрочна:

– Ну вось. I на некалькі год.

– Не, – сказаў Алесь. – Я павінен быць тут. Прыблізна ў лютым.

– Я тады буду ў Горках, – засмучана сказаў Кагут.

I раптам праз заўсёдную – не па ўзросту – паважнасць нечакана, як заўсёды ў яго, вырвалася:

― Чорт ведае што! Навука! Едзеш немаведама куды, мучышся. За кавалак пéку сем вёрст квэкай. Сваёй мудрасці няма, ці што?

Толькі тут Алесь балюча адчуў страту... “Пек” гэта было азярышчанскае. Дзіцячае. Падгарэлая скарынка бохана... Там, куды ён едзе, так ніхто не скажа. Дома куды ні пойдзеш – паўсюль чуеш: “Дзень добры, гаспадар”. I Кагуту гэта кажуць, і Халімону, і яму. А там хто скажа?

– Нічога, – сказаў ён. – Вярнуся. – Пацалаваліся. Паўлюк сядзеў на кані пахмурны. – Цалуй там усіх.

– Д-добра. I падумаць толькі: як скончыш, Янька ўжо нявестай будзе. А можа, і жонкай.

– Кінь,– сказаў Алесь.– Дзіця гэтае дурное? Ты ёй перадай ведаеш што?

– Ну.

– “Шуба кажара: у лес пабяжара, ваўкоў напужара”.

Паўлюк сумна ўсміхнуўся.

...Алесь успамінае гэта і заплюшчвае вочы.

Час, калі малады Загорскі збіраўся і ехаў у Пецярбург, а потым уладжваўся на новым месцы, быў складаны і цяжкі.

Яшчэ ў ліпені 1858 года член Дзяржаўнага савета і міністр унутраных спраў граф Сяргей Ланской падаў гасудару запіску аб асноўных пачатках будучай рэформы.

Гэта быў чалавек няпэўны, і тымі самымі якасцямі вызначалася і яго запіска. Уласна кажучы, сам ён пра вызваленне не думаў ніяк. Як большасці такіх, яму хацелася лішні раз звярнуць на сябе ўвагу гасудара, і ён узяўся за справу, на выкананне якой у яго ўжо не было ні мазгоў, ні сілы. Нават памяркоўна да яго настроеныя людзі казалі, што ён хацеў “исполнения государевой мысли”, але “был не в силах ее осуществить”. Заўсёдная трагедыя халуёў без волі, без уласнай думкі, без гордасці.

Праз недахоп мазгоў ён занадта абапіраўся на падначаленых і адкрыў другарадным дзеячам шляхі да ўплыву на рух і напрамак справы. У тых, аднак, былі мазгі, непераборлівасць у сродках і цвёрдае разуменне сваёй – саслоўнай і асабістай – выгады. Зямля была дарагая. Рабочыя рукі без зямлі – танныя. А грашовая прывязка трымала нават мацней, чым ланцужная, і яны, самі будучы ўтрыманцамі кожнага, хто меў сілу і грошы, добра гэта разумелі.

Ланской прапанаваў – яны адрэдагавалі.

Галоўным у запісцы было дараванне мужыку асабістай волі, пры ўмове, калі ён выкупіць сядзібу (у растэрміноўку на дзесяць – пятнаццаць год). Пры гэтым улічвалася і ўзнагарода памешчыку за страту ўлады над асобай.

Улада над асобай! Ніхто не думаў, ці варта чагосьці асоба, якая дазваляе, каб нехта над ёю ўладарыў, і ці вялікая гэта страта – страта ўлады над такою асобай.

Цікавіла не асоба, а рукі.

Менавіта праз тыя легенды, якія распаўсюджвалі пра яго і правыя і левыя, пра Ланскога трэба пагаварыць больш-менш падрабязна. Адны называлі яго добрым геніем вялікай рэформы і чалавекам, які хацеў прымірыць паноў і мужыкоў, бессаромна нахабную сатрапію Раманавых і інтарэсы заходаіх ускраін. Другія лаялі яго на ўсе чатыры вятры і інтрыгавалі супраць яго.

А ён не быў варты ні таго, ні другога. Гэта быў проста кар'ерыст, што на старасці год выжыў з розуму. I інтрыгаваць супраць яго таксама было марна. Інтрыгаваць можна супраць асобы, а ён даўно ўжо не быў ні асоба, ні дзяржаўны муж. Толькі верны да нізкапаклонства слуга.

Ён ніколі не быў анёлам міру. Згодніцтва было ўласціва яму нават менш, чым яго спадчынніку на пасадзе Валуеву. I не ад розуму, як у таго, а ад мазгавой невыстарчальнасці і вернападданасці.

Гэты чалавек заўсёды быў прыхільнікам ужывання самых крайніх захадаў да Польшчы, ужо столькі год распятай на крыжы пакуты, абылганай, залітай крывёю сыноў.

Становішча Польшчы, Літвы, Беларусі было такое нясцярпнае, што нават у вышэйшых колах падумвалі пра нейкія льготы, нават у гуртку вялікай княгіні Елены Паўлаўны разважалі пра нейкія болыш лагодныя меры, пра неабходнасць змяніць хоць сістэму кіравання.

Ланской “усепаддана” асмельваўся пярэчыць ёй, патрабуючы жорсткасці і жорсткасці. Адзін з нямногіх. Ашалелы манархіст, ён змагаўся за абсалют улады больш утрапёна, чым самі ўладары.

Гэта быў чалавек, які мог разгубіцца ад самых нечаканых прычын. На вядомым пасяджэнні савета міністраў 1З сакавіка 1861 года, на якім ставілася пытанне аб варшаўскіх маніфестацыях і праекце Веляпольскага наконт частковай аўтаноміі Польшчы, ён маўчаў і асмеліўся выступіць толькі пасля барона Меендорфа, які казаў аб небяспечнасці існавання польскага вярхоўнага савета і наогул нацыянальнага прадстаўніцтва.

Толькі тады ён адчапіўся ад астатніх некалькімі monosyllabes d’adhésions – аднаскладовымі выклічнікамі, што выяўлялі згоду, афарбаваную лёгкім ценем сумнення.

I такому далі сфармуляваць асновы будучага вызвалення!

Няма чаго здзіўляцца, што з гэтага не атрымалася нічога людскага. Ён проста не мог разважаць па-новаму. Усё, што ён мог выседзець, – гэта некалькі няпэўных ісцін, падобных на трызненне мозгу, размякчанага старэчай фліксенай. Яго самога трэба было калыхаць на старасці год у калысцы, а ён замест таго закалыхваў у ёй Расійскую імперыю, каб не прасіла малака і кашы.

“Запіска” была горш, чым проста рабунак. Гэта быў нават не разбой.

Гэта быў старэчы маразм.

I, аднак, гэты чалавек служыў свайму “прынцыпу”, які ён дрэнна зразумеў і яшчэ горш прыстасаваў, аддана і да канца. Трэба аддаць яму належнае: там, дзе ён бачыў частковае і часовае супадзенне інтарэсаў мужыка і дзяржавы, – ён служыў гэтаму выпадковаму яднанню, нават калі інтарэсы дваранства цярпелі страту.

Урад! Урад! Урад! Яго сіла. Усё, што супраць гэтага, – ад д'ябла.

За гэта яму аддзячылі. Сам не жадаючы таго, ён сваёй запіскай наклікаў нездавальненне крайніх абскурантыстаў і кансерватараў. Інтрыгі асабліва расцвілі пасля 19 лютага. Цар, як заўсёды, трымаўся за “исполнителя его мысли” да таго часу, пакуль асоба выканаўцы была неабходна для давядзення сялянскай справы да куртатага канца, а потым выдаў яго галавою. Цар сам сказаў яму, qu’il désirait que Lanskoi se retirât, што ён хоча, каб Ланской пайшоў у адстаўку. I гэта ў той час, калі міністр не прасіў звальнення.

Так скончылася праца на палітычнай ніве чалавека, што выпусціў “першую ластаўку вызвалення”.

З0 студзеня 1862 года “добрага генія вялікай рэформы” хавалі. Але гэтая сумная і звычайная падзея адбылася значна пазней. А пакуль што ўсе ламалі мазгі над сакрэтнай запіскай Ланскога. Вырашыўшы, відаць, што ўсё адно дарогі назад няма, першы бабухнуў у звон віленскі губернатар, генерал-ад’ютант Назімаў. Чалавек бязвольны, які болыш за ўсё на свеце прагнуў спакою (і чыноў), ён першы прыпячатаў сваё прозвішча пад гісторыяй вызвалення, падаўшы цару адрас аб неабходнасці адмены прыгону. Гэтаму здзіўляліся ўсе, хто яго ведаў. Ніхто не чакаў ад яго такога спрыту. Зваліўся ў “вялікую рэформу”, як п’яны ў стаў, выскачыў раптоўна як Піліп з канапель.

У канцы лістапада імператар адказаў Назімаву рэскрыптам, і гэта было пачаткам публічнага прыступу да рэформы.

Пасля гэтага астатнія губернатары таксама наўзахапы пачалі “праяўляць ініцыятыву”. Рэскрыпт прапаноўваў стварыць усюды губернскія камітэты пад старшынствам дваранскага маршалка губерні і членаў па адным ад кожнага павета. Да іх, у якасці даважкі, меліся далучыцца два “абазнаныя” дзедзіцы, якіх прызначаў губернатар[20]. Іхняй задачай было выпрацаваць праект вызвалення на наступных асновах.

Пану аставалася зямля, а мужыку – сядзіба, якую ён павінен быў выкупіць, і мінімум зямлі, неабходны для таго, каб жыць. За гэты кавалак ён па-ранейшаму плаціў аброк або адбываў паншчыну.

Мужыкі размяркоўваліся па сельскіх абшчынах, і вотчынная паліцыя, непасрэдна падпарадкаваная пану, сачыла за парадкам у кожнай вёсцы.

Члены камітэтаў забяспечвалі на час упарадкоўвання будучых адносін аплату дзяржаўных і земскіх падаткаў, а таксама грашовых збораў.

Тры кіты рэскрыпту: нахабны рабунак, тыранія, выкачванне грошай – як найлепш адпавядалі той вялікай ідэі, што ўсталявалася на іх. Ідэі вызвалення сялян.

Рэскрыпт, уласна кажучы, не даваў права ні на якую самадзейнасць, акрамя большых ці меншых памераў рабунку. I праз гэтыя памеры амаль адразу пачалася грызня камітэтаў між сабой.

Ліберальнічалі, галоўным чынам, нечарназёмныя губерні. Зямля каштавала мала, а рукі былі дарагія. Беззямелле, а значыць – звязанае з ім адыходніцтва, магло абязлюдзіць землі, згаліць і вёску і маёнтак, укрыць палі буянай повенню пустазелля.

Найбольшай сярод усіх левізной вызначаліся Цвярская губерня і Прыдняпроўе.

Праект цвярскога прадвадзіцеля Ункоўскага, а галоўным чынам настрой цвярскіх дваран, прывёў пазней да таго, што рэформу 19 лютага яны абвясцілі “варожнай для грамадства”. Абодва члены губернскага камітэта, прызначаныя ўрадам, Мікалай Бакунін і Аляксей Талстой, падалі ў адстаўку. Трынаццаць асоб, у тым ліку два павятовыя прадвадзіцелі, Аляксей Бакунін і Сяргей Балкашын, ды іх сябра, вышэйпамянёны Мікалай Бакунін, некалькі пасрэднікаў і кандыдатаў сабраліся разам і вырашылі дзейнічаць. Яны падалі губернскай установе і разаслалі па паветах аб'явы, што “Палажэнне” 19 лютага ёсць для грамадства падман і што яны надалей будуць кіравацца ў сваіх дзеяннях толькі перакананнямі грамадства аж да склікання агульнай земскай зборні, аб якой прасіла цара дваранства.

Галоўных зачыншчыкаў вырашылі арыштаваць, пасадзіць у пецярбургскую цытадэль і аддаць пад суд сената. Схапілі і прывезлі двух: Мікалая Бакуніна і Максіма Лазарава. Губерня насцярожана маўчала. Лаяў арыштаваных толькі вышневалоцкі дваранскі з'езд, але ад гэтых зуброў, ад гэтага гнязда цемрашальства ніхто нічога іншага і не чакаў...

Пецярбург пачаў цкаваць цвярскіх. Як жа, яны патрабавалі абавязковага выкупу сялянамі зямлі, патрабавалі рэформы.

Міравыя пасрэднікі пасля пяці месяцаў Петрапаўлаўкі былі асуджаны на заключэнне ва ўціхамірвальным доме (і прынізіць хацелі як найпадлей!). Ім далі ад двух год да двух год і чатырох месяцаў “уціхаміркі” і, акрамя таго, пазбавілі правоў і прывілеяў.

Генерал-губернатар Пецярбурга, Аляксандр Аркадзевіч Сувораў, унук палкаводца і чалавек добры і мяккі, схапіўся за галаву, дачуўшыся аб нечуванай абразе. Уціхамірвальны дом! Як для злодзеяў! Бязмерная подласць гэтага прысуду так уразіла яго, што ён стрымгалоў кінуўся да імператара: заступацца. Упарты – дзе не трэба – гасудар быў да таго, што зламаць ягоную ўпэўненасць практычна было немагчыма.

Сувораў зрабіў немагчымае: дабіўся адмены ганебнага прысуду. Пакаштаваць “уціхаміркі” пасрэднікам не давялося. Але многія з іх так і не былі адноўлены ў правах да канца жыцця.

...Дзейнасць цвярскога камітэта скончылася разгонам і расправай. Дзейнасць прыдняпроўскіх камітэтаў, праз шэсць год пасля іх арганізацыі, выбухнула магутным пажарам спачатку шляхецкага, а потым сялянска-шляхецкага паўстання. Адны пайшлі ў ссылку, другія – на эшафот і пад карцеч. Адны не дабіліся нічога, акрамя славы высакародных пакутнікаў, другія ўласнай крывёй купілі свайму народу неадкладную адмену грабежніцкіх часовых абавязкаў, выкуп зямлі і павелічэнне надзелаў.

Але пакуль што да гэтага было далёка.

Пакуль што губернскі камітэт, якім кіраваў пан Юры і ў складзе якога быў дэлегатам ад Сухадольскага павета стары Вежа (упершыню за пяцьдзесят з лішнім год пайшоў на грамадскую пасаду), лаяўся, ваяваў і штурхаў дваранскую масу на ўсё больш і больш левы шлях. Гэта ўдавалася рабіць таму, што пан Даніла з сынам асабіста раскатурхвалі дробную шляхту, якая мела права голасу, але ніколі дагэтуль ім не карысталася, не мела прыгонных і таму магла галасаваць за як мага больш ільготнае вызваленне чужых мужыкоў.

Падтрымлівалі Загорскіх і буйныя землеўладцы.

Сярэдзіна чартыхалася, але, сціснутая з двух бакоў, нічога не магла зрабіць. Пан Юры атрымаў нечаканую падмогу жонкі. Пані Антаніда была абурана царскім рэскрыптам.

...На абшарах імперыі сапраўды ішла бойка.

Сярэднія і дробныя ўладары душ разлютавана крычалі супраць адмены. Звязаныя з рынкам багацеі патрабавалі неадкладнага скасавання рабства.

Цалкам у духу рэскрыпта выступіў пецярбургскі камітэт. Праект Пятра Шувалава ўзнялі на шчыт самыя абрыдліва-правыя элементы. Пакінуць мужыку толькі прысядзібны ўчастак, прымусіць яго арандаваць зямлю на тых умовах, якія прадыктуе гаспадар. Пакінуць за сабою ўсю паўнату эканамічнай улады і значную частку юрыдычнай.

Праекту Шувалава ў пэўнай ступені падтаквалі гаспадары Украіны і чарназёмнага поўдня. Палтаўскі праект патрабаваў, каб уся зямля па сканчэнню пераходнага перыяду падпала пад адчужэнне ад сялян і зноў была аддадзена ў рукі памешчыкаў. Калі ж мужык захоча купіць зямлю ў свайго былога пана, у другога пана ці ў казны – хай сам урад дае яму крэдыт. Ведалі, што пры ўбостве казны, спустошанай пенсіямі і марнатраўнай раскошай вярхоў, пры шматлікасці абяздоленых, якія будуць прасіць крэдыту, сума пазыкі можа быць толькі мізэрная.

Значыць, сялянская сям'я з купленай зямлі не пражыве. Да былога ж гаспадара прыйдзе прасіць працы і хлеба. Нэндза прымусіць пірагі есці.

Супраць гэтага ўсеагульнага, з поўначы і з поўдня, віску прыціснутых і таму раз'юшаных уласнікаў, супраць гэтага ўзбаламучанага мора трэба было змагацца.

Пан Юры разумеў: паддацца гэтаму – і канец, крах.

I ён вырашыў змагацца за зямлю для сялян, пакуль будзе жывы. Узнімаць на гэта людзей, катурхаць іх, лаяцца, ціснуць на непакорлівых грашыма і ўладай.

Праект Ункоўскага быў для яго таксама занадта правы.

Ункоўскаму не трэба было біцца за грамадства, якое дыхае на ладан. Ён мог сабе дазволіць даць му-жыку зямлю за выкуп, які паможа яму, Ункоўскаму, і тысячам такіх сабраць капітал на новую гаспадарку. Ен мог крычаць аб тым, што за зямлю няхай мужыкі плацяць самі, а за мужыцкую волю памешчыкаў павінна ўзнагародзіць дзяржава.

Параіўшыся, Вежа і пан Юры вырашылі паступова, але цвёрда, не падымаючы залішняга шуму, не грэбуючы нічым, нават грашовым прэсам, дабівацца ад як мага большай часткі прыдняпроўскага панства ажыццяўлення іхняга праекту.

Дзве трэці зямлі, якой уладаў да вызвалення мужык, пераходзяць да яго без выкупу. Мала, але пражывуць. Адрэзаная трэць забяспечыць прыплыў рабочай сілы ў буйныя гаспадаркі. Выкуп за асобу намінальны, толькі каб не вякалі Шувалавы ды Позены, каб на пераходны перыяд трохі прытрымаць людзей і даць ім магчымасць асталявацца.

Гэта была адзіная ўступка ўсёй гэтай хаданскай навалачы, якую яны вымушаны былі зрабіць.

Энергічна рыхтаваліся свае людзі на ўсе пасады ў камітэтах. Праз Ісленьева ўдалося абалваніць губернатара Беклемішава да таго, што ён прызначыў “сваімі” членамі ў камітэт Юлляна Раткевіча і Януша Біскуповіча.

Тыя адразу паставілі перад губернатарам яшчэ прапанову: выкуп мужыкамі астатняй, адрэзанай трэці зямлі. Губернатар засумняваўся. “Прызначаныя” паднялі галас, што ён хоча пазбавіць цукраварні і гуты рабочых рук. Беклемішаў падумаў хвілінку і падпісаў.

Калі пасля гэтага “двойца” выступіла на зборні “ад імя губернатара” з гэтай прапановай – прыдня-проўскае “балота” аж вадун завадзіў. Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але прывезеная панам Данілам дробная шляхта (гісторыя з прапановай Раткевіча трохі-такі навучыла Загорскіх метадам палітычнай барацьбы) пачала шумна гарлаць, ухваляючы прапанову.

Усе магчымыя пазіцыі былі замацаваны. Што залежала ад мясцовай самадзейнасці – насыпана аж з коптурам. Цяпер калі нават “Палажэнне”, адрэдагаванае імператарам, адкіне ўсіх, хто зарваўся, назад, Прыдняпроўе яно адкіне не так далёка, як іншых. Людзям будзе лягчэй.

Пан Юры памятаў, што яму дажываць, а дзецям жыць, і таму не мог не спытацца і іхняй думкі. Вацлаў, літаральна ўлюбёны ў Алеся, сказаў: “Я – як брат”.

Вежа з сынам напісалі ў Пецярбург і атрымалі адказ. Алесь прасіў не заводзіць сваркі з Раўбічамі далей, як мага лепей даглядаць Гелену і дагаджаць ёй.

Ён пісаў, што ў канцы студзеня тыдні на тры-чатыры прыедзе дадому і тады яны пра ўсё пагавораць.

Пецярбург сустрэў нечаканай цеплынёй і сінім, празрыста-ясным купалам неба. Імкнулася да недалёкага мора Нява, свежы вецер дыхаў вялікімі абшарамі вады, чысцінёй, поўнымі ветразямі.

У празрыстым паветры мякка ззяла золата купалоў і шпіляў. Плыў у небе карабельчык над адміралцействам. Фіванскія сфінксы, звыклыя да хамсінаў і спякотных пяскоў, глядзелі на імпэтную плынь.

Свежыя ад вечнай вільгаці таполі над Мойкай, усе ў вясёлкавых кроплях ад нядаўняга дожджыку, нагадвалі ледзь распушчаныя павіныя хвасты.

У гэтай паўночнай феерыі, у багацці вады і неба, у шчодрасці рукатворнай прыгажосці не было нічога ад горада-цмока, горада-драпежніка, што паступова аблытаў шчупальцамі дарог цела сваёй ахвяры – зямлі. Наадварот, нельга было не паддацца яго зачараванню.

Кватэра, якую знялі для Алеся, была на Екацярынінскім канале. Кабінет, спальня і гасціная для паніча, пакой для Кірдуна з жонкай, дзве вялізныя кладоўкі, кухня. Усё гэта было ў бельэтажы, з балконам. Акрамя гэтага, гаспадар, збяднелы і ад год злёгку крануты ціхім розумам халасцяк старога роду, здаў яшчэ і сутарэнне: для хатняга дабра і прыпасаў.

Алесю было цяжка гэта. ён саромеўся раскошы, саромеўся таго, што ў яго будзе ўсё, а ў большасці студэнтаў амаль нічога (ён ведаў з лістоў, як жывецца, скажам, Кастусю, і ведаў, што яго, Алесева, багацце можа аддаліць яго ад сябра). Лепей за ўсё было б адмовіцца ад усяго, што ў яго было, зняць мансарду і есці ў кухмістарскіх.

Але ён ведаў і тое, што кожны трэці студэнт канчае універсітэт з язвай страўніка, што сухотных сярод іх больш, як дзе. ён не мог дазволіць, каб такое было з сябрамі і калегамі, тымі, якіх ён яшчэ не бачыў, але загадзя любіў.

Давядзецца цярпець сорам, каб яны маглі часам есці ў яго, Алеся, атрымліваць сяды-тады безымянную дапамогу, жыць, зберагчы сілы, якія так ім спатрэбяцца праз некалькі год. Ён будзе вельмі роўны і таварыскі з імі, яны не будуць адчуваць розніцы ў становішчы. А свой сорам Алесь схавае ў кішэнь.

Пачалі размяшчацца. Халімонава жонка, пісаная прыгажуня Аглая, лябёдкаю плыла па пустых пакоях, паказвала, якія дываны пасцілаць, дзе ставіць гадзіннік, як размясціць кнігі. Здаецца, адкуль бы ўзяцца, а ў яе на гэта быў такі прыродны талент.

Лёгкая і падцягнутая, як струнка, з высокімі грудзьмі і высокай шыяй, яна паказвала людзям, куды што несці.

...Аглая ўбачыла, што Алесь глядзіць на яе, заўсміхалася і выгнала з дому.

– Iдзіце-ідзіце. Уздзяўбурце што лепшае ды ў горад, у горад. Раней чым праз чатыры гадзіны – ані-ні. Нам прыбіраць, нам расстаўляць, мне – вячэру гатаваць, Кірдуну – ванную паліць...

Нагрувашчання рэчаў, здаецца, нельга было разабраць і за тыдзень.

– За чатыры гадзі-іны?

– Можа, і за тры,– легкаважна сказала Аглая. – Хлопцы, столік-бобік унь сюды, ён за туалетны... Куды-куды?! На гэтым пісаць! Унь у той скрыні прыбор для пісання. Пятрок, распакаваць! Дзед Яначка, гэта сюды, паперы ў шуфляды. Крэсла дайце.

Выгналі. Алесь стаў на мосціку з крылатымі львамі, паглядзеў у імклівую ваду і падумаў, што месца, дзе ён будзе жыць, і канал, і гэты мосцік ён паспеў палюбіць.

Потым пайшоў у напрамку да Нявы, дарогаю спаймаў ліхача і загадаў яму павольна ехаць на Васільеўскі востраў.

На растральныя калоны клаўся прыцемак.

Цішыня і яснасць былі на душы. I дзіўна, яму не хацелася, каб ліхач ехаў хутка, хацелася трохі адцягнуць сустрэчу з Кастусём. Ён ведаў, што набліжаецца да парога, за якім не будзе ні яснасці духу, ні гэтага вышэйшага спакою, ні нават дарогі назад.

...На стук не адказаў ніхто. Алесь штурхнуў дзверы, і яны нечакана падаліся. Пакойчык быў невялікі. Сцяна насупраць дзвярэй нібы падала на таго, хто заходзіў. У нішы гэтай сцяны свяцілася апошнім святлом дня паўкруглае мансарднае акно. Вялізнае падвоканне замяняла стол. На ім стаяў кафейнік у карычневых пацёках і амаль пусты пачак нямецкай цыкорнай кавы. На адзінай талерцы, сярод позніх чорных вішань, ляжала луста хлеба.

Крэсла было толькі адно. Іншыя, відаць, замянялі пачкі кніг, крыж-накрыж перавязаныя аборкамі.

На ложку, накрыўшыся з галавою саматканай, у шашачкі, посцілкай, спаў Кастусь: толькі цёмна-русыя валасы ляжалі на падушцы.

– Кастусь!

Спіць. Нібы пшаніцу прадаў.

– Кастусь!

Дрыхне.

Алесь зняў кнігі з крэсла на падлогу, сеў... Спіць. Самога можна вынесці. П’яны, ці што? Ды непадобна на яго.

Загорскі абводзіў вачыма каморку. Нездаровая. Пад самым дахам. Улетку, відаць, горача, узімку холадна. Успомніў, як ішоў у гэты пад'езд праз двор, поўны дзяцей, бялізны на вяроўках, гарачага туману, што валіў з акон сутарэння, як лез па страшэнна стромых сходах сюды, пад дах. Напэўна, у такім месцы жыў герой “Бедных людзей”. На цёмных сходах пахне мышамі, пялюшкамі, падгарэлай цыбуляй.

Не, так жыць Кастусю ён не дазволіць. “Ну, адмовіўся ад урокаў – твая справа. За такую прынцыповасць цябе нават паважаць можна. Але чаму ж ты, чорт, не хацеў год папрацаваць у Вежы? I не мучыўся б цяпер.

I цяпер жа не возьмеш. Не возьмеш, ведаю. Пазыкі будзеш прасіць ва універсітэцкага начальства, а не возьмеш у друга”.

Унь пакой. Хіба так можна? Свечка ў свечніку стаіць на падлозе. Паласатая, як арыштанцкая калашына. Цёмная частка – светлая частка, цёмная – светлая. Верная адзнака, што ў гаспадара няма гадзінніка. Удзень жыве па стрэле гарматы ды па бою гарадскіх курантаў. Уночы – па такой вось свечцы. Палоска аднаго колеру згарае за гадзіну. “Студэнцкая” свечка. Немцы прыдумалі.

А на сцяне адзінае ўпрыгожанне: выдзертая аднекуль пажаўцелая гравюра: “Сутычка Ракуты са Зверына і хана Койдана пад Крутагор'ем”.

Алесь чарпнуў трохі вішань з талеркі. Пераспелых, чорных, кранутых нават птушкамі і таму вельмі салодкіх. Паклаў адну ў рот, старанна абсмактаў костачку і, надзьмуўшы шчокі, рэзка дзьмухнуў. Костачка папала вышэй валасоў на падушцы. Чалавек сеў.

...Алесь, аслупянеўшы, глядзеў на незнаёмы твар, ружовы са сну. Цёмна-русыя валасы, рот з надзьмутай ніжняй губой, маленькая зграбная рука растапыранымі пальцамі прычосвае кудлы.

– Крыху нечакана, – сказаў чалавек.

Загорскі не ведаў, што казаць. Невядомы апусціў вочы і ўбачыў вішні ў Алесевай руцэ.

– Прыемнага апетыту.

Тфу ты, чорт! Добра, што хоць гаворыць па-мужыцку. Зямляк.

– Давайце адрэкамендуемся.

– Ахвотна... Алесь Загорскі.

– Князь? – у чалавека заўсміхаліся вусны.

– Але.

– Адразу відаць выхаванне, – паважліва, нават з некаторым здзіўленнем, сказаў чалавек. – Віктар Каліноўскі.

– Вы?! Кастусь мне столькі расказваў.

– Уявіце, мне ён расказваў пра вас таксама.

Толькі тут Алесь убачыў няўлоўнае падабенства Віктара і брата. Адзін колер валасоў, толькі ў Віктара яны мякчэйшыя і не такія бліскучыя. I ніжняя губа. I вочы з залацістымі іскрынкамі. Толькі Віктар болыы худы і пластычны. На прыгожых запалых шчоках – няроўны румянец.

– Кастусь прачакаўся. Даўно тут?

– Некалькі гадзін. А дзе ён?

– Пайшоў здабываць штосьці на вячэру. Давялося амаль усю маю месячную пенсію забіць на кнігі. Калі нічога не дастане – раздзеліце з намі вось гэта.

Алесь паглядзеў на вішні ў далоні.

– Чорт, – сказаў ён. – Як няёмка.

– Нічога. Мы людзі свае. Скажыце, як там у вас справы? Як з Кастусёвай просьбай?

– Якой просьбай? – удаў здзіўленне Алесь.

Віктар глядзеў на яго ўважліва.

– Добра, – сказаў ён. – Гэта добра.

Усмешка была дабрадушная.

“Свой”, – яшчэ раз падумаў Алесь і спытаў:

– Як з вашай работай?

– Ідзе. Сяджу над рукапісамі, як пацук, ды ад пылу чхаю.

– Вы ў Публічнай бібліятэцы?

– Я ў непублічнай бібліятэцы. Сяк-так плацяць.

– Цікава.

– Каб не было цікава, я не кінуў бы медыцыны для заняткаў гісторыяй.

Віктар дастаў аднекуль з-за ложка скураную труб-ку, падобную на круглы пенал.

– Вось адсыпаўся, каб уначы працаваць. Цішэй. А то на маёй кватэры ўдзень нельга. А мне трэба зрабіць апісанне.

ён разняў трубку і выцягнуў адтуль пергаментны скрутак.

– Дрэнна скручваецца пергамент. Але як скруціцца, то і не раскруціш. Глядзіце.

Жаўтаватая дарожка ляжала на яго каленях. Чорныя маленькія літары і кармінавыя вялікія.

– Сапегаў ліст, – пяшчотна сказаў Віктар. – Бачыце, пячатка?

Пячаць ляжала ў круглай срэбнай пушачцы, прымацаванай на шнурку да граматы. Кольца чырвонага воску з адбіткам.

– Андрэеўскі папрасіў. Яму трэба па гісторыі філасофіі права. А ён нашай старой мовы – ані-ні.

– Наша хіба мова?

– Нягож, – Віктар надзьмуў губы. – Ды яшчэ і якая. Слухайце: “Пашто вам, чадзь русінская, за непраўдзівымі, але фальшывымі ганіці. Чаго таго хочаце, каб слова дзедзіч зберагчы або маетнасць сваю?.. Слова хоцечы зберагчы – мецьмеце вечнасць. Маетнасць адну хоцечы собе прыўлашчыці – морд душы атрымаеце”.

Зграбныя доўгія пальцы трапяталі над дакументам. I гэта быў рух такой пяшчоты, што рабілася не па сабе. Так пальцы сляпога часам трапечуць над абліччам самага роднага чалавека, не дакранаючыся да скуры, а проста адчуваючы яе цеплыню.

– Бач, словы якія?! “Каразн” – гэта азначае страта, пакаранне смерцю. Забылі слова! – ён нібы ўзважваў словы на невідочных шалях. – Каразн – пакаранне смерцю. Тфу!.. Або восы “пляснівы конь” – гэта шэры, мышасты. Плесняю пахне слова, прыцемкам, склепам.

Алесь глядзеў на аблічча гэтага дзівака і адчуваў, што палюбіць яго.

– Або “плюта” – гэта нягода. А вось “сок”, ад слова “сачыць”. А мы ўзялі дурное “розыск”... А от глядзі-глядзі: “талкавіска” – месца, вытаптанае коньмі падчас бітвы. Або “клявец” – востры молат, каб насякаць жорны. Забылі!

– Чаму? – сказаў Алесь. – У нас і цяпер клявец. Падчас паўстання мужыкі і імі валяць.

– Не можа быць? – Віктар запісваў.

– Але.

– Або вось “лезіва” – вяроўка, каб лезці па борць... Забылі. Усё забылі... Вось так і жывём. Вывуджваем па слоўцу з каламутнага мора.

“Дзівак, – зноў падумаў Алесь. – Бяскрыўдны запылены дзівак. Корпаецца ў рукапісах, ведае, відаць, усё да дробязі пра Беларусь і Літву, жыве старажытнасцю і пляваць хоча на сучаснасць. Архіўны юнак”.

– Скажыце, – спытаў ён, – вы сапраўды думаеце, што гэта патрэбна сённяшняму дню?

Віктар суха кашлянуў. I раптам Загорскі ўбачыў, што добрае, трохі разгубленае ад ціхага замілавання аблічча нібы падсохла і стала жорсткае. Рахманыя вочы востра звузіліся. Пульхная ніжняя губа падабралася пад верхнія зубы. Ясна было, адкуль гэта пакусванне ў Кастуся.

– Што ж вы маўчыце? – спытаў Алесь.

– А што гаварыць? Варты жалю той, хто не ведае былога дня і таму не можа разабрацца ў сённяшнім і прадбачыць будучы... Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта – чалавек ці народ.

Віктар нечакана ўсміхнуўся. Відаць, прыйшлі ў галаву новыя думкі, і ён адразу забыў пра сваё раздражненне.

– Вы не заўважалі, што найбольш хлусяць у гісторыі? I якраз тыя, што найбольш крычаць аб сённяшнім дні і рэкамендуюць былое як альбом з цікавенькімі малюнкамі. Ну, хаця б мой непасрэдны начальнік барон Мадэст Корф[22], нямецкая каўбаса на імперскай рускай службе. Нашто ім хлусіць, калі гісторыя – было і быллём парасло?

ён усміхнуўся і прылёг на локаць:

– Старонка гісторыі... Ведаеце, з кім Модзінька вучыўся? З Пушкіным. Ворагі былі. Сварыліся. Афрыканец наш яго, здаралася, і пабіваў. I атрымалася так, што перакрыжоўваліся іхнія шляхі. Адзін за кнігу – і другі за кнігу. Адзін гісторыю пісаць – і другі пісаць. Мяркую, у Модзінькі, хоць ён і нахапаў чыноў, увесь час аставалася пачуццё ўшчэрбнасці, абдзеленасці, падсвядомае жаданне саперніцтва. Ну і пісалі. Адзін свае смярдзючыя кніжачкі, абяцадла для бедных, а другі – “Гісторыю пугачоўскага бунту”. Гісторыя – лухта, гісторыя – парахня! То скажыце мне, князь Загорскі, скажыце мне, чаму за гэтую парахню аднаго ўсё жыццё ганялі, застрэлілі ўрэшце і нават пасля смерці баяцца?! I чаму другога за парахню гэтую, за непатрэбшчыну, узвысілі, ступеняў надавалі?

Закурыў і закашляўся:

– Чаму б гэта? Калі паны лямантуюць, што ўсё гэта лухта... А, ды што там!.. А вы не думалі,можа, гэта таму, што адзін рабіў усё, каб людзі ад “былой непатрэбшчыны” морды адвярнулі, знайшлі там доказы вечнага свайго рабства, бездапаможнасці, залежнасці ад старэйшых, няздатнасці самім уладкоўваць свой лёс, беднасці мозгам і талентам, слабасці і вечнага глядзення чужымі вачыма. А другі ўсё рабіў, каб паказаць людзям іхнюю сілу, гордую самастойнасць, права на веліч сваёй уласнай думкі, без чаго чалавек не мае права звацца чалавекам. Урэшце гордае права на сваю ўласную дарогу, па якой ты ідзеш, не чакаючы ўзнагароды, а проста так, таму што ты чалавек і таму адчуваеш патрэбу і неабходнасць думаць самому і ісці самому. Бо табе сорамна рабіць іначай. Бо ты проста не ўяўляеш, як гэта так – “іначай”? Бо ты не быдла, каб ісці туды, куды вядуць, а цар прыроды. Не “цар польскі, вялікі князь фінляндскі”, а цар сусвету... I таму маеш права сам глядзець на ўсё, сам мацаць, сам узважваць... Вось гак... Паэты, калі яны сапраўдныя паэты, таксама гісторыкі. I не могуць быць іншымі. Гісторыкі думкі, гісторыкі праўды. I таму ў гісторыкаў страляюць часцей, чым, скажам, у членаў сената.

Віктар раптам перарваў сам сябе і задумаўся. Потым хітравата ўсміхнуўся:

– Гісторыя... Мне здаецца, супраць яе больш за ўсё лямантуюць тыя, каму нявыгадна, каб людзі разабраліся ў сённяшнім дні.

Абаяльнасць гэтага чалавека была такая вялікая, што Алесь раптам падумаў, ці не варта яму ва універсітэце акрамя філалогіі заняцца яшчэ і гісторыяй. Бадай, так і трэба будзе зрабіць.

ён думаў аб сваёй будучыні шмат. Юрыдычны факультэт яго не вабіў: якому праву могуць навучыць у краіне бяспраўя? Добра, на факультэце выкладаюць такія велічыні, як Уцін, будуць выкладаць, з гэтага года, людзі, пра якіх шмат гавораць за апошні час, – Кавелін і Спасовіч. Кавелін будзе гаварыць пра грамадзянскае права ў той час, калі ў дзяржаве няма грамадзян, а ёсць абываталі. Уцін будзе параўноўваць заканадаўства імперыі з заканадаўствам іншых краін, у той час, калі ўсім вядома, што законаў “ад Пермі да Таўрыды” няма, а ёсць замест іх паліцэйскае самавольства.

Справядлівасць чалавек павінен адчуваць сэрцам, а не законамі.

Статыстыка і палітэканомія былі надзвычай цікавай штукай. Але хто дазволіць сумленна падлічваць галодных і раздзетых?

– Дзе вы? – спытаў Віктар.

– Думаю аб сваёй дарозе. Разумееце, люблю пісьменства, люблю філалогію. З ахвотаю пайшоў бы туды. Але ж я таксама сучасны чалавек. Ведаю, людзям зараз патрэбна фізіялогія, батаніка, хімія, медыцына. Патрэбна практычная дзейнасць...

– Лухта, – сказаў Віктар. – Добры філолаг лепшы за дрэннага медыка. Нашто ж вам перці супраць схільнасці? Чалавек павінен сваёй справай займацца з асалодай.

– Але карысць...

– А што карысць? Што, можа, у нас ёсць лішнія філолагі? Вы якія мовы ведаеце?

– Беларускую, рускую, польскую (апошнія дзве не так добра). Ну і яшчэ французскую, амаль як сваю, нямецкую, амаль як сваю, англійскую значна горш... I яшчэ італьянскую, каб чытаць.

– ён яшчэ думае. Жаб ён будзе трыбушыць з такім багажом. Дурны смех! Ды вы разумееце, якую карысць вы можаце прынесці для нашай мовы?

– Я і сам думаў, – сказаў Алесь. – У нас няма ні слоўніка, ні мовазнаўчых прац, ні нататак аб старажытнай і сучаснай літаратуры. Але ў мяне, відаць, не будзе часу, каб скончыць усё гэта.

– Ва ўсіх не будзе часу, – сказаў Віктар. – I ўсё ж пачынаць трэба. Паміраць збірайся, а жыта сей...– I раптам перайшоў на “ты”, нібы адзначыў: “Свой”. – Я табе свой слоўнік архаізмаў аддам. Усё, што выпісаў з грамат. Дзевяць тысяч слоў ужо ёсць... Універсітэт табе дасць – благую ўжо ці добрую, не ведаю – сістэму. Пастарайся стаць бліжэй да Ізмаіла Сразнеўскага, прафесара. Выключны філолаг, вер мне. Ды ён і сам ад цябе не адчэпіцца. Шмат, думаеш, адукаваных людзей, што так па-беларуску шпараць? Адзінкі. А ты унь проста як салавей на ёй спяваеш, натуральна. Аж зайздрасць бярэ... Ну, а Ізмаіл Іванавіч наконт новых ведаў проста цмок.

Ускінуўся:

– Адразу ж і сядай. Вялікую справу зробіш. А то хто наша слова ад пляўкоў адмые, хто давядзе, што яно павінна жыць, хто слоўнікам нехлуслівым фарпосты яго замацуе, каб не забылі ўнукі? Хто скарбы збярэ? Літаратура ім, бачыце, лухта! Паэзія ім, бачыце, дрындушкі!

– Маеш рацыю, Віктар, – таксама перайшоў на “ты” Алесь. – Сэрцам мяне і, скажам, іспанца можа яднаць толькі пісьменства... Значыць, мова, прыгожае пісьменства, паэзія, музыка, усё такое, гэта не дрындушкі, а сродак сувязі між душамі людзей. Вышэйшы сродак сувязі.

– I вось яшчэ што, – сказаў Віктар. – Ты чалавек начытаны, ведаеш шмат. Табе лёгка будзе. Ты паспрабуй запісацца адразу на два факультэты і за два гады іх скончыць. Скажам, на філалагічны і, калі так ужо хочаш, на нейкае натуралісцкае аддзяленне. А потым займіся, ну хоць бы...

– Я думаю, лепей будзе так, – сказаў Алесь. – Два-тры гады я займуся больш сумежнымі прадметамі. Скажам, філалогіяй і гісторыяй... А потым можна заняцца і прыродазнаўствам.

– А што? I праўда. А здужаеш?

– Здужаю. Трэба.

– Ой, братка, як трэба! Як нам патрэбны адукаваныя людзі! Куды ні зірні – усюды дзірка. А па гісторыі ў нас тут зусім нядрэнныя сілы. Благавешчанскі – па Рыму. Паўлаў – па агульнай гісторыі. Кажуць, па рускай гісторыі будзе Кастамараў. Стасюлевіч – па гісторыі сярэдніх вякоў. Нічога, што самы крывавы час. Затое не такі свінскі, як наш. Дый Міхал Мацвеевіч ліберал. Беларуссю цікавіцца, бо паходжанне абавязвае.

Загарэўся:

– Ты чалавек не бедны. Ездзіць можаш. Гэта табе не ў часы Радзішчава. Дарогі да Масквы – лухта. Можаш ездзіць туды Салаўёва слухаць. Не на кожнай жа лекцыі тут табе сядзець. Прозвішчы ўсіх, да каго на лекцыі хадзіць не варта, прачытаеш у “Северной пчеле”. Каго яны хваляць – той, значыць, і ёсць самае дзярмо.

I раптам устаў:

– Значыць, вырашылі. Жаб няхай іншыя прэпаруюць. Твая справа – пачаць змаганне за слова. Слоўнік. Пісьменства. Мова. Для ўсіх гэтых, што кінулі. I для ўсіх, што ў хатах без святла. Пры лучніку.

– Страшнавата.

– Нічога не страшнавата.

На сходах загучалі крокі. Твар гісторыка расплыўся ў хітраватай усмешцы. I гэтая ўсмешка была такая дзіцячая, што чалавек, відавочна год на пяць старэйшы за Алеся, здаўся яму юнаком, якому толькі дурэць і сваволіць.

– Ідуць, – сказаў Віктар. – Хавайся.

Алесь стаў ля дзвярэй, каб, адчыненыя, яны засланілі яго.

Тупат набліжаўся. Алесь бачыў удавана абыякавы твар Віктара. Потым дзверы закрылі яго. Зайшло некалькі чалавек. Высунуўшы галаву з-за дзвярэй, Алесь убачыў Кастусёву патыліцу.

– Так, – сказаў Кастусь. – Дастаў, што праўда, пяцьдзесят капеек, дык вось хлопцы галодныя.

– Ясна, – Віктар пачухаў патыліцу. – Добра, зараз падумаем, што на ўсё гэта зрабіць.

I раптам нібы ўспомніў:

– Дарэчы, Кастусь. Тут да цябе нейкі чалавек заходзіў. Даліктун такі – фу-ты ну-ты! Чакаў. Паспрачаліся мы тут з ім. Дык ён замест адказу выкарыстаў апошні ў палеміцы доказ: плюнуў мне ў галаву вішнёвымі костачкамі дый дзвярыма ляснуў.

– Вечна ты так з людзьмі, – сказаў Кастусь. – Што, праўда – плюнуў?

– Каб мне бацькаўшчыны не ўбачыць!

– Ч-чорт. Ты хоць прозвішча запомніў?

– Ды гэты... Як яго?.. Ну-у... Заборскі?.. Заморскі?.. Загорскі, вось як! Сказаў, што нагі больш ягонай тут не будзе.

Кастусь сеў на кніжны стаўбунок.

– Віктар... Ты што ж гэта нарабіў, Віктар?

– А што? – сказаў Віктар. – Падумаеш!

Алесь выйшаў з-за дзвярэй і стаў сярод неўразумелых хлопцаў.

– Ды ідзі ты да д'ябла! – выбухнуў Кастусь.

– Зараз, – сказаў Загорскі.

Кастусь павярнуўся і лыпнуў вачыма. Хлопцы зарагаталі. Каліноўскага нібы падкінула.

– Алеська! Не пайшоў! Алеська!

Яны малацілі адзін аднаго па плячах і спіне так гучна, што рэха ляцела.

Хлопцы вакол глядзелі на іх і таксама ўсміхаліся шырока і шчыра. Толькі ў аднаго, высакаватага і тонкага шатэна, усмешка была паблажлівая. Усміхаўся, нібы ласку рабіў.

– Вой, хлопцы, – спахапіўся Кастусь. – Як жа гэта?! Знаёмцеся. Гэта па-старому князь, а па-новаму грамадзянін Загорскі. Зваць яго – Алесь. Добры і свой хлопец. Таму ўсе вы да яго павінны звяртацца на “ты”. I ты, Алесь, пра “вы” забудзь. Французяціну гэтую – прэч. Мы тут усе – браты.

Першы, працягваючы руку, сказаў па-мужыцку:

– Хвелька Зянковіч. З універсітэта. Дражняць абрыкосам, – вінавата ўсміхнуўся ён. – Вядома, не ў вочы.

– Не буду, – сказаў Алесь.

– I не раю, – сказаў Віктар. – Ён у нас у гарачай вадзе купаны.

Другі хлопец яшчэ тады, калі моўчкі глядзеў на сустрэчу сяброў, прыцягнуў увагу Алеся. Чыстае строгае аблічча, суровае і змрачнаватае на выгляд.

– Я з ляснога інстытута, – усміхнуўся хлопец.

Па-руску ён гаварыў з даволі прыкметным польскім акцэнтам. Асабліва прыемна гучала ў некаторых словах “л”, па-дзіцячы падобнае на “в”.

– Прозвішча маё Валеры Урублеўскі.

– Палясоўшчык будзе, – іранічна ўставіў непапраўны Віктар. – I знаеш чаму?

– Ну? – мякка спытаў Валеры.

– Ён, праз абмежаванасць разумовых здольнасцей, з усяго “Пана Тадэвуша” сяк-так зразумеў толькі адзін слупок:

Помнікі наше! Іле ж цо рок вас пожэра Купецка люб жондова москевска секера![23]

Дый вырашыў, што найлепшы шлях для змагання з урадавым уціскам – ахова лясоў.

– Маеш рацыю, – падтрымаў гульню Валеры. – Сякуць лясы, здзіраюць шкуру з зямлі. А Польшча, дый твая Беларусь, да таго часу і жывуць, пакуль ёсць пушчы. Не будзе дрэў – і іх не будзе. – Алесь раптам заўважыў амаль сур'ёзныя ноткі ў хлопцавым тоне. – Так што дазваляйце, хлопчыкі, секчы, дазваляйце.

Урублеўскі ўсміхнуўся.

– I потым, чаму здзіўляцца? Я ж паляк. Як паўстанне – куды я заўсёды бягу? “До лясу”. Іншай дарогі мне бог не даў. То што мне, дазваляць секчы сук, на якім сяджу?

– Ты можаш з ім і па-польску гаварыць, калі табе зручней, – сказаў Віктар. – Ён трохі ведае.

– Чаму? – сказаў Валеры. – Я па-беларуску таксама ведаю.

I скончыў па-беларуску:

– Гаварыць будзем, як выпадзе. Як будзе зручней. Праўда?

– Праўда,– сказаў Алесь.

Поціск рукі Валерыя быў прыемны і моцны.

– Ану я, – сказаў наступны, моцны хлопец са строгімі вачыма. – Дайце я гэтага дружбістага сябрука-земляка за бакі патрымаю... Здароў, малец!

Хлопец гаварыў, як гавораць беларусы з некаторых мясцін Гродзеншчыны. Не націскаючы на “а”, вымаўляючы яго як нешта сярэдняе між “а” і “о” – “гэто-го”. I, аднак, ён не быў падобны на “грака”. Можа, з віцебскай глушыні?

“Урэшце, чорт з ім. Сімпатычны хлопец”.

– Во, малец, зваліўся ты ў гэты мярлог. – Голас у хлопца быў спеўны. – Нічога, тут хлопцы добрыя. Буршаваць[24] будзем... Зваць мяне Эдмунд, як, ты скажы, нейкага там рыцара Этэльрэда. Віктар лічыць, што я памылкова з такім імем нарадзіўся ў дзевятнаццатым, што трэба было мне семсот год назад нарадзіцца. I правільна: прынамсі, не бачыў бы яго... а прозвішча маё – Вярыга...

Апошні з хлопцаў, той самы высакаваты шатэн, што паблажліва ўсміхаўся, падаў Алесю цвёрдую, але безжыццёвую руку.

– Юзаф Ямант, – сказаў ён па-польску. – Вельмі мне прыемна.

– Таксама мне прыемна, – адказаў па-польску Алесь. – Ты з дняпроўскіх Ямантаў, таварыш?

– Не.

– А адкуль? Дзе зямля таварыша?

Юзаф трохі сумеўся:

– Мой бацька павераны і аконам князя Вітгенштэйна. Маёнтак Самуэлава.

Алесь трохі здзівіўся. Выгляд у Юзафа быў такі, нібы ён сам князь Вітгенштэйн. I, аднак, Загорскі не паказаў свайго здзіўлення.

– Нешта мне знаёма тваё аблічча, Юзаф. Дзе вучыўся?

– Скончыў Віленскі шляхецкі інстытут.

– Ну от. Значыць, пэўна бачыліся. Я скончыў гімназію ля святога Яна.

– Чаму так? Вы ж князь?

– Бацькі палічылі, што лепей, калі я буду вучыцца сярод больш-менш простых і харошых хлопцаў. Каставасць і фанабэрыя – усяго гэтага і так замнога сярод дваран.

Валеры выставіў ніжнюю губу. Эдмунд Вярыга падміргнуў Алесю.

Загорскі ўбачыў, як прыпухлыя павекі хворых вачэй Яманта часта заморгалі. Юзаф змяніў тэму гаворкі.

– Пан цалкам прыстойна гаворыць па-польску. Нават з тым акцэнтам, што ўласцівы...

– Выкладчык быў з наваколля Радама, – сказаў падкрэслена Алесь. – З маёнтка Пёнкі.

– Мне вельмі прыемна, што пан вывучыў мову, на якой гаварылі яго продкі.

– Ямант-мамант, – буркнуў Віктар Каліноўскі.

Алесь паціснуў плячыма. I тут умяшаўся ў размову Валеры.

– Зноў? – спытаў ён у Яманта. – Ану кінь! Мала табе непаразуменняў?

– Што ж мы, хлопцы, будзем з усім гэтым рабіць? – выпраўляў становішча Віктар. – Хіба Эдмунда паслаць, каб купіў у кілбаснай абрэзкаў. Там немачка маладая аж дужа яго вокам адзначыла. А як жа! У паўночным духу мужчына. Вікінг! Апалон, злеплены з тварагу!

Эдмунд смяяўся:

– А што? Хіба дрэнны?

– Для яе, відаць, не дрэнны. Ружавее, як півоня. Кніксен за кніксенам: “О, гер Вя-ры-га! Жартаўніч-ка! Што вы?!” Вось ажэнішся – мы да цябе ў госці прыйдзем, а ты сядзіш, кнасцер курыш. Дзяцей вакол – плойма. А пад галавой падушачка, і на ёй вышыта: “Morgenstunde hat Gold im Munde” – у ранняй, значыцца, гадзіне золата ў вуснах.

– А ён усё роўна да паўдня дрыхне, – падтрымаў Віктара Валеры.

– Я і кажу. I вось ён нас частуе. Адно яблыка парэзана на скрылёчкі і па ўсёй вазачцы раскладзена, каб больш было.

Вярыга не пакрыўдзіўся. Пацягнуўся і гулка ўдарыў сябе ў грудзі.

– Чэзлая ў вас, хлопцы, фантазія. I гумар такі самы. Імпатэнцкі. А жыццё ж багацейшае. Паўнакроўнае яно, рагоча, кпіць, жарэ. Не з вашымі мазгамі вышэй за яго ўстаць. Заходжу я туды і паважна так кажу: “Фунт кілбасных абрэзкаў для майго сабакі”. А яна мне: “Вам загарнуць ці тут будзеце есці?..” Во як! А вы лезеце з посным рылам...

Хлопцы зарагаталі.

– Вось што, хлопцы, – сказаў Алесь. – Пакіньце вы гэты паўрубель на сняданне.

– У мяне прынцып, – сказаў Вярыга. – Нічога не адкладвай на заўтра, акрамя работы.

– Не, сур'ёзна. Хадзем да мяне. Павячэраем, пасядзім, пагамонім.

– Нязручна, – сказаў Кастусь. – Толькі прыехалі – нá табе хеўра.

– А не жэрці зручна?

– Усе збянтэжыліся.

– Ну, кіньце вы, сапраўды. – Алесь пачырванеў: пачыналася. – На апошняй станцыі яшчэ Кірдун купіў жывых ракаў. “Дзіва, кума, а не ракі. Адным ракам поўная торба... і клюшня вон тырчыць”.

Вярыга абвёў усіх вачыма і падкрэслена аблізнуўся.

– ён да цябе цяпер заўсёды хадзіць будзе, – сказаў Віктар. – Зойдзе і па-руску: “Есть есть?” А ты яму: “Есть нет”.

– Калі ласка, – перасек жарт Алесь. – Заўсёды буду чакаць.

Хлопцы муляліся, але пачыналі здавацца.

– Дык, кажаш, і ракі? – спытаў Вярыга.

– I ракі.

– А да ракаў?

– Як належыць. Белае віно.

– Белае?

– Белае.

– Хлопцы, – прастагнаў Вярыга. – Хлопцы, трымайце мяне. Трымайце мяне, бо я, здаецца, не вы-тры-ма-ю.

– Вось і добра, – сказаў Алесь. – Хадзем хутчэй.

Яны ішлі Неўскай узбярэжнай. Недзе далёка за спіной гучалі галасы астатняй кампаніі. Хлопцы назнарок адсталі, каб пакінуць сяброў удвох.

– Вось і ўсё, што я магу табе сказаць, – скончыў Алесь. – Такія, як Кроер, каб менш зямлі мужык атрымаў бясплатна, шкодзяць бацькаваму праекту. Загадзя адбіраюць у хлопа палову надзела, ды яму ж, за грошы, здаюць “у арэнду”. Страты ніякай. А пасля вызвалення скажуць: “Трымай, мужык, палову надзела ды не вякай...” А бацьку: “Маршалак, прабачце, але апошнія гады яны гэтай паловай не ўладалі. У арэнду бралі”. Дзед на такіх сяк-так цісне, але цяжка.

– Нічога, – сказаў Кастусь. – Больш людзей косы возьме, як прыйдзе бунт.

Звонка гучалі крокі. Імкнулася да мора магутная рака. Над горадам ляжала светла-сіняя, амаль празрыстая ноч.

– У Мсціслава маці памерла, – сказаў Алесь. – Хварэла даўно. Вечна па водах. Астаўся ён васемнаццацігадовым гаспадаром. Але зрабіць пакуль нічога не можа. Трохі не хапае да паўналецця.

– А што ён павінен зрабіць?

– Тое, што і я, як гаспадар стану. Адпусціць людзей.

– Думаеш, дадуць?

– Могуць не даць. Тут ужо – зрабіў дый стрэлу чакай.

– Вось так яно і ёсць.

Яны ішлі, абняўшыся за плечы.

– Як з маёй просьбай? – спытаў Кастусь.

– Я пагаварыў з усімі хлопцамі “Чартапалоху і шыпшыны”. Я кім пагаварыў, каму і напісаў. Хлопцы думаюць па-ранейшаму. “Братэрства” не распалася.

– Як добра!

– Мсціслаў, Пятрок Ясюкевіч, Мацей Біскуповіч, Усяслаў Грыма... ну, і я. Мы ўпяцёх узяліся за людзей, якіх ведалі. Разумееш, у хлопцаў справа пайшла весялей. А ў нас з Мсціславам нешта цяжка. Адчуваю: перашкаджае нешта. Ведаю, свой чалавек, з якім гавару, а ён муляецца ды ўсё некуды нібы хаваецца.

– Што, мяркуеш, прычынаю?

– Мяркую, у Прыдняпроўі ёсць яшчэ адна арганізацыя. І вялікая. Шмат людзей яднае... Нехта рыхтуе вялікі закалат... Нехта бунт рыхтуе.

Памаўчаў.

– Доўга думаў, хто мае дачыненне. Вырашыў глядзець, хто з сумленных людзей, з тых, хто бачыць падлейшую нашу сучаснасць, а ходзіць вясёлы і бадзёры. Бачу: Раткевіч Юллян, Біскуповіч Януш, іншыя. А гэта ўсё людзі Раўбічавага кола. Успомніў адну падзею, на якую ў той час не звярнуў увагі. I займеў вялікае падазрэнне, што не абыходзіцца там і без пана Яраша.

– Пагаварыў бы.

– Нельга, Кастусь... Смяртэльныя мы ворагі з Раўбічамі.

– Ты што? З панам Ярашам, з Франсам?

– Але...

– Ды ты што? Ды ты як? А Майка?

– Цяпер памірыліся цішком. Ніхто нічога не ведае.

Кастусь схапіў яго за плечы і патрос:

– I ты думаў, што вы нарабілі?! Ах, шкада якая! Ах, які жаль! – Кастусь, як заўсёды ў хваляванні, гаварыў цяжка, з запінкай, блытаў словы.

– До аб гэтым, – сказаў Алесь. – Паспрабуем самі потым разабрацца. Дык вось, гаварылі мы з хлопцамі многа. Між іншым, і з тымі, што за нас тады заступіліся. Выбіралі вельмі асцярожна. Рафал Ржэшэўскі згадзіўся. Яшчэ хлопцы... Сашка Волгін згадзіўся. Доўга думаў. А потым кажа: “Мне, хлопцы, акрамя вас, дарогі няма”.

Хлопцы ішлі праз светлую, празрыстую ноч.

– Колькі ў вас людзей? – спытаў Каліноўскі.

Алесь дастаў з кішэні сшытак без вокладкі.

– На... Мы пакуль што з'ядналі ў гурт сто шэсцьдзесят чатыры чалавекі.

– Надзейныя?

– Да канца, – вельмі ціха сказаў Алесь. – На жыццё дык на жыцце, а калі на смерць, то і на смерць.

– Я веру, што ты – да канца, – пасля доўгага маўчання сказаў Каліноўскі.– Ты павінен ведаць усё, дружа. Толькі ўлічы: пасля таго, што я табе зараз раскажу, дарогі назад не будзе... У нас ёсць свая арганізацыя, “накшталт зямляцтва”. Гэта – для іншых. Назва “Агул”. Гэта палякі з усяго захаду, нашы беларусы, літоўцы. Трохі менш людзей з Інфлянтаў. Скажам шчыра, зусім мала ўкраінцаў. Колькасць членаў-студэнтаў нешта каля пяцісот чалавек. Людзі розныя. Адны проста за паўстанне заняволеных, другія – за нацыянальны рух, трэція – за аўтаномію... Вонкава дзейнасць зямляцтва заключаецца ў самаасвеце і дапамозе бедным студэнтам. Таму ёсць свая каса, узносы, свая бібліятэка. Грошы сапраўды ідуць незаможным. З бібліятэкай больш складана. Там забароненыя творы Міцкевіча, Лелявеля, нашы ананімы, руская патайная літаратура. Герцэн, напрыклад, амаль увесь. I “Дылетантызм”, і “Лісты”, і амаль усе зборнікі “Полярной звезды”, а з гэтага лета і “Колокола”. Ну, а потым – Фур’е, немцы, іншыя... Шмат чаго ёсць. Тыя людзі, якія карыстаюцца гэтай часткай бібліятэкі, – ёсць ядро. Не думай, што трапіць так лёгка. Наогул, у нас тры ступені. Пяць членаў “Агула”, якія добра ведаюць адзін аднаго, рэкамендуюць у “Агул” чалавека, за якога могуць паручыцца... Пяць чытачоў падспуднай бібліятэкі могуць рэкамендаваць у яе чытачы таго з членаў “Агула”, якому яны вераць і якога ведаюць. Я гаварыў пра цябе. Сябры з верхняй рады пад маю асабістую паруку дазволілі мне, мінаючы ступень “Агула”, увесці цябе непасрэдна ў склад асабліва давераных. Я расказаў пра цябе як на духу. У нас не хапае людзей. Асабліва з Прыдняпроўя... Мы ставім цябе на асобае становішча чалавека, аб удзеле якога ў верхняй радзе амаль ніхто не будзе ведаць.

– Дазвольце спытаць, чым абавязаны?

– Цалкам наш. Не крыўдуй, я таксама быў у такім становішчы. Яшчэ і цяпер мяне ведаюць менш, чым іншых. Такому лягчэй звязваць людскія ніці ў адну сець. Ты і яшчэ некалькі чалавек будуць як рэзерв на выпадак правалу асноўнага ядра. Улічы, што табе вельмі вераць. Я сказаў, што ты думаў аб перавароце і пачаў рабіць першыя крокі да яго на некалькі год раней за мяне.

– Ну, што ты...

– Маўчы. Дык вось. Трэцяя ступень. Гэта скарбнік, бібліятэкар агульнай бібліятэкі, яшчэ два члены і бібліятэкар падспуднай бібліятэкі...

– Гэта хто?

– Я... А ўсяго, значыць, пяць. Гэтыя пяць складаюць верх “Агула”, ніхто не ведае, што ён ёсць. Наверсе толькі агульны бібліятэкар і скарбнік. Як усюды. Скарбнік і бібліятэкар маюць права рашаючага голасу. Але гэта ва ўсіх зямляцтвах так. На самай справе наша пяцёрка рэкамендуе людзей, да якіх прыгледзеліся, сувязному. Той займаецца з рэкамендаваным асабіста. Дае яму кнігі, спрачаецца па розных пытаннях і, падрыхтаваўшы, рэкамендуе далей.

– Гэта Віктар, – сказаў Алесь.

– Чаму так думаеш?

– Хто ж яшчэ можа лепей кіраваць чытаннем, раіць, якую кнігу чытаць?

– Маеш рацыю. Тут не толькі я, тут большасць абавязана яму... Выбраныя ім людзі трапляюць у гурток, назва якому, для дурных, “Літаратурныя вечары”.

– I ў гэтым гуртку ты, Віктар і яшчэ з тых, каго я ведаю, бадай, Валеры.

– Тфу ты, чорт, – сказаў Кастусь. – Ішоў бы ты на месца Пуціліна[25], кучу грошай зарабіў бы.

– Кінь, Кастусь, я проста цябе ведаю. Я проста сем год пражыў са старым Вежам. А гэта, брат, школа. Ну, што “Вечары”?

– Ты трапіш туды. Спадзяюся, хутка. Людзі там выключныя. Па-першае, галава: Зыгмунт Серакоўскі. Пра гэтага я табе пісаў. Сем год ссылкі, сем пядзяў у лбе, сем дабрачыннасцяў. Пра астатніх пакуль не трэба. Сам убачыш. Дый кола іхняе ўвесь час пашыраецца.

– Палякі?

– Розныя.

– Што думаюць пра нас?

– Частка думае вось так. Паўставаць – разам. Лёс Беларусі і Літвы – плебісцытам яе жыхароў. Значыць, або самастойная федэрацыя, або аўтаномія ў межах Польшчы, палітычная і культурная. Як скажа народ. Урублеўскі, напрыклад, лічыць, што плебісцыту нельга дапусціць ні ў якім разе пры цяперашняй слабой народнай самасвядомасці. Ён так і кажа, што проста Польшчы трэба адмовіцца ад правоў на Беларусь і Літву, паколькі ў свой час дваранства страшэнна скампраметавала самую ідэю такога саюза. Добрыя суседзі, браты – вось і ўсё.

– Чаму ты кажаш “частка”? – спытаў Алесь. – Хіба ёсць такія, што іначай думаюць?

Каліноўскі спахмурнеў.

– У тым і справа, што з самага пачатку існуе пагроза расколу. Я кажу: лепей з самага пачатку ад

згоднікаў, шавіністаў, патрыётаў ад касцёла і розгі – вызваліцца. Распусціцца для выгляду, а потым – верным і чыстым – ткаць сцяг нанава. Прынамсі, еднасць.

– Па-мойму, верна.

– Зыгмунт пратэстуе, – са скрухай сказаў Кастусь. – Залішняя вера ў суседа, залішняя даверлівасць.

– Хто б вінаваціў, – сказаў Алесь. – І ты не лепшы.

– Што? Праўда хіба? – спалохаўся Кастусь.

– На жаль, праўда.

– Разумееш, са свайго боку Зыгмунт мае рацыю. Занадта нас мала. Калі выкінуць іх – астанецца нас купка. І потым, да пэўнай мяжы нам з імі ісці адной дарогай. Мы за волю, яны за незалежнасць.

– А потым што – здрада?

– Я і кажу. Эдвард Дэмбоўскі[26] разумеў паўстанне як трэба. Перш за ўсё воля і роўнасць усіх людзей. Але мы пакуль што вымушаны ісці на саюз з імі. Мала нас. Ах, чорт, мала!

– Хто яны?

– Белыя. Так мы іх называем. “Ах, радзіма! Ах, веліч! Ах, слава!” Знаеш, нашто ім бунт? Каб прывілеяў сваіх не згубіць, каб да ўлады дарвацца.

– Досыць паскудна.

– Спяць і ў сне бачаць свайго караля, сваіх айцоў царквы, свае прыёмы, балі, сваю паліцыю, сваіх катаў на айчынных эшафотах. Хоць паршывае, ды сваё.

– Песня знаёмая, – сказаў Алесь. – Лізагубава песня. Дый сёння я яе чуў.

– Дзе?

– Ад Яманта. Не падабаецца мне Ямант, Кастусь.

– Ну, Яманта да іх не мяшай. Ямант ідэаліст.

– Табе лепей ведаць. Але белых я, на вашым месцы, гнаў бы.

– Будзеш разам са мною біцца?

– А што я – сюды маліцца прыехаў?

– Добра, – сказаў Кастусь. – Руку.

– А яшчэ хто ёсць?

– Яшчэ, як усюды, балота. I палітыкі ім хочацца, і дыпломаў, і каб царства божае само прыйшло. Надта ж ужо ім не хочацца бойкі да зубоў. Крычаць, што гэта толькі ўжо калі нічога зрабіць будзе нельга.

– Гэтых трэба пераконваць.

– Але... Ну і, урэшце, мы. Чырвоныя.

– Гэта ясна. Паўстанне. Сацыяльны пераварот. Гэта па мне.

Кастусь глядзеў на яго трохі здзіўлена.

– Вырадак ты, Алесь. Табе па паходжанню, сувязям самы рэзон да белых. Яны багатыя, а мы – галота. Яны лібералы, мы – якабінцы і сацыялісты. Яны збіраюцца цэрквы ды заводы будаваць, мы...

– До, – сказаў Алесь. – Распеўся. Сам кажаш, што яны пераважна з царства польскага. А я беларус. I калі ўжо яны аб уладзе над маёй зямлёю крычаць, то ім не сябра. Мне свая каліта не дарагая. Мне мая зямля дарагая. Яна мне патрэбна. Вы за яе – значыць, я з вамі. А тое, што я князь,– справа дзесятая. Нікога гэта не цікавіць. А мяне менш за ўсіх... Давай спынімся ды пачакаем хлопцаў. Вось мы і дома.

...Усе сядзелі за сталом і елі, аж за вушамі пішчала, калі Аглая паклікала Алеся за дзверы.

Стаяла перад ім, прыгожая, уся як літая, гаварыла ціха:

– Хлопцы якія! Ну, Кастусёк – гэтага ведаю. Але ж і астатнія! I паляк гэты! А ўжо Эдмунд гэты... Трымайцеся за іх, паніч!

– Збіраюся.

– Вой, хлопцы!

– Што, пацалавала б?

– А што, грэх?

Аглая раптам пасур'ёзнела.

– Я не тое, паніч. А пра другое. На гэта я дазволу пытацца не буду. Будуць яны да нас хадзіць?

– Абавязкова.

– Паніч... Вы Віктара запрашайце. Часцей за ўсіх. Як убачыце, то і запрашайце. Нават самі шукайце і запрашайце.

– Што, спадабаўся?

Жанчына адмоўна паківала галавою:

– Сухоты ў яго. I подаўна ўжо...

– Ты што? Ды ён мне сам казаў, што здаровы як конь. А ён жа медык.

– Значыцца, сам не ведае... Карміць трэба, карміць. Мёд, масла, сала, мядзведжы тлушч. Салам заліць.

– Не вярзі. У яго, у такога хлопца?..

– Смерць што, выбірае? Паніч, слухайцеся мяне. Ён не бачыць, усе не бачаць. А я добра бачу... Думаю я, ці не позна ўжо.

Алесь урэшце паверыў і схаладнеў.

Са сталовай даляцеў залівіста-вясёлы смех Віктара.

Снег. Снег. Тое надвор’е, у якое шляхціц Завальня ставіў на акно свечку. Дуйка. Белыя вужакі, стаўшы на хвост і ўзняўшы ў паветра цела, дзесяткамі трапечуць і згінаюцца над кожнай вострай гурбай.

Праз слюдзяныя акенцы кібіткі відаць, як не хоча ляжаць на месцы снег, як ён імкнецца ў чорныя лясныя нетры, як заінелі крыжы коней.

Да Вежы яшчэ далёка. Хіліць спаць.

Каб не заснуць, Алесь думае. Аб хлопцах з “Агула”, аб сустрэчах у яго на кватэры (дабіўся-такі гэтага!), аб тым, што за гэтыя пяць месяцаў арганізацыя павялічылася на семдзесят два чалавекі. I дзесяць хлопцаў з “Агула” аддалі Віктару.

I яшчэ аб тым, што гурток Серакоўскага пачынае рабіцца сапраўднай нелегальнай арганізацыяй і ўвосень можна будзе ўжо думаць аб справах, аб планах на будучае.

З усмешкай успаміналася адна з апошніх спрэчак. На тэму – што рабіць, акрамя падрыхтоўкі паўстання, тым, хто з памешчыкаў. Ямант вёрз нешта аб тым, што трэба пераконваць сваіх сялян, што дваране дужа харошыя, а цар дрэнны. Загорскі зірнуў на Кастуся, але той падміргнуў яму, паціснуў плячыма. Нічога не зробіш – ідэаліст. I тады Алесь устаў і сказаў, што гэта тыповае белае трызненне. Нікога не пераканаеш словамі. Калі нехта хоча, каб яго лічылі добрым, – хай робіць добрыя справы. Расказаў аб праекце бацькі, барацьбе вакол яго і дадаў, што тым, хто гарлае аб добрым стаўленні да мужыка, варта было б падарыць яму волю раней, чым цар, і на больш ільготных умовах. Тады нікога не трэба будзе агітаваць. За відочна добрае, за даброты жыцця нікога агітаваць не даводзіцца. А калі ўжо агітуюць паны і ўдзень і ўночы – так і ведай, што нешта няладна, і добра яшчэ, калі толькі падмануць збіраюцца. “Я думаю, трэба, пакуль тое, рабіць хоць гэтых, хоць сваіх людзей вольнымі. I гэта будзе найлепшая агітацыя для паўстання і лепшы сродак для яго перамогі”.

Падняўся гвалт. Белыя напалі. Але нечакана напала і частка чырвоных: “Ружовыя акуляры! Дадуць табе рабіць дабро. Трымай кішэнь”.

Серакоўскі ўсміхаўся ў вусы, відочна, згаджаўся з Алесем.

– Кажаце, не дадуць, – сказаў Алесь. – А вам што, дадуць так вось проста паўстаць і перамагчы? Нехта крэкнуў.

– Значыць, гэта з’явы аднаго парадку. Ну, будуць не даваць. Што ж, так і сядзець склаўшы рукі? Баішся супраціўлення – не ўставай. А не баішся – кожную хвіліну змагайся, каб наблізіць час.

Серакоўскі схіліў галаву.

...У ляманце завірухі глух і часам знікаў ірваны голас званочкаў. Фурман спяваў песню, далёкую і даўнюю, як сама бяздольная прыдняпроўская зямля, што зараз так страшна дранцвела ў снягах:

Ой, косю мой, косю,Чаму ж ты нявесел,Чаму ж ты, мой косю,Галовачку звесіў?

Голас верыў у сваё сэрца, у сваю прыгажосць і таленавітасць і таму радаваўся нават плачучы, ганарыўся нават у тузе:

Ці я табе цяжак, Ці тугі папругі? “Ой, ты мне не цяжак, Не тугі папругі”.

Алесь слухаў і шчыльней хутаўся ў мядзведжае футра.

Вучыцца ва універсітэце было лёгка. Куды лягчэй, чым у гімназіі. Там было шмат лухты, шмат нямілых дысцыплін. Там не было, урэшце, нават адноснай свабоды.

Тут было ўсё цікава, важна, міла. Тут чалавек мог займацца тым, чым хацеў. I хоць таксама былі цемрашалы і дурні – на іхнія лекцыі можна было проста не хадзіць. Можна было шмат чытаць і пісаць, займацца справамі “Агула”, збіраць матэрыялы на слоўнік, вывучаць пад кіраўніцтвам Віктара старыя граматы, ды яшчэ заставалася трохі часу на карціны, музыку, тэатр і ўласныя, не вельмі ўдалыя, спробы корпаць вершы.

Алесь падумаў, што стаў на правільны шлях. Лічыў сябе дагэтуль бяздарнасцю і дылетантам – і раптам, усяго за пяць месяцаў, прыдбаў прыхільнасць Сразнеўскага.

Загорскі ўспомніў, як пацяплелі вочы Ізмаіла Іванавіча, калі разбіраў першы Алесеў рэферат: “Моўныя асаблівасці, што датычацца паўночна-заходняй мовы, у “Слове аб палку Ігаравым”.

– Малайчына... Што думаеце рабіць?

– Мяркую за паўтара гады падрыхтавацца і здаць іспыты за славесны і гістарычны факультэты.

– Ну, а потым?

– Потым, мяркую, філасофія, натуральныя навукі.

– Не баіцёся раскідацца?

– Наадварот. Хачу ўсё патрэбнае паспрабаваць прывесці ў сістэму.

– Памагай бог, – сказаў Сразнеўскі.

Алесь працаваў утрапёна.

Наступныя дзве невялікія работы высунулі Алеся ў лік тых нямногіх, з якімі Ізмаіл Іванавіч гаварыў як з роўнымі, бо сапраўды паважаў у іх роўны інтэлект і роўна правільны і якасны, хоць і адметны, погляд на рэчы і з’явы.

Гэта былі “Мова панцырных баяр[27] з-пад Зверына. Матэрыялы на слоўнік прыдняпроўскай гаворкі” і “Асаблівасці дрыгавічанска-крывіцкай гаворкі ў “Слове на першым тыдні па вялікадні” Кірылы Тураўскага як першыя сляды ўзнікнення беларускай мовы”.

Пасля гэтых работ Сразнеўскі глядзеў на Алеся толькі з пяшчотай.

– Мой Веніямін, – казаў настаўнік калегам. – Самы малады і самы таленавіты. Божа мой, як падумаеш, колькі ён паспее зрабіць!

– Ён можа нічога не паспець, – змрочна сказаў Благавешчанскі, знаўца рымскай літаратуры і гісторыі. – Глядзіце за Веніямінам, Ізмаіл Іванавіч. Каб гэты Веніямін палітыкай не зацікавіўся. А гэта ў нас ведаеце чым канчаецца?

– Адкуль такія весткі, Мікалай Міхайлавіч?

– Выпадкова чуў, як ваш Веніямін расказваў такую гісторыю... Будачнік пачуў, як на вуліцы чалавек сказаў: “Дурак”. Падбег, схапіў яго за каршэнь і пацягнуў ва ўчастак. Той супроціўляецца, крычыць: “ За что?!” А будачнік яму: “Знаем мы, кто у нас дурак”.

– Ну, што вы. Ён жа малады. У таленавітых ды маладых – гэта ўжо заўсёды! – язык. Супраць гэтага і вальтэр’янцы нічога не гавораць.

– Вальтэр’янцы, можа, і не гавораць, а вось з... абавязкова скажуць.

Сразнеўскі здзівіўся грубаму слову. Мікалая Міхайлавіча за далікатнасць і вытанчаныя манеры ўсе называлі маркізам дэ Благавешчанскім.

Мабыць, дапякло і яму.

Сразнеўскі адмахнуўся ад гэтых думак. Чалавек ліберальны і, ад дабрыні, памяркоўна набожны, схільны верыць у маральны кодэкс усіх “добрых рэлігій”, чалавек, улюбёны ў сваю святую справу, ён не дапускаў, што такі бязмерна таленавіты, цікавы і ўчэпісты даследчык так вось возьме і схопіцца за тую палітыку.

І ён па-ранейшаму вылучаў Алеся. А калі той даў яму наступную, ужо даволі вялікую работу: “Прыдняпроўскія песні, паданні і легенды аб вайне, мяцяжу, рэлігійнай і грамадскай справядлівасці. Вопыт даследавання мэты[28], сродкаў і мовы”, гэты саракашасцігадовы чалавек запрасіў Алеся да сябе і доўга глядзеў на яго разумнымі стомленымі вачыма. Вочы былі трохі вільготныя.

– Вы, спаядзяюся, дазволіце мне пазбегнуць у адносінах да вас звароту “милостивый государь”, – са старамоднай галантнасцю сказаў прафесар.

– Я спадзяваўся на гэта даўно.

Сразнеўскі гартаў лісты работы.

– Хлопчык мой, – сказаў ён. – Я не люблю празмерных пахвал. Але вы зрабілі незвычайнае. Вы адкрылі “вялікае Чыпанга”, як Марка Пола. Адкрылі новы, нязнаны свет. Адкрылі, магчыма, цэлы народ. Няўжо яны былі такія?

– Якія, пан прафесар?

– Усе ж кажуць аб крайняй забітасці, затурканасці, выраджэнні нашага краю.

– Гэта ёсць. Але ў гэтых выказваннях больш палітыкі, чым праўды.

– Як?

– Трэба было давесці, што народ вынішчалі, што толькі под эгідай Мікалая Раманава, Уварава і Аракчэева ён атрымаў магчамысць дыхаць.

Прафесар трохі спалохаўся. Благавешчанскі ў чымсьці меў рацыю.

– Лінгвістыка не ведае палітыкі, мой друг.

– Лінгвістыка – гэта значна больш палітыка, чым усё натуразаўства. Не, народ не забілі. Ён жыве і чакае шчасця. І будзе жыць, як бы цяжка яму ні было... А наконт забітасці мяркуйце самі. Ладымер[29] едзе ламаць хрыбты крымчакам, восковая дзека розумам пабівае князя Ганю, мужык Ваўкалака піша на лубе лісты да каханай, таксама мужычкі, Любка з Копанога Рова, што пад Крычавам, звычайная дзяўчына з месца, грае ў шахматы з “царом чорных і рагатых” Рабедзяй і выйграе ў яго палонных. Або легенда аб лебядзінай келлі, ці аб явары і белай бярозе. Памятаеце, на магілах юнака і дзўчыны, раздзеленых царковой:

Дзесьці мае дзеці ў любові жылі.Раслі, раслі, пахіліліся, Цераз цэркву сушчапіліся.

Чаму “Трыстан і Ізольда” – адзнака вялікіх сіл, а гэта – прыкмета забітасці?

Памаўчаў:

– Так, быў і прыгнёт. Але прыгнёт нараджае не толькі рабоў. Са слабых – магчыма. Але з моцных ён нараджае волатаў.

– Сразнеўскі задумаўся. Відаць, хацеў быў паўшчуваць за небяспечныя думкі, але раздумаў. Схаваў твар у далонях. Потым апусціў далоні.

– Якія гордыя, моцныя і страшныя людзі! Якая страсная прага справядлівасці! Як гэта там, у вас?

А вайна была, вайна была,А ніўка зялезнай карой парасла,Зялезнаю, крываваю,Сталёваю, іржаваю.

І гэта – як дуды раўлі! І як тройчы стрэліў і на трэцім стрэле “сэрца стрэльбы разарвалася”! Што ж гэта, хлопчык?! Ці во гэта... Не, гэта:

А ўжо ж бяроза завіваецца,Кароль на вайну збіраецца.А ў каго сыны ёсць, дык высылайця,А ў каго няма, дык хоць наймайця.

І як за волю сцяг трымалі. А Ляўшун граў у рог. А Грышко Пакубяціна падскакаў і ўдарыў па медным горле, што спявала, кулаком. І воля

...Зубамі падавілася,Крывёю захлынулася.

А потым рог павезлі ў перакідных хустах, а ён сам граў. А? Як гэта?

Памаўчаў.

– Гэта – схавай. Маеш рацыю: надрукаваць гэта нідзе не надрукуюць, а людзей насцярожыш.

– Я гэтага і хачу.

– А я хачу, каб наступнай зімою, калі датэрмінова здасі экзамены за універсітэцкі курс – гэта стала тваёй дысертацыяй на кандыдата. З налёту іх возьмем. Каб не апамяталіся.

І Алесь убачыў малады, свавольны агеньчык у вачах прафесара. Не, проста ў вачах ціхмянага і добрага, але сумленнага чалавека.

Сразнеўскі раптам сказаў:

– Я не хачу, каб табе было цяжка.

– Чаму мне павінна быць цяжка?

– Ну вось гэтыя погляды. Непазбежнасць вайны за іх.

– Для мяне гэта не цяжар.

– І крайняя незалежнасць думкі, і рэзкасць, і тое, што ты адзін.

Паўза была доўгая і цяжкая. Потым прафесар ціха спытаў:

– Ты не верыш у бога, хлопчык?

– Чаму вы так думаеце?

– Ну вось гэтыя твае думкі. Спачатку вайна за волю, мяцеж за яе, страшны бунт Ваўкалакі, Вашчылы, Машэкі, Ляўшуна, Дубіны, Сымона-аршанца[30]. Дзіды, стрэльбы, бунчукі, страшныя, страсныя, жывыя людзі. І толькі потым рэлігійны рух, рэлігійныя паўстанні. Мяцеж віцяблян, Юр’ева ноч і “мост на крыві”[31] ў Воршы. Дый тое ты даводзіш, што біліся не за бога і рэлігійную справядлівасць, а за чалавека і справядлівасць грамадскую... І потым, гэтыя твае словы, што “рэлігія – справа дзесятая”.

Алесь некаторы час маўчаў, пакусваючы суглоб указальнага пальца.

– Вы маеце рацыю, – урэшце сказаў ён. – Я не веру. Як сказаў нехта, не адчуваў дагэтуль патрэбы ў такой гіпотэзе. То бок, не кажу, што зусім пакідаю замест усяго гэтага пустое месца. Я хутчэй уяўляю яго сабе як нешта, з чым трэба весці спрэчку.

– Гэта і ёсць бог. Шначай ты не быў бы чалавекам. Памятаеш, як Іакаў усю ноч змагаўся з кімсьці, у каго не было аблічча?

─ Калі я думаю, хто я, нашто, адкуль мы прыйшлі, куды мы ідзем, што такое наш свет, ці не атам ён нейкага арганізма, якому зараз дрэнна і які таксама частка чагосьці большага, і што ёсць там, за апошняй мяжой, пра якую мы не ведаем, – я адчуваю патрэбу ў кімсьці большым, хто растлумачыў бы, і веру ў тое, што ён ёсць. Гэта ад слабасці і няведання. Але нават у той час, калі я веру, я ведаю, што гэта не Хрыстос, не Ягова, не Магамет і не Буда. Гэта проста нешта вышэйшае, чаго я не магу дасягнуць. Даводзіў жа хтосьці з новых, што сусвет, разам з Млечным Шляхам і іншымі зорнымі астравамі, мае форму вялікага сэрца, якое ўвесь час пульсуе. Магчама, гэта сэрца таго, нязнанага. Мы так мала ведаем! Але, ва ўсякім разе, гэты вялікі ўладар сэрца не “всеблагий” , калі дазваляе тое, што адбываецца вакол... А можа, гэта ад яго і не залежыць. “Сусвет-сэрца...” Калі я гляджу на курчы і пакуты гэтага свету, на тое, як трапеча і задыхаецца кожная жывая плоць, – мне здаецца, што ў гэтага “сэрца” вось-вось будзе разрыў.

Усміхнуўся.

– Ну, гэта ўсё трызненне на крайняй мяжы пазнання... Я не веру.

Сразнеўскі задумаўся:

– Вось бачыце. Я гэта заўважыў яшчэ па вашай рабоце аб Кірыле Тураўскім. Там, у яго “слове”, кожны сказ аб прыродзе мае працяг. Сонца, якое сагравае зямлю, параўноўваецца з Хрыстом, што сышоў на зямлю. Зіма адышла – вечна жывы бог папіхнуў нагою смерць і бязвер’е. Гэта ж дванаццатае стагоддзе, самы пачатак вашай літаратуры. А вы адсеклі канцы сказаў, і атрымаўся паганскі гімн зямлі і сонцу.

Алесь маўчаў.

– Нашто? Ці добра гэта? І нашто ўскладняць і без таго складанае жыццё?

Малады, відаць, дадумаўся да чагосьці. Упарта сказаў:

– Каб ён існаваў – ён не дозволіў бы такога здзеку з нас.

– ...І, можа, таму, што ён ёсць, вы і вытрымалі дзевяцісотгадовую вайну супраць у тысячу разоў мацнейшых ворагаў?.. І склалі гэтыя дзівосныя балады. Магчыма, усё ад яго. Нават ваш богам дадзены талент, які можа натхняць і ратаваць.

– Не трэба так.

– І, магчыма, ён назнарок робіць такое з людзьмі, каб спадзяваліся толькі на свае сілы. Таму што бог, лёс – як хочаце яго называйце – любіць моцных і трывалых людзей.

– То значыць, яны самі робяць сябе трывалымі? Самі?

– Хлопча, без бога, няхай нават безнадейнага, чалавек не мае падтрымкі ў сабе. Гэта падобна на ерась, ведаю: бог, на якога нельга спадзявацца, якога трэба бараніць. Але людзі трымаюць бога ў сабе, каб быць моцнымі... І найлепшы доказ – гэта тое, што вы выжылі, што гэта – дзіва, што не можа быць такой велічы без бога ў душы, – паклаў руку на плячук Алеся. – Найлепшы доказ – бог у вашым сэрцы.

...Алесь страпянуўся. Што гэта, задрамаў? Ірваны гук званочкаў. Нетры і снег. І ў гэтай безнадзейнасці чалавек ганарыцца сабою, маленькая мушка ў снягах. І вось конь, мудры конь песні, адказвае седаку:

Ой, цяжкі мне, цяжкіЧастыя дорожкі,Частыя дарожкі,Густыя карчомкі.

Жывая песня ў мёртвых снягах. Маленькае сэрца не звяртае ўвагі, што вялікае вось-вось разарвецца. Не звяртаючы ўвагі на сусвет, на тое, што будзе заўтра, на мяжу пазнання, на зорныя астравы, мудра і мужна льецца песня...

Ты ж мяне паставішСыру зямлю біці,А сам, молад, пойдзешГарэлачку піці.

І ў гэтым вышэйшая мудрасць, але таксама і штосьці прынізлівае.

Ён думаў аб гэтым вялікім уніжэнні. І ў душы нарастала пагарда да сваёй слабасці, злосць на сваю слепату і тамленне.

А ў снягах бязлітаснай зімы мужна змагалася з марозам малюсенькая жывая крынічка песні:

Ты ж мяне паставішУ снезе па вушкі,А сам, молад, пойдзешК шыкарцы ў падушкі.

І пад гэтую песню ён непрыкметна задрамаў... Пагойдваючыся, ляцеў пад гукі ўрывістай дзіўнай музыкі некуда ў бездані вялікага сэрца. Насустрач таму, што чакала.

...Ён сніў сон, у якім бачыў бога. Ён быў дзівосны, таму што яго нельга было бачыць, і ніхто ў свеце не бачыў яго, і толькі пачуццё таго, што ён побач, давала ўпэўненасць у тым, што ты бачыш яго... Не было пустаты ў душы, было разуменне ўсяго на зямлі на адно кароткае імгненне, і жах, што аддалішся і зноў страціш усё.

Бог быў не чалавек, і не жывёла, і не пульсуючае сэрца зорных астравоў, і не трава, і не каласы на нівах, і не слуп святла, а ўсё святло, і белы мокры конь, і чырвоная квецень дзічкі, і адначасова – нішто.

...З глыбінь, куды ляцела, падаючы, душа, нарастоў нізкі, на мяжа слыху, гук, які запаланяў усё. Сусвет крычаў.

Калі Алесь прачнуўся, кібітка стаяла ля сходаў вежынскага палаца. Ён адкінуў вільчуру, выскачыў на снег і цераз тры прыступкі пабег да ўвахода, поўны трывогі і чакання.

...Дзед сядзеў ля каміна. На століку, як заўсёды, бутэлька віна і келіх. На каленях папка з гравюрамі.

Узняў на ўнука вочы. Сінія, трохі пабляклыя. І... не здзівіўся, убачыўшы румяныя шчокі, усмешку, кропелькі вады ў валасах. Толькі трохі здрыгануліся чорныя бровы.

– Ты? – сказаў Вежа. – Чаго гэта ўзімку? Такая завіруха. Суму не хапае?

І падставіў для пацалунка пергаментна-смуглую голеную шчаку.

Нібы нічога не было. Нібы з Загоршчыны прыехаў.

– А казаў... некалькі год.

– Абставіны змяніліся. Буду ездзіць часта.

– Я ж казаў. Леціцё з гнязда, я навекі. А ў свеце – вецер.

– Загадайце дастаць з кібіткі. Я там падарункі прывёз.

– Глупства, – разгублена сказаў дзед. – І не трэба было зусім. Вялікі горад. А маладосць гэта тое самае, што мантацтва. Лепей бы ўзяў Кастуся да дзяўчат.. гэтых вашых... Ну, як іх?.. Новае слова.

Вусны дзеда іранічна крывіліся.

– Ага... нігілістак. Стрыжаных ды ў акулярах, крый нас ад такой бяды, божа.

– І што?

– І паезаў бы з імі да Барэля[32].

– Дзядунь, вы адкуль ведаеце?

– Ты што – лічыш, мы тут сякерай голімся? – І забурчаў: – У наш час жанчыны – гэта ж царыцы былі, каралевы. Ідзе – сляпыя за ёй галовы паварочваюць, так ззяе. Са смяротнага ложа чалавек устае, каб хоць крок за такой зрабіць... А цяпер!.. Нігісісткі, трыбушысткі, матэрыялісткі. Жывёльны магнетызм, рэфлексы, палавое пытанне.

Алесь сумеўся.

– То што хоць прывёз?

– Вам пару карцін. Вось паглядзіцё. Я там добрае знаёмства з букіністамі ды антыкварамі завёў. Дапамаглі яны мне дастаць для вас першае выданне Бакачча. Ведаеце, гэтае ў белай скуры, вялікае...

– Дзякуй. Асабліва за “белага Бакачча”. Рэдкая штука. У мяне не было. Гэта кніга чыстая, чалавечая. Пляваць яна хацела на ўсе абмежаванні, на ўсякую скутасць... Дзякуй, сынок... Ну, давай абдымемся.

Алесь не ведаў, як спытаць пра тое, што яго цікавіла. Моўчкі сядзеў ля агню.

– Як тут у вас? Як бацькі? – нарэшце спытаў ён.

– Б’ёмся памалу. Бацька павінен зараз прыехаць.

– А Глебавічна?

– Бегае ўсё.

– Што з Раўбічамі?

– Яраш у гордай самоце. Не вітаемся.

– А што Гелена?

– Тут, сыне, справы больш складаныя. Раджае яна. Першыя схваткі былі ўчора. Мы яе перавялі былі праз арку, непасрэдна ў будынак. Адмовілася. “Там жыла, там і раджаць буду”.

Дзед глядзеў у агонь і не бачыў вачэй унука.

– Доктар некалькі месяцаў прыязджаў з “губернскага града”. А цяпер тут сядзіць.

Вочы дзеда былі журботныя.

– Глебавічна паспрабавала пагаварыць, хто такі. Не кажа. “Кахаю, – кажа, – ні аб чым не шкадую. Але з ім ніколі не буду”. А роды цяжкія. Еўфрасіння людзей пагнала, каб у Мілым ды ў Загоршчыне па царквах царскія брамы расчынілі. І я... змоўчаў. Так з учарашняга дня расчыненыя і стаяць... Шкада страшэнна... Як нябожчыцу маю святую... Ксені.

Упершыню за ўвесь час, што Алесь помніў дзеда, той вымавіў імя бабкі. Праз сорак сем год маўчання з’явілася ў пакой, да гэтага агню і гэтых кніг, ціха паварушыла полымем і застыла ў цішыні здань, якой адзін быў абавязаны жыццём, а другі – усім болем жыцця.

– Дзеду, – ціха сказаў Алесь. – Я гэта толькі вам. Нават не бацьку... Гэта маё дзіця, дзеду.

Твар Дзеда стаў смугла-аліўкавы. Нешта нібы варухнулася і ссунулася ў вачах... Дзед схіліўся да агню і качаргою пачаў варушыць жар. І, можа, ад жару шчокі пана Данілы трохі паружавелі.

– Т-так. Віншую. Жаніцца трэба.

І, нібы абдумваючы нешта, спытаў:

– Калі?

– Дзеду, – сказаў Алесь. – Вам яшчэ трэба пагаварыць аб гэтым з ёю. Яна не хоча.

– Як гэта – “не хоча”? – раззлаваўся дзед.

Ён сказаў гэта такім рэзкім голасам, што брынкнула, адгукнулася рэхам струна ў гітары на сцяне.

– Не гневайцеся, дзеду. Гэта, на жаль, так. Яна проста помніла аб тым вечары, калі я прынёс ёй волю.

– Расказвай, – кінуў дзед.

...Калі ўнук скончыў, пан Даніла глядзеў у агонь бліскучымі вачыма.

– І Майку назнарок памірыла?

Алесь нахіліў галаву.

– Мне няма чаго гаварыць з ёю, – урэшце сказаў дзед. – Гэта трэба зрабіць табе...

Дзед з сілай кінуў канцом у агонь качаргу. Абодва маўчалі, гледзячы, як у пырсках жоўтага полымя наліваецца чырванню, нібы крывёй набракае, метал. Жалеза стала вішнёвым.

Потым пляснуў рукамі па каленях:

– Але ты пагавары, унуча. Згодзіцца – добра. Не згодзіцца – праз шлюб кагосьці за нашчадкаў – звязаць яе з Ракутовічамі ці з патомнымі Юлляна і Тумаша са Зверына. Будуць толькі на прыступку ніжэй, чым мы... Нічога я для яе, бабы гэткай кепскай, не пашкадую.

І, відаць, вырашыўшы, што непрыстойна выявіў пачуцці, раптам сказаў:

– Вось так. Нашкодзяць, а потым ламай галаву...

– Дзеду, – пачырванеў Алесь. – Няма нічыёй віны... Віна жыцця.

– Віна? – вочы старога Вежы ззялі. – Ду-рань! Гэта слава жыцця!.. Бяжы туды!.. Стой пад дзвярыма. Баб не пушчаюць у алтар, мужыкоў – да парадзіхі. Квіты!..

Як сем год назад, ён ішоў пакоямі, а потым галерэяй, над аркай. Як сем год назад, падыходзіў да дзвярэй.. І – мяжа. Нельга далей.

Ён то сядзеў на падвоканні і глядзеў на яе дзверы, то хадзіў узад і ўперад.

Глебавічна выйшла з пакоя, спляснула рукамі.

– Як жа гэта вы надумаліся?

– Так, – сказаў ён. – Што там?

– Цяжка, князюхна, – сказала яна. – Баюся. І дохтур баіцца. Ды яна яшчэ і не крычыць. Я яе ўгаворваю, лягчэй будзе. “Дурніца... Радасць у свет нясеш”. Маўчыць. Толькі калі зусім нясцерпна, то стогне. Мо сказаць, што вы наведаць прыйшлі? Ёй лягчэй будзе.

– Не ведаю.

Жанчына знікла.

Алесь стаяў у пераходзе над аркай і, прыціснуўшы лоб да сцюдзёнага шкла, глядзеў на безуважныя паркавыя шаты ўнізе.

Трэба пайсці адсюль. Хоць на хвіліну.

Прайшоў пераходам, спусціўся сходамі ў яшмавы пакой і ўбачыў, што насустрач ідуць Вежа і пан Юры.

– Сыне, мілы, – сказаў бацька. – Сядай вось. Што, прыехаў аб праекце гаварыць? Давай.

Вежа непрыктетна паціснуў плячыма. Мужчына селі ў крэслы. Цёмны твар пана Юрыя быў стомлены.

Алесь зразумеў, што памылкай было ісці сюды. Усё нутро, уся істота яго цягнулася туды, наверх.

– То як? – спытаў бацька. – Згода на дзве трэці надзелу без выкупу, а трэць – на выкуп?

Алесь нешта адказваў, сам не чуючы сваіх слоў.

– Што гэта ты, нібы з таго свету прыйшоў? – спытаў бацька.

– Здарожыўся, – сказаў Вежа. – Ану, патрымайся трохі, Алесь.

Але ён мог бы не казаць гэтага.

“Калі толькі ўсё будзе добра – трэба ўсё аддаць”, – успомніў Алесь і стаў гаварыць. Ён абдумваў гэта сто разоў, і тлькі дзякуючы гэтаму ягоныя словы мелі сэнс, хоць ён кідаў іх амаль машынальна.

– Па-мойму, вы на паўдарозе. І дзед, і ты, бацька.

– Пойдзем, сыне, – сказаў дзед. – Потым.

– Не. Хай скажа, – вочы пана Юрыя шукалі вачэй сына. – Як?

– Не трэба землеўласніцтва, – сказаў Алесь. – Трэба пакінуць сабе маёнткавую зямлю, сады, паркі ды запаветныя ўрочышчы... Ну яшчэ, можа, тую зямлю, якая забяспечвае конныя заводы ды слуг. Усё астатняе аддаць ім.

Пан Юры ліхаманкава падлічваў.

– Па столькі валок! – сказаў ён. – Па... У Вітахмо, скажам, па семдзесят дзесяцін на сям’ю. А дзе і болей. Запусцяць!

– Не адразу аддаваць. Як узбагачвацца будуць. З умовай вечнай, каб на трэці зямлі цукровы бурак і іншае, якое не прадаюць нікому, акрамя нас.

– У старцы нашчадкаў? – ускінуўся пан Юры. – З розуму выжыў, сту-дэнт.

– Чакай, – насцярожана сказаў дзед. – Хай даводзіць...

– Хай фермерствуюць, – сказаў Алесь. – Вы не разумееце таго, што ў іх капіталы не тыя. Пакуль яны самі здолеюць завесці цукраварні, буды, гуты, плавільні, палатняныя заводы і іншае – мы паспеем на прыдбанні іхніх прадуктаў зрабіцца заводчыкамі, якім сялянская канкурэнцыя нястрашная.

– У старцы нашчадкаў пусціць? – зноў гнеўна спытаў пан Юры.

– У старцы, бацька, пойдзем, калі так не зробім. Хіба табе найміт будзе так працаваць, як мужык для сябе на сваёй зямлі? Маёнткам усё адно галеча з такой сістэмай, і пытанне толькі, колькі часу на гэта спатрэбіцца.

– Буды... гуты... У купцоў ператварыцца?

– У купцоў – не ў старцоў. Толькі надзел не падушны, а пасямейны. Тады вялікія сем’і вымушаны будуць частку людзей пасылаць на цукроўні... па вольным найме. Можа, так. А можа, і гэтага не трэба. Расце патрэба ў грашах. Узрасце цесната на надзелах. Ды яшчэ – машыны. Тады трэба ўвесці заахвочвальныя цэны на бурак, лён, каноплі, бульбу... Фабрыкі будуць расці, а багацце будзе ва ўсіх.

А сам думаў: “Лухта! Якая лухта! Перад гэтым, што насоўваецца, такая лухта. Бурак, каноплі, торба мукі”.

– Я б на таваім месцы падумаў, – сказаў сына Вежа. – Нешта ва ўсім гэтым ёсць. – І, паглядзеўшы на ўнука, злітаваўся, сказаў пану Юрыю: – Ідзі адпачывай. Я вось яму пару слоў скажу і таксама паганю спаць. А галовы ў нас дзеці, га, Юрась?

– Галовы, – наіўная і хітрыя вочы пана Юрыя смяяліся. Ён торгаў хвалісты вус, прыкрываючы ўсмешку.

Пайшоў. Дзед і ўнук сядзелі моўчкі.

– Пачакай ты тут. Не пакутуй – не паможаш... Сам прыдумаў?

– Сам. Я пайду.

Дзед зразумеў: трэба супакоіць. Хоць на хвіліну адцягнуць думкі.

– Як думаеш Гелену забяспечыць?

– Хіба ўсё будзе добра?

Стала цішыня.

– Мнямля, – сказаў дзед. – Першынцу!.. Зямлю тых двух маёнткаў, што за Сухадолам. Дом у Ведрычах.

Алесь ускінуў вочы:

– Дзядуля.

– Што “дзядуля”? Дам, нічога не зробіш.

Схіліўся да Алеся:

– Хадзем, вып’ем з табою.

Гадзінай пазней Алесь зноў хадзіў туды і сюды па калідоры. Вакол была тая самая нясцерпная цішыня.

Здалося? Не , не здалося. У цішыні раптам прагучаў балесны стогн. Яшчэ стогн... Яшчэ... Стогны былі ціхія, стрыманыя, але кожны працінаў сэрца.

Не ведаючы, куды схавацца, Алесь адчыніў дзверы. Нявялікая, амаль пустая камора. Акенца ў дзве далоні.

Ён стаў між пустых бляшанак і торб з мукою і гарохам і чакаў. Стогны... стогны... Ці гэта ў вушах?

Вітахмоўцы, кажуць, калісьці былі чарадзеі. Перад родамі муж доўга глядзеў жонцы ў вочы, а потым знікаў з хаты, ішоў у пушчу і там крычаў і біўся аб дрэвы. І жонкі раджалі лягчэй, а мужчыны, кажуць, нават адчувалі боль, яны нібыта бралі частку пакут на сябе.

Потым, як заўсёды, ад гэтага засталася адна абалонка. Ніхто амаль не ўмеў “браць на сябе”, але ў пушчу ўсё адно ішлі... Гэта звалася кувада... Няўяўнай старадаўнасці звычай...

Ён не ведаў, як пакінуў камору, як арынуўся зноў ля дзвярэй. Была цішыня, і ён зразумеў, што стогны яму толькі здаваліся і, магчыма, даўно ўжо адбылося горшае.

Адчыніліся дзеры. Не заўважыўшы яго, выскачыла і пабегла некуды сядзелка. Праз шчыліну ён на імгненне ўбачыў лекара. Лекар стаяў і трымаў у руках нешта чырвонае.

І раптам пралунаў калідорам крык. Слабенькі, але на ўсесь палац, на ўвесь свет – крык.

З дзвярэй выйшла павітуха, прыкрываючы ручніком балейку.

Голас у пакоі нібы дзіўна перабіваўся, распадаўся і зноў злучаўся:

– А-а! А-а-а! А! Э-э-э! Гэ! Гэ! А-а-а!

Еўфрасіння выкацілася з дзвярэй. У яе трэсліся вусны.

– Двайняты! Князюхна, мілы! Хлопчык і дзяўчынка.

Спляснула рукамі, пабегла некуды. Дзве сядзелкі пабеглі назад у пакой. Пачалася мітусня. Ніхто не звяртаў на яго ўвагі, і ён сеў на нізкае падвоканне.

Густа сцямнела за акном, як заўсёды перад золкам.

...Зноў Глебавічна. Аж захлынаецца:

– А божа ж мой! Вырастуць дзеткі! Прывядзе яна іх пад грушку. Будзе для іх сяпяжаначкі рваць. А тыя будуць есці ды смяяцца на сонейка.

З усмешкай праз слёзы зірнула на Алеся і раптам шырока расплюшчыла вочы:

– Паніч! – і пацалавала ў лоб...

Зноў заплакала:

– Такая ўжо мне радасць! Не было ж у мяне дзетачак. Ні ад мужа-нябожчыка, ні потым...

Выцірала кулакамі вочы. Так, як ніколі не рабіла пры пану Данілу.

Два скруткі ў руках Глебавічны. У верхняй частцы кожнага скрутка было нібы акенца.

У кожным акенцы было нешта чырвонае і непрыгожае. Кожнае непрыгожае муляла нечым, зусім непадобным на рот.

– Патрымайце, гэта трэба.

Ён трымаў гэтае, цёплае, праз тканіну, а жанчына падтрымлівала. І ён баяўся, што заламае гэта ці возьме неяк не так.

І раптам гэтыя, як па камендзе, расплюшчылі вачы. Вочы былі шэрыя і ўжо доўгія. Ці, можа, гэта так здавалася? Шэрыя і доўгія. Ягоныя.

– Глебавічна, мне здаецца, я іх люблю.

Жанчына недаверліва глянула на яго:

– Ідзі-ідзі. Не хлусі.

...Перад сабою, на высокіх падушках, ён бачыў пацямнелае маленькае аблічча за пакусанымі вуснамі.

– Прыехаў? – хутчэй загадаўся, чым пачуў, ён.

Ён проста стаў на калені і асцярожна прынік галавою да яе рукі:

– Даруй мне.

Ён не чуў яе слоў. Толькі бачыў няўлоўныя рухі вуснаў:

– Я цярпела... Суткі... А потым не вытрымала і застагнала. Не магла ўжо, – вочы яе заззялі. – І раптам мне стала лягчэй. Я зразумела: з’явіўся ты. І чамусьці мне стала зусім лёгка.

Ён глядзеў на яе з нямым пытаннем.

І атрымаў нямы адказ: нічога не змянілася. І не зменіцца.

У бібліятэцы гарэла святло. Дзед не спаў. Яму забылі паведаміць. І ён чакаў.

Ускінуў падбароддзе насустрач унуку. І той зразумеў, на што дзед перш за ўсё чакае адказу.

– Адмовілася.

– Я ведаў, – сказаў дзед. – Хто?

– Двайняты.

– Што-о? – Вежа выпрастаўся.

– Хлопчык і дзяўчынка, – Алесь сеў да каміна і наліў сабе віна.

Было маўчанне.

Ад віна, ці, можа, яшчэ ад чагосьці, нібы матляла.

– Бацька будзе кумам, – сказаў дзед. – Клейна – кумою. Каб не было падазрэння на імёны.

– Якія імёны?

– Юры і Антаніда. Якія ж яшчэ?

– Дзядуля, – сказаў Алесь. – Я думаю, ёсць бог на свеце.

Алесь расказаў пра дарогу, пра размову з прафесарам, пра тое, як гучала песня ў снягах, пра пагрозлівы сон.

– Так часам у нас бывае. Разумееш, як ад нечага забытага кліч. Калі-небудзь я пастараюся расказаць табе пра другія патаемныя нашы веды, выпадкі, дзівы. Гэтага ніхто не разумее, але гэта ёсць. Пры чым жа тут бог? Гэта твая трывога, жаденне, еднасць душ на адну хвіліну. Часам, у бойцы, шалёныя прыступы ярасці ў нашых людзей. Калі сілы нібы ў дзесяць разоў узрастаюць. У нарвегаў – “берсеркерства”, у нашых – “пáна”. Бачыш, нават словы асобныя ёсць. Рознасць нерваў ці яшчэ нешта? Або, кажуць, індусы могуць часам болю не адчуваць. Або наш інстынкт да дрыгвы. Восем з дзесяці дзяцей, нават упершыню трапіўшы, не праваляцца. Як, ты скажы, вядзе іх нешта. І што ўжо там бог? Мы самі багі. Сёння вось – багі. Бываем свінні, а сёння – багі.

– Але сон...

– У матулю ты пайшоў, – няўхвальна сказаў Вежа і наліў келіхі. – Пі. Хто п’яны – з тым бог... Не як свіння, вядома, п’яны.

І нечакана трохі ўскіпеў:

– Сон! Забабоны гэта. Не чакаў ад цябе. Ракавіна забабонаў: схавайся і сядзі. А ўсе людзі торкаюцца туды-ы-сюды-ы, не разумеючы, што прыкутыя да жыцця, у якім усё сказана. Баяцца – таму і бог. Помніш словы з радавой клятвы... “няма нічога, акрамя магіл”. ...Адны вераць у магілу Хрыста і дзеля яе здзекуюцца з жывых. Бо мярцвяк кажа, і яны не могуць адмовіцца, паляць на агні... Другія вераць у доктара Гільятэна і над яго магілай ляскаюць ягоным вынаходніцтвам. Ці не дурасць, калі трэба верыць у жывых, у тое, што сёння здарылася?

– Але ўсё гэта...

– Першае, што сведчыць супраць рэлігіі, гэта тое, што ў людзей розныя багі.

– Не тое, дзед, не тое. Не аб верах. Аб тым, што ўва мне, аб маёй мэце, аб тым, уто ўратавала нас усіх.

– Самі мы сябе ўратавалі, – сказаў стары. – А калі загінем – дык таксама самі. Ніхто ў гэтым не будзе вінаваты, акрамя нас саміх... Зямлёй і людзьмі рухае дух змагання. Я не ведаю, ці ёсць у гэтага змагання нейкая надзея. Але з веку ў век людзі змагаюцца. І таму яны – людзі, а не быдла.

Чырвонае полымя трапятала на твары дзеда.

– Сёння – праўда, заўтра – хлусня. Сёння – Брут, заўтра – ён жа, Нерон. Сёння бог – заўтра плесня, а потым другі бог. Вучэнні, усе вучэнні – лухта. Ёсць адно вучэнне, пакуль над чалавекам праўда думак, пачуццяў, любві.

Наступнай восенню студэнт імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта Аляксандр, Георгіеў сын, Загорскі, не даслухаўшы курса навук па пісьменству і гісторыі, здаў, аднак, пры добрых паводзінах, усе належныя іспыты па гэтых дысцыплінах і, падаўшы ўстаноўленыя дысертацыі на ступень кандыдата, быў заслужана зацверджаны ў гэтай ступені панамі прафесарамі і папячыцелем Санкт-Пецярбургскай вучэбнай акругі.

Студэнт, аднак, не пакарыстаўся ніводным з правоў і прывілеяў, дадзеных імператарам ступені кандыдата, а застаўся пры прафесары Сразнеўскім для ўдасканалення ў навуках, адначасова запісаўшыся на слуханне лекцый па медыцыне і філасофіі з правам наведваць, як раней, лекцыі славеснасці, гісторыі і прыгожых мастацтваў.

Аборона гістарычнай дысертацыі (“Сялянская вайна ХVII стагоддзя на тэрыторыі беларускага Прыдняпроўя. Па матэрыялах радавых архіваў тамтэйшых дваран і прыдняпроўскіх “Кронік”), дзеля якой ён усё лета прасядзеў у архівах Вежы, Сухадольскага замка, Раткевічаўшчыны, Кісцянёў і фондаў былога Збароўскага кастальянства, прайшла без перашкод.

Затое на абароне “Прыдняпроўскіх песень, паданняў і легенд” ледзь не было скандалу. Сабралася зашмат народу, з “Агула” і проста так землякоў. Усе, найбольш, дрэнна апранутыя, у чаравіках, што прасілі кашы, у сурдутах, ледзь толькі не перашытых з хатніх чугаў і світак. Некаторыя ў акулярах з “аконнымі” шкельцамі. Большасць, праз адсутносць паліто, у зацяганых пледах, зробленых з самай таннай шатландкі ці нават з даматканых, у шашачкі, посцілак. Усё з тых людзей, што апладзіравалі Чарнышэўскаму і аб якіх хадзіў жарт:

– Што гэта ты, хлопча, з хадніка сабе плед зрабіў?

– З рызаў пакуль што не дазваляюць.

– Чаго гэта ў цябе ручнік замест гальштука?

– Добра, што пакуль не вяроўка.

Гумар быў змрочны. Сапраўды, гумар шыбеніка. Але самі хлопцы былі вясёлыя, хоць і вечна галодныя. Адкуль прасачыліся да іх чуткі аб дысертацыі – невядома. Магчыма, праз Кастуся, бо Алесь, слухаючыся парады Сразнеўскага, пра змест яе, пакуль тое, памоўчваў.

Гэтая аўдыторыя сустракала кожнае “небяспчнае” месца ўхвальным гулам. Апаненты, магчыма, пабойваючыся непрыемнасцей, спрабавалі былі аспрэчваць занадта “левыя” палажэнні працы. Асабліва стараўся прафесар Платон Рунін, найбольш заядлы са славянафілаў універсітэта. Крычаў нешта аб “славянскай душы”, якой чужы мяцеж і ўласцівая, з самых першых часоў, рахманасць і пошукі бога ў сваёй душы і душы таго, хто кіруе. Дагаварыўся, урэшце, да таго, што толькі пад эгідай моцнага славянін адчувае раскошу і замілаванне, што духу славянскіх народаў не ўласцівыя ўсе формы парламентарызму і дэмакратыі, прыдуманай бязбожнымі французамі, што заўсёды яны будуць адчуваць духоўную патрэбу ў манархіі.

Алесь, успамінаючы свае нядаўнія разважанні, чырванеў ад слоў Руніна, нібы яго білі па шчоках. А студэнцтва гуло:

– Веча! Разін! Копныя суды! Вашчыла!

Сразнеўскі ўрэшце быў вымушаны спыніць іх.

А Рунін бубніў далей. Усё нешта аб тым, што абаронца, тэндэнцыйна падбіраючы песні, выстоўляе самы баганосны і рахманы са славянскіх народаў бандай мяцежнікаў, рабаўнікоў і гуляк, неўтаймаванай вольніцай, бязбожнікамі, якія прагнуць вечнага бунту.

Параўноўваў работу Алеся з “Песнямі шатландскай мяжы” Вальтэра Скота і нагадваў усім аб шматлікіх непрыемнасцях і абвастрэннях, якія нарадзіў гэты безадказны эксперымент, гэтая гальванізацыя трупа неўтаймаванай і д’ябальскай ідэі свабоды, што даўно скампраметавала сябе.

Студэнты распачалі абструкцыю. Ізмаіл Іванавіч заклікаў да парадку і Руніна і студэнтаў і пачаў навальвацца на ўсе доказы апанентаў, крышыць і ламаць іх, аж пакуль не раскідаў усяго, не пакінуўшы каменя на камені.

А потым, калі дысертацыю прынялі, расцалаваў “падвойнага кандыдата” і згадзіўся пайсці разам з сябрамі, якіх набралася чалавек пяцьдзесят, адсвяткаваць у Барэля нараджэнне новага “мужа навукі”.

За вокнамі курыльні хвастаў чорны лістападаўскі дождж. У доме Сашальскіх на Ліцейным праспекце, чакаючы, пакуль сыдуцца госці, сядзелі людзі, што сабраліся раней, каб паспець пагутарыць. У кутку, ля чэзлага – адна назва, што агонь! – пецярбургскага каміна сядзелі Зыгмунт Серакоўскі, Ямант, Валеры Урублеўскі і Хвэлька Зянковіч, усе курцы. Іх усеагульным плебісцытам пагналі да агню, каб адцягвала дым. Кастусь дамогся. Па-першае, “спявак” Эдмунд Вярыга цярпець не мог шкоднага дыму. Па-другое, Віктара нядаўна прымусілі кінуць курыць. Ён ужо ведаў аб сваёй хваробе. Алесь увесь час клікаў яго да сябе, знайшоў братам кватэру ў Пецярбургскай часці, у доме нумар шаснаццаць па Вялікай Пасадскай (два цёплыя і сухія пакоі), і маліў, каб браў грошы, бо тут, пры сур’ёзнасці справы, зусім ужо не да гонару.

Віктар згадзіўся і часам браў дапамогу. Затое Кастусь з самай гэтай хвіліны не згаджаўся браць ані капейкі. Аднойчы праз гэта сябры пасварыліся і нават месяц не размаўлялі ні аб чым, акрамя справы.

Алесь з тым самым велічэзным сорамам за сваё багацце прапанаваў Віктару грошы, каб той паехаў куды-небудзь лячыцца. Той адмовіўся, спаслаўшыся на тэрміновую работу для віленскай археаграфічнай камісіі (ён сапраўды працаваў для Кіркора і Маліноўскага і не лічыў магчымым кінуць без дапамогі, і нібы без вачэй, сляпога гісторыка). Алесь сказаў, што Віктар падарве-такі свае сілы. Віктар адказаў, уто гэтая работа дасць яму грошы, каб паехаць, а не, дык проста каб жыць. Браць жа ў сябра, не спадзеючыся аддаць, ён не можа сабе дазволіць. Алесь крычаў на яго, што ён ёлуп, што ніхто яму не прапануе дарагой Італіі, што паездка звычайным парусным суднам у Егіпет або на Мадэйру каштуе, як усякі водны шлях, не дорага і гэта можна сабе дазволіць.

Ад злосці на легкаважнасць Віктара ледзь не паліліся з вачэй слёзы. Віктар паглядзеў на Алеся, раптам пасур’ёзнеў і сказаў, што калі бліжэйшыя некалькі месяцаў не прынясуць палёгкі – ён паспрабуе скарыстаць Алесеву прапанову.

Але лягчэй відавочна не рабілася, і Алесь злаваўся на Віктара і на сябе, што не здолеў адразу зламаць супраціўленне гісторыка.

Віктар з Эдмундам Вярыгам і Кастусём сядзелі ля дзвярэй пры цёплай грубцы. Гаварылі вельмі ціха аб неафітах, нядаўна прынятых у “Агул”. Колькасць людзей узрастала, і нават на месцах, у Літве і Беларусі, не кажучы пра Польшчу, узнікла сетка залежных арганізацый. Нядаўна на пасяджэнні вырашылі, што пасля універсітэта і інстытутаў большая частка моладзі, у мэтах агітацыі, раз’едзецца на пасады настаўнікаў, пасрэднікаў, пісараў, выхавацеляў у дваранскіх дамах. Нельга ўжо было абмяжоўвацца работай сярод інтэлігенцыі.

– Што ў цябе? – пытаў Кастусь.

– Дваццаць пяць новых, – казаў Вярыга. – Свежаспечаных. Дзіва, кумок, а не хлопцы. Усе чырвоныя.

– Бяда пафарбавала, – кашлянуў Віктар. – Як, ты скажы, ракаў. Дык я запісваю, Эдмунд... А ў цябе, Кастусь?

– Малавата. Дзесяць чалавек.

– Хто? – пісаў Віктар. – Запісваць іх як распарадчыкаў сталоўкі для бедных?

– Давай так. Пішы: Сапоцька Пятро – студэнт, Янус Ахілес – студэнт, Дыміна Ціхон – семінарыст, Дашкевіч Кандрат і Зэмбоўскі Стэфан – студэнты. Здановіч Ігнацы – студэнт...

– Вільнянін?

– Ага.

– Сям’я неблагая... але спалоханая. А сын нішто хлопец... Дрэна, што бацька супраць. І яшчэ, што ў Вільні сёе-тое пра нас ведаюць. Нават асабіста пра нас з табою, Віктар. Папярэджваюць дзяцей: вар’яты, Рабесп’еры, карбанарыі...

– Нічога, - сказаў Віктар. – Ведаюць і ведаюць. Нашы людзі не даносчыкі.

– І ўсё ж трэба больш сцерагчыся.

– Згода. Будзем.

За спіною Серакоўскага сядзелі яшчэ два чалавекі. Ніжэйшы, даволі невыразны з твару, але разумны, калі меркаваць па вачах, чалавек адганяў дым цыгары рукой. Другі, з жарсткаватым абліччам, нервова шаптаў на вуха Зыгмунту: ці абураўся нечым, ці спрачаўся. Гэта былі члены верхняй рады арганізацыі, удзельнікі “літаратурных вечароў” – Аскар Авейдэ і Стэфан Баброўскі[33].

Алесь знаў іх значна горш за астатніх і Авейдэ недалюбліваў. Сам не ведаючы, з якой прычыны.

А Баброўскі чамусьці вылучаў яго, Алеся. Усміхаўся пры сустрэчы, моцна паціскаў руку, затрымліваў паразмаўляць, і адразу відаць было, што размова яму прыемная. Вось цяпер ён раз-пораз паказваў Зыгмунту вачыма на Алеся. І Зыгмунт, сустракаючыся з вачыма Загорскага, смяяўся беласнежнымі зубамі.

– Ідэя паўстання і ўскраіны, – часам далятала да Алеся. – Варшава, па-мойму, вельмі памыляецца тут... Трэба спытаць у хлопцаў... Хоць бы ў яго ці ў Віктара.

З Серакоўскім, вакол шахматнага століка, сядзела пяць чалавек. Два нібыта гулялі, хоць партыя даўно была забыта, астатнія нібы глядзелі, хоць глядзець не было на што, хіба толькі на тое, як адзін з ігракоў нахіляў фігуркі і адпускаў і кожны раз нібы здзіўляўся, што яны ўстаюць на “ногі”, бо ў донца кожнай заліты свінец. На тым, што гуляў фігуркамі, быў сціплы чыноўніцкі сурдут: ён служыў на чыгунцы і нават з аблічча быў тыповы служачы – ціхі, сціплы, светлавалосы, з трохі вінаватай усмешкаю. Ніхто не мог бы падумаць, што погляды гэтага чалавека схіляюцца часам ледзь не да анархізму.

– Кінь, Ільдэфонс, раздражняе гэты стук, – сказаў яму партнёр, чалавек з рэзкім уладным абліччам. – Будзем гуляць ці не?

– Відаць, не, – змяшаў фігуркі служачы. – Зараз зноў пачнецца размова. І зноў ты будзеш бараніць ідэю шляхецтва, велічы Польшчы. Ізноў мы з табою будзем лаяцца, Людвік. І Загорскі унь пакліча на дапамогу філалогію, а Віктор – гісторыю, а Кастусь – сацыялізм. І накладзе табе гэтая беларуская тройца па самае дзесятае, а я памагу.

Алесь усміхнуўся. Ільдэфонс Мілевіч і Людвік Звяждоўскі сябравалі, але заўсёды лаяліся між сабою. Звяждоўскі шмат у чым, нават у беларускім і ўкраінскім пытанні, кідаўся да белых, і Алесь толькі таму верыў гэтаму афіцэру ў бліскучым мундзіры, што бычыў яго чысціню і поўную адданасць справе. Была ў Людвіку шчырасць памылковай думкі. Была прага ў кожную хвіліну аддаць жыццё.

– Уладзю, – сказаў Людвік. – Барані.

Адзін з гледачоў быў бадай страшны абліччам. Як Марат. Жоўты, як у хворых на печань, колер скуры, чорныя і жорсткія, як конская грыва, валасы. Шырокі і вельмі грубы плоскі твар, вузенькія шчыліны калючых вачэй.

Чалавек гэты быў інжынер-пуцявік Уладзіслаў Малахоўскі.

– Не буду, – сказаў ён Людвіку. – Вас трэба хутчэй выхоўваць. Бо каб не давялося вас вешаць.

Другі афіцэр, побач з ім, быў цёзка Серакоўскага, Зыгмунт Падлеўскі. Ніхто тады яшчэ не мог прадбачыць ягонага лёсу. Проста ведалі, што чалавек ён цвёрды.

Затое нельга было не звярнуць увагі на апошняга з гледачоў. Сухі і прыгожы польскі твар, цвёрдыя мускулы на худых шчоках, вострыя невялікія вусы, стрыманасць у падабраным цвёрдым роце. І вочы як вугалі. Тлеюць суровым і добрым агнём.

Зацягнуты, як і Серакоўскі, у мундзір афіцэра Генеральнага штаба, увесь наліты спакойнай, але ў кожную хвіліну здольнай на імпэт сілай, ён сядзеў нібыта, нічога яго не датычылася, але чуў усё.

Звалі афіцэра Яраслаў Дамброўскі. Ён хутка быў прыкмечаны ў арганізацыі і стаў адным з яе кіраўнікоў.

У невялікім пакойчыку сядзела амаль ў поўным складзе кіраўніцтва нелегальнай арганізацыі.

– Што ж, – сказаў Дамброўскі. – Адпачылі ад крыку – бадай, час пачынаць... У гаспадара вось-вось госці збяруцца. Пачынай, грамадзянін Зыгмунт.

– Падсумуем, – сказаў Серакоўскі. – Сённяшняе пасяджэнне “левіцы” і “цэнтра” нашай арганізацыі аднагалосна згадзілася з тым, што дасягнуць нашай мэты, гэта значыць волі і дэмакратыі, нельга іначай, чым праз паўстанне.

Загорскі ўбачыў, як Кастусь схіліў галаву.

– ...Таму што дабіцца чаго-небудзь лаяльнымі шляхамі ў паліцэйскай дзяржаве немагчыма. І, акрамя таго, нездавальненне народаў Польшчы, Літвы і Беларусі гнюснай палітыкай імператара і ягонай камарыллі пераходзіць у ярасць. Цярпець далей ярмо мы не можам. Кожная лішняя гадзіна рабства разбэшчвае слабых і ганьбіць моцных... Таму з сённяшняга дня мы павінны зяпэўняць усіх, што без паўстання...

– Без рэвалюцыі, – сказаў Віктар.

– ...справа не абыдзецца... Акрамя таго, “левіца”, якую падтрымлівае частка “цэнтра”, прапануе, каб сацыяльная перабудова грамадства ішла побач з вызваленчым паўстаннем. Асноўныя іх тэзы: поўная раўнапраўнасць усіх грамадзян, уся зямля – сялянам, мова – народам. Прапанову ўнесла беларуская група рады ў складзе грамадзян братоў Каліноўскіх, грамадзян Вярыгі, Зянкевіча, Малахоўскага, ад імя якіх абвясціў прапанову складальнік яе, сакратар групы, грамадзянін Загорскі... Прапанову падтрымалі большасцю галасоў, хоць, улічваючы думку “правіцы” ў Пецярбургу, Вільні і Варшаве, трэба думаць, што яе праваляць.

Добрае, трохі разгубленае аблічча Віктара перасмыкнулася. Алесь перавёў вочы на змрачнаваты цёмны твар Кастуся. Кастусь знізаў плячыма, нібы сказаў: “Ну і што? А трымацца гэтага ўсё адно трэба”.

– Пачынаем апошнюю сённяшнюю праблему. Праблему аб нацыях так званых ускраін. Пытанне гэтае можна сфармуляваць так: “Воля ўскраінам. Самавызначэнне іхнім народам”. Яно абмяркоўваецца строга сакрэтна, і таму члены рады не павінны дыскутаваць яго сярод іншых, каб заўчасна не заводзіць звад. Уласна кажучы, увод нашага рашэння ў дзеянне адбудзецца толькі ў час паўстання і пасля яго перамогі.

– То нашто абмяркоўваць? – спытаў Звяждоўскі.

– Пытанне ставяць таварышы з украін, – растлумачыў Зыгмунт. – Каб ведаць загадзя, на якіх умовах яны будуць змагацца поплеч з намі.

– На фарпосце паўстання, – удакладніў Вярыга. – Бо калі хто першы і атрымае свінцу, то гэта мы.

– Якія ўмовы? – спытаў Ямант.

– Поўная воля беларусам і літоўцам самім вырашаць свой лёс, – сказаў Алесь.

– Федэрацыя? – спытаў Дамброўскі.

– Магчыма.

– Незалежнасць? – спытаў Падлеўскі.

– Народы вырашаць гэта самі.

– Якія народы? – быццам непаразумела спытаў Авейдэ.

– Грамадзянін глухі? – спытаў Хвэлька. – Беларусы і літоўцы. Дзе нацыі, якія жывуць на землях...

– Якая беларуская нацыя? – спытаў Ямант, удаючы недасведчанасць.

– Ніколі не чуў? – спытаў Алесь.

– Чаму. Я чуў і аб беларусах і аб літоўцах, але заўсёды лічыў іх галінамі польскага племені. Мова – дыялект польскай.

– Ты б паспрачаўся аб гэтым з шаноўным панам нябожчыкам Уваравым, - іранічна сказаў Віктар. – А мы тым часам займаліся б сваёй справай. Нам вашу лухту слухаць няма часу.

Зграбныя, доўгія Віктаравы пальцы трымалі невялічкую няяркую кніжку ў папяровай вокладцы.

– Я заўсёды лічыў, што гэта дыялект непісьменных, – сказаў Ямант.

У той жа момант кніжка пляснулася яму на калені.

– Дыялект непісменных, – сказаў Віктар. – На, панюхай, гэта “Дудар беларускі” Дуніна-Марцінкевіча.

– Не бачу ў гэтым асаблівай небяспекі.

– А Кукальнік[34] бачыць. Вясной забараніў яго паэму “Халімон на каранацыі”.

– Гэта яшчэ не доказ, – Ямант адкінуў кнігу на сафу. – Адзін паэт – гэта не нацыя.

– Ва ўсякім разе, рана яшчэ гаварыць аб нейкай асобнасці, – сказаў Звяждоўскі. – Нічога не зроблена вамі, хлопцы. І, я мяркую, паколькі пачатак вашага племені вядзецца здаўна – ёсць у вашым характары нейкая хіба. Нічога не зрабіць за семсот год – гэта трэба ўмець. А калі няздатныя – падпарадкоўвайцеся.

Алесь спалохаўся, убачыўшы твар Віктара. На запалых шчоках, плямамі, нездаровая чырвань, дрыжаць вусны, гараць з-пад чорных брывоў сінія, з залатымі іскрамі вочы.

...У наступную хвіліну старэйшы Каліноўскі накінуўся на апанентаў. Ён сек, хвастаў, не пакідаў каменя на камені, не даваў дыхнуць.

Трэсліся вусны, падступаў аднекуль да горла кашаль, мяккія вочы ўтрапёна палалі. Нельга было не загледзецца на яго ў гэтую хвіліну.

– А Кірыла Тураўскі, а паданні? А тое, што наша друкаваная “Біблія” з’явілася раней, чым у многіх у Еўропе? А тое, што законы Статута літоўскага склалі мы? А тое, што Польшча сто год судзілася законамі, напісанымі на нашай мове, а калі пераклала іх, то пакінула ўсе нашы тэрміны і адсылала тых, хто не разумее іх, да арыгінала? А тое, што рукапіс меж паміж Польшчай і Літвой, які даследчыкі лічаць польскім, напісаны беларускай гаворкай? А тое, што трыста год мовай княства была беларуская мова?..

– У Статуце сказана не так...

– Ведаю. Чацвёрты раздзел, першы артыкул Статута. А якія, вы лічыце, гэта словы: “пісар маець”, “літарамі”, “позвы”, “не іншым языком і словы”?

– Рускія словы, – рэкнуў Ямант.

– Віншую, – з’іранізаваў Валеры.

– З чым?

– З добранабытай дурасцю, – сказаў Дамброўскі.

– А гэта што? – усміхнуўся Віктар. – “Заказала яму пад горлам, абы таго не казаць”, “беглі есмо да двара на конех”, “на ўрадзе кгродскім пінскім жалаваў, адпавядаў і пратэставаў се земляны павету Пінскага...”. Тры сказы – тры стагоддзі. Тры сказы – тры мясцовасці. А мова адна. Чаго яшчэ трэба? А Будны? А старажытны іканапіс?! Алесь, Юзаф тваёй дысертацыі не слухаў. Торкні яго носам... Продкі думалі не так.

– Адкуль вы ведаеце, як яны думалі? – спытаў Людвік.

– Вам ніколі не даводзілася перамалёўваць факсіміле? – спытаў Віктар. – Але што я, вы афіцэр, ваша рамяство – вайна. А шкада... Часам у старым рукапісе трапляецца неразборлівае месца. Для выдання яго трэба дакладна скапіраваць. І вось водзіш рукою, паўтараючы лініі, і раптам ловіш сябе на думцы, што ўсё, ўсё разумееш. Таму што твая рука паўтарае рухі рукі чалавека, які жыў за трыста год да цябе. Так і з падспуднай думкай продка, за якой сочыш, чытаючы стары рукапіс.

– Цікава, – з нечаканай сур’ёзнасцю сказаў Баброўскі.

– І нават каб нічога такога не было – адно адчуванне намі сваёй радзімы дае нам права на адпор афіцыйным патрыётам, – румянец плямамі ўспыхваў і згасаў на шчоках Віктара. – Што ж гэта за думка ў іх?! Хто яны?! Шляхта ў самым горшым сэнсе гэтага слова!.. Але вось яны, – Віктар абвёў вачыма сяброў, – і сотні іншых пацвердзяць, што мы супраць Польшчы магнатаў і за Польшчу простых людзей. Чые думкі выказваеш, Ямант? Думкі Веляпольскага?.. Выказвай, змыкайся з “правіцай” белых! Але ведай: мы для Веляпольскага і К° – не вотчына і не хлопы. Досыць з нас рабства... Братэрства, так, але не падначаленне! Роўнасць, і ні на волас ніжэй!

– Гэта сепаратызм, – успыхнуў Ямант. – Гэта заўчасны гандаль, гэта нож у спіну.

Віктар трымаў руку на грудзях:

– Наш Савіч дзейнічаў поплеч з Канарскім, і ніхто не кінуў яму папроку ў нявернасці і здрадзе. Мы – верныя людзі.

Сухі пакутлівы кашаль раздзёр ягоныя грудзі. Ён кашляў у хустку так, што Алесь з жахам чакаў: вось-вось з’явяцца чырвоныя плямы.

– Ямант, кінь, – сказаў Стэфан Баброўскі. – Ты што, не бачыш?

– Толькі не шкадаваць, – праз кашаль гнеўна пракрычаў Віктар. – Толькі не шкадаваць!

– Хто за адмаўленне ад правоў на ўскраіны? – спытаў Зыгмунт.

Акрамя крайняй “левіцы” беларускіх чырвоных узнялі рукі Урублеўскі, Дамброўскі, Стэфан Баброўскі і потым, зірнуўшы на Віктара, Зыгмунт Падлеўскі. Устрымаліся Авейдэ, Звяждоўскі і Серакоўскі. Рашуча супраць быў Ямант.

– Супраць – адзін.

– Два, – з клёкатам сказаў Віктар.

– Хто яшчэ?

– Падлеўскі! Пішыце і яго супраць. Мы тут не літасць вымольваем. Мы патрабуем тое, што нам належыць.

Кастусь, увесь пацямнелы з твару, глядзеў на Серакоўскага і чакаў:

– За што ж стаіш ты, Зыгмунт?

Серакоўскі глядзеў яму ў вочы спакойна і шчыра.

– Не за калонію.

– А аб’ектыўна?

Віктара ўсё яшчэ біў кашаль.

– За канфедэратыўную дзяржаву. За непадзельную Польшчу, у якую на роўных правах з палякамі ўвайшлі б беларусы, літоўцы і ўкраінцы... Мы не маем права паслабляць паўстанне, Кастусь.

– А ўсё ж робіце гэта.

– Чым?

– Словам “непадзельная”, – цяжка варухнуў сківіцамі Кастусь. – Чым ты тыды адрозніваешся ад белых?

– Ну, ведаеш...

– Што “ведаеш”? – Твар Кастусёў скамянеў, асіметрычныя вочы гарэлі халодным агнём. – Ваяводствы Мазавецкае, Кракаўскае, Літоўскае, Люблінскае, Беларускае, Украінскае. – І, нібы страшэнную поўху, кінуў: – Можа, яшчэ Крымскае? Цікава, што сказаў бы на гэта твой друг Шаўчэнка?

Зыгмунт сцепануўся.

– Чым ты адрозніваешся ад белых з гнюснай ідэяй “адзінай і непадзельнай”? Чым ты адрозніваешся ад...

– Кастусь...

– Я даўно Кастусь. І я ведаю, што пры словах “непарушны”, “непадзельны”, “адзіны”, калі іх гаворыць мацнейшы, сапраўдных людзей цягне разбіць непадзельнасць, разбурыць непарушнасць. Бо гэта замаскаваны ланцуг рабства.

Вочы ў Кастуся былі ўтрапёныя. Аблічча палала.

– Гэта не нож у спіну. Проста лепей загадзя дамовіцца аб усім, каб цвёрда ведаць, на што спадзявацца. Бо калі вам другараднае становішча – гэта большая ці меншая непрыемнасць, то ў нас пытанне стаіць іначай. Або воля, або не жыць.

– Я не пратэставаў, – сказаў Серакоўскі, – я ўстрымаўся. На маю думку, павінна быць так , але я нікому не навязваю гэтага. Я нават нікому не буду гаварыць пра яе. – Госас Зыгмунта гучаў суха: – Згода. Значыць, мы павінны пашырыць гэты погляд, прыняты цяпер большасцю рады, сярод памяркоўных і весці за яго спрэчку з белымі.

– Сорам! – выгукнуў Ямант. – Гэта падрыў агульнай моцы, грамадзянін Серакоўскі.

– Узаемадапамога! – сказаў Мілевіч.

– Сепаратызм! – сказаў Звяждоўскі.

Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу. Прыйшоў час умяшацца:

– Большасць люзей не разумее, што прымусовасць, другараднае становішча, ланцуг – гэта вечная міна пад еднасцю, што ў такім стане нават між братамі расце пачуццё варожасці, а часам і нянавісці. Самастойнасць і магчымасць распараджацца сабою як хочаш – вось найлепшы грунт для братэрства.

– Чую, чым тут пахне, – сказаў Ямант пасля паўзы. – Рабесп’ераўшчынай, Дэмбоўскім, галіцыйскімі хлопамі, што пілавалі паноў піламі, Чарнышэўскім... Вось адкуль яны і ідуць, вашы крайнія, пачварныя погляды. З дому на Ліцейным.

– Якога? – спытаў Баброўскі.

– Што насупраць міністра дзяржаўных маёмасцяў. З дому гэтага карцёжніка, што піша вершыкі аб народзе, а сам нажыў маёнткі, і нават міністр унутраных спраў кажа, што ён не рэвалюцыянер, бо мае грошы.

Кастусь устаў. У яго пасмыкваліся вусны і шчака, дрыжала левае павека:

– Юзаф, маўчы, Юзаф, не даводзь. Чалавек, які... усё жыццё... Чалавек, які... напалову паляк і спачувае вам. Як табе не сорамна?

І сеў, дзіўна, як не сваімі рукамі, заграбаючы паветра. Запанавала цяжкае маўчанне.

– Прашу слова, – сказаў у цішыні Алесь.

Серакоўскі зрабіў запрашальны жэст.

– Я прапаную выключыць студэнта Яманта з рады і “Агула”, – кінуў Алесь. – Я прапаную таксама папярэдзіць усе нізавыя арганізацыі, каб яны не ўздумалі выказваць Юзафу Яманту давер, калі не хочуць варожасці і, магчыма, правакацый...

– Ты што? – усміхнуў Кастусь.

– Раю не ўмашвацца.

– Я вас удару, Загорскі, – сказаў Юзаф.

– Не раю. Прапаную выключэнне.

– Падстава? – спытаў Звяждоўскі.

– Яднанне.

– Ясней.

– Наш трыумф у яднанні. Яднанні з левымі элементамі, якой бы нацыі яны ні былі: палякі, украінцы, рускія, літоўцы, курляндцы... – Ён гаварыў як адсякаючы кожнае слова. – І таму мы павінны з павагай ставіцца да кожнай нацыі, не абражаць яе старой варожасцю, недаверам, сумненнем у яе рэвалюцыйных сілах. Іначай – пагібель. Усе паўстанні грашылі гэтым і гінулі. Відаць, шляхецкіх нацыяналаў гэта нічаму не навучыла... Ты паставіш, урэшце, маю прапанову на галасаванне, грамадзянін Серакоўскі?

– Стаўлю...

Ямант абводзіў усіх вачыма і ўрэшце зразумеў: вочы большасці не абяцалі літасцівага рашэння.

– Хлопцы... – сказаў ён, – хлопцы, як вы можаце? – Голас яго дрыжаў. – Хлопцы, я аддам за паўстанне жыццё!

Усе маўчалі. І тады Юзаф усхліпнуў ад хвалявання.

– Хлопцы, я ніколі не думаў...

– Думай, – сказаў Валеры.

– Я абавязкова буду думаць. Не адбірайце ў мяне права загінуць за радзіму... Я хачу гэтага... Я не магу без вас... Хлопцы, што я, Юда?.. Хлопцы, даруйце мне!!!

Цяпер усе глядзелі на Алеся.

– Выключэнне, – кінуў Алесь.

– Алесь, ты нялітасцівы, – азваўся Віктар.

– Як ты можаш? – спытаў Вярыга.

Маўчанне.

– Ты што, не бачыш? – сказаў Кастусь. – Ён малады, ён дурань.

У хваравітых вачах Яманта стаялі слёзы.

– Я не буду страляцца, хлопцы, – сказаў Ямант. – Мне нельга без гэтай справы, але я не застрэлюся. Гэта нізка для сына радзімы. Але я клянуся вам, я пайду і высачу кагосьці з сатрапаў і стрэлю, а потым дам сябе схапіць... Вазьмі сваю прапанову назад, Алесь... Даруй мне, чуеш?

Загорскі глядзеў у вочы Віктару. Ён ведаў: хлопцы дзеля пачуцця еднасці падтрымаюць яго, але Віктар будзе потым пакутаваць. І хаця ён не лічыў правільным папускаць Яманту, Алесь уздыхнуў.

– Добра, – глуха буркнуў ён. – Я не буду ставіць гэтага пытання. – Не таму, што змяніў сваю думку, а таму, што...

– Мы лічым, што ты маеш рацыю, грамадзянін, – сказаў Валеры.

– Вы лічыце. Але яны унь не лічаць, – Алесь паказаў на крайніх “левых”. – Няхай будзе так.

– Добра, – сказаў Серакоўскі. – Значыць, так і запішам: “Аўтаномія, федэрацыя ці поўная самастойнасць – вырашаць пасля перамогі самі народы, у прыватнасці беларускі народ”. – І раптам дадаў: – А гулянне ў Пецергофе было сёлета дрэнь.

Алесь азірнуўся і ўбачыў: у дзвярах стаяў гаспадар.

– Час канчаць. Праз палову гадзіны будзе повен дом людзей.

– Згода, – сказаў Зыгмунт.

Дзверы зачыніліся.

...Загорскі і Кастусь выйшлі з курыльні ў вялікую гасцёўню. Там было поўна, але яны не ведалі ў твар амаль нікога. Алесь глядзеў на сябра няўхвальна: усё аблічча Кастуся пайшло дробнымі чырвонымі плямамі, бы ад крапіўніцы.

– Нервы ў цябе, Кастусь.

– Ведаеш, месяц назад са мной здарылася страшнае: абвастрэнне хваробы.

– Якой? Ты мне нічога...

– Ды я думаў, усё прайшло. У мяне некалькі год назад былі прыступы.

– Эпілепсія?

– Не. Проста раптам нібы скуру дзерлі. Кожны нерв у целе аголены. Баліць.

Кастусь гаварыў глуха і хаваў вочы.

– Баліць. Разумееш, ад самай нязначнай прычыны баліць. Ад хлусні – баліць, ад двудушнасці – баліць.

– Што, непрыемна?

– Не. Фізічна баліць. Разумееш, ад самай нязначнай крыўды каму-небудзь. Ад дробязей. Некалькі дзён назад стаю ля Нявы. Бачу, бяздомны сабака выдзер у дзяўчынкі з рук піражок. Дзяўчо бедненькае, галоднае, відаць. Стаіць і плача. І так мне сатла – ты толькі не кажы нікому – і дзяўчынку шкада, і сабаку шкада. Проста – ну, аж сэрца кроіцца! Галоўнае, сабака не адбегся далёка, так і глынуў у падваротні. А дзяўчо плакаць не можа голасна, як здаровыя дзеці. Разумееш, стаіць і, як у нас кажуць, квіліць... Ну, лухта ж гэта, тым больш – я купіў ёй піражок... Дык нá табе – другі купіў і кінуў сабаку, а ён завішчаў і бегчы, нібы я ў яго... каменем.

Кастусёў твар раптам нагадаў Алесю твар дзіцяці.

– І вось амаль што спаць не магу. Як успомню: божа ты мой! Ну хоць бы дзяцей у двары сірочага дому ці старых на лавачцы, на бульвары, а то малпу ў балгарына-катрыншчыка... Далонька, ведаеш, дзіцячая, зморшчаная. І клятчастая сукенка на ёй... Як успомню – нібы гэта я за вольтаў слуп ухапіўся... У мяне... з якога?.. ага, з пятага кастрычніка галюцынацыі. Нібы стаіць нехта фіялетавы і тоўсты. І нічога ў яго няма, акрамя аднаго залатога вока. Стаіць ды краямі сваёй грубой мантыі варушыць. І нібыта хоча есці людзей, не ведаю ўжо якім чынам. А паўз мяне ідуць, ідуць. Маці-нябожчыца без аблічча, ты ў рызманах, Віктар, дзяўчынка з пірагом, сабака... Усе, каго ў жыцці бачыў... І глядзяць... Кожную ноч так.

Алесь спалохаўся. Узяў сябра за грудзі, моцна страсянуў. Каліноўскі здрыгануўся.

– Даруй, мілы, – сказаў ён. І дадаў пасля паўзы: – Памятаеш, сказаў Вежы, што на мой век нерваў хопіць. Баюся, не хопіць. Толькі б гэта здарылася пасля... калі ўжо ў кожнага будзе па пірагу.

– Шкада, што ты не ў мяне, – назнарок груба сказаў Алесь. – Я б табе за твае фантазіі... Пойдзеш сёння да мяне.

– Нашто?

– Буду даглядаць. Па-першае, кожны вечар перад сном дзве гадзіны хадзіць. Па-другое, піць адвар. Аглая дасць. Па-трэцяе, “тройчы дзевяць”, настой траваў на гарэлцы. Па-чацвёртае – халодныя ванны два разы на дзень.

Грубаваты і ўпэўнены тон зрабіў, здаецца, патрэбнае ўражанне.

– Медык, – сказаў Кастусь.

– А што? І медык. Чытаць толькі вясёлае. Есці біфштэксы. Спыць класціся з курамі... Сур’ёзна, сур’ёзна, Кастусь... І яшчэ: закахацца табе трэба... Ну, гэта, урэшце, як хочаш. Але які месяц я цябе не адпушчу.

Да іх падышоў Віктар, і Алесь змоўк, Алесева сэрца аблівалася крывёй за братоў.

– Слухай, Алесь, - сказаў Віктар. – Кастусь казаў, што ты заместа поўнага вызвалення прапанаваў свайму бацьку нейкія ліберальныя ваніты. Нейкую канкурэнцыю з мужыком, цукроўні, гуты, трасцу... Ты што, ад нас адмяжоўваешся? – вочы ў Віктара былі бліскучыя, відаць, ад лёгкай гарачкі.

– Кінь, – сказаў Алесь. – Трэба мне даць бацьку нешта, за што можна было б змагацца афіцыйным шляхам? Ці ён павінен быў нашу праграму высунуць: зямлю – сялянам, цара з чыноўнікамі ды злоснымі прыгоннікамі – на асіну, мову – у школы, папоў – са школ. Ты гэтага хацеў?

– Ну... як... Н-не тое, вядома...

– А потым, нічога не зрабіўшы, юкнуць, як у палонку? За меншае людзей у Сібір заганялі... Я, Віктар, не думаў так, як прапаноўваў. Але пакуль народ на паўстанне не пайшоў – трэба рабіць хоць што.

– Адкасніся ад яго, – раптам рэзка сказаў брату Кастусь. – Чаго вы ўсе да яго з пытаннем гэтым ідыёцкім. “Како веруеш?” Ён не горшы за цябе патрыёт.

Віктар разгубіўся ад нападу.

– Гэта хто? ― рэзка паказаў Кастусь у бок аднаго з гасцей.

– Сляпцоў. Венгерскі герой.

– Ну і дурань, ― рэзка сказаў Кастусь. ― А той?

– Эверс, дарадца міністэрства замежных спраў.

– Гэты нашто?

– Ён і яшчэ унь той, Чарткоў, шталмайстар, ды яшчэ тая порхаўка, сенатар Княжэвіч, міністр фінансаў – шырма. Каб не было блакітных “сяброў” з адпаведнага дома.

– Нядрэнна прыдумана. А той?

– Іваноў трыццаты.

– Ты што, жартуеш? – абурыўся Алесь.

– На самай справе. Ад’ютант для асобых даручэнняў пры пецярбургскім ваенным генерал-губернатары.

– Што, таксама маска?

– Ды не. Чамусьці прасякся павагаю да Людвіка. Цягаецца ўсюды разумныя размовы слухаць... А там унь Шчарбіна, паэт. Бачыце, якое аблічча... А той, у акулярах, з бакенбардамі, стары, – былы сябра Пушкіна. А цяпер таварыш, здаецца, міністра народнай асветы. Вяземскі Пётр Андрэевіч. Паэт. Шкада, хлопцы, старасці.

– А той хто, на вераб’я падобны? На вялізнага вераб’я.

– Талстой. Феафіл. Музычны крытык... А той – раганосец Феактыстаў, пёс ланцужны, намеснік Фадзея Булгарына. З маладых, ды ранні. І, скажы ты, не паспее стары падлец здохнуць, як ужо на ягонае месца новага рыхтуюць.

Адзін з гасцей асабліва прыцягнуў увагу Алеся. Не вонкавым выглядам – урэшце, бадай звычайным, – а нейкай падкрэсленай незалежнасцю рухаў.

Колькі яму магло быць год? Пэўна, далёка за пяцьдзесят. Ва ўсякім разе, аб гэтым неабвержна сведчылі вельмі сівыя вусы, склератычны румянец на шчоках і скронях, нос, што калісьці, відаць, быў вастраваты і трошкі задзёрты, а цяпер, з гадамі, абвіс і зрабіўся ўжо нават трохі чырвоны. Дый бровы былі як у старога: кусцістыя, суровыя бровы.

Незнаёмы сустрэўся з Алесем вачыма і, відаць, зразумеў, што той разглядае яго як цікавы і загадкавы экземпляр роду чалавечага. Вусы варухнуліся, але нават калі б гэтага не было, аб усмешцы можна было б здагадацца па вачах.

Вось што маладзіла чалавека: вочы! Залаціста-карыя і, дальбог, пякуча-сінія, як паўдзёнае неба.

У вачах нейкая пакутлівая вечная думка, якая катавала і нават у хвіліну весялосці не давала палёгкі. Цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думай, змардаваны і грозны твар.

– А таго ты не ведаеш? – спытаў Алесь, збіраючыся ўжо ісці назад у курыльню.

– Ведаю.

– Хто?

– Шаўчэнка.

Алесь міжвольна зрабіў два крокі назад. Раней чым мозг паспеў дадумаць, што гэта непрыстойна. Але ўсё адно было позна: густа-сіняга сурдута нідзе не было відаць.

...З курыльні большасць народу ўжо разышлася. Сядзелі ля агню толькі хлопцы, з якімі ў першы вечар пазнаёміўся Алесь, ды Малахоўскі, Мілевіч і Зыгмунт. Але затое набралася іншай моладзі. Некаторых Алесь ведаў. Унь тыя таксама землякі, з акадэміі мастацтваў. А той – сябра Урублеўскага па лясным інстытуце, цельпукаваты Яневіч, беларус з-пад Мядзеля. А той таксама свой, Антось Іваноўскі, сябра Віктара па працы і ідэях... Некаторых Алесь бачыў на пасяджэннях “Агула”.

– Што ты мне, чалавеча, звягаеш аб музыцы, – злаваўся Эдмунд Вярыга.

Яго апанент, па ўсім відаць, студэнт-белападшэўнік, сядзеў, незалежна закінуўшы нагу за нагу.

Пыхаты твар, пагардлівыя вусны, залатыя брэлокі на ланцужку гадзінніка.

Цадзіў словы, нібы з судзейскага крэсла, цвёрда ведаючы: добра ўсё, аб чым бы ён ні сказаў. Што ён “левы”, сведчыў хіба што адзін з брэлокаў: залатое сэрца з рубінавай кропляй крыві. “Сэрца Айчыны”.

– Кажу, што аднастайная музыка, сумная. Як мова, – адказаў той.

І тут Алесь зразумеў, што брэлок з “Сэрцам Айчыны” – хлусня.

– А ты ведаеш аб дыяпазоне мужчынскіх галасоў у беларускіх хорах? – спытаў Вярыга. – Напэўна чуў, што так званы “падводка” ёсць толькі ў беларускіх хорах? З усіх славян толькі ў беларусаў ды яшчэ ў данскіх казакаў.

– Гэта яшчэ што?

– Прыемна спрачацца са знаўцам музыкі. Гэта самы найвышэйшы, які толькі магчымы, саліруючы мужчынскі голас. Спявае, а табе здаецца, што на небе б’юць срэбныя званы. Ад іх і да самай нізкай актавы – вось табе і аднастайнасць... Што, сумна?.. А вось гэта што?

Эдмунд праспяваў музычны сказ, мяккі голас пяшчотна закалаціўся ў сцены пакоя і сціх.

– Ну, гэта адзін дурань не ведае. Пачатак славутай арыі “Галькі”.

– Гэта, хлопча, песня: “Стала б ты калінай, абняў бы цябе я...” А гэта?

– Арыя Антаніды.

– Гэта “Выйду я на бо... на болані гуляць”. Спяваюць яе на Полаччыне, Віцебшчыне... А гэта?

Гукі загулі бадай што страшна. Голас Эдмунда ўдаваў бас.

– Н-не ведаю... Арганам гучыць. Што, нехта са старых немцаў?

– Ды не, – сказаў Вярыга. – Гэта “пан бог, цвярдыня мая”. Стары харал. Маеш рацыю, аднастайнасць. Манюшка, Глінка і... каго ты яшчэ там выбраў?.. Баха?

Людзі пырскалі па кутох.

– Ну што, яшчэ будзеш ці, можа, ужо досыць, зробім перадых? – Вярыга так і сказаў. – Думаю, досыць. Нецікава мне нешта з табою спрачацца.

– Я нядаўна сустрэўся з адным “італьянцам”, – як заўсёды, хаваючы ў шчыліны павек вочы, загаварыў страшны Малахоўскі. – То ён казаў, што на польскія і беларускія словы нельга пісаць музыку. Маўляў толькі паўнагалосныя мовы даюць добры тэкст для песні. Ён кампазітар. Свіння, – успыхнуў раптам Малохоўскі. – Я ніколі яму гэтага не дарую. Жарэ наш хлеб ды нас жа і лае. Прапанаваў яму верш Дуніна, верш Славацкага ды беларускі верш Сыракомлі. “Толькі папрасіце каго-небудзь перакласці. Да гэтых моў музыку пісаць нельга. Адна занадта шыпіць, другая занадта звініць”. Прапанаваў мне падшукаць яму паэта, каб той напісаў яму словы для харала падзякі гасудару імператару...

– А ты што? – спытаў Кастусь.

– Я спачатку хацеў быў... А потым падумаў, што яшчэ да суддзі трапіш... Не стаў звязвацца. Але праз месяў прынёс яму вершы... Гляджу, вылазяць вочы, вылязяць... “Ты што ж гэта прынёс? Мужыцкія вершы?”

– Чые вершы? – спытаў змрочны Валеры.

– Нашага “грамадзяніна князюхны”, – пырснуў Малахоўскі.

Алесь збялеў.

– Ты што... Ты якое меў права? Ды я і вершаў не пішу.

– А хто ў Кастуся аднойчы сшытак забыў і толькі на другую раніцу прыбег?

– Ды не пішу я, хлопцы, – Алесь вачыма маліў сяброў, каб падтрымалі. – Маніць ён.

– Увага! – сказаў Малахоўскі. – Князь Загорскі пры ўсіх кажа, што я – манюка. А я заяўляю, што ён – нізкі эгаіст і сябелюбца. Бо трымаць патрэбныя ўсім вершы ў сшытку і не чытаць іх...

– Змоўкні! – крыкнуў Алесь.

– То што, мне прачытаць ці папросім яго?

Валеры і Каліноўскія запратэставалі былі, але іх галасы заглушыў агульны крык:

– Просім! Просім!

– Я не паэт!

І тут ціхі голас з мяккім акцэнтам сказаў у раптоўнай цішыні:

– Што ж гэта ты саромеешся вершаў, хлопча?

Алесь крутнуў галавою ў той бок.

На парозе стаяў чалавек у сінім сурдуце і спадылба, з пахмурым, няўлоўным смяшком глядзеў на Алеся.

– Так нельга, – сказаў Шаўчэнка. – Спачатку гэта, праўда, як каханне. Страшана, што нехта даведаецца. Але нашто ж саромецца кахання? Дадзена яно – значыць, шчаслівы чалавек на зямлі.

Зыгмунт памкнуўся быў устаць яму насустрач, але пасівелы чалавек зрабіў яму няўлоўны жэст далонню, і той астаўся сядзець, толькі вочы засмяяліся.

– Калі ласка. І мне цікава, – з вельмі хатняй інтанацыяй сказаў паэт. – Паляк?

– Беларус.

– Тады тым больш... Вы адкуль?

І гэтая амаль вясковая інтанацыя ў словах мучанага-перамучанага чалавека раптам прыгадала Алесю белага-белага дзеда Кагута пад дзічкай у цвеце, захад і Дняпро.

– З Дняпра, – сказаў Алесь.

У зморшынках ля вачэй паэта раптам заззяла невыказная пяшчота.

– Тым больш, – сказаў Шаўчэнка. – Чытай, хлопча. Я цябе прашу.

– Не, – у Алеся перасохла ў глотцы. – Я чытаў сёе-тое з вашага, і...

Паэт зразумеў. Заварушыліся вусы.

Гарачыя, сінія цяпер, глядзелі на Алеся вочы. І Алесь раптам адчуў, што яму будзе не сорамна чытаць гэтаму чалавеку нават слабыя радкі, што ён нават хоча чытаць, што падсвядома, яшчэ палову гадзіны назад, марыў аб гэтым.

Ён стаў у нязграбнай паставе, нібы перад апаратам дагератыпіста.

– “Мова”, – сказаў ён.

У курыльні стаяла цішыня. Алесь адчуў, як б’ецца сэрца.

Вочы глядзелі на яго.

Ёсць паданне вякоў, што разбурыць калісьВавілонскую вежу Адам...І няўмольна сальюцца мовы зямліУ адну, народную нам.

Ён пачаў глуха: сэрца перашкаджала. Але плынь радкоў, як заўсёды, супакоіла яго, а тое, аб чым ён хацеў гаварыць, споўніла душу нязнанай пяшчотай, болем і любоўю.

А праз нейкую хвіліну голас ягоны ўзмацнеў, і ён пачаў адчуваць сэрцам кожнае слова. Чырвань кінулася ў шчокі.

І мая безвыходна пойдзе ў змрок,У атрутны, як вечнасць, цень, Трапяткая і сіняя, як васілёк, Гарачая, як прамень.Я ні шчасця, ні доўгіх год не жадзён.Хай пятля, хай памерці ў журбе, Хай не будзе ні шчасця, ні будучых дзён,Калі ў іх не будзе цябе.Сірата па з’едлівай волі багоў, Гінучы мой карабель, Хай не будзе світання ў народа майго,Калі досвіткам здрадзіць табе!І няхай да мяне не прыйдзе вясна,Шчасце, песня, каханне, спакой, –Ўсё адно не змяняю твой чорны праснакНа атруту пшаніцы чужой.Ад палеткаў райскіх лёгкай ступойЗбочу я да пякельных катлоў,Калі першы ж анёл на мове маёйМне не скажа: “Братка, здароў!”Той, хто схоча хоць слова тваё разбурыць, Хай раней у апошнім баюВозьме смерцю і полымем тры муры:Цела, сэрца, песню маю.Ты мой жытні хлеб і каханы май, Песня продкаў, нашчадкаў палі.Без цябе, не з табой – не патрэбен мне райНа душы, Ў небясі, На зямлі.

Хлопцы маўчалі. А ён глядзеў і нічога не бачыў. Потым, ускінуўшы вейкі, ён заўважыў, што паэт стаіць перад ім і сурова глядзіць яму проста ў вочы.

Разумеючы, што ў яго вось-вось падагнуцца калені, Алесь апусціў веі, каб не глядзець. Дзве рукі сціснулі Алесевы плечы. Ён адчуў, як лёг на ягоны лоб, над левым вокам, пацалунак, што пахнуў цыгарай, здаецца, нейкімі сухімі травамі і трохі віном.

Пецярбург спаў. Пад дугою мосціка драмалі гулкае цемрыва і чорная вада. Яны ішлі ўтрох і маўчалі. Гарэлі далёка-далёка адзін ад аднаго ліхтары.

Падымаўся вецер: відаць, зноў на дождж.

Паэт крочыў між сябрамі маўклівы і трохі змрочны:

– У вас на Дняпры сады?

– У нас сады, – адказаў Алесь.

– І ў нас сады.

– Я ведаю. Мой дзед расказваў...

– Адкуль ведаў?

– Некалькі год назад мне трапіў у рукі рукапіс нашага “Великого льоха”. Ты, Кастусь, можа, не чытаў, там адна душа вымушана вечна лётаць.

– Якую маеш на ўвазе? – спытаў паэт.

– Душу дзяўчынкі. Што ўбачыла на Дняпры залатую галеру царыцы і ўсміхнулася ёй. І вось мучыцца, пакуль не раскапаюць вялікі склеп.

Шаўчэнка глядзеў на яго насцярожана.

– На гэтай галеры ехаў мой дзед.

– Чаму?

– Царыцу звязваюць з імем майго прадзеда. Калі першы раз ехала ў Магілёў... І потым у Крым.

– Досыць непрыемна.

– Я не апраўдваюся, – ускінуў галаву Алесь. – Прадзед адмовіўся кінуць Дняпро, хоць яна яго і клікала.

– Ты не звяртай на гэта ўвагі, хлопча, – нібы нават прысаромлена сказаў Шаўчэнка. – І на “льох” не звяртай. Я тады быў малады. Жорсткі.

– Вы і цяпер такі, – упарта сказаў Кастусь. – Іншаму вас не навучылі, бацька. І добра.

– Ты князь? – спытаў паэт у Алеся.

– Так.

– Ну вось. А я былы прыгонны. І што з таго, калі мы побач ідзём тут, і ты сябра Зыгмунта і пішаш такія вершы. Мяркую, нашы разлікі за залатую галеру скончаны. Га?

– Яны даўно скончаны. Мой дзед варагаваў з усім гэтым яшчэ да майго нараджэння. Мяркую, і да вашага. Ён, дарэчы, ведае вашы вершы.

– І што ён кажа? – усміхнуўся Шаўчэнка.

– Сказаў: “Я б гэтага хахла не ў салдаты, а міністрам асветы замест дурня Уварава”.

Усе засмяяліся.

– Ну, мы б прасвяцілі, – усміхаўся паэт у сівыя вусы. – Ты, праўда, не пакутуй, хлопча, за тую галеру. Ідзеш той жа дарогай, што і людзі праўды, любіш няшчасны свой край, служыш яму, а астатняе – справа дзесятая.

Пачаўся дождж. Тарас ішоў, скоса паглядаючы на хлопцаў. Выйшлі да Нявы.

– Хлопцы, – сказаў раптам паэт. – Вы бачыце, што там?

– На тым беразе, пад аркай самага страшнага будынка ў імперыі, нібы вочы, ззялі два чырвоныя ліхтары. Глядзелі, адбіваючыся ў вадзе.

– Вось, – сказаў Шаўчэнка. – Вочы пад архангельскай аркай... Я вас да баязлівасці не заклікаю. Але вы ўсё ж як мага сцеражыцеся. Каб больш паспець. У вас жа нават горш, чым у нас. І таму рабіце, каб даўжэй не трапляць у іхнія рукі. Я вось трапіў і загубіў жыццё. Мне сорак чатыры, а жыць асталося мала. Лічаныя гады быў на волі. Дый то – хіба гэта воля? Жыццю канец, а не зрабіў нічога.

– Бацька, – сказаў Кастусь з дакорам.

– Гэта праўда, сынок. На жаль, праўда.

– Мы не збіраемся вас суцяшаць, – панізіў голас Кастусь. – А толькі... гіне народ, калі на пачатку ягонай дарогі не з’явіцца такі, як вы, без кампрамісаў. Словам, вы ведаеце, нам няма прычыны казаць вам няпраўду. Вы зрабілі шмат, хоць, магчама, менш, чым маглі б... Але ж тая клятая салдатчына, яна ж вартая лішніх вершаў! Яна ж кожнага, хто не пайшоў дзеля радзімы на ўсё, прымусіць захлынуцца ад сораму.

– Вы думаеце, вы канец? – спытаў Алесь. – Вы – пачатак. З часам мірыяды людзей сальюцца ў любові да вас, таму што вы нідзе не саступалі, таму што справа ваша – высакародная, таму што такой любові, як ваша, яшчэ пашукаць на зямлі. Такой любові, калі адзін чалавек ратуе цэлы народ.

Дождж ішоў вуліцамі і плошчамі вялікага горада.

– Вам шкада нас, – сказаў Алесь. – Вы паказваеце нам на тую браму. А самі вы думаеце пра тое, што і раней... Ды як вам магло здацца, што мы хочам другой дарогі?! Ды мы толькі і марым усё жыццё, каб пражыць, як вы, каб нават не толькі адмучыцца за сваю любоў, а пайсці яшчэ далей... загінуць за яе. Вы думаеце, яны нас палохаюць сваімі ланцугамі? Лухта! Мы глядзім на вас. Бо што зробіш, калі воля і радзіма жывуць толькі крывёю, талентам, мозгам, барацьбою, смерцю сыноў?

Паэт глядзеў на іх, схіліўшы галаву, вялікімі, цёмнымі ад паўзмроку вачыма.


  1. Абдыміце мяне. I ніколі ўва мне не сумнявайцеся (франц.).

  2. Губернскія камітэты ў канцы 1858 года былі ўжо ва ўсіх губернях еўрапейскай часткі Расіі. На пачатку 1858 года, у лютым, з сакрэтных камітэтаў у Пецярбургу быў створаны Галоўны камітэт па сялянскай справе, які і павінен быў падрыхтаваць рэформу.

  3. Корф Мадэст – рэакцыйны гісторык, у 1849 – 1861 гг. – дырэктар Публічнай бібліятэкі. У 1864 – 1872 гг. – старшыня дэпартамента законаў Дзяржаўнага савета.

  4. Дрэвы, помнікі нашы, колькі кожны год вас жарэ купецкая або ўрадавая маскоўская сякера (польск.).

  5. Старажытны, яшчэ з XVI стагоддзя, беларускі шкалярскі выраз барбарыстычнага паходжання: сябраваць, бавіць разам час, не вельмі звяртаць увагу на вучобу, але швэндацца заўсёды разам, не даючы сябра ў крыўду.

  6. Пуцілін Іван – наглядчык маскоўскай паліцыі, пазней начальнік вышукной паліцыі ў Пецярбургу. “Рускі Шэрлок Холмс”.

  7. Глава кракаўскай рэвалюцыі 1846 года.

  8. Саслоўе вольных земляробаў і воінаў, былой памежнай варты ў княстве Літоўскім. Вызваленыя ад усіх павіннасцей, непадсудныя ніякаму суду, акрамя свайго, адзначаныя некаторымі прывілеямі, і перш за ўсё асабістай незалежнасцю і зямлёй, яны мелі толькі адзін абавязак: бараніць мяжу. У іхніх пасёлках і вёсках, што ланцужком цягнуліся па паўночнай частцы Дзвіны і па Дняпры, збярогся ў найбольшай чысціні – бо ўлады пазбягалі іх чапаць – своеасаблівы патрыярхальны побыт, збераглася ў першапачатковай чысціні трохі архаічная беларуская мова, зберагліся не папсаваныя царкоўнасцю і пазнейшым нацыянальным уціскам абшчынныя звычаі, праявы звычаёвага права, песні і г.д.

  9. Пад словам “мэта” ў той час разумелі тое, дзеля чаго напісана кніга ці карціна, праспявана балада ці песня, – гэта значыць ідэю.

  10. Тут і далей размова ідзе аб героях беларускага фальклору.

  11. Легендарныя і гістарычныя беларускія героі-паўстанцы.

  12. Месца сутычак бедных і багатых у Оршы.

  13. Гаспадар аднаго з лепшых рэстаранаў у Пецярбургу.

  14. Будучыя дзеячы паўстання ў Польшчы ў 186З г.

  15. Царскі цэнзар.