17004.fb2
Пецярбург прачынаўся. У лютаўскім гнілым тумане куранты хрыпата, нібы з прастуды, нібы праз піўны кашаль, зайгралі “Коль славен наш господь в Сионе”.
Абрыдліва, увесь у слаце і мокрым снезе, уставаў над зямлёй світанак. Аблупленыя будынкі, шэрыя ад вільгаці палацы, цьмяныя агні ў вокнах, мокры, але моцны яшчэ лёд на Няве.
Мужчына, які выйшаў з глухога, як труна, пад’езда, паглядзеў вакол і сцепануўся, хутаючыся ў футра: так непамысна было вакол.
Фурман Варфаламей падвёў вараных і карэту да самага ганка, і ўсё ж той, што выйшаў, ледзь не чарпануў слаты вышэй галёшаў. Фурманава рука падтрымлівала апушчаную падножку.
Добрай раніцы, Варфаламей, з завучанай абыякавай ветлівасцю сказаў чалавек.
Раніцы добрай, Пётра Аляксандравіч, свет вы наш. Ножкі прыкрыйце. Дзьме. Ніякая не добрая тая раніца. Здароўечка каштоўнае страціце.
Карэта рушыла. Сядок усміхнуўся, прыкрыў ногі запонай і адхінуў фіранку са слюдзянога акенца.
Вуліцай ляцеў ці то жоўты дым, ці туман. Даносіла пахам золі, снегу і гною. Аблічча таго, што ехаў, скрывілася. Зноў цэлы дзень трэба ездзіць. Спачатку да міністра дзяржаўных маёмасцяў, якому ён абавязаны кар’ерай і ў якім, відаць, вось-вось перастане мець патрэбу. Потым, з ім, на пасяджэнне Дзяржаўнага савета. Праўдзівей ён пакуль што не член савета, чакаць у пакоях камісіі, пакуль не спатрэбіцца. Потым справы ў трэцім дэпартаменце міністэрства. Перад гэтым ён ледзь паспее паабедаць. А пасля дэпартамента вечар у вялікай княгіні Гелены Паўлаўны, адзінае больш-менш прыемнае здарэнне за ўвесь дзень.
Добра толькі тое, што знік з дому. У жонкі мігрэнь. Сын зноў капрызіць. Ён добры, але няўстойлівы і бязвольны, Нікс. Не ўзяў у спадчыну ягонай цвёрдасці і ягонага розуму.
Што ў яго самога ёсть розум, чалавек ані хвіліны не сумняваўся. Ды так яно, бадай, і было.
Чалавеку было сорак пяць год, але ён здаваўся трохі старэйшым ад даўно звыклай карэктнасці і стрыманасці. Высокі лоб, плоска прылізаныя над ім валасы, у дзіўным спалучэнні з імі кучаравыя бакенбарды, мясістыя вялікія вушы.
Твар звужаўся да падбароддзя, але яно было цяжкае. Відаць, чалавек ведаў, чаго ён хоча. Шкодзіла гэтаму ўражанню толькі іронія ў складцы рота і стомлены сум у вачах. Бровы навісалі над вачыма, высока ля пераносся, нізка ля скроняў. І нос навісаў на рот; калісьці просты, а цяпер абвіслы і таўставаты на канцы нос.
Словам, твар паважнага бюракрата. Трывожылі толькі вочы. Іронія, сум, стома, розум, чэрствасць і няўлоўная весялосць арганічна спалучаліся ў іх. Гэта маглі быць вочы іроніка, стомленага бюракрата, дзяржаўнага мужа. Гэта былі адначасова вочы вернападданага і вочы знаўцы свету пісьменніка. І самае дзіўнае, што так яно ўсё і было.
Чалавек, што ехаў у карэце, быў Пётр Аляксандравіч Валуеў, без двух месяцаў упраўляючы міністэрствам унутраных спраў, без дзевяці месяцаў міністр і роўна без дзевятнаццаці год граф. Былы нястойкі ліберал, былы ўлюбёнец Мікалая Першага, а цяперашні “асвечаны кансерватар” і дырэктар двух (а ўсяго было чатыры) дэпартаментаў міністэрства дзяржаўных маёмасцяў, правая рука міністра Мураўёва, былога магілёўскага губернатара, у будучым ката Беларусі і Літвы.
Варфаламей успомніў, што забыў спытаць, куды ехаць. З касцяной трубкі пачуўся пачцівы голас:
Куды везці, вашамосць?
Да міністра дзяржаўных маёмасцяў.
Карэта звярнула на Мойку. За ствол голай таполі кінуўся нейкі фацэт: каб не ўквэцала брудным снегам.
Пад’язджалі да дома, які саноўнік не любіў, хоць бываў у ім у гады маладосці, з нявестай, будучай першай жонкай, дачкой паэта князя Вяземскага. Ён не мог не думаць, што зрабіў добры выбар. З усёй маскоўскай моладзі Мікалай найбольш любіў яго, Валуева, і Скараціна, загадаў нават паступіць у першае аддзяленне ўласнай канцылярыі. Трэба было замацаваць прыхільнасць.
А Вяземскі быў адзін з найбольшых улюбёнцаў цара. Невядома за што, бо ў доме князя бывалі Сталыпін і Жэрве, і ледзь не самы блізкі друг гаспадара быў Пушкін. Дзіўны часам звязваецца ланцуг!
Ён, Валуеў, тады быў франдзёр, як цяперашні шэф калісь. Уваходзіў у “гурток шаснаццаці”, дзе былі той самы Жэрве, “Монга” Сталыпін, нябожчык Лермантаў, цяперашні эмігрант князь Браніцкі. І яшчэ таксама эмігрант і супрацоўнік “Колокола” П.В.Далгарукі. Ды яшчэ Шувалаў Андрэй, што цяпер таксама лезе ў вернападданыя. Адзінае суцяшэнне на шляху.
...Заплюшчыць вочы, праязджаючы паўз дом, дзе памёр Пушкін... Пушкін чамусьці меў да яго сімпатыю.
“Шаснаццаць” збіраліся пасля балю, вячэралі, курылі і размаўлялі, размаўлялі, размаўлялі. Трэцяга аддзялення і ягоных падвалаў быццам не было... Лермантаў крычаў аб тым, што ўладарам трэба разбіць галовы кайданамі, як раіў ілімскі вязень... Бедалага Лермантаў! Вось і з гэтым, пасля Пушкіна, звязаў лёс.
Валуеў, як заўсёды, расплюшчыў вочы зарана. Якраз ля яго была арка пад’езда, у які прывезлі паэта. Потым ля гэтага пад’езда плыў натоўп.
Пушкін любіў яго, Валуева, узяў прататыпам для Грынёва з “Капітанскай дачкі”... Цяпер гэта было Валуеву непрыемна, хоць трохі і казытала недзе, калі трэба было апраўдацца перад сабой... Мішэль Лермантаў плакаў, калі таго забілі.
Цяпер абодва мёртвыя. Не паспелі своечасова адысці ад памылковых поглядаў маладосці. А ён жыве. Ён быў чыноўнікам асобых даручэнняў пры курляндскім генерал-губернатары, курляндскім грамадзянскім губернатарам, і...
...У глыбіні душы ён ведаў, што вартасць ягонага “служэння айчыне” нічога не варта перад “служэннем” забітых, хоць яны пратэставалі і разбуралі. Каму трэба ведаць, хто быў у Курляндыі грамадзянскі губернатар у час Гогаля? І ён глыбінямі душы здагадваўся, што таму губернатары і помсцяць паэтам: адчуваюць сваю мізэрнасць і непаўнацэннасць. Маўляў, нажыліся, нашкодзілі, лізалі пяты, а ён у гэты час “Мёртвыя душы” пісаў.
Але яму трэба было выбіраць: ці паміраць з голаду на пісьменніцкім хлебе ў прадчуванні славы, ці бясслаўна служыць. Ён вырашыў служыць, але славалюбна, аддана, уедліва. Людзей, якія робяць палітыку краіны, таксама часам памятаюць.
...Валуеў адарваўся ад думак. Урэшце “Северная пчела” абвясціла, што ў “сёмае цараванне Аляксандра” (“Што за дурасць! Якое сёмае цараванне?”) у дні посту адбудзецца вядомая ўсім падзея.
Хай бы хоць лета. Яміны на вуліцах. Бруд, бруд, бруд.
Ён раптам прыпаў да акенца. Манумент Мікалая (“дурань даганяе разумнага”) упрыгожаны ля п’едэстала вянкамі. Таксама маўклівая маніфестацыя крайніх прыгоннікаў: “Глянь, маўляў, вось табе ў лютым жывыя кветкі. Гэты жорстка цараваў, аб рэформах і не думаў, трымаў усё стальной рукой затое і моцная была Расія. Праўда, набілі пад канец, але лепей ужо з бітай мордай ды на рабах, чым так, як ты, гасудар”.
На кветкі ляцела брудная слата.
Была дэманстрацыя прыгоннікаў і на паніхідзе па Мікалаю ў Петрапаўлаўцы. Таксама з кветкамі. Ён усміхнуўся, прыдумваючы, што скажа на суарэ ў вялікай княгіні.
“Цветы, впрочем, искусственные; такова же и демонстрация”.
І зноў зморшчыўся. Генерал-губернатор абвясціў ва ўсіх газетах, што ніякіх пастаноў па сялянскай справе не будзе. Так нельга. Сухое адмаўленне, сухое слова “ніякіх” магло толькі раздражніць народ.
Настрой быў благі. Паціраючы вузкія ледзяныя рукі, дырэктар дэпартаментаў, каб палепшыць гумор, думаў аб тым, што заўсёды радавала: аб уласным узвышэнні.
У глыбіні душы ён не верыў у моц сістэмы. І менавіта таму з усіх сіл хацеў палепшыць і ўмацаваць яе. Ён ведаў, што новай сістэмы яму не дачакацца, і таму хацеў спакойна пражыць свой век пры старой. Таму часам быў вернападданы да таго, што аж самога нудзіла. Таму і прапаноўваў аддаць лёс вызваленых, “на першы час”, у рукі ранейшых гаспадароў, а не ў рукі чыноўнікаў. “Конечно, первые не будут часто беспристрастны, но зато последние большей частью будут неблагонадежны”. Ён сам адчуваў, што гэта лухта, але іначай не мог. І менавіта таму, што ён адчуваў хлусню і здзерства, якія чыніліся вакол, ён выбраў сабе, на ўзыходзе сваёй кар’еры, зусім іншы сродак для яе.
Ён заўважыў, што разумная крытыка не вышэй дапушчальнай нормы выклікае прыхільнасць начальніка, калі ён не дурань, да таго, хто крытыкуе. Крытыка, калі яна толькі казыча, прымушае начальніка верыць у добрыя намеры падначаленага, у адсутнасць ліслівасці ў ягоным сэрцы. Лухта, што імператар любіў пякучую крытыку і нават сам патрабаваў яе! Пастка для дурняў.
Валуеў з усмешкай успомніў, як ён падаў запіску “Дума рускага ў другой палове 1855 года”. Гэта была міна, да якой ніхто не дадумаўся б.
“Благоприятствует ли развитию духовных и вещественных сил России нынешнее устройство разных отраслей нашего государственного управления?”
Цяпер трэба было толькі не сарвацца, не перагнуць у адказе. Ён не вельмі баяўся. Адказнасць за недахопы нёс нябожчык Мікалай. Цараванне Аляксандра аставалася яшчэ чыстай старонкай, і маладому цару патрэбна было рэнамэ свабодалюбца і дэмакрата. І таму Валуеў адказаў:
“Отличительные черты его заключаются в повсеместном недостатке истины, в недоверии правительства к своим собственным орудиям и пренебрежении ко всему другому. Многочисленность форм составляет у нас сущность административной деятельности и обеспечивает всеобщую официальную ложь. Взгляните на годовые отчеты: везде сделано все возможное, везде приобретены успехи, везде водворяется если не вдруг, то, по крайней мере, постепенно, должный порядок. Взгляните на дело, всмотритесь в него, отделите сущность от бумажной оболочки, то, что есть, от того, что кажется, и редко где окажется прочная плодотворная почва. Сверху блеск, а внизу гниль... Везде пренебрежение и нелюбовь к мысли, движущейся без особого на то приказания. Везде опека над малолетними"[65].
Ён усё ж баяўся. На ўсякі выпадак трэба было знайсці моцнага заступніка і абаронцу. І ён падвёў другую міну.
“Лишь Морское министерство... не обнаруживает, подобно другим ведомствам... беспредельного равнодушия ко всему, что думает, чувствует или знает Россия!!!”
Генерал-адміралам Марскога міністэрства быў вялікі князь Канстанцін Мікалаевіч, брат цара. І адзін бог ведае, як потым ён і вялікая княгіня Гелена Паўлаўна, да якой ён сёння пойдзе, падтрымалі яго. Доступ у салон вялікай княгіні, здзіўленне цара, падтрымка вялікага князя аж да загаду па ведамству, каб начальства не хлусіла, як заўсёды, нібы ўсё ў яго цудоўна.
І дарма. Бо скончыў ён запіску Валуеў усміхаецца так:
“В России так легко сеять добром! Русский ум так восприимчив, русское сердце так благородно! Россия гладкое поле, где воля правительства не встречает преград. Не скажет ли оно народу: да будет истина меж нами, и не вспомнит ли красноречивых слов, сопровождавших герб одного из древних русских дворянских родов: уму нужен простор!.. Россия взывает к венценосному вождю своему с безмолвною мольбою. Сердце царево в руце божьей”.
Ён ведаў, усё гэта будзе голасам, які лямантуе ў пустыні, і, як раней, будзе штамп, і бюракратызм, і мярцвячына, і зноў забароняць выезд за мяжу, які накладае “домашний арест на свыше 60 миллионов верноподданных его императорского величества”.
Праз два гады яго прызначылі дырэктарам другога дэпартамента. Яшчэ праз год трэцяга. І яшчэ ён – старшыня вучонага камітэта міністэрства. І яшчэ правая рука Мураўёва. І яшчэ статс-сакратар. І двойчы! павялічаная пенсія. І штогод, да канца жыцця, пяць тысяч срэбрам, і ўзнагароды, і пакеты з “благоволениями”.
У час, у час усё было зроблена. У час змагаліся разам з Мураўёвым супраць праектаў рэдакцыйных камісій аб рэформе. Але ўвесь час ён гуляў у бесстароннасць і быў “трохі-трохі не з урадам”, напрыклад, у справах польскіх, бо патрабаваў “маленечкіх” уступак палякам.
Цару не спадабаліся крайнія прыгоннікі. Валуеў ледзь не памыліўся, але хутка спахапіўся. Пачаў крытыкаваць іх, пачаў хваліць меншасць, заўважаць у іх “зрелость и образование, беспристрастие и правильность взглядов”. І зноў паварот.
Ён дапускаў, што яго могуць зваць “флюгерам”. Што ж, флюгера не ломіць ніякі вецер. І ён гаварыў пра неабходнасць свабоды друку, але не разумеў пад гэтым “поўнага прастору для развіцця матэрыялізму і дэмакратычнай прапаганды”. Гаварыў пра неабходнасць уступак палякам, але казаў, што польскае пытанне можна вырашыць не ў Варшаве, а толькі ў Маскве і ў Пецярбургу.
Не любіў Мураўёва, але не падаваў выгляду. Мураўёў пакуль што быў моцны, Мураўёў мог яшчэ дапамагчы Валуеву і лічыў выхаванага і адданага чалавека, які ўсім, многім, быў яму абавязаны, сваёй крэатурай.
Мураўёў рабіў глупства. Не ведаў сапраўдных адносін крэатуры. Крэатура лічыла, што чалавеку, якому шэсцьдзесят пяць год, даўно трэба саступіць сваё месца.
І амаль з радасцю Валуеў адчуў, што за апошні час зорка Мураўёва цьмянее. Гасудар быў халодны з ім. Пры нядаўнім дакладзе не падаў яму рукі. А ці даўно лісіца Клейнміхель называў Мураўёва “агульным збавіцелем”?
Вось яно! Амаль з прагай ён лавіў гэтыя адзнакі няміласці. Нават для гасудара Мураўёў стаў ці не занадта правы. Гнуткасці палітычнай няма. Дык ідзі ж у адстаўку. І ўсё ж, нават калі пойдзе ў адстаўку адносін занадта не псаваць. Такія часам прыдаюцца ўладам. Калі ўлады пачынаюць забываць аб лібералізме. Тады якраз і патрэбны людзі са стальнымі сківіцамі.
...Коні мясілі брудны снег на Ліцейным. Дворнікі ледзь паспявалі зграбаць яго ў кучы, але на бруку ўсё адно была каша. Валуеў глядзеў у акно. Ішлі мадысткі, хаваючы кардонкі пад плашчамі. Стаяў сокры, відаць сухотны, італьянец, прадаваў з латка гіпсавых напалеонаў і бісквітных голых жанчын. Па статуэтках кроплямі сцякала вада. Дырэктар успомніў, што на Беласточчыне ўзнікла дзіўная секта пад назвай “напалеонаўшчына”. Людзі патаемна збіраліся і маліліся перад бюстам Напалеона. Тое самае перакінулася і на Пскоўшчыну. Ідыёцкая краіна! У што б ні верыць, абы не ў добрыя намеры імператара. Сектантаў Валуеў ненавідзеў. Таксама ён цярпець не мог раскольнікаў. Уся гэтая публіка хай сабе і руская паходжаннем не была рускай. Назву “рускі” маглі з поўным правам насіць толькі тыя людзі, што моляцца ў Ісакіі (хаця ён і змрочны, як склеп), у дварцовай і Канюшаннай царквах. Трохі падазроныя былі нават людзі, што маліліся ў Петрапаўлаўцы. Вядома, гэта магільня імператараў, але Валуеў не ўхваляў гэтых чужых па стылю збудаванняў, гэтых галандска-нямецкіх штучак вялікага
Пятра.
Рускімі ён таксама трохі пагарджаў. І асабліва не любіў славянафілаў, накшталт Пагодзіна, з іхнім “родным квасам”. Гэта называецца краіна! Ні Таквіляў, ні Гізо, ні Бокляў нічога. Апошнія дні обер-паліцмайстар сталіцы Паткуль хвастаў дворнікаў і аднаму адваліў шчырай рукою дзвесце пяцьдзесят лозаў за тое,
што ён нібыта сказаў, што калі аб’явяць волю, то ён закрычыць “ура”. Так вось мы і ў еўрапейцаў ператвараемся.
Жорсткія вусны саноўніка сціснуліся. Праязджалі паўз адзін з самых ненавісных у Пецярбургу дамоў. Тут розныя Някрасавы і Дабралюбавы, дваране не з лепшых ды семінарысты, практыкуюцца ў нігілізме і “падкопах пад карэнне”.
Някрасава ён трохі ведаў. Досыць непрыемная асоба, але асабіста ён не змоўшчык. У яго ёсць грошы. І ўсё адно ён чужы.
Вось нядаўна яны шумелі аб “Заходнім краі”. Услед за Герцэнам. Філія рэдакцыі “Колокола”. Узрадаваліся магчымасці стварыць яшчэ асобную, беларускую нацыянальнасць. Мала ім цяганіны з украінафіламі. Ніякай асаблівай маларасійскай, ніякай беларускай мовы не было, няма і быць не можа.
Ён насілу прызнаваў нават права палякаў на мову. Ва ўсякім разе, яму не хацелася гэтага. Існаванне Польшчы, Літвы, Беларусі азначала, што так ці іначай давядзецца ступіць на шлях рэформ, шлях абрыдлівы, шлях, магчыма, гібельны, але неабходны. Бо, вядома, Расіі трэба толькі існаваць, каб ніколі не было незалежнай Польшчы[66] і іншага такога; але для таго, каб Польшча канчаткова ўлілася ў Расію і з ёю зраднілася, неабходна, каб імператар дараваў рускаму народу палітычнае жыццё. Народ, палітычныя правы якога абмяжоўваюцца правам плаціць падаткі, правам ставіць у армію рэкрутаў і крычаць “ура”, яшчэ не мае асіміляцыйных сіл.
Паціраючы халодныя вузкія рукі, вельмі зграбныя, хоць і кастлявыя, ён думаў пра карысць Расіі. Ён любіў падумаць пра карысць Расіі. Ён любіў пагаварыць пра карысць Расіі, асабліва калі слухаюць санавітыя людзі. Ён, урэшце, быў упэўнены, што ён дбае пра карысць Расіі.
Карысць Расіі, на яго думку, была ў тым, каб інародцы не смелі і падумаць, што яны не рускія, каб яны паступова і сапраўды пераставалі думаць пра гэта. Паны Някрасавы, Чарнышэўскія і Герцэны, нягледзячы на тое, што яны рускія, думаюць іначай і крычаць аб фікцыі братэрства народаў тым горш для іх.
Пакуль яны яшчэ не павешаныя, яны думаюць. Якая лухта! Нібы справа тут у самадзяржаўі! Дарослыя людзі займаюцца тым, што гуляюць у цацкі!
Яму дастаўляла асалоду думаць, што яны з іхнім сацыялізмам не больш як сляпыя шчанюкі, што сутнасць няўхільнага гістарычнага працэсу зразумеў толькі ён, Валуеў. Гэта ўзвышала яго ў сваіх вачах амаль да ўсяведнага бога, а іх рабіла цацачнай справы людцамі, якім пакуль што дазваляюць чыніць сёе-тое з таго, што яны хочуць.
Ён здзівіўся б, калі б яму сказалі, што на самай справе любяць Расію яны. Так, ён пагарджаў ёю, але ж ён узвышаў яе і намерваўся ўзвышаць усю астачу свайго жыцця.
Узвышэнне, на яго думку, заключалася ў тым, каб усе баяліся. Яму ніколі не прыходзіла ў галаву, што сапраўднае ўзвышэнне любові, што сувязь любові мацнейшая за сувязь ланцуга, што неад’емныя правы нацый, іх вольнасць і свабоднае развіццё іхняй культуры і мовы ёсць найлепшы сродак для братэрства. Ён ніколі не думаў, што боязь, уціск мовы і культуры і вечнае выстаўленне перад усімі свайго аўтарытэту і сілы можа прывесці толькі да нянавісці і, значыцца, рана ці позна – да паўстання і адкрытай разні. Калі ён двума гадамі пазней пачаў разумець гэта, было позна.
Не разумеў ён і таго, што максімальная свабода кожнай асобы не развальвае грамадства, а вядзе да яго ўзмацнення, што гэта прымушае кожную асобу не шукаць сродкаў для таго, каб узарваць дзяржаву, а, наадварот, прыкладаць усе сілы, каб узмацніць сваю грамаду, сваю айчыну. Ён, Валуеў, знішчаў нават некаторыя дакументы, якія “падлягалі забыццю ў інтарэсах Расіі”.
Якую такую Расію ён меў на ўвазе, вядома было аднаму толькі богу.
Калі гонар краіны не залежыць ад дзеянняў асобных людзей, то што можа яго знішчыць? А калі залежыць, то вінавата ў гэтым не краіна, а людзі.
...Будучы міністр праязджаў паўз нігілістычнае кубло, жарсткавата звузіўшы вочы. Яны не любілі Расіі, не “споспешествовали” яе велічы. Расію любіў ён.
...Карэта спынілася ля пад’езда міністра дзяржаўных маёмасцяў. На прыступках ганка чыста. Добра, што не прамочыць ногі. І яшчэ лепей было б, каб не давялося сустрэць міністрэсу, Пелагею Васільеўну. Рэдка даводзіцца сустракаць больш з’едлівых і злосных жанчын. Валуеў быў амаль упэўнены, што гэта шматгадовае жыццё з ёю сапсавала міністру характар, які і без таго быў не цукар. І яшчэ міністрэса была кар’ерысткай, больш нават, чым муж.
Ён падымаўся па сходах той асаблівай, выхаванай хадою царадворца і саноўніка, злёгку спружынячы на кожным кроку. Той хадою, калі здаецца, што на нагах цывільнага ўздрыгваюць, пазвоньваюць нябачныя шпоры. Ітут яму стала зноў непрыемна. Ішоў яго двайнік па становішчу, таварыш міністра, генерал-ад’ютант Зеляной. Спускаўся па сходах, відаць, з ранняга прыёму.
“Людзі валуеўскага складу не любяць падобных на іх, як адзін еўнух не любіць другога”, успомніў Валуеў словы кагосьці з гуртка Замятніна. Замятнін мог бы сказаць тое самая і пра сябе, але ўнутрана Валуеў не мог не згадзіцца са справядлівасцю ягоных слоў. Насцярожанасць супраць Зелянога трывала яшчэ і таму, што той часам кідаў з вока на вока надта ліберальныя думкі, нібы запісваў да сябе ў аўгуры: мы, маўляў, людзі свае і можам пагаварыць пра ўсё “не чинясь”. Няхай сабе іншыя гавораць што хочуць мы занадта добра ведаем сапраўдную вартасць гэтых слоў.
Пратэставаць Валуеву не выпадала. Зеляной быў пакуль што занадта моцны, і таму іх звязвала падабенства сяброўства. Таго сяброўства царадворцаў, калі людзі вельмі добра ведаюць, чаго чакаць адзін ад аднаго.
Добрай раніцы, Пётр Аляксандравіч, Зеляной ветла патрос вельмі гарачай рукою руку Валуева.
Добрай раніцы, мілейшы Аляксандр Аляксеевіч, завучаная ўсмешка блукала на вуснах Валуева.
У душы ён пасылаў Зелянога ў апраметную. Толькі адзін ён ведаў, якую маленькую помсту ён дазваляе сабе, калі ўпарта піша ў сваіў дзённіках яго прозвішча проста “Зялёны”, і гэта, забаўляючы, трохі мірыла яго з таварышам міністра. І ўсё ж, стаяць на сходах у такое надвор’е, гаварыць на вачах ва ўсіх!
Даволі дзіўныя меры, канфідэнцыяльна сказаў Зеляной. Войска кансігнавалі ў казармах. У кожную паліцэйскую частку камандзіравалі па палове ўзвода.
Я чуў, з прыемнай з’едлівасцю ўсміхнуўся Валуеў. Ва ўсіх баявыя патроны, і артылерыю трымаюць напагатове. І, кажуць, трымалі гатовых коней для імператара.
Як думаеце, чаму?
Гм, барацьба за вызваленне ў Расіі небяспечная на вынікі. Самі ведаеце, удзячны народ.
Зеляной рагатнуў:
Прыслуга кажа, ён не начаваў у сваіх апартаментах, а перайшоў на палову вялікай княгіні Вольгі Мікалаеўны. Спадобіліся!
Зноў пачыналася “размова аўгураў”. Яна была непрыемная Валуеву, але мусіў цярпець. Даносу і плётак не будзе. Па-першае, дваране і людзі свайго саноўнага кола, па-другое, удваіх. Зеляной не выпрабоўваў, ён не шэф жандараў, ён проста зневажальнік, патаемны брыдкаслоў і аматар адвесці душу. І ён пакуль што моцны.
Твар Зелянога быў рэзкі:
Я вам скажу чаму. Ва ўсіх іх дынастычны недавер да рускіх людзей. Людзі нямецкай крыві.
Гэта ўсім было вядома, але Валуеў сказаў з іранічнай усмешкай, якая не пратэставала, а нібы згаджалася:
Злітуйцеся. Раманавы?
Што зробіш. Нават калі лічыць, што Павел быў сын Салтыкова, і то ў жылах гасудара адна восьмая рускай крыві. А іначай ані кроплі.
Мы з вамі ведаем, кроў лічыцца не працэнтамі, як у іншых. Радавы дух, вось што галоўнае. Нават калі з пакалення ў пакаленне яны жаніліся б на камчадалках усё адно, корань жа аднекуль ідзе? І гэта корань Раманавых. Вы ж не перастаеце быць Зеляным, хоць вашы продкі з пакалення ў пакаленне жаніліся на жанчынах іншых прозвішчаў.
Сказана было ўдала. Зеляной прыжмурыўся ад асалоды. З Валуевым можна было мець справу: il a de l'esprit вастраслоў, дасціпнік.
Валуеў вырашыў усё ж і сам сказаць вольнасць. Няма чаго занадта стрымлівацца. Вольнасць у людзей, так звязаных адзін з адным, у людзей, небяспечных адзін для аднаго, узмацняе давер:
Хоць, вядома, я дорага даў бы, каб усё гэта мела выгляд большай смеласці... Што міністр?
Ён ведаў, адчуваў, што Зеляной непрыкметна падкопваецца пад шэфа, і не зазнаваў з гэтай прычыны ні абурэння, ні ўхвалення. Усё было вельмі звычайна і так, як мае быць. Ён занадта добра ведаў, што за гэтымі ўсмешкамі, даверам, агульным сваяцтвам, балямі і запэўненнямі ў сяброўстве увесь час другім фонам ідзе патаемная вайна: самае сапраўднае капанне траншэй, падводка мін, папяровыя стрэлы з-за вугла.
Ён мне не падабаецца, сказаў Зеляной. Скажу вам па сакрэту, яго песенька спета. Хоць, паверце, мне шкада. Мне вельмі шкада. Вы ведаеце, я столькі абавязаны Міхаілу Мікалаевічу.
Усе мы абавязаны яму, з прыстойнай журбой сказаў Валуеў. Усім шкада.
Яны зірнулі адзін аднаму ў вочы і лішні раз упэўніліся, што ўсё разумеюць і што можна гаварыць далей.
Ведаеце, пры апошнім дакладзе гасудар амаль сказаў Мураўёву, што не жадае мець яго міністрам, сумна сказаў Зеляной. Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў нібыта можа абысціся без яго.
Без года міністр дзяржаўных маёмасцяў зірнуў на без дзевяці месяцаў міністра ўнутраных спраў і ўбачыў, што Валуеў разумее яго і не здзіўляецца.
Вось як? сказаў Валуеў.
Так, сказаў Зеляной. Ён з гневам і ўдарыўшы па стале сказаў, што не дазволіць міністрам процідзейнічаць выкананню зацверджаных ім пастаноў па сялянскай справе і што ўпраўляючыя палатамі дзяржаўных маёмасцей павінны дапамагаць, а не працівіцца выкананню гэтых пастаноў.
Бедны Міхаіл Мікалаевіч, спачувальна сказаў Валуеў. Вось і май пасля гэтага ўласную думку...
Вочы іхнія адначасова сказалі: “Мы-то з вамі не зрабілі б гэтага. Стары выжыў з розуму. Яму здаецца часам, што гэта ён цар, а з імператарам, няхай і бязвольным, але капрызным, так не жартуюць”.
Уголас Зеляной сказаў з выглядам душы-хлопца, які ўсім рэжа праўду-матку (яму гэтая маска пасавала, як Валуеву маска крытыкана і ліберала, рупліўца аб Расіі, і ён трымаўся за яе так, што яна прырасла да аблічча):
І нас з вамі тое самае чакае, Пётр Аляксандравіч. Самастойныя мы занадта, на павадку хадзіць не любім.
Абодва ведалі: калі іх што і зваліць, то чарговы падкоп сяброў, але думаць аб самастойнасці абодвум было прыемна.
Відаць, вялікі князь Канстанцін абудзіў у гасудару гэтую думку аб процідзеянні міністра дзяржаўных маёмасцяў і яго падначаленых, задумліва сказаў Валуеў. Мураўёў сябе трымае з большай годнасцю і спакоем, чым звычайна.
О, ён дзівосны! Ён сказаў, што воля яго вялікасці будзе свята спаўняцца і што, калі ён, міністр, знойдзе, што прыняцце нейкіх там мер пярэчыць яго сумленню і перакананням, ён будзе прасіць звольніць яго ад абавязку выконваць такія загады. Гасудар на гэта не сказаў ні-чо-га. Толькі “бывайце”.
Што Мураўёў? спытаў Валуеў.
Ён дома напісаў ліст да гасудара з просьбаю аб звальненні.
Зеляной уздыхнуў і са скрухай развёў рукамі:
Мне яго шкада. Я даў яму параду не пасылаць ліста да наступнага даклада, каб спаўна пераканацца, што выяўлены гасударам настрой розуму не быў хвіліннай успышкай, якую выклікалі нагаворы.
Я заўсёды ведаў, што вы чалавек зычлівы, сказаў Валуеў.
А вы справядлівы, пранікнёна сказаў Зеляной. І добра думаеце аб людзях.
З цеплынёй заглядаючы адзін аднаму ў вочы, яны горача патрэслі рукі і разышліся, увогуле задаволеныя сабой. Размова была на вышэйшым узроўні, тая размова, вытанчаная і з соллю, у якой словы не азначаюць нічога і ўсё азначае падспуднае веданне намераў і сіл субяседніка.
...Вокны кабінета былі завешаны лілаватымі шторамі. Скупа палаў камін. Бюракратычныя, дробна пікіраваныя скураныя крэслы і дзверы, строгі стол з абцягнутай зялёным сукном верхняй дошкай, цяжкія кандэлябры, падобны на стаячую труну англійскі гадзіннік у куце.
Шэф устаў з крэсла. І Валуеў, як заўсёды, спалохаўся, як бы не выдаць яму непрыемнага пачуцця, чымсьці падобнага на жах.
У начным святле гэтага каміна, у ліловых водсветах штор шэф быў страшны, і тым больш ветліва, з перабольшанай прыхільнасцю ўсміхнуўся яму Валуеў.
Кароткапалая рука шэфа рыўцом працягнулася, сціснула, нібы злавіла, руку падначаленага. І тым больш дзіўны быў пасля гэтага голас шэфа, голас ветлівага гаспадара, хлебасола, трохі правінцыяльнага аматара пасядзець ля агню з піпкай ды чарачкай кменнай (“Каньяк ну яго! Заморская штучка!”), у расшпіленым мундзіры:
Сядайце, Пётр Аляксандравіч. Вып’еце па надвор’ю?
І хоць піць з раніцы было дрэнным тонам, Валуеў не палічыў за магчымае адмовіцца. Шэф цярпець не мог правіл і парушаў іх як мог, ён увогуле выкрасліў слова “шокінг” са свайго лексікону.
Апошнія дні дажываем, сказаў Мураўёў. Вось-вось адмена. А што там?
І падначалены падумаў, што той гаворыць пра сябе, а не пра прыгон.
Яны маўчалі. Ні ў кога Валуеў не бачыў такіх разумных, непрыемна разумных вачэй. А можа, гэта здавалася па кантрасту з абліччам міністра. Гэта было нібы выпаўзла з зямлі, з апраметнай, абрыдлівая і страшная пачвара, уся яшчэ слізкая ад свайго ходу пад зямлёй. І раптам узняла цяжкія, бы ў Вія, павекі і зірнула, нечакана да жаху, неверагодна чалавечымі вачыма.
Твар гэты здаваўся яшчэ больш страшны, бо выступаў, як на карцінах Рэмбранта, жаўтавата-аранжавай плямай з цемрыва. І блікі агню скакалі па ім. Як сякерай высечаны, тлусты і па-старэчы ўжо друзлы, шырокі, з цяжкім падбароддзем, тупым носам і грубым вялікім ротам твар. Жорсткія бачкі, металічна-шэрая скура, нізкі лоб з жорсткімі, як конскае грэбла, валасамі над ім.
Цяжка, як у сабакі, звісалі ніжэй сківіцы брылы шчок. І на гэтай абрыдлівай масцы свяціліся пранізліва-разумныя вочкі, адзіна чалавечае, што на ёй было.
Валуеў успомніў, як характарызаваў міністра Фёдар Берг, які Мураўёва цярпець не мог. Усеўладны генерал-губернатар фінлядскай сатрапіі вастрасловіў з міністра, пацяшаўся з яго аблічча, з гэтай круглай галавы, з вялых, як вялізныя пельмені, вушэй:
Кожнаму сваё, панове. Калі на партрэце Ярмолава захінуць мундзір, пакінуўшы адну галаву, атрымаецца леў. Калі на партрэце Мураўёва захінуць мундзір, атрымаецца бульдог.
Ды не, гэта быў не бульдог. Гэта было страшней.
Чулі? дабрадушна спытаў шэф.
Чуў, не палічыў за магчымае хавацца падначалены.
Вось яно як, Пётр Аляксандравіч. Вось і падзяка. Воля гасудара адмяняць законы, але, пакуль не адмяніў, павінен ён ім падпарадкоўвацца? Вось жа! Нічога. Зазнаеце гэта і вы, і вам прыйдзе час ехаць да вашага Нікса, як я вось зараз паеду да свайго сына Мікалая ў Разань. “Хто такі?” спытаюць. “Цс-с, бацька губернатара, былы міністр, былы губернатар, муж Пелагеі Шарамецевай. А цяпер саджае капусту ды шампіньёны разводзіць”.
Што вы, Міхаіл Мікалаевіч, вы ж іх цярпець не можаце.
Мала чаго я цяр-пець не ма-гу. Не пытаюць. Не пытаюць пра гэта-с. Верныя слугі імперыі цяпер у Парыжы грошыкі прафукваюць. Як княгіня Баграціён. Чулі, што Пален сказаў? Qu'une colonne ennemie I'avait coupée á la bataille d'Austerlitz at que depuis elle n'avait pas réussi á se dégager[67]. Дык гэта жанчына! А мужчыны?
На вашым месцы я пачакаў бы адкрыцця новага камітэта вясковых абываталяў.
Апусціліся і потым ускінуліся цяжкія павекі. Рот, падобны на трэшчыну, заварушыўся:
Mais vous concevez qu'il m'est plus avantageux de m'en aller plutôt. Il faut mieux être dehors avant la bagarre[68].
На хвіліну ў душы Валуева варухнулася думка: “А сапраўды, ці варта рабіць кар’еру, калі непазбежны такі канец?” Але ён ад гэтай думкі адмахнуўся і забыў. Раз і назаўсёды.
Узыходзячая зорка сціпла апусціла веі перад няшчасцем заходзячай. І раптам Валуева ўразіў дзіўны гук.
Міністр смяяўся:
Лухта ўсё, лухта. Без пары гэта яны са мной задумалі. Прыходзіць час, калі кожныя верныя рукі на вагу золата. А гэтыя асабліва. Што яны могуць ніхто не можа. Не вар’ят жа Арлоў, не сонны ж Блудаў, не лібералішка Мілюцін? Лухта ўсё!
Голас быў такі незвычайны, нібы нават трыумфуючы; так гарэлі вочы, што Валуеў падумаў: “Гэты чалавек ведае нешта такое, чаго не ведаем мы”.
Я на вашым месцы не спяшаўся б ісці.
Нашто? Няхай паклічуць. Галава не адваліцца... Дні страшныя ідуць, Пётр Аляксандравіч. У-у, якая ідзе навальніца!..
Шараватае, аранжавае ад агню і друзлае аблічча ўсміхалася. Вочы глядзелі паўз субяседніка, некуды ўдалячынь.
Даскакаліся. Даліберальнічаліся.
Вы нешта ведаеце, Міхаіл Мікалаевіч?
А вы не чулі? Беспарадкі ў Варшаве, вусны Мураўёва склаліся ў сарданічную ўсмешку. Палячышкі хацелі адслужыць, а мо і адслужылі, трызну па забітых у Грахоўскай бітве. Вось так. Вымушаны былі страляць. І страляюць дагэтуль. Мы цяпер не лібералы. Пляваць Еўропе на тое, што мы мужычкоў вызваляем. Нас, прабачце, у непрыгляднай галізне па свету пусцілі. Мы цяпер прыгнятальнікі народаў, як скінуты сіцылійскі Бурбон, як аўстрыйскі кароль, што здзекуецца з венграў. Даскакаліся, мілы Пётр Аляксандравіч... Каменні ў войска кідалі. Войска дало залп. Ёсць параненыя і шасцёра забітых.
Зноў заварушыўся ва ўсмешцы рот. Як трэшчына ў шэрай скале.
Пачалі, галубочкі. Ці не занадта толькі рана.
Як жа яно там было? задумліва сказаў Валуеў.
У Варшаве між тым было страшна.
Даўно прыдушаны народ не мог больш цярпець палітыкі нязначных ільгот. Ён хацеў зямлі яму давалі дазвол на арганізацыю Зямельнага таварыства (займайцеся, панове, аграноміяй!). Ён патрабаваў свабоды урад дазваляў вярнуцца сасланым у Сібір. Ён жадаў незалежнасці сваёй радзімы давалі амністыю для эмігрантаў.
Дэманстрацыя 27 лютага 1861 года была стыхійная. Кіраўнікоў у яе не было і не магло быць. Адзінымі кіраўнікамі былі крыўда, абражаная нацыянальная годнасць і гнеў. Партыі, якія ўсплывалі над закалатам, былі выштурхнуты на паверхню неўтаймаванай плынню. Што, сапраўды, меў да народа да ўсіх гэтых рамеснікаў, дробных гандляроў, рабочых правадыр шляхты Андрэй Замойскі?
У гэтым сэнсе лютаўская дэманстрацыя была самым дэмакратычным, але і самым дрэнна арганізаваным рухам ледзь не за ўсю гісторыю паўстання. У яго шэрагах амаль не было змоўшчыкаў-прафесіяналаў.
І паўставаў, і кіраваў, і гінуў адзін і той самы тытан варшаўскі плебс. Ён шчыра казаў усяму свету, што ў яго няма іншых сродкаў на тое, каб яго пачулі, акрамя жывых ахвяр, і што ён будзе прыносіць гэтыя ахвяры адну за адной, сотню за сотняй, тысячу за тысячай пакуль яго не пачуюць.
Ён давёў гэта. І пазней, вядома, не здрадніцкая палітыка і высокія словы Веляпольскага і не шавінізм белага жонду штурхнуў у паўстанне шматтысячныя беларускія масы, а гераізм простых людзей на варшаўскім бруку, агульная з імі доля, аднолькавы прыгнёт, і яшчэ такія людзі, што разумелі ўсё гэта, такія, як Каліноўскі.
Плебс лямантаваў аб вясковых справах і хацеў падаць цару адрас аб патрэбах краю шляхта адмовілася падаць яго. Цар адказаў плебсу на мове свінцу і агню.
Людзі хацелі ўпарадкавання мясцовага заканадаўства, новых цэхавых уставаў, прасілі аб роўнасці яўрэяў у правах у адказ на гэта ўсіх іх зрабілі рэвалюцыянерамі.
Страляць па дэманстрантах пачаў батальён пяхоты, што абараняў палац намесніка і быў аддзелены ад натоўпу кратамі агарожы. Годная смеласць! Між тым страляць не было патрэбы, гэта маглі зразумець нават чыгунныя мазгі ваенных, таму што люд ужо ўцякаў, рассеяны казацкай лавай. Генерал Забалоцкі, які камандаваў войскам, бачыў гэта, бачыў тлум і ўцёкі людзей на Кракаўскім Прадмесці. Нават ён мог бы зразумець, што гэты залп рэч непатрэбная. І, аднак, ён аддаў загад. За гэта яго двума гадамі пазней прызначылі мінскім губернатарам.
Невядома, чаму Забалоцкі гэта зрабіў. Магчыма, адчуваў глухі пецярбургскі настрой. Усім у сталіцы абрыдла тактыка чакання, насцярожанасці, уступак і высочвання ў адносінах да Варшавы. Гнайнік прасцей было рассекчы ўдарам ланцэта. І ніхто не думаў, што гэты гнайнік шматтысячны горад з палацамі і халупамі, мяшчанамі і панамі, студэнтамі і рамеснікамі.
Пасля залпа Кракаўскае Прадмесце і Замкавы Пляц уяўлялі жахлівае відовішча. Паплямаваная кулямі калона сярод плошчы і рабыя муры дамоў, разбітыя вокны, шкло на мёрзлым бруку (брук якраз падмошчвалі), галёшы, кінутыя кантычкі, сям-там плямы крыві і распырсканыя мазгі.
Вось і ўсё.
Не, не ўсё.
Жыў сабе быў у горадзе Варшаве маленькі, як блыха, зацёрты чыноўнічак з “саплівых”. Звалі яго Ксаверы Шыманоўскі. Не меў ён грошай жыць дзе-небудзь, акрамя поўнай зладзеямі Крухмальнай ці Рыбакоў. Ходзячы дадому, відаць, баяўся, што абрабуюць, асабліва калі затрымлівала праца ў неслужбовы час…
........................................
... Малады чалавек, вы што, пераказваеце нам гогалеўскі “Шынель”? Нам гэтых варшаўскіх варыяцый на пецярбургскія тэмы не трэба. Вы лепей раскажыце пра яго нешта цікавае. Ці не закахаўся ён часам?..
Я ківаю галавой:
Вядома, закахаўся. Раптам закахаўся. У самую гожую, у адзіна верную даму на зямлі...
І гэты варшаўскі “Шынель” меў зусім іншы канец. Ён скончыўся не так, як пецярбургскі. Знялі з плеч не капот, знялі веру ў сэрца чалавечае, у права, у шчасце.
........................................
Натоўп разбегся. Аставаліся купкі загнаных у падваротні, прыціснутых да зачыненых пад’ездаў людзей.
Казакі, чаркесы і ўланы вярталіся. Ад замка рухаўся яшчэ адзін атрад. Сумятня і жах павіслі над горадам.
І тады ў сэрцы Шыманоўскага ўспыхнула раптам шалёнае каханне да самай гожай дамы, той, якая так рэдка з’яўляецца ў гарадах і вёсках зямлі.
Яе трэба было бараніць. І Шыманоўскі кінуўся да нагрувашчаных у кучы камянёў і сыпануў на коннікаў каменны град. Яшчэ нехта стаў побач з ім... Яшчэ... Яшчэ нечыя рукі схапілі камень.
Рыцары гэтай дамы насілі калісьці меч Мюнцара, цэп Вашчылы і аркебуз гёзаў. Цяпер яны кідалі камяні. У іх не было зброі.
І яны адбілі атаку коннікаў. І тыя кінуліся ўцякаць.
Зброі сапраўды не было. Людзі прадмесцяў хапаліся за доўбні і білы ад ложкаў, кухонныя нажы і сякеры, пісталеты, непрыдатныя нават на тое, каб забіць з іх курыцу ў клетцы, за пожагі і разакі, за таўкачы. А за спіною ў плебса ўжо вязалі выкруты і адрасы, плялі, урэшце, пятлю на ягоную шыю.
Намеснік Гарчакоў сустрэў Замойскага з біскупам Фіялкоўскім, і між імі ішла гжэчная бяседа. Ён згадзіўся прыняць ад паноў польскі адрас, які і быў 2 сакавіка надрукаваны ў “Journal de St Pétersbourg”, выкруціўся сяк-так ад адказнасці. І пачаўся гандаль. Цягнулі час, нібыта чакаючы адказу на адрас ад цара. Паліцыя і войска пакінулі вуліцы, бо гасудар вырашыў не дзейнічаць выключна сілай. Дзевятнаццатага лютага Варшава была нават ілюмінаваная, парадак на вуліцы трымалі мяшчане і студэнты.
Той самы Валуеў пазней кпіў з Гарчакова і іншых, што яны даюць прыклад d'un petit gouvernement provisoire á I’ombre de la bonne petite citadelle de Varsovie[69].
Гарчакоў згадзіўся вызваліць ад спраў обер-паліцмайстра Трэпава, чалавека, які больш за ўсё крычаў аб рускім гонары, таму што быў Трэпгоф звычайны Фёдар Фёдаравіч з немцаў.
Між тым у Расіі пачаліся перадрэформенныя і паслярэформенныя хваляванні, а паколькі маніфест аб вызваленні не меў на ўвазе царства Польскага (гэта здарылася трохі пазней), то заварушыўся і польскі хлоп. Цар зразумеў, што “рассекание гнойника” цяпер справа несвоечасовая, і вымушаны быў пайсці на некаторыя ўступкі.
За спіною ў народа збіраліся групы і фракцыі, якія меркавалі, колькі прасіць за кроў, пралітую варшаўскім людам.
Група негацыянтаў, якую простыя варшавяне сваімі пакутамі і смерцю ўпершыню пусцілі ў палітыку, нібы з суконнымі рыламі ў калачны рад, складалася з банкіра Леапольда Краненберга, самай багатай кішэні па гэты бок Буга, а таксама з Якуба Натансона, Юзэфа Крашэўскага, мільянераў Юргенса і Рупрэхта і лекара Ігнацыя Бараноўскага. Стопрацэнтава годнае мінулае было хіба ў Караля Рупрэхта, які некалі, накшталт рускіх Петрашэўскага і Дурава, пастаяў-такі на эшафоце пад пятлёй.
Гэтыя абмеркавалі пахаванне забітых, некаторыя правы для трэцяга саслоўя (якое надзвычайнае падабенства з “залай для гульні ў мяч” падчас Вялікай французскай рэвалюцыі, падумаць толькі!!!) і яшчэ як утрымаць люд ад далейшых дэманстрацый і выступленняў, як адабраць у яго з рук нажы і пожагі.
У гэтым была пільная патрэба. На вуліцах багата апранутых людзей суправаджалі ўжо кашэчым мяўканнем і канцэртамі, а часам і гнілой гароднінай.
Нахабныя палякі спявалі:
Цярпець такое было нельга. Людзі гэтыя баяліся таго, што пачыналася на вёсцы і выбухнула ўжо ў сталіцы. Але ім вельмі хацелася нешта выгандляваць сабе на чужой крыві. Дагэтуль усеўладная шляхта лічыла іх людзьмі толькі тады, калі трэба было пазычаць (прабачце, аддаваць!) грошы. А на іх працавала больш паловы людзей двухсоттысячнага горада.
І таму, перш за ўсё рупячыся аб парадку, яны арганізавалі грамадзянскую варту, якой пачаў кіраваць Рупрэхт, як чалавек, бліжэй за ўсё знаёмы са смерцю.
Варта навяла парадак. Суровыя санкюлоты са студэнтаў (порткі іхнія, сапраўды, прымушалі чакаць лепшага), засунуўшы за стужкі капелюшоў пасведчанні, хапалі на вуліцах людзей пасля каменданцкага часу і цягнулі іх у купецкую зборню (do Resursy), не шкадуючы па дарозе кухталёў і іншых “дабротаў”. Асабліва даставалі п’яныя, якія крычалі, што ў цытадэлі мала войска, або цвярозыя, якія казалі, што цяпер якраз час узяць царызм за глотку. Іх звалі правакатарамі, якія хочуць крыві ў час, калі вось-вось будуць рэформы, і “агентамі Масквы”, хоць Масква аб гэтым, дальбог, нічога не ведала.
Грамадзянская варта раззбройвала рабочыя ўскраіны, адбірала ўсё, чым можна калоць або рэзаць.
Рэвалюцыя на вачах рабілася буржуазнай. І самае дзіўнае, што хлопцы з варты дзейнічалі так з самых чыстых намераў.
Зборня адпускала затрыманых. Але часам “агентаў Масквы” разам са зброяй выдавалі жандарам, і тады “агентаў” (пэўна, за няспрытнасць) судзілі і высылалі не бліжэй Арэнбурга і не далей Нарыльска. Імперыя жартаваць не звыкла.
Забітых на дэманстрацыі пахавалі, як магнатаў. Уладары хоць якой-кольвечы маёмасці атрымалі некаторыя прывілеі на абарону яе. Рэфармаваны быў гандлёвы трыбунал, у які цяпер увайшлі і яўрэі (выключна гуманная мера, асабліва калі ўлічыць, што тысячы іх местачковых братоў шаўцоў, лудзільшчыкаў і іншых па-ранейшаму жывацелі ў самай гаротнай беднасці). Рамеснікам-яўрэям з горада хоць дазволілі запісвацца ў цэхі (якія і так задыхаліся ад недахопу працы). Яўрэі-местачкоўцы не атрымалі нічога, урэшце, так, як і хрысціяне. Банкіры заклалі першую цагліну ў падмурак братэрства народаў і роўнасці іх перад нэндзай і галечай.
Былі некаторыя палёгкі ў сэнсе права, было імгненне палёгкі палітычнай кароценькае, з заечы хвост.
На вачах простага люду банкіры ягонай крывёй купілі багацце, пашану і грошы сабе. Не першы і не апошні раз.
Гандлявалі, аднак, не толькі фінансісты. Свой кавалак хацела выдзерці з зубоў цара і магнацтва. Яно не магло выступіць супраць рэформы, якая была яму выгадна. Значыцца, трэба было патрабаваць нацыянальных ільгот, каб хоць не шчаміліся ў іхнія рахункі з мужыкамі беларусы, кацапы ды немцы. У імя таго, каб скінуць з вагаў беларускую буржуазію, якая толькі нараджалася, але была жвавая і ўчэпістая, магнаты нават адмовіліся ад “Заходняга краю”, усталяваўшы мяжу каралеўства[71] па Бугу.
Потым, калі пачаў плысці парахавы дым і з агульнай колькасці паўстанцаў у шэсцьдзесят тысяч было не менш як дваццаць пяць тысяч беларусаў, магнаты ўжо ніколі не казалі гэтага.
Праект Веляпольскага, аднак, адкінулі самі магнаты. Ён быў занадта канкрэтны: патрабаваў свайго сената, сейма, сваёй арміі. Яны ведалі: гэтага не дазволяць. Ды яны і пабойваліся рэвалюцыйнай сітуацыі.
Магнаты ўхвалілі другі праект, праект Эдмунда Ставіскага, які вызначаўся поўнай бездапаможнасцю і не меў нічога канкрэтнага: так, некалькі аркушаў паперы, спісаных прыгожымі словамі. Хвалілі Польшчу і адначасова дыгалі ножкай перад царызмам.
Цар прыняў і надрукаваў адрас. Ён не мог рызыкаваць, не мог згадзіцца, каб у такі навальнічны час узбунтаваліся яшчэ і палякі. Тым больш што праект Ставіскага не патрабаваў ніякай рэвалюцыі. Проста самаўладцу гаварылі такія словы, якіх ён дагэтуль не чуў.
Перамога варшаўскага руху была, такім чынам, хутчэй маральная. Буржуазія, мяшчанства, гарадскі плебс упершыню адчулі, што не адной шляхце абпальваць палітычныя гаршкі, што яны таксама сіла. І менавіта таму, што яны былі сіла, намеснік Гарчакоў і магнаты кішэні так лёгка дамовіліся між сабою.
Плебсу не хапала правадыра. Не хапала Траўгута, не хапала Каліноўскага, не хапала тых, што двума гадамі пазней узялі ў свае маладыя непрымірымыя рукі стырно паўстання. І таму люд варшаўскі быў надзіва памяркоўны, хоць у душы, вядома, хацеў большага.
Проста не было каму сказаць за яго. А імператар ахвотна падпісаў 26 сакавіка рэскрыпт аб рэформах у Польшчы, і на гэтым і ён і паны супакоіліся. Адзінае, што тут было добра, невялікая колькасць ахвяр, якімі давялося заплаціць за гэтыя рэформы.
Рэвалюцыя так і не стала рэвалюцыяй.
Быў потым, праўда, яшчэ адзін “эксцэс”, але ён ужо нічога не мог змяніць. Гарчакоў баяўся, што агалошанне новых правоў выкліча непарадкі. Загадалі біць у барабаны, каб людзі не збіраліся ў натоўпы і сядзелі па дамах. І сапраўды, на ўсіх падаўленнях менавіта так, громам барабанаў, прымушалі дрыжаць чалавечыя сэрцы: пошчак так нагадваў залпы. Варшавяне, аднак, не ведалі гэтага. Наадварот, яны палічылі грукат за запрашэнне да збораў. І людзі даверліва ішлі да намесніцкага палаца і ратушы, каб паслухаць, што там агалосяць, на людзей паглядзець і сябе паказаць. Гэта было падобна на непаслухмянства, але яны аб гэтым не думалі. І не думаў аб тым генерал Сцяпан Хрулёў, былы ўдзельнік севастопальскай абароны, а цяпер камандзір другога армейскага корпуса. Ён і сваю мову ведаў хіба што толькі каб гаварыць аб статутах і тактыцы, а польскую і пагатоў. Слова obebnić[72] азначала для яго толькі “ударыць у барабан”, і ён занадта добра помніў, што барабан ужываюць перад пакараннем смерцю або атакай.
Тысячы вачэй, нічога не чакаючы, глядзелі на салдат і рыхтаваліся слухаць.
Ударылі перуны. Вуліцамі пацягнуўся дым. Было некалькі соцень параненых. Сёй-той сканаў у шпіталі.
Атрымалася маленькая памылачка.
Далейшага бунту не адбылося. У раззброеных людзей не было правадыра. Вялікія паны здрадзілі ім, і дзень восьмага сакавіка назаўсёды пасяліў у простых людзях гнеў і недавер.
Так здарылася ў Варшаве. Але ўсё гэта здарылася пазней.
Як жа яно там было? задуменна паўтарыў Валуеў.
Даведаемся, сказаў Мураўёў.
Яны маўчалі. Ліловае святло з-за штор рабіла твар шэфа трупным.
Бунт, сказаў Мураўёў. І глядзіце, каб ён не зачапіў Беларусь. Я гэтую публіку ведаю. Сам калісьці падчас апошняга паўстання магілёўцам магілаю пагразіў і суняў. Шчасце, што тады не ўсталі магутныя беларускія рады ды мужыкі. Быў там такі “чырвоны князь-карбанарый”, Загорскі-Вежа. Глядзеў на нашу калатэчу звысака, як сам пан-бог: “Ну-ну, маўляў, варушыцеся”. А я аб адным маліў: хоць бы ўсе гэтыя Загорскія, Ракутовічы ды іншыя не паўсталі.
Не паўсталі тады. Але з таго часу шмат змянілася. Усе гэтыя паны Чарнышэўскія, Страхавы, Дабралюбавы спяць і сняць сімпатычненькіх братоў-беларусаў. Філія герцэнаўскай канторы. Узрадаваліся магчымасці стварыць яшчэ і асобную беларускую нацыянальнасць... На пустым месцы такі намер не ўзрасце. Літаратура ў іх, у беларусаў, свая з’явілася, гурткі, вучоныя свае. Хутка з’явіцца і свае камуністы-дэматраты. А значыць давядзецца страляць. І таму я за сябе спакойны, нават пры цяперашняй падзяцы за верную маю службу.
Я разумею вас, сказаў Валуеў.
Гэта навалач раней пастаўляла нам арыстакратаў, цяпер будзе пастаўляць мяцежнікаў.
Валуеў не даў зразумець, што смяротна пакрыўджаны, і вырашыў, што ён гэта Мураўёву папомніць. Шэф не мог не разумець, што сказаў страшэнную нетактоўнасць. Ён не мог не ведаць аб паходжанні самога імператара і яго, Валуева. Раманавы паходзілі ад беларускага роду Кабылаў. Ён, Валуеў, паходзіў ад беларускага баярына Вала, што перабег на службу да маскоўскіх князёў яшчэ перад кулікоўскай бітвай: пакрыўдзілі, не мог па худароднасці разлічваць на поспех.
Валуеў успомніў ананімны жарт (ён меркаваў, што сказаў гэта Храптовіч з міністэрства замежных спраў): “Вось выслужыцца ён, чакайце. Будуць Вол і Кабыла ў адной запражцы”.
Не варта было так жартаваць. Жартаўнік быў упэўнены ў сваёй бяспецы: ведаў, што такога ніхто не асмеліцца данесці цару.
Валуеў ведаў: слова страшная зброя. Ён сам не задумаўся знішчыць рэпутацыю міністра замежных спраў Несельродэ адным словам: “Нарадзіўся ад германскіх бацькоў у Лісабонскім порце на англійскім караблі, хрышчаны па англіканскаму абраду”. Канцлер сапраўды быў няўдзячнае быдла: трыццаць дзевяць год запраўляў замежнымі справамі імперыі, ды так і не ўдасужыўся вывучыць хоць слова па-руску.
І ўсё ж Мураўёву не варта было так жартаваць.
Падначалены яшчэ не звык да таго, што ніхто больш не ненавідзіць адзін аднаго, чым калегі па служэнню адной імперыі, адной ідэі, адной асобе.
Аб паходжанні сваім дырэктар ніколі не забываў. І таму, што паходзіў адтуль, не любіў старога гнязда, як часам выскачка не любіць хаты, дзе нарадзіўся. І адчуваў, што і гасудар не любіць Беларусі за тое самае. Тамтэйшая арыстакратыя занадта сведчыла супраць ягонай худароднасці. Ён не любіў і падсвядома помсціў за гэта зямлі, адкуль выйшаў, хоць і не прызнаўся б у гэтым нават сабе. Таму Валуеў таксама хацеў для гэтай зямлі далейшага зла. А далейшае зло маглі спыніць толькі ўступкі. І Валуеў пазней чыніў усялякае зло з нянавісцю і запалам рэнегата.
Ён з радасцю падумаў, што Мураўёву, хоць часова, ляцець потырч галавою. Ён ведаў, як не ўхваліў гасудар на дзяржаўным пасяджэнні 9 лютага дзеянняў Мураўёва, што разам з графам Строганавым прагаласаваў, каб “вольныя” сяляне, уступаючы ў шлюб, прасілі на тое дазволу памешчыкаў: “Не так грошы, як гонар”. І ясна, што гасудар ледзь не накрычаў на іх. У шлюбным пытанні саступіць лягчэй, чым у зямельным. Не хапала яшчэ чапляцца за такую лухту! І без таго абрэзалі рэформу да непазнавальнасці.
Ах і добра будзе, калі ён паляціць. І ён з усмешкай успомніў, як князь Арлоў (станістая постаць, суровае аблічча, але рухаюцца толькі рукі і галава, а тулава як каменнае torso ў крэслах, а позірк часам разумны, а часам блукае, бы ў вар’ята) сказаў пра Мураўёва:
Ён разумнейшы за ўсіх іх, але глядзіць то наперад, то назад, то па баках, абы толькі сабе не пашкодзіць.
Мураўёў між тым бурчаў словы, якія нічога не азначалі, акрамя раздражнення:
Міністры. Плуцягі... Чэўкін хаця б... Il n'est pas considéré; il a de lésprit; il est bossu. Cette araignée a une constitution dans sa dosse[73].
І хоць лічыць міністраў канстытуцыяналістамі было несправядліва ў вышэйшай ступені Валуеў засмяяўся.
А Рыбап’ер? бурчаў Мураўёў. Не Рыбап’еры яны, а Рабесп’еры.
“Гэ, падумаў Валуеў, ды ты ніжэй усякай крытыкі”.
А сам сабе вырашыў, што на рауце ў вялікай княгіні скажа аб ім (а магчыма, і ў дзённік запіша, каб ведалі ягоную памяркоўнасць) прыблізна так:
Бедны Міхаіл Мікалаевіч. Жудасна яму даводзіцца. Дзе ранейшы апломб і ранейшая ўпэўненасць у поспеху ўсепадданых дакладаў?
Гэта ўзвысіць яго, Валуева, і запэўніць усіх у ягонай бесстароннасці.
Было тым часам адзінаццаць, а ў дванаццаць пачыналася пасяджэнне Дзяржаўнага савета. Яны рушылі да выхада. Валуеў перадаў звычайныя свецкія плёткі, каб шэф не заўважыў заклапочанасці.
Сёння да мяне заязджаў ваенны міністр[74]. Ён ледзь не больш чырвоны за брата. Ва ўсякім разе, больш жоўчны. Я яму сказаў, што нельга аб’яўляць вызвалення на масленіцу, калі ўсе п’яныя. Ведаеце, які адказ?
Але?
“Дык што ж, скарбу і адкупшчыкам будзе больш даходу”.
...Цяпер яны ехалі ў адной карэце. Карэта падначаленага кацілася пустая за карэтай шэфа.
Валуеў глядзеў у акно. На скрыжаванні вуліц давялося на хвіліну спыніцца. Паўз карэты ішлі прахожыя. Два з іх прыцягнулі да сябе ягоную ўвагу. Адзін мужнай і ўзнёслай прыгажосцю. Другі, ніжэйшы, асіметрычнымі вачыма на цяжкаватым абліччы.
Вочы сустрэліся. І прахожыя не адвялі іх, пакуль карэта не кранулася.
“Зусім юныя, з нечаканым неспакоем падумаў Валуеў. Але якія вочы. Якая мужная і неспакойная прыгажосць у аднаго. І які страшны ў сваёй суцэльнасці, здатны на ўсё твар у другога”.
Ён быў фізіягнаміст і часта раздумваў над абліччамі сустрэчных:
У-у, якія вочы!
........................................
Хто такі? спытаў у Кастуся Загорскі.
Не ведаю. Нейкая брыда. А вось у спадарожніка ягонага вось гэта аблічча. Як гіена. Хацеў бы я ведаць, хто гэта такі.
Хадзем, браце. Нас чакаюць.
Яны паскорылі крокі.
Валуеў хадзіў па перадпакоі, чакаючы, пакуль яго выклічуць даваць звесткі па сельскай гаспадарцы. Ён ведаў, што гасудар зараз пачынае пасяджэнне кароткай прамовай, у якой нагадвае аб папярэдніх фазах сялянскай справы і паўтарае патрабаванні, каб справу разгледзелі без зацяжак.
І хоць ён ведаў, што потым прачытае чарнавік прамовы, яму было непрыемна і суцяшала яго толькі тое, што хутка і ён, Валуеў, будзе сядзець сярод членаў савета, а для некаторых гэтая магчымасць днямі скончыцца, і таму яму, Валуеву, лепей, бо для яго яшчэ ўсё наперадзе.
Валуеў ведаў: чакаць доўга, не менш як да пяці-шасці гадзін, і нудзіўся. Часам, праходзячы паўз дзверы, чуў галасы.
Ага, Гарчакоў паўстае супраць парушэння дваранскіх правоў. Строганаў і Гагарын падтрымліваюць яго. Паважаныя старыя ў сівізне. Пляшывыя малпы.
Мураўёў трымаецца за сваё. Не навучыўся нічому. Як, напэўна, халодна глядзіць на яго імператар. Валуеў усміхнуўся.
...Вось бледны фантан слоў Аненкава. Нібы скардзіцца. Расказвае нешта аб саратаўскім памешчыку з севастопальскіх герояў.
Севастопальскі герой, ваша вялікасць. Яму належыць выдаць дачку, а праект рэдакцыйных камісій зробіць з яго жабрака.
Каму цяпер справа да саратаўскіх памешчыкаў. Ёлуп! А сорак пяць чалавек, акрамя гасудара, у тым ліку тры вялікія князі і прынц Альдэнбургскі слухаюць.
Вось зараз выступае граф Блудаў. Дзіўна, як ён не заснуў. На дакладах заўсёды спіць. Старшыня савета, прэзідэнт акадэміі, былы член “Арзамаса”.
А propos de[75] вотчыннай паліцыі, ваша вялікасць, гэта дваранства падносіць вам бізун і пугу для хвастання мужыкоў. Глядзіце самі...
Абмяркоўваюць, абмяркоўваюць, абмяркоўваюць. Вось пытанне аб норме надзелаў і аб тым, што трэба іх прызначыць заканадаўча. Гавораць, гавораць, божа, якая нудота! Урэшце асілілі: трыццаць галасоў pro, пятнаццаць contra.
І раптам зверху даляцеў дзіўны тупы грукат, нібы нешта звалілася. За ім, дзвюма секундамі пазней, яшчэ. Трэск быў такі, нібы нехта клінамі расколваў дрэва. Скаланулася столь. Устрывожаны Валуеў пайшоў да сходаў і пачаў падымацца ўгору. Знізу, абганяючы, спяшаліся дзяжурны афіцэр, прыгажун з белымі валасамі, і два каравульныя.
Тое, што ўпала, упала ў гербавай зале. Валуеў падышоў да дзвярэй і спыніўся, уражаны. Праз паркет бегла расколіна, выбітыя дубовыя планкі разляцеліся далёка па падлозе.
Што такое? спытаў Валуеў.
Афіцэр глядзеў з жахам. На падлозе ля ягоных ног, туга абцягнутых бліскучымі ботамі, ляжаў разбіты ўшчэнт мінскі герб.
Але дзяжурны глядзеў не на герб. Валуеў прасачыў, куды глядзяць ягоныя вочы, і адчуў, як і ў яго пабеглі па спіне мурашкі.
Мінскі герб ударыўся аб падлогу так моцна, што ўпала карона з другога герба, які вісеў насупраць, на сцяне, дзе не было вокнаў.
Упала карона з дзяржаўнага герба.
Афіцэр умольна склаў рукі:
Калі ласка... Калі ласка, нікому не кажыце. Божа, што ж рабіць? Такое злавеснае здарэнне! Давядзецца распусціць чутку, што ўпала толькі карона з мінскага.
І я вам так раю, з усмешкай сказаў Валуеў.
Яны глядзелі не пашчапаны паркет.
А сёння яшчэ і гадавіна з дня смерці Пятра Вялікага, сказаў афіцэр. Божа мой, божа!
Запіска, надрукаваная ў “Русской старине” за 1893 г., кн.9, стар. 508 – 509.
П.А.Валуеў. “Отрывки из дневника”.
Варожая калона адрэзала яе падчас аўстэрліцкай баталіі, і з тых часоў яна не здолела вырвацца адтуль (франц.).
Вы разумееце, што мне больш выгадна пайсці раней. Лепей пайсці перад бойкай (франц.).
Маленькага часовага ўрада пад засцярогай добрай маленькай цытадэлі Варшаўскай (франц.).
На старым Месцы, пры фантане, палкоўнік Трэпаў схапіў па пысе (польск.).
Праект адраса, высунуты Веляпольскім.
Агаласіць. Літаральна – абараніць (польск.).
Ён не карыстаецца павагаю; ён дасціпны; ён гарбаты. Гэты павук носіць канстытуцыю ў свім горбе (франц.).
Дзмітрый Мілюцін. Брат ягоны, Мікалай Мілюцін, быў сенатарам, а пазней – статс-сакратар па справах Царства Польскага.
Наконт (франц.).