157770.fb2
Толя нічога не адказаў, чакаў.
— Там мой запас яшчэ астаўся?
— Астаўся.
— Прынясі, калі ласка. Які мне?
— Бяры крайні,— кіўнуў Толя на крайні ля прычала катэр і пайшоў у будынак выратавальнай станцыі.
Мужчына прытрымліваў сваю сяброўку за локаць, правёў яе на прычал, раздзеўся, паклаў адзенне на карму, ускочыў у катэр сам. Дзяўчына следам за ім зняла модныя блакітныя штаны, падала руку кавалеру.
Вярнуўся з будынка Толя са спартыўнаю сумкаю, падаў мужчыну. Той моўчкі ўзяў і адразу ж завёў матор. Толя зняў з прычала вяроўку, кінуў мужчыну, паглядзеў услед катэру, які спаважна, ганарліва выходзіў на азёрную прастору і браў кірунак да астраўкоў, якія далёка абазначаліся на гарызонце. Потым Толя смачна плюнуў на ваду, усё роўна як услед катэру, і пайшоў пад стрэшку, дзе стаяў другі катэр з адкрытым маторам, у якім калупаўся малады хлопец.
— Каго ён праводзіў? — запыталася дакторка, якая сядзела ў белым халаціку ў шэзлонгу ў цяні пад грыбком.
— Каго? А, гэтага песняра лысага, — рыжы даўганогі аквалангіст адарваўся ад дэтэктыва, які ён запойна чытаў цэлы дзень, не звяртаючы ўвагі на тое, што дакторцы было сумна, што яна хацела пагаварыць.
— Гэта яго кліент. Толіка з другога курса за вялікія здольнасці…— аквалангіст красамоўна паказаў рукою. — А гэты давучыўся. Цяпер інжынер, экспарт вядзе, па заграніцах шастае…
— Гэта дачка яго?
— Гэтакіх дачок тут прайшло!..
— А як жа жонка?
— А нашто яму жонка?
Аквалангіст зноў скасавурыўся ў кнігу, але дакторка не спынялася:
— Да гэтага Толіка без фігі да носа не падлазь, а тут служыць, як сабачка ў цырку.
— Тут нос яшчэ вышэйшы, не з Толікаваю фігаю лезці. За адну такую прагуляначку на астравок Толік мае чырвонец. Куды тут да гонару.
Аквалангіст зноў чытаў свой дэтэктыў, і дакторка з сумам уздыхнула, паглядзела ўслед катэру, які ўжо быў далёка ад будынка выратавальнай станцыі.
Арнольд Восіпавіч Клімакін накінуў на сябе халат, захінуўся ў яго, зазірнуў у люстра. Валасы скамячыліся, і твар быў нейкі пакамечаны і запухлы. Клімакін паморшчыўся, узяў расчоску, расчасаў валасы, якія клаліся на каўнер і на плечы, і тады лысіна высвечвалася па-прафесарску салідна.
Клімакін азірнуўся на ложак. Новая знаёмая спала раскрыўшыся, з прыадкрытым ротам, і Клімакін паморшчыўся — яна многа піла. Пакідаць на ноч яе ён не хацеў.
Клімакін выйшаў на двор, спаласнуўся вадой да пояса, расцерся ручніком, адзеўся, схадзіў на кухню, паставіў каву.
— Пад'ём, мая дарагая, — патрос за плячо дзяўчыну.
Спрасонку яна пацягнулася да Клімакіна. Ад яе дыхнула перагарам, Клімакін адвярнуўся, штурхануў мацней.
— Пад'ём. Пара ехаць, красотка!
— Куды ехаць?
— Мяне на работу вызываюць. Прыехалі з-за мяжы, сустракаць трэба.
— Ну і едзь! Я цябе тут дачакаюся!
Дзяўчына капрызна завярнулася, паспрабавала зашыцца пад коўдру. Клімакін нібыта жартам, але дабравата прыклаўся далонню ніжэй спіны.
— Уставай, а то, пакуль дажджэшся мяне, памрэш з голаду.
Ён узяў дзяўчыну за руку. Клімакін ведаў такіх. Ад іх потым, як ад кошак, не адагнацца. Ён умеў адкарасквацца.
— Мне там трэба будзе памагаць. Пазнаёмлю цябе з імі. Ты ніколі не сустракала замежных? Во, пабудзеш і паглядзіш. Варушыся, цялушачка!
«Цялушачка» заварушылася. Клімакін скоса пазіраў на яе. Яна ўжо не падабалася яму. Сапраўды, вясковая цялушачка, як бы ні адзявалася ў самыя модныя «шмоткі», на якія пруць ёй грошы з вёскі, думаючы, што тут дачка «выбілася ў людзі». На такіх у Клімакіна было вока, і браў ён іх проста, з ходу.
У прыцемках Клімакін знарок даўгавата пятляў па вулачках садова-агародніцкага таварыства. Домікі тут былі амаль усе аднолькавыя, вулачкі таксама. Ягоны нічым не вылучаўся.
У горадзе Клімакін таксама зрабіў кругаля, каб ягоная паненка, якая ўсё шабуршылася побач і расчэсвала валасы — рыхтавалася да сустрэчы з замежнымі гасцямі,— не надта і запомніла, у якім напрамку ад горада дача.
Непадалёку ад прахадной, у скверыку, Клімакін спыніў машыну, высадзіў дзяўчыну:
— Пачакай тут, забягу даведаюся, як там і што.
Паехаў ён быццам да будынка заводскага кіравання, але не прыпыніўся, адтуль на прамую выехаў на вуліцу, і ягоная машына прапала ў плыні гарадскога транспарту.
У скверыку «цялушачка» зазірала ў люстэрка і прыхарошвалася перад сустрэчай замежнай дэлегацыі.
Машыну Клімакін пакінуў на двары ў святле ад ліхтара, каб была відаць з акна. Ён ведаў законы гэтых старых, зарослых кустамі і прысадамі двароў. Машыны ў іх «разувалі» спрытна. Святла ў вокнах не было. «Не спяшае пляменніца», — нядобра падумаў ён. Дастаў ключ, адамкнуў кватэру, запаліў святло, завесіў акно, уключыў тэлевізар. «Жыве, як графіня», — ён падціснуў губы. Дзіўна, але злосць на Валю была падобна на рэўнасць. Чамусьці думалася пра тых, з кім яна бывае тут. Яго апошнім часам яна не падпускала, а калі ён паспрабаваў «павучыць» і ўзяць сілай, яго ненарокам перастрэлі на цёмнай вуліцы два хлопцы. Не надта каб, але далі зразумець, што распускаць рукі небяспечна. «Глядзі тады, Кныр!» Гэтак звала яго толькі яна пасля таго, як заспела на дачы з «цялушачкай». Клімакін разумеў, што цяпер яна незалежная ад яго. Адно, што іх звязвала, гэта ягоны тавар, які яна брала.
Болей нічога. Яна забылася ўжо, што гэта дзякуючы яму выбілася ў людзі. І ён не спадзяваўся, што «пляменніца» акажацца такою здольнай вучаніцай, што ў яе такая хватка будзе. Ён адчуваў, што яна «справу» мае салідную.
Тады ён аднекуль ехаў у горад. Канец лета быў цёплы. У вёсцы ён звярнуў з дарогі, каб напіцца вады. Піў проста з вядра, доўга, смакуючы. Вада была як крынічная ўсё роўна. І калі сагнаў смагу, пачуў, што нехта плача, азірнуўся. Плакала дзяўчына на зарослым травою двары старога школьнага будынка. Сядзела на лаўцы пры сцяне і плакала.
— Што з вамі? Дзяўчына нічога не адказала.
У школьным будынку свяцілася адно акно.
— Чаго вы тут?
Дзяўчына кінулася ў вока Клімакіну.
Потым яна расказвала яму, ужо ў машыне, пра тое, што прыехала па накіраванню ў школу. Прыйшла. Адправіў дырэктар кватэру шукаць. Абышла хаты. Ніхто не ўзяў. Выдалі ёй пасцель, пасялілі ў старым школьным будынку, які перарабілі ў жылы дом для настаўнікаў. Адна. Страшна. За шпалерамі пілуюць мышы. Сядзела чытала, транзістар слухала. Потым захацела ўстаць, ногі ў тапачкі, а там нешта халоднае — падрубніца туды ўлезла!.. Вылецела на двор і ў хату больш зайсці не магла.
— Плюнь на ўсё. Я найду табе работу, будзеш зарабляць не менш, чым за настаўніцтва…
— Я ж па накіраванню… Дыплом у райана астаўся.
— Забяром.