157770.fb2 Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

Пра сваю паездку Туманоўскі нічога не сказаў Веры. Раніцаю ён выйшаў прайсціся за вёску і доўга прыглядаўся да абшараў былых балот. Па-летняму квола слаўся мясцінамі над імі туманок, і, можа, ад гэтага балоты здаваліся яшчэ больш неабсяжнымі. Над імі прывідна ўсплывалі груды, парослыя бярэзнікам, алешнікам, зараснікамі крушыны, маліны, ажыны. Здавалася, што нешта таямнічае хаваюць у сабе гэтыя пустыя абшары. Можа, таму, што памятаў ён балоты, парослыя рэдзенькай рудаватай асакой, залітыя вадой, памятаў з часоў вайны, ведаў, што і былыя сцежкі, і былая багна пахавалі ў сабе назаўсёды шмат людскіх таямніц і смерцяў. Пасля таго, як спусцілі з балот ваду, як асела багна, таямніцы не пакінулі зямлю, яны ўвайшлі ў яе, залеглі спрасаваным торфам і чакаюць свае пары пад дзірваном травы. І начамі з гэтых балот, мабыць, прыходзяць да мясцовых людзей успаміны.

У час снедання Вера паведамляла Туманоўскаму навіны. Адкуль і калі, па якім тэлетайпе яна атрымлівала іх, Туманоўскі не ведаў. Здаецца, нікуды і з двара не выходзіла.

— Чуў, што ў Рудні ноччу было? Старога Міхаля амаль забілі.

— За што?

— За што? Кармляка прыехалі красці. Ночы з хлява выгналі, закалолі і на машыне павезлі. Ён, мабыць, пачуў, выбег. Яго па галаве калом гэтак трахнулі, што наўрад ці выжыве, кажуць. Дзіва што, цяпер гэтых матацыклаў і машын. І к нам панаязджала ў калгас з усяго свету. Некалі адзін аднаго ведалі. І сваіх лайдакоў хапае, але свае чалавека б не білі.

Удзень Туманоўскі папраўляў плот. Гэта спачатку яму здалося, што толькі ў адным месцы трэба некалькі калоў прыбіць, але як зачапіў, то па парадку і правіць давялося. Туманоўскі рабіў работу з задавальненнем, адчуваў сябе майстрам і нават спрабаваў убіць цвік трыма ўдарамі. Праўда, цвікі не зусім хацелі прызнаваць ягонае майстэрства і весела выгіналіся пад малатком.

— Іванка, ты адзенься, а то абгарыш, — папярэдзіла яго Вера, але Туманоўскі не паслухаў яе і вечарам, пасля таго як памыўся халоднай вадой да пояса, адчуў, што дарэмна, — плечы гарэлі.

Пасля вячэры ён бадзёра круціў педалі да цэнтральнае сядзібы, бліжэй паглядзець на тых, хто прыехаў і хто жыве цяпер у калгасе. Па дарозе ля меліярацыйных канаў абдавала прыемным халадком, затое за ўзгоркам абдыхвала цяплом, як з добра напаленае печы. І пахла збажыной, полем.

Насыпаная высакаватая гравійка да цэнтральнае сядзібы ішла за вясковымі агародамі. На цэнтральнай мясцілася майстэрня і машынны двор, па другі бок дарогі новая калгасная кантора, за ёй Дом культуры, магазін, прыёмны пункт бытпаслуг, а далей роўна выстройваліся двухпавярховыя катэджы. І кантора, і Дом культуры, і магазін, і ўся вуліца былі абгароджаны акуратным штыкетнікавым плотам. Не ў самім Доме культуры, а на ягоных прыступках размясціўся, відаць, мясцовы эстрадны аркестрык з апаратурай, аблытанай правадамі. Двор Дома культуры быў забіты моладдзю. Пакуль Туманоўскі даехаў да клуба, яго абагнала некалькі матацыклістаў. З уключанымі фарамі, яны ляцелі, як на гонках. За машынным дваром, далей, па Другі бок вуліцы выходзіла пляцамі да гравійкі вёска, нібы адвярнулася ад гэтай моднай музыкі.

Ля платоў паблісквалі нікелем матацыклы. Некаторыя з іх гыркалі маторамі, перакрываючы нават і музыку, вырываліся з двара. Пад'язджалі новыя паненкі і кавалеры. Веласіпед Туманоўскага сіратліва прытуліўся побач.

Вакол танцораў, на лаўках, якія павыносілі з Дома культуры, сядзелі старыя і пажылыя жанчыны. Мужчыны тоўпіліся кучкамі і нечага чакалі.

Туманоўскі прыкурыў цыгарэту, прайшоўся. Нікога ён тут не пазнаваў, ды і яго ніхто пазнаць не мог. Моладзь танцавала, лашчылася адно да аднаго. Цяпер гэта нікога не здзіўляла, ды і моладзь была з усяго наваколля. Маладым весела, яны мелі інтарэс да танцаў, пра якія ўжо забыўся Туманоўскі.

Пасля кароценькага перарыву адзін з аркестрантаў узяў у рукі мікрафон і аб'явіў, што па жаданню гасцей, якія прыехалі на вяселле, выконваецца вальс, і сам спяваў з асаблівым пачуццём:

А я лягу-прылягуКрай гасцінца старога…

— У каго гэта вяселле, цётка? — папытаўся Туманоўскі ў жанчыны, якая сядзела з краю. Цёткі заўсёды і ўсё ведалі, і галоўнае, ім хацелася расказаць пра тое, што ведаюць.

— У Мікалая. Дачку замуж аддае.

Цётка была недзе аднаго ўзросту з Туманоўскім.

— А кім яна робіць?

— У Мінску. Нейкая там фабрыка-кухня ёсць…

— Гэта з Мінска гасцей гэтулькі наехала?

— Цэлы аўтобус. Цяпер менш не прыязджае. А на матацыклах з усяе акругі. І студзенты тут, і шэфы на рабоце, і свае, калгасныя. Каб толькі хоць біцца не пачалі. Хіба студзентаў пабаяцца, бо ў тых тут цэлы атрад, і здаровыя хлопцы, кажуць, спарцмены…

— Давайце, цётка Алёна, выпіце чарачку! Туманоўскі азірнуўся. Малады мужчына, перавязаны ручніком, падаў жанчыне чарку.

— Вой, Колечка, нашто ты мне так многа наліў? — цётка, аднак, узяла стограмоўку.

— Бяры, дзядзька. За здароўе маладых…

Сваха, якая несла за сватам сумку з пірагамі, падала гарэлку і Туманоўскаму.

— Што вы, — разгубіўся ён ад нечаканасці.

— Бяры, дзядзька. У магазіне такое не прадаюць. За маладых выпі.

— Дзякуй табе, Колечка. Хай здаровенькія маладыя будуць, дзеткам хай цешацца. Выпівайма, дзядзька, — жанчына стукнула сваёй стограмоўкай у шклянку Туманоўскага.

Яму спачатку здалося, што рот і горла апякло кіпнем, і пакуль дапіў шклянку, на вачах аж выступілі слёзы. Сваха сунула ў руку кавалак хлеба з мясам.

— Ну як, дзядзька? Яшчэ мо кроплю? — папытаўся сват.

— Не-е, дзякуй, — прамармытаў Туманоўскі.

— Балбочаш лішне, гэта ж той карэспандэнт, што прыехаў,— пачуў Туманоўскі, як сваха ўшчувала свата.

— Ну і што? Цяпер і без карэспандэнтаў усе пісаць умеюць.

Сват разносіў пачастунак па крузе. Цяпер Туманоўскі разумеў, чаго чакалі мужчыны.

Пасля выпітага Туманоўскаму здалося, што музыка пачала іграць цішэй. І ў гэтым тлуме цяжка было адрозніць, хто гарадскі, хто свой, вясковы. Потым заявіліся і ўчастковы з сумкай-планшэткай, і трое хлопцаў з чырвонымі павязкамі. Усё было, як у горадзе, хіба толькі што там не разносяць пачастунак.

Калі аб'явілі гасцям запрашэнне на каравай і танцы перапыніліся, Туманоўскі выправіўся дадому.

…Аркестр пілаваў, як толькі мог, і Туманоўскі адчуваў, што не можа спыніцца, што ногі ягоныя самі падскокваюць. Ён разумеў, што яму, саліднаму чалавеку, тут, у вёсцы, няма чаго падскокваць, як козліку, што пра гэта заўтра будуць ведаць усе, і тады паспрабуй пакажыся ў канторы, скажы, што ты пішаш сур'ёзны матэрыял у газету, аналізуеш з сацыяльнага боку, хто ён, сягонняшні вясковы працаўнік. Яму самому было незразумела, чаму ён думае гэтак, як звычайна гаворыць іхні рэдактар.

Выбери меня, выбери меня,Птица счастья завтрашнего дня…

Не пераставаў, драўся саліст ансамбля, і яму падпявала, наступала на Туманоўскага, адкрыта пасміхалася маладая гладкая дзяўчына ў штанах у абцяжку і кофтачцы навыпуск. Яна гарцавала бадзёра і горача, як кабылка, якая пачула дарогу. І наступала на Туманоўскага. «Выбери меня, выбери меня…» Яна даставала Туманоўскага вялікімі грудзямі, і ён паціху хоць і падскокваў, але стараўся адступіцца. Дзяўчына не ўнімалася, напірала на яго, і ён заўважыў, што яе рука слізганула па кофтачцы і тая пачала расхіляцца. Краем вока Туманоўскі з жахам угледзеў, што натоўп расступіўся, што ён з дзяўчынай засталіся адны ў крузе і ўсе глядзяць на іх… Туманоўскі рвануўся бегчы…

— Іванка, а Іванка! Прачніся! Ці не захварэў ты? Калі Туманоўскі расплюшчыў вочы, яго штурхала ў плячо Вера.

— Хіба сасніў што? Гэтак стагнаў і крычаў.

— Ага, ага… Дзякуй, што пабудзіла. Туманоўскі ўсё яшчэ не мог ачомацца ад сну і не мог зразумець, што ён не на танцах, што ён у ложку і што пачынае ўжо світаць.

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

пра тое, як кончылася спакойнае жыццё інжынера Клімакіна.

«Жыгулі» мякка, па інерцыі, з'ехалі з дарогі і спыніліся ля высокага, шчыльнага дашчанага плота, пафарбаванага ў блакітны колер. Мужчына ў сетачцы-тэнісцы з кароткім рукавом і ў белых адпрасаваных штанах вылез з машыны, перайшоў на другі бок, выпусціў з машыны «бананавую» дзяўчыну ў празрыстай кофтачцы.

— Прашу!

Ён адчыніў варотцы, прапусціў дзяўчыну наперад. Яна адкінула льняныя лёгкія валасы, паправіла на носе вялікія акуляры.

Мужчына ішоў збоку, прытрымліваў дзяўчыну пад руку. Старэйшы за яе, але дагледжаны, гладкі і чысты з твару, з вялікім лысым загарэлым лобам. Доўгія валасы спадалі на плечы. Абвіслыя вусы пад цяперашніх модных эстраднікаў рабілі і яго падобным на іх. Шэрыя красоўкі ступалі лёгка.

Мужчына ішоў па-гаспадарску, упэўнена. Ля прычалаў ускінуў руку, прывітаўся:

— Прывет байцам падводнага фронту! Здароў, Толя! — ён персанальна паціснуў руку каржакаватаму, сухому, як таран, і жылістаму мужчыну ў шапачцы і ў плаўках. Ён загарэў да чарнаты, і далоні здаваліся ненатуральна белымі супраць усяго ягонага цела.

— Прывет, шэф, — мужчына хуткім, але пранізлівым, як рэнтген, позіркам акінуў дзяўчыну. Яна не збянтэжылася ягонага позірку.

— Як жывеш, стары? Даўно мы з табою не бачыліся.

— Нармальна.