157770.fb2
— Дзень добры, Валодзя. Як у цябе спаборніцтвы?
— Нармальна. Выйшаў на трэцяе. Гэта ўсесаюзныя.
— Віншую.
— Ну, дык як ты адчуваеш?
— Гэта ты мне званіў на работу?
— Я.
— Прыязджай у госці, паглядзіш.
— І па бакалу шампанскага вып'ем?
— Вып'ем.
— Ну, тады веру, што ўсё ў парадку. Пад'еду заўтра. Сёння ў мяне дзень распісаны.
— Прыязджай.
Дземаш падумаў, што яму вельмі хочацца, каб сын прыехаў зараз…
Назаўтра Дземаш прывычна выйшаў на прыпынку з трамвая, сцяжынкаю пакіраваў да свайго берага. У выхадны дзень не было на сваім кругу групы здароўя, але папісквалі нязмазаныя арэлі-лодачкі, пазяхала, як і ўсё лета, у касе атракцыёнаў касірка. Але пункт пракату быў зачынены ўжо да наступнага сезона на ўсе вокны і дзверы наглуха. На беразе яшчэ загаралі. Дземаш падышоў да свае мясціны, пастаяў над вадою не распранаючыся. Вада ў возеры была па-асенняму зазелянелая. Нізка над галавою прайшлася чародка качак — з тых, што сабраліся зімаваць у горадзе. Дземаш раптам успомніў жанчыну з сумкай у буйныя жоўтыя плямы, яе сумнаваты позірк, і толькі цяпер да яго дайшла і яе туга, і яе адзінота, і жаданне пазбавіцца ўсяго гэтага. Ён нават павёў вачамі ўздоўж берага, нібы хацеў позіркам дагнаць яе. І сапраўды адчуў, што сонца ўжо не грэе, толькі залоціць святлом. Ён завярнуўся і пайшоў прэч. На рабоце Дземаш узяў новую справу, выехаў у камандзіроўку, нягледзячы на ўсе папярэджанні з-за хворага сэрца.