157770.fb2 Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 41

Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 41

— Мы паведамілі, але вы ўжо былі ў дарозе. Маёр хітра ўсміхнуўся.

— Толькі вы не думайце, што мы дадзім вам тут купацца і загараць. Вашу Соладаву знайшлі. Пасялілася яна непадалёку ў пасёлачку, за дваццаць восем тысяч купіла сабе домік. Працуе буфетчыцай у палатцы ля выратавальнага прычала. Жыве з Бурцавым Фёдарам Пятровічам. Незарэгістраваныя, але жывуць разам. Ён вартаўніком працуе ноччу на турбазе. У мясцовай міліцыі ні да Соладавай, ні да яе мужа прэтэнзій няма. Ен не п'е. Возіць Соладаву на машыне. Машыну яны купілі год назад… Думаю, што нумар у гасцініцы вам здаваць не трэба. З пасёлка да нас пятнаццаць хвілін язды рэйсавым… Калі трэба там будзе застацца, пакойчык вам знойдуць.

Праз нейкую гадзіну лейтэнант у сваім пакойчыку ўчастковага паўтараў сказанае маёрам.

— Мяне вось што толькі бянтэжыць, таварыш следчы. Чаму яна жыве з гэтым Бурцавым. Яна прыгожая жанчына, а ён крышку ўсё ж дэбільны нейкі, дурнаваты. Тут у пасёлку гаварылі, што яна з'язджае на дзён колькі ці ў Сімферопаль, ці нават у Севастопаль, з мужчынамі там яе бачылі. Ён слухае яе як робат. Я раз бачыў, як ён збоку глядзеў на мужчын,

якія жартавалі з гэтай Анюткай у буфеце. А яна толькі вокам стрэліла на яго — нагнуў голаў і пайшоў.

Участковы пасяліў Дземаша ў прыватным доме, у пакойчыку з асобным выхадам. Домік стаяў у ціхім завулку, недалёка ад берага, на ўзгорку.

Вечарам Дземаш схадзіў павячэраў у рэстаранчыку, які мясціўся ў чатырохпавярховым будынку турбазы.

Мора ў заліве было спакойнае, белы караблік, які заходзіў да прычала, запаліў агні. Гулялі на набярэжнай болей парачкамі, і ў святле ліхтароў усё здавалася святочным.

У канцы набярэжнай, ля выратавальнай станцыі Дземаш знайшоў збіты з дошак і пафарбаваны ў сіні колер буфет. Перад ім стаяла на дварэ некалькі сталоў-стоек. На іх мужчыны пілі віно і піва. Дземаш таксама выпіў піва, дачакаўся, пакуль буфет будзе зачыняцца.

Соладава была крутагрудая жанчына ў белай кофце і белай спадніцы, лёгкая і маладжавая ў рухах. Бурцава Дземаш таксама пазнаў па апісанні. Праўда, адзеты ён быў у «фірмовыя» джынсы, у сінюю рубашку з закасанымі рукавамі. Але і джынсы, і гэтая рубашка на заклёпках сядзелі на ім, быццам з чужога пляча. Мабыць, у брызентавай робе ён адчуваў сябе больш утульна.

Соладава аддала Бурцаву сваю гаспадарчую сумку, узяла яго пад руку. Ён пайшоў, угнуўшы галаву, нібы збычыўся. І ў Дземаша, які глядзеў на гэтую збычаную постаць, не асталося ніякага сумнення, што гэтае крутое плячо магло лёгка папхнуць Волгіна, асабліва калі гэта загадала зрабіць Соладава.

Ноччу Дземаш праз адчыненае акно чуў, як шуміць мора, як наплывае начны халадок, і думаў пра тое, што дамовіцца з гаспадарамі і потым прыедзе да іх на які тыдзень…

Прачнуўся Дземаш раненька, схадзіў пакупацца ў моры і пасля купання, бадзёры, лёгкі, пайшоў да турбазы.

На душы ў яго было прывычнае адчуванне лёгкасці, як і заўсёды, калі зроблена асноўная работа, калі загадка разгадана, калі справа раскрыта.

Дземаш папрасіў дзяжурную паклікаць вартаўніка ў свой пакой. Бурцаў зайшоў у пакой паволі, па ўсім адчувалася, што быць у кабінетах ён не любіў.

— Фёдар Пятровіч, чаму вы пакінулі работу на заводзе? — Дземаш прыдумаў гэтае пытанне на хаду. Ён цяпер толькі здагадаўся, што калі там працавала Соладава, то павінен быў працаваць і Бурцаў.

— Прыйшло новае начальства і сказала, што нас многа там розных падсобнікаў.

— Новае начальства — гэта галоўбух?

— І галоўбух.

Бурцаў глядзеў на Дземаша насцярожанымі вачамі. У іх Дземаш бачыў толькі адно — жаданне як найхутчэй выйсці з кабінета.

— Таму вы і рашылі пісаць на яго пісьмы?

— Я не пісака, я толькі распісваюся.

Бурцаў упарта глядзеў на Дземаша, і ў ягоных вачах была тупая пустата.

— А ў горадзе вы жылі ў раёне вуліцы Міхайлава? Дземаш заўважыў, як у вачах у Бурцава на імгненне нешта ўспыхнула, яны быццам асвятліліся жахам.

— Не, я на Галадзеда жыў… Я не спаў ноч, я спаць хачу.

— Ладна, Бурцаў, ідзіце, паспіце, успомніце, што і дзе пісалі…

Дземаш дачакаўся на турбазе ўчастковага, яны зайшлі ў аддзел кадраў, узялі справу Бурцава. Варта было толькі вокам кінуць на напісаную ім заяву, каб зразумець, што ананімкі напісаны не рукою Бурцава. Дземаш зразумеў, што дарэмна паспяшаў, калі вырашыў, нібы ўсё скончана. Участковы напомніў Дземашу, што званілі з райаддзела і прасілі, каб ён пазваніў у сталіцу.

* * *

— Іван Васільевіч! У цябе цудоўная інтуіцыя, — у голасе пракурора Дземаш улавіў здзеклівасць. — Шанцуе табе, а то я паказаў бы табе за гэтую інтуіцыю. Соладава і Бурцаў ананімак не пісалі. У іх там на заводзе ў планавым аддзеле займаўся адзін. Адтуль, дзе ты на поўдні пуза грэеш, ягоная сястрычка іх перасылала. Вось так, інтуіцыя! Але не бойся, тут твой стары знаёмы капітан Малышаў табе сёе-тое цікавае раскажа.

— Здароў, Іван Васільевіч! Як у цябе справы з маладзіцаю, за якой па возеры прагульваўся? Павер маёй інтуіцыі, тут-то ты прагарэў. Гэта точна!

— А ты адкуль ведаеш? І што табе да гэтага?

— Я павінен многа ведаць. А пра тое, што будзе — інтуіцыя… Цяпер слухай уважліва. Соладава, яна ж і Церахава, і Санько. Судзілася тры разы. Разбэшчванне непаўналетніх, шантаж. На дачы ў яе бывалі многія, з каго можна пацягнуць грошы. Прытон. Кажух і Волгіна таксама. Соладава шантажыравала іх. Пад яе камандаваннем і ёй кралі грошы. Цяпер зразумела, чаму Кажух брала ўсё на сябе? У яе двое дзяцей, яна баялася, што Соладава абнародуе тое, што выраблялі на дачы. Баялася гэтага больш, чым турмы. Соладава жыла на кватэры ў раёне вуліцы Міхайлава. Там, дзе загінуў Волгін. Ён прыходзіў да яе. Я дапытаў старога. Думаю, што Волгін сам яшчэ знайшоў сведкаў — пад чаркаю і ў адчаі…

— Ты хочаш сказаць, што Соладава падвяла яго пад самагубства?

— Няма доказаў, што Волгіна падапхнулі пад колы. Мы тут на дачы і на старой кватэры шукаем негатывы ці фатаграфіі. Не думаю, каб Соладава не зберагала іх. Звярні на гэта ўвагу. Бурцаў па нашай картатэцы не значыцца. З сабраных звестак відаць, што чалавек дэбілаваты, але не злачынец. У Соладавай за рабочую сілу і для задавальнення… Так, пошасці яе… Гэта мае вывады. Лагічна? Зараз галоўнае — Соладава і Бурцаў…

Дземаш не даслухаў да канца, паклаў трубку. Трывожнае прадчуванне памылкі кальнула яго.

На буфеце, перад якім прытармазіў міліцэйскі «козлік», вісела паперка з традыцыйным «паехала на базу».

Калі міліцыянеры і Дземаш увайшлі на двор Соладавай, то Іван Васільевіч ужо ведаў, што машыны ў гаражы няма. Бурцаў спаў нераспрануты. Ад яго смярдзела перагарам. Спрасонку ён няўцямна глядзеў на міліцыянераў, на Дземаша.

— Дзе Анюта?

— У буфеце!

— Пайшлі!

Бурцаў устаў і толькі цяпер угледзеў на двары міліцэйскую машыну. У тое ж імгненне ён коратка рыкнуў, міліцыянеры разляцеліся ў два бакі, а Бурцаў, расхінуўшы целам у два бакі аконныя рамы, выскачыў на двор.

Дземаш выскачыў услед. Ён бачыў, як Бурцаў пераляцеў цераз высокі бетонны плот, ірвануўся следам за ім, сходу схапіўся рукамі паверх плота, і той раптам паляцеў на яго…

* * *

З сардэчным прыступам Дземаш праляжаў у раённай бальніцы два тыдні. Клапатлівыя дактары баяліся выпускаць раней, хаця Іван Васільевіч адчуваў сябе не так ужо і дрэнна на другі дзень.

Бурцава злавілі тады ж, Соладаву — на восьмыя суткі ў Архангельскай вобласці, ужо пад іншым прозвішчам. У чамаданчыку пры ёй былі грошы, каштоўнасці і негатывы фотаздымкаў. Малышаў правёў ужо першыя допыты. Так, Волгіну яны паказалі здымкі яго жонкі на дачы, каб прыпужнуць. Напаілі. Бурцаў ішоў следам за п'яным Волгіным, каб той дайшоў дадому. Адправіла яго Соладава.

Калі Волгін кінуўся пад аўтобус, Соладава спалохалася, што іх могуць западозрыць з Бурцавым у забойстве.

Справа была падрыхтавана для перадачы ў суд.

У рэшце рэшт, хоць і не да канца, але пацвердзілася ягоная версія, справа была пачата ім, Дземашам, і даведзена да таго, што затрыманы злачынцы.

— Ты адлежвайся там, каб стаў на ногі. І на будучае запомні, што мне трэба твая галава і вопыт, а не твае ногі, каб цераз платы гальцаць ці за бамбізамі ганяцца… — журыў Дземаша пракурор, і голас яго быў дабрадушны. — Тут табе звоняць, пытаюцца, я сказаў, што ў тэрміновай камандзіроўцы… Адным словам, папраўляйся як след. Нам загадку падкінулі, не раўня. Папраўляйся, не засумуеш!

Пасля гэтае гаворкі з пракурорам Дземаш канчаткова зразумеў, што рабіць яму больш у бальніцы няма чаго.

Прыехаў Дземаш цягніком, раніцаю. Пасля таго як выйшаў з таксі, пастаяў, паглядзеў на вокны свае кватэры, якія былі роўна заштораны. Ён паволі ўзышоў на свой паверх, адамкнуў дзверы і найперш, як і заўсёды рабіў, адчыніў вокны, пусціў у ванну ваду. Праз гадзіну ён сядзеў у крэсле ад журнальнага століка і перабіраў газеты і часопісы, якіх сабралася без яго поўная паштовая скрынка, пакрысе адсёрбваў чай.

Потым зазваніў тэлефон, і сынаў басок павітаўся: