157770.fb2 Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 40

Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 40

— Я? На пенсіі трэці год. Я не ваенны, я чыгуначнік.

Ён устаў, падаў на развітанне Дземашу руку, вочы яго былі сухія і строгія, і цяпер толькі Дземаш здагадаўся, што сталі яны такімі ад затоенага глыбокага гора, з якім усё не можа змірыцца чалавек.

— Толік у нас адзіны сын быў…

Стары Волгін сутула завярнуўся і пайшоў у майстэраньку.

Дземаш ужо на вуліцы прыпыніўся, азірнуўся на акуратны, радасна расфарбаваны дамок, але цяпер ён чамусьці здаўся яму нейкім сумным і пустынным.

* * *

— Ну, Дземаш, ты мне ўдружыў,— прагудзеў у трубку хрыплаваты голас следчага Камарова. — Трэба пакаваць чамаданы і збірацца на поўдзень.

Стары, вопытны следчы Камароў дарабляў да пенсіі. Ён усім гаварыў, што чакае гэтага дня, каб з'ехаць на дачу — ад жонкі, ад дзяцей, ад унукаў і ад усяго таго зброду, які ён ловіць гэтулькі гадоў і пералавіць не можа. Ён нагледзеўся ўсяго, і камандзіроўка ў Крым яму была зусім не патрэбна.

— Хочаш, Іван Іванавіч, каб я за цябе злятаў?

— Можна і табе. Ты маладзейшы, пакуль што на адгуле.

— А я-то тут пры чым?

— А на тых ананімках, што ты на мяне сапхнуў, паштовыя штэмпялькі аднолькавыя.

— Пачакай, пачакай, Іван Іванавіч, я да цябе сам зайду, — Дземаш паклаў трубку, ад хвалявання ўстаў з-за стала. Гэтыя звесткі пра паштовы штэмпялёк, як святлом, асвяцілі тое, што ўжо ведаў Дземаш з гаворкі ў буфеце будаўнічага будтрэста, дзе працавала Соладава, тая самая «чорная».

Прыбіральшчыца, старая ўжо, нападпітку цётка, насцярожана паглядзела на Дземаша.

— Га, вы пра Анюту, — у голасе яе прагучала палёгка. — Спраўная была, не тое што гэтая курыца белая.

Прыбіральшчыца кіўнула галавою на прачыненыя дзверы, дзе стаяла ля прылаўка круглая белая буфетчыца.

— Усё камандуе, усё ёй не так! У цыганкі ўсё гарэла ў руках: у стакан лінула, на вясы кінула — і пайшло, пайшло. Калі што выгрузіць трэба, то рыжы яе тут як тут… Усяго ў буфеце было, не тое што цяпер. А гэта толькі і ведае, што мяне пільнуе…

— А чаго Анюта кінула работу?

— Чаго кінула? Лепшую знайшла. У яе ўвесь свет знаёмы. Недзе на бераг мора паехала… Гэта рыжы мне хваліўся. Мы з ім тут віна бутэлечку распілі. Я пачала яго дражніць, што ходзіць, як абарванец. А ён мне скаліцца, што скора будзе, як міністр, на «Волзе» ездзіць і на ўсіх паплёўваць. Анютка тут якраз усунулася, вызверылася на яго, бутэльку схапіла. Яна ніколі такога не рабіла, выпіць не шкадавала, абы, гаворыць, работа была зроблена. У бутэльцы яшчэ добры стакан віна астаўся.

— Яны жанатыя былі?

— Не, не разам жылі.

— Хіба Соладава не магла сабе лепшага знайсці?

— Чаму не? Яна баба яркая, відная.

— Дык чаму яна з гэтым п'яніцам?..

— П'яніца-то п'яніца, але ніколі п'яны не быў і не валяўся. Анютка што скажа, усё споўніць. Ён і не рыжы, цёмнавалосы, нават валаска сівага няма. Бровы белыя толькі. А як выгаліцца, дык аж блішчыць… Мабыць, нешта меў, недарам Анютка яго не адпускала…

Прыбіральшчыца хіхікнула, паказаўшы рэдкія старэчыя зубы.

Дземаш прайшоў па пакоі. Прадчуванне не абманвала яго — ён знайшоў след буфетчыцы Соладавай. Значыць, Камарову ехаць у Феадосію нельга. Дземаш зняў тэлефонную трубку. Пракурор будзе толькі заўтра. У яго, такім чынам, быў яшчэ час, каб усё праверыць і ўзважыць, падрыхтавацца да дакладу.

Дземаш, каб крыху супакоіцца, яшчэ раз прааналізаваць усё, што было яму вядома, выйшаў з кабінета і па вуліцы неўзаметку пайшоў у той бок, дзе ён ужо не раз бываў за апошнія дні. Вядома, спадзявання, што хоць што-небудзь удасца знайсці, у яго не было, але ён пайшоў на тую вуліцу, дзе загінуў Волгін.

Праз добрае паўгадзіны хаджэння па лесвічных пляцоўках ад дзвярэй да дзвярэй яму адчыніла на званок рослая маладзіца ў халаце. Бялявыя валасы былі коратка падстрыжаны, халат прыхвачаны поясам.

— З пракуратуры? Заходзьце.

Голас у жанчыны быў хрыплаваты, як прастуджаны. Яна пайшла паперадзе Дземаша. У калідорчыку пахла душным і нечым кіславатым, як звычайна ў камунальных кватэрах. У пакой жанчына прапусціла наперад Дземаша. Пакой займалі канапа, шафа, сервант, дзіцячы ложачак, тэлевізар, стол, на балкончыку сушыліся пялёнкі і калготкі. У ложачку поўзаў, гудзеў сабе пад нос і спрабаваў устаць і пайсці мардаценькі малы.

Жанчына перахапіла Дземашаў позірк.

— Шэсць гадоў з мужам дамы будуем, а з гэтага клапоўніка вылезці не можам.

Яна змахнула рукою з крэсла, хоць на ім нічога і не было.

— Я хацеў папытаць, ці не помніце вы пра тое, як тут на вуліцы аўтобус збіў чалавека.

— А-а-а, усё ж прыйшлі! Я тады гаварыла Віцю, а ён — не лезь, куды не след. Калі трэба, то самі прыйдуць папытаюць.

— Што вы бачылі?

— Я на балконе пялёнкі вешала. Якраз змена канчаецца, і ў гэту пару на тратуары людзі аж не ўмяшчаюцца, усе спяшаюць. Адзін толькі паміж імі ў пінжачку замінае. Зверху відно, што ўжэ так вочы замазаў, як вобмацкам ідзе. Зверху смешна глядзець на яго, нязграбны такі. Адале гляджу, недалёка ад яго, але следам другі ідзе. Здаровы, у зялёнай штармоўцы. Бачу, што быццам і за ім ідзе, але блізка не падыходзіць, як назіркам усё роўна. Потым я адвярнулася, чую, тармазы завішчалі, бабы крыку нарабілі… Мне з акна не надта відно было… А той, у зялёнай штармоўцы ці ў робе, бачу, з кучы выбіраецца. Спяшаў, каб скарэй выбрацца…

— Што вы яшчэ можаце сказаць?..

— Нічога. Здаровы такі…

— А ў гэтай робе пазналі б яго?

— Не знаю, можа, і пазнала б… Паходка ў яго нейкая, быццам рубам. А можа, п'яны быў… Яго яшчэ стары бачыў, ён над намі жыве. Ён на балконе цэлыя дні сядзіць. Ён мне пра гэта расказваў. На яго нявестка і сын прыгразіліся, каб не лез альбы куды…

Дземаш дакладваў спакойна і ўпэўнена. Пракурор не перабіваў яго, толькі па ходу дакладу задаваў пытанні.

— Ваша версія, што Волгін забіты?

— Магчыма. Бясспрэчна адно, што Соладава — а па адзенні, па паходцы чалавек у робе яе напарнік — мае дачыненне да смерці Волгіна. Значыць, ён нешта знаў такое. У гэтым я ўпэўнены. Самалячэннем Волгінай дапамагала займацца Соладава… І сёння мы так і не ведаем, дзе ж накрадзеныя зладзеямі грошы. Значыць, яны ў некага…

— У Камарова ёсць звесткі, што Соладава

арандавала дачку. Утульнае такое месца. Там бывалі часта мужчыны, жанчыны… Частая госця — Кажух… З мужам яна не ладзіла.

— Пра гэта, здаецца, гаварыў галоўбух. Думаю, што мне трэба ехаць на поўдзень. Расследаваць ананімку, а пад выглядам яе…

— Паедзеш. Падключыцца міліцыя. Камароў будзе тут працягваць. Табе дапамогуць мясцовыя таварышы. З Соладавай не спяшайся, правер усё. Вельмі асцярожна. І не забывай пра сваё сэрца…

* * *

Дземаша сустрэлі ў аэрапорце, і праз дзве гадзіны ён быў на пабярэжжы мора ў невялічкім гарадку, у маленькай белай гасцініцы. Тут жа адразу Дземаш быў і ашарашаны паведамленнем маладога міліцэйскага маёра: у іх тут ніякай Соладавай няма, тым больш такое, што пасялілася нядаўна. Гэтага Дземаш не чакаў:

— Прабачце, тады чаго я ехаў сюды? Вы маглі паведаміць…