157770.fb2
— Мала тоўк, трэба было яшчэ і языка ўрэзаць! Стары абмацаў рукою крывульку, нібы збіраўся напомніць тое, што было некалі.
— Яна ж і аборт сабе ўстроіла, бо Толік прыгразіў, што як народзіць рыжага…
— Не ведаў твой Толік нічога. Сама баялася, бо вечна п'яная была. Чорная і нараіла ёй бабку…
— Не бабку, а фельчарыцу.
— А ты бачыла тую фельчарыцу?
— А ты бабку бачыў? Валька ж казала, што сама…
— Мала што казала. Толік гразіў чорнай. Яна і на пахаванне не пайшла. Але і сам, бедны, пад машыну папаў. Ён і так хадзіў, як спутаны, у бакі яго зыбала, пакуль пад машыну не зыбнуўся.
— Хэ, зыбнуўся. Ён Сярожыка павінен быў забраць з садзіка. З малым ён ніколі не зыбаўся.
— А дзе малы цяпер?
— У Толікавых бацькоў. Яны харошыя, талковыя людзі. Нестарыя яшчэ. Сярожыку ў іх будзе мо і лепш, чым з бацькамі. Толік-то добры натураю быў, але сцерлася жыццё і ў яе, і ў яго.
— Ты ўжо мо і заплачаш, ай-я-яй! Устаць памажы! — прыкрыкнуў стары на старую. Бабка ўзяла яго пад руку, падняла і павяла да пад'езда. Стары ішоў, нібы на драўляных нагах. Побач з мажнаю старою ён здаваўся маленькі і худзенькі, як карчучок.
Пракурор моўчкі слухаў Дземаша, спадылба толькі коратка пазіраў на яго і нешта крэсліў на лістку паперы. Хто не ведаў пракурора, то падумаў бы, што ён злуецца. Дземаш жа чакаў пытання, на якое цяжка будзе адказаць. Але пракурор не пытаўся, ён коратка сфармуляваў тое, што сказаў яму Дземаш:
— Значыць, Іван Васільевіч, у сувязі са справай пра ананімнае пісьмо ты ствараеш дзве: адна — пошук ананімшчыка, другая — пра забойства, якое дасюль значылася няшчасным выпадкам. Аргументаваных доказаў наконт другога ў цябе няма… Значыць, выздаравеў, калі сам сабе шукаеш надзвычайную справу?
Пракурор скупа ўсміхнуўся.
— У свой час смерць самой Волгінай, а потым і яе мужа разглядаліся самі па сабе, без сувязі з крадзяжом на заводзе. Цяпер, што гэта выпадковасць, трэба правяраць. Тым больш што роля буфетчыцы і ў справе крадзяжу не даследавана, мы не ведаем прычыны сувязей яе з Волгінай.
— Ладна, Іван Васільевіч. Ананімкамі зоймуцца. Ты пакуль што будзеш рабіць праверку справы аб крадзяжы. Так будзем называць тваю работу. А калі знойдзеш доказы, а не толькі дагадкі, тады будзем думаць далей.
Пракурор устаў і гэтым даў зразумець, што гаворка скончана. На большае Дземаш і не разлічваў.
Бацькі Волгіна жылі ў прыгарадзе. Дваццаць хвілін язды на электрычцы. Ад станцыі Дземаш выйшаў на старую вудачку, тую, што была вясковаю вуліцаю. Цяпер вёска разбудавалася ў прыгарадны пасёлак, і былая вёска засталася толькі ўскраіннаю звілістаю вулачкаю з травою паўз платы, па якой тоненька беглі сцяжынкі.
Патрэбная Дземашу хата стаяла за пафарбаваным штыкетным плотам з металічнымі варотцамі. Праз плот былі відаць і акуратна дагледжаны сад, і грады, і выкладзеныя з бетонных плітак сцяжынкі, быццам нехта знарок выфарбаваў і вымеў усё да Дземашавага прыезду.
Ён адчыніў варотцы і па абсаджанай кустамі агрэсту і парэчак сцяжынцы падышоў да веранды, пагрукаў, памацаў за ручку. Дзверы былі замкнуты. Дземаш пастаяў і рушыў назад.
— Вы да нас? — пачуў ён мужчынскі густы голас, азірнуўся.
Хударлявы рослы мужчына ў чорным фартуху, з рубанкам у руцэ стаяў на парозе невялічкага дашчатага дамка, які, мабыць, служыў за майстэрню.
— Да вас.
Дземаш падышоў, павітаўся.
Мужчына ўздыхнуў, зняў фартух, акуратна павесіў яго на цвік. Апрануты ён быў у старое вайсковае адзенне, падцягнуты. Вочы суровыя і строгія. Рухі рашучыя і ўпэўненыя.
— Слухаю вас, — коратка сказаў ён і паказаў на невялічкую лаўку тут жа пры майстэрні.
— Заехаў пагаварыць з вамі… А як Сярожка?
— Паехалі з бабаю ў кіно ў горад. А пры чым тут Сярожка?
— Ні пры чым. Проста ні на рабоце, ніхто мне не мог сказаць толкам, дзе ён.
— На рабоце даўно забылі пра яе. Тым больш што пасля смерці яна аказалася і злодзеем.
Мужчына не назваў імя Волгінай.
— Вы не любілі нявестку?
— Не любіў. І быў праў. З-за яе ў нас не стала і сына.
— Як гэта зразумець?
— Не пара яны былі. Толіку другая жонка патрэбна была, а не гэты крутасвет.
— Вы часта бывалі ў гасцях у сына, сын у вас?
— Часцей Толік прыязджаў з Сярожкам.
— Нявестка не прыязджала?
— Яна ведала, што мы пра яе думаем. Ды і інтарэсы ў яе другія былі. Ёй гуляць трэба было. Ёй нават муж і сын заміналі. У іх парода такая, шалёная. Брат адзін у турме сядзіць, бацька век светам брыдзіў.
— Яны даўно знаёмыя былі?
— Толік з ёю вучыўся разам у школе. Ён у нас усё з кніжкамі сядзеў. Ну, а потым яна пад яго… Яна ўжо ўсё ўмела. Толіка да яе нібы прысаладзіла. А ёй такі ціхоня толькі і трэба быў…
— Калі вы бачыліся апошні раз з сынам?
— За два дні да таго, — Дземаш адчуў, як здрыгануўся голас мужчыны. — Я прыязджаў, хацеў забраць Сярожку. Толік сказаў, што на выхадныя ён сам яго прывязе… Прывёз.
— Пастарайцеся ўспомніць, пра што яшчэ вы гаварылі.
— А я і так да смерці памятаць буду. Я сварыўся на яго, што спрабуе выпіваць. Не ўмеў ён гэтага, ды і здароўе ў яго не такое, каб улягаць у гэтае паскудства. Ён усміхаўся, гаварыў, скора перастану, бацька, выведу гэтую чорную на ваду і кончу… Ажно яна яго вывела.
— А хто гэта яна?
— Ён мне не сказаў. Вальчына нейкая падружка. Я насварыўся на яго, каб выкінуў усё дурное з галавы, каб пра жывое думаў, пра сына. Малады яшчэ мужчына, жанчын хопіць… Ён усё па гэтай нудзіўся, не адпускала яна яго. Во як бывае. А чаму вы зноў пра гэта?
— Я не пра гэта. Пісьмо нам прыйшло… Стары Волгін не дапытваўся болей.
— А вы даўно ў адстаўцы?