157770.fb2
— Вы цярпелі. І муж таксама цярпеў?
— Не, дайшло і да яго… Раз так правучыў, што на работу не магла выйсці. Яна пасля гэтага баялася дадому ісці начаваць п'яная. Яна і ў бальніцу не пайшла, бо яго баялася…
— З кім яна піла?
— Здаецца, з буфетчыцаю пачалося. Была ў нас некалі такая Анюта. Чорная, як выжла. Яна і прывабіла Вальку. А потым Валька і сама сабе сябровак знаходзіла. А пасля і не толькі сябровак…
Ларыса Анатольеўна паморшчылася.
— А хлопчык іхні дзе?
— Сын?
Ларыса Анатольеўна напружана прыжмурыла вочы, старалася ўспомніць. Толькі цяпер Дземаш заўважыў, што ёй трэба насіць акуляры пастаянна, а яна саромелася, зняла і зараз, калі гаварыла з ім.
— Пачакайце, я ў дзяўчат папытаю.
Дземаш праз фанерную перагародку чуў, як яна клікала Нінаў, Зінаў, як яны ўсе разам гаварылі: «Вальчыны бацькі», «Толікавы бацькі», «старэйшая сястра»…
Ларыса Анатольеўна зайшла збянтэжаная:
— Адны гавораць, што ў Вальчыных бацькоў, другія, што ў Толікавых, трэція, што сястра Валіна забрала… Яна ж памерла даўно, усё гэта ўсплыло пасля яе смерці. Пра тое, што Толік папаў пад машыну, мы толькі цяпер дазналіся, як следства пачалося…
Ларыса Анатольеўна апраўдвалася:
— Калі трэба, я даведаюся.
— Як тваё расследаванне?
— Скончылі. За анучу забілі чалавека. Усё роўна як чорт ведама дзе рос. А хадзіў у школу, піянерам быў…
Лена паклала лыжачку ў кубачак, і яна звонка грукнула па беражку.
— Цяпер модна ўсё спісваць на школу і на настаўнікаў!
— Прабач, я не гэта хацеў сказаць…
— Ты помніш, я цябе прасіла: не магу больш у школе. Як толькі падумаю, што заўтра на работу, злосць бярэ на дзяцей!
— Я не ведаю, як мне…
— Баішся, што табе прыпішуць злоўжыванне службовым?
Лена ўсміхалася. За ўсмешкаю гэтаю была і насмешка, і перавага. Ён не ведаў дасюль такое яе ўсмешкі і насцярожыўся.
— Іван, я гляджу на цябе і не ведаю: ты праўда нічога не бачыш кругом ці прытвараешся?
— Як не бачу? Чаго прытвараюся?
— Ты не бачыш, як жывуць людзі? Яна прыціснула на як.
— Па-рознаму… Я многа бачыў, з многімі гавару. Лена махнула рукою:
— Я не пра гэта. Табе не прыходзіла ў галаву, што мы маглі мець машыну, дачу, адзявацца як людзі…
Ён паглядзеў на жонку.
— Не бойся, я не пра тое, каб ты браў хабар, не пужайся.
Лена ўпэўнена ўсміхалася.
— У цябе вялікая практыка. Табе не прыходзіла ў голаў, што ты мог абараніцца? Напісаць кандыдацкую, мець людскую работу?
Яму гэта не прыходзіла ў голаў. Ён не ведаў, што ў сям'і ягоная работа — «нялюдская». Ад разгубленасці і крыўды сказалася моцна і жорстка:
— Я пра гэта не думаў і думаць не збіраюся!
— Які святы! Можа, за тваю святасць я паліто сабе куплю ці сыну штроксы? Каб не Коля…
Дземашаў шурын Коля рабіў на міжнародных аўтаперавозках і забяспечваў радню «імпартам».
Дземаш нічога не адказваў, толькі пільна паглядзеў на Лену.
— А Волгіны што, на рабоце?
— Волгіны? — старая ўстрапянулася і прыгледзелася да Дземаша.
— Мы з Толікам некалі разам вучыліся. Прыехаў у горад, думаю, зайду, адведаю.
Дземаш прысеў на лаўку.
— Вунь яно што, — праспявала старая. — Няма, душа мая, Волгіных. Ні Валькі, ні Толіка.
І старая пачала расказваць пра тое, што Дземаш ведаў ужо.
— Яна бесталковая была, але каб не гэтая чорная буфетчыца, што яе са свету зводзіла… Я зразу казала, што ведзьма гэтая чорная!
— Якая буфетчыца? — перапытаўся Дземаш.
— На заводзе ў іх была, чарнявая такая, як цыганка. Валька і нам прыносіла то сасісак, то мяса якога добрага. Буфетчыца сюды і гэтага дурня чырванамордага прыводзіла. Потым дружба тая пачала раскідацца. Толік за нешта неўзлюбіў гэтую хеўру. Чорная прыбягала да Валькі, каб толькі Толік не бачыў.
— Хэ, дружба раскідалася! Мардаты гэты пачаў да Валькі… Валька ж маладая, а яму гэтая чорная старая курыца прыелася. Я Толіку і сказаў, каб пёр ён гэтага рыжага, калі не хоча рыжых гадаваць. А на жонку дрын добры бяры і таўчы, бо толку не будзе… Хэ! — не ўтрываў і стары.
— У цябе адна песня — таўчы. Ён жа і паслухаў цябе. Счэрніць яе на горкае яблыка: сам вып'е і плача на кухні.
— Бо позна таўчы пачаў, раней трэба было.