157770.fb2
— А вы паспрабуйце… Давайце разам, — сказаў Дземаш першае, што звязалася на языку.
— Я ўжо спрабавала. І не адзін дзень…
У голасе яе Дземашу здаўся нейкі выклік.
Жанчына пайшла далей па беразе, памахваючы цыратаваю пляжнаю сумкаю, на якой былі намаляваны вялікія жоўтыя кляновыя лісты.
Дземаш устаў, нібы збіраўся дагнаць жанчыну. Яму і на самай справе раптам здалося, што сонца не грэе. Ён рашуча ўвайшоў у ваду і паплыў, плаваў доўга, а потым, калі сабраўся дадому, пайшоў сцежкаю ўздоўж берага…
Дземаш уважліва перачытваў старонкі допытаў, паказанні сведак, заключэнне экспертызы. На чыстым лістку паперы ён памячаў тое, на што не знайшоў адказу ні ў адной судовай справе, ні ў матэрыялах следства.
У справе пра кражу былі аж дзве смерці — жонкі і мужа Волгіных. Ён аказаўся на праезнай частцы дарогі перад самым аўтобусам раптоўна. Машыну нельга было спыніць. У дакументах аб смерці самой Волгінай было медыцынскае заключэнне. Чаму маладая здаровая жанчына пайшла дома на такую аперацыю? Ці не дапамагаў ёй хто?
Дачыненне Волгінай да кражы высветлілася, калі яе ўжо не было жывое. Яе мужа таксама. Ён ведаў пра гэта ці не?
Не знаходзіў Дземаш дакладнага адказу і на тое, дзе падзеліся накрадзеныя грошы. Яны агулам спісваліся на выпіўкі і на пагулянкі, якія наладжвала кампанія, на пакупкі модных «ануч». Наўрад ці на гэта б разышлося гэтулькі грошай.
Галоўны бухгалтар амаль на сто працэнтаў характарызаваўся станоўча і кіраўніцтвам завода, і тымі камісіямі, якія пасля не раз правяралі работу заводскае бухгалтэрыі. Болей таго, усе яны сыходзіліся на выснове, што новы галоўны навёў парадак у бухгалтэрыі. Ці мог ён прагледзець, што рабіла ягоная падначаленая? Бухгалтарка Кажух была чалавек вопытны, яна актыўна памагала галоўнаму з першых дзён ягонага прыходу на работу. Няма нічога дзіўнага, што галоўны бухгалтар не мог праверыць, як налічваецца зарплата кожнаму рабочаму ці інжынеру.
Чаму тады галоўны бухгалтар вярнуў пяцьсот рублёў, якія «пазычаў» у бухгалтэрыі толькі пасля таго, як пачалося следства? Кажух, несумненна, ведала пра гэта.
Яшчэ Дземаш памеціў на лістку адно пытанне: што з сынам Волгіных?
Гэтае пытанне, праўда, не мела ніякіх адносін ні да ананімкі, ні да самой справы.
Пачынаць Дземаш вырашыў з галоўнага бухгалтара. Пісьмо было супраць галоўнага, і пачынаць трэба было не з яго. Але Дземашу хацелася паглядзець на чалавека, які заслужыў нечыю такую зацятую няміласць.
У кабінет зайшоў рослы, спартыўнага складу малады яшчэ мужчына з густымі, пабітымі сівізною валасамі.
— Сядайце, Віктар Іванавіч.
Выгляд мужчыны ніяк не стасаваўся з ягонай прафесіяй.
— У мяне, Віктар Іванавіч, некалькі пытанняў у сувязі са справай Кажух.
Мужчына кіўнуў галавою.
— Скажыце, Віктар Іванавіч, як бухгалтар, вы верыце, што ўкрадзеныя грошы Кажух, Волгіна, Сераброва проста прагулялі, прапілі, патрацілі на пакупкі?
Бухгалтар здзіўлена паглядзеў на Дземаша. Пытанне было для яго нечаканае.
— Я пра гэта не думаў… У міліцыі не горшыя спецыялісты, палічылі.
Дземаш кіўнуў галавою. У матэрыялах следства якраз і вынікала, што не палічылі.
— Вы давяралі Кажух? Што вы цяпер можаце сказаць пра яе?
— Кажух — вопытны бухгалтар. Я гэта гаварыў і паўтару. І дасюль не магу паверыць, што яна злодзей. Неяк не ўвязваецца гэта з яе характарам. Яна і з маім папярэднікам не ладзіла за тое, што хацела навесці парадак у фінансах, і мне многае падказала і дапамагла. Я ёй давяраў. І сёння тое, што адбылося, для мяне нейкая загадка.
— Віктар Іванавіч, хаця гэта і непрыемна вам… Тыя пяцьсот рублёў, пра якія ведала Кажух, яны не. маглі… ну, скоўваць вас у плане кантролю за ёй?
— Што ж, сам вінаваты… Самае крыўднае, што ўсе думаюць, што я хацеў прысвоіць гэтыя грошы… Тэлевізар купіў, думаў, аддам з квартальнае прагрэсіўкі. Сотнямі тысяч варочаю, а напавер аказалася, што нейкая сотня важней. Нельга пераступаць мяжу, не меў я маральнага права пазычаць тыя грошы. Не, на мае адносіны з Кажух гэта не ўплывала, я іх не збіраўся прысвойваць… І вам прыйшла ананімка?
— Чаму вы пытаецеся?
— Ужо пісалі ўсюды. У народны кантроль, у гарком, у абком… Цяпер і да вас дайшлі.
— Як вы думаеце, чаму на вас пішуць ананімкі?
— Пры мне, як пачалі наладжваць улік, многія асталіся без прэмій і прагрэсівак… Не толькі сярэдняе, але нават і вышэйшае кіраўнічае звяно. Цяпер гэтая справа з Кажух. Яна мая памочніца была. Скампраментавана бухгалтэрыя. І гэтыя пяцьсот рублёў… Зачэпка ёсць фармальная, каб аднесці мне пірагі. Нехта і адносіць.
Віктар Іванавіч выняў з чамаданчыка папку, паклаў на стол.
— Што гэта?
— Гэта заключэнні ўсіх камісій, якія правяралі мяне і бухгалтэрыю. Можа, трэба будуць.
Бухгалтар горка ўсміхнуўся:
— Я ўжо падумваць пачаў: кіну к чорту гэты завод. І не кідаю, не хочацца, каб думалі, што я такі, як пішуць пра мяне.
— Папку вы забярыце. Як трэба будзе, я папрашу. Значыць, па натуры Кажух была не злодзей?
— Яна прыгожая жанчына, можа, лічыла, што ёй не пашанцавала ў каханні… Адчувалася, што яна любіла ўвагу мужчын. Зарабляла няблага, ды і муж таксама. Так што грошай ёй хапала. У мяне з галавы не выходзіць, як яна аднойчы пажартавала, каб я не толькі давяраў, але і правяраў. Цяпер я гэта ўспамінаю і думаю: нашто ёй было так гаварыць? Ды, урэшце, яна і адна магла ўкрасці, і не менш. Нашто ёй трэба была шайка? Я не магу ўсё гэта зразумець.
— Што ж, Віктар Іванавіч, ідзіце, працуйце, а мы паспрабуем знайсці ананімшчыка.
Дземаш у блакноце запісаў — запрасіць усе ананімкі на галоўбуха. Ён не сумняваўся, што пісаў адзін і той жа ці адны! тыя ж.
Тое, што гаварыў галоўбух, і сапраўды не стасавалася з Кажух. Па справе яна ішла галоўнай фігурай і не спрабавала адмаўляць гэта. Што яе, адукаваную, прыгожую, з дастаткам у хаце, звязала з бесталковаю Волгінай, з прагнаю на грошы Серабровай, якая арганізоўвала падстаўных?.. Што ці хто?
Пасля абеду Дземаш сабраўся і паехаў на завод. Новы адміністрацыйны корпус яшчэ будаваўся. Інфармацыйна-вылічальны цэнтр туліўся ў двухпавярховым будынку адразу ж за прахадною. Работнікі мясціліся па пяць-шэсць чалавек у пакойчыку. «Кабінет» начальніка быў у кутку, за фанернаю перагародкаю з дзвярамі. Начальнікам аказалася чарнявая хударлявая жанчына з востранькім носам і цёмнымі кругамі пад вачамі.
— А, вы пра Вальку… Бесталковая яна была. Ёсць такія пустыя бабы, балбатухі, мяцёлкі. Яна ўмела арганізоўваць дні нараджэння, расказваць анекдоты, мацюкнуцца — таксама… Работнік была не вельмі, але і не калека. Сын у яе быў. Муж яе, Толік, калі яна і загуляе, малога забярэ. Ён не піў. На яе добрага мужчыну трэба было, каб духу яго баялася, а ён — Валька, Валька… А гэтая яго Валька хвост трубою і пайшла падбрыкваць!
Жанчына ў такт словам прыстуквала рукою па стале. Зірнула на Дземаша і змоўкла.
— Гэта праўда, Ларыса Анатольеўна, што апошні час Волгіна і на работу п'янаю паказвалася?
Ларыса Анатольеўна сумелася. Яна не хацела такіх пытанняў.
— Было. Баялася мяне, хавалася…
— І вы не ведалі, што яна і тут умудралася, на рабоце?
Ларыса Анатольеўна апусціла вочы: