157770.fb2
Вядома, у чалавека, які ўдзень адкручвае нагамі больш за сто кіламетраў, ніякі «гарбуз» на завяжацца, ды і на веласіпед не ўзгрузіш ні бульбы, ні нават карзіны з салам. У старога сапатлівага Меходзія не надта і знайшлося б што грузіць…
У вёсцы ніхто не чуў, калі Васіль ад'язджаў, бо выязджаць трэба было зранку, каб дакруціць да горада. Дзверцы не ляпалі, не гуў матор.
Пакрысе ўслед за Анцікамі і за Васілямі пацягнуліся ў горад «выбівацца ў людзі» вясковыя хлопцы і дзяўчаты…
Дземаш усміхнуўся сваім успамінам. Як потым аказалася, уся навука Анціка была ў сем класаў, і працаваў ён простым шафёрам. Рыжы Меходзіеў Васіль, які меў такую ж самую адукацыю, «выкруціў» сабе чэмпіёнскае званне, вячэрнюю дзесяцігодку кончыў, потым інстытут і прыязджаў разоў пару ў вёску на сваім легкавічку… Ён хваліўся, якую мае кватэру, як жыве, напіваўся і хадзіў па вуліцы з чырвонай, як велікоднае яйка, мордаю…
Тады ўжо мода была ісці ў навуку, калі не ў інстытут, то хоць у школу ФЗН… Не ехалі паступаць толькі тыя, пра каго ўжо і гаворкі не магло быць.
Дземаш паступіў на юрыдычны. Чаму на юрыдычны? Таму, што настаўнікам яму быць не хацелася, а што такое юрыдычны факультэт, ён ведаў даволі прыблізна, але з вёскі там ужо вучыліся…
Дземаш сеў. Па возеры чародкаю ішлі тры байдаркі. Мокра паблісквалі вёслы, і лодачкі, здавалася, ляцелі над самаю вадою, а дзяўчаткі ў спартыўных маечках — чырвонай, жоўтай, блакітнай — матылькамі. Гледзячы на іх, верылася, што ў іхнім жыцці ўсё лёгка, проста і шчасліва, як і бывае ў маладосці.
Гэтак жа лёгка выляталі з вёсак у невядомае жыццё і яны. Пасля вучобы Дземаша як лепшага студэнта размеркавалі ў горад, у пракуратуру. Ён успрыняў гэта, як звычайнае, пачаў вучыцца рабіць сваю работу. Гэта быў ягоны чэсны хлеб, і новая работа пакрысе стала другою натураю, тым, што цяпер высока называюць прызваннем.
Потым ён сустрэўся з Ленаю. Яна пасля інстытута вучыла ў школе. У іх нарадзіўся сын, які вучыўся хадзіць, гаварыць, а потым пайшоў у першы клас…
Цяпер усё гэта злівалася ў памяці ў нешта адно шчаслівае, сонечнае, як водсвет на вадзе. Пачыналася ўсё ад першага пацалунка з Ленаю ў яе на двары пад кустом бэзу. Пасля, калі ён цалаваў Лену, здавалася, што ў яго кружыцца галава ад бэзавага чаду…
Гэтак жа добра памятаецца, калі ўсё скончылася. Не тыя, дробныя сутычкі, без якіх не бывае жыццё, а тое, калі ён адчуў, што шчасце кончылася. Ён вёў справу пра забойства маладога хлопца, які паехаў на вяселле ў вёску і адтуль не вярнуўся. Знайшлі яго збоч дарогі, якая вяла да прыпынку электрычкі. Забойства здарылася хутчэй за ўсё з-за тых модных джынсавых «дудачак», якія былі на хлопцу…
Дадому ён прыехаў больш чым праз два тыдні, калі знайшлі і тыя джынсы, і здаровага, як бугай, вясковага «стылягу». Ён браў бацькаву машыну-цыстэрну, якая начавала пры доме, і ездзіў на танцы. А па дарозе падабраў п'яненькага гарадскога піжона ў штанах, якіх яму не хапала. Ён проста стукнуў, каб не трапятаўся, пакуль будзе здымаць штаны. Ён іх і начапіў на сябе назаўтра, а зняў толькі тады, калі пачуў, што знайшлі забітага…
Лены не было дома. Пакуль Дземаш мыўся, прыйшоў з вуліцы Валодзя.
— Маці званіла, што пазней прыйдзе. Зрабі з'есці і мне.
Валодзя зайшоў у ванны пакой.
— Не пытаешся, як у мяне?
— А што пытацца, раскруціў, як заўсёды. Ты ж у мяне не пытаешся, як вучоба.
Дземаш усміхнуўся: сын падрастаў. Лена вярнулася пасля праграмы «Час». Дземаш выйшаў сустрэць яе, і яна заспяшала пацалаваць яго.
— Ты вячэраў? Кавы вып'еш? Я зраблю і табе, і сабе кавы.
Каву пілі на кухні. Лена ў доўгім стракатым халаце, ён у трэніровачным касцюме.
— Даведайцеся. І мне пазваніце. Як звалі хлопчыка?
— Сяргейка ці Юрка.
З завода Дземаш паехаў трамваем да возера. Думаў ён не пра галоўнага бухгалтара і нават не пра ананімку. Бухгалтар атрымаў строгую партыйную вымову, зрабіў вывады, як гаворыцца. Думаў ён пра малога хлопчыка, які астаўся без бацькоў, пра той холад бяды і адзіноты, які працяў яго маленькую душу. І гэтага ўжо ніхто не паправіць, ніхто нічога не пераменіць. Яшчэ Дземаш думаў пра тое, што супрацоўніцы Волгінай прыходзілі да яе на дні нараджэння і насілі яго на руках. Цяпер не памяталі нават, як яго завуць. І гэтае прыкрыванне выпівак Волгінай таксама ад раўнадушша ішло. Усім добра было быць добрымі. Волгіна за ўсё разлічылася па самым высокім рахунку…
Сёння Дземаш ішоў па парку і не заўважаў ні сонечнае цеплыні і спакою, ні групы здароўя. Ён думаў пра маленькага хлопчыка, а ў галаве праклёўвалася здагадка, што дзве смерці Волгіных — залішне многа, каб была выпадковасць. Цяпер паўстала пытанне: чаму іх не стала абаіх?
Да дома, дзе жыла сям'я Волгіных, Дземаш прыехаў на аўтобусе, хвілін пятнаццаць блукаў між аднолькавых чатырох-пяціпавярховых будынкаў па дварах, спрэс засаджаных дрэвамі, пакуль не знайшоў патрэбны яму 27 а. Ля пад'езда былі пароблены лаўкі. На адной з іх сядзела бабка ў мультановай клятчатай кофце, у сіняй спадніцы, у панчохах і хатніх шлёпанцах. Побач у вынашаным шэрым касцюмчыку сядзеў сухенькі лысы стары. Пры ім стаяла купленая ў аптэцы крывулька.
Сонца прыгравала, і старыя былі падобныя на асенніх вераб'ёў, якія селі пагрэцца. Яны з цікавасцю паглядзелі на Дземаша.
Ён павітаўся са старымі, зайшоў у пад'езд з паабіванаю, са сцен тынкоўкаю. На другім паверсе пазваніў у адны, потым у другія, потым у трэція дзверы. На апошні званок дзіцячы голас з-за дзвярэй завучана далажыў:
— Мамы няма дома.
Дземаш выйшаў з пад'езда, прыпыніўся ля старых.
— Ну, чаго глядзіш, як на допыце? Ох, недарэмна вас лягавымі завуць!..
Яна асеклася, сама зразумела, што гэтага не трэба было, але не сказала нават дзяжурнага «прабач».
— Ты нічога не хочаш бачыць, акрамя сваіх жулікаў. Яны былі да цябе і пасля цябе астануцца. А я хачу жыць як людзі… Я абыдуся і без цябе!
Дземаш хлебануў з кубачка асадак, і ў роце стала горка…
Цяпер канец сямейнага жыцця ў Дземаша звязваецца са звонам чайнае лыжачкі і з горкім смакам кававага асадку. Можа, таму, што памяць не хацела варушыць усё тое, што было потым. Лена і сапраўды пакінула работу ў школе, перайшла ў інстытут педагогікі, паступіла ў аспірантуру.
Каб не нарывацца на сварку, на панурае маўчанне дома, Дземаш цяпер снедаў, абедаў і вячэраў у горадзе, пасля абеду не спяшаў дадому.
Лена ў той вечар вярнулася дадому раней за яго.
— А дзе Валодзя? Яго няма?
— Клопат пра сына прарэзаўся? Слухай, папачка, ты што, і праўда святы і сляпы? Няўжо ты думаеш, што я, маладая, здаровая… Ці ты пісьма чакаеш, што твая жонка табе…?
Дземаш ударыў наводмаш, заўважыў, што на нейкае імгненне ў яе вачах успыхнуў раптоўны страх, не пагардлівасць і самаўпэўненасць, а страх.
Яна азірнулася, прыкрылася рукою, але Дземаш крута завярнуўся і выйшаў з калідора. Ужо ў горадзе з глухім болем думаў, што вінаваты сам, што трэба было ў пару паставіць Лену на сваё месца…
Назаўтра ён пазваніў, і яны сустрэліся ў горадзе. Яна прыйшла, як звычайна, модная, маладжавая і нібы спалоханая. Ён нават пашкадаваў яе, здалося, што ўсё яшчэ склеіцца.
Усё ж Дземаш суха, нават казённа сказаў, што прапануе разысціся без суда. Ён забярэ толькі свае рэчы.
— Не ведаю толькі, як з Валодзем. Паспрабую пагаварыць з ім.
— Не трэба. Я гаварыла… Ён астанецца са мною… Можаш пазваніць яму, калі не верыш.
Лена заспяшалася гаварыць. У голасе яе ён адчуў палёгку, а за гэтай палёгкаю радасць, з якою да яе вярнулася ўпэўненасць.
Дземаш астаўся сядзець на лаўцы, глядзеў услед Лене — з сумачкаю на плячы, і нечага так і не мог звязаць у адно ў жыцці.
Меней чым праз паўгода яна выйшла замуж за намесніка дырэктара свайго інстытута, ужо прафесара, віднага, як гавораць цяпер, чалавека, нядаўна аўдавелага. Потым абараніла дысертацыю, і Дземаш сустракаў яе ў горадзе за рулём «Волгі», модную, элітную даму…
— Ну што, і грэе яшчэ?
Дземаш сцепануўся, нібы яго заспелі ў чужым агародзе.