157770.fb2 Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 35

Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 35

— Вазьміся за гэта, Іван Васільевіч. Перадгісторыя скаргі такая. На заводзе бухгалтарка ў змове з работнікамі ІВЦ абманвала і электроніку, і дзяржаву. Праходзілі на зарплату мёртвыя душы, грошы за іх атрымоўвалі. Цягнулася гэта некалькі гадоў. Кампанія такая: бухгалтарка Кажух, інжынер, падстаўных некалькі. Грошы прагульваліся і прапіваліся… Суд быў у мінулым годзе. Бухгалтарка атрымала восем з канфіскацыяй, яе памочніцы таксама сваё. У час следства ўсплыло, што да гэтага крадзяжу мела адносіны і доўгі час памагала бухгалтарцы тэхнік Волгіна. Яна памерла ў мінулым годзе… Піла яна апошнія гады. А праз нейкі час загінуў яе муж. Аступіўся і ўпаў пад машыну з тратуара. У скарзе намякаецца, што смерці гэтыя невыпадковыя. Больш таго, што Волгіны загінулі з-за таго, што ведалі галоўнага арганізатара і віноўніка ўсіх крадзяжоў — галоўнага бухгалтара. А Кажух і ўсе астатнія — толькі пешкі падстаўныя. Пісьмо супраць галоўбуха, абвінавачванні цяжкія…

— Ананімнае?

— Без подпісу.

— Ананімшчыка можна шукаць і не следчаму па асабліва важных справах… Дыскваліфікуюся, Рыгор Пятровіч.

— Не спяшай. Папраўляйся. Пакуль лета, пакуль нічога такога не здарылася.

Ён палюбіў свой штодзённы маршрут: па ціхім завулку, зацененым густымі пасляваеннымі ліпамі да трамвайнага прыпынку, потым трамваем на ўскраіну горада і адтуль — да возера. Ён не спяшаўся выходзіць з кабінета, не спяшаўся ісці, не лез штурхацца ў перапоўнены трамвай. Ён цешыўся шчодрым яшчэ, але ўжо не пякучым сонцам, дзіўным, не зразумелым яму дасюль спакоем, які сыходзіў на яго ад гэтае сонечнае ласкавасці, ад цішыні, якая ахіляла яго пасля трамвая ў парку. Там было зелена яшчэ, але ўжо і прасторна, і трава пакудлачаная. У ёй не надта кідаліся ў вочы апалыя сухія лісцікі. Адзінокія, дачасна пажаўцелыя, яны не давалі яшчэ восеньскае прыгажосці дрэвам.

У парку, пад дрэвамі, па скудлачанай траве бегала наўкруга група здароўя: больш жанчын і некалькі пажылых мужчын. Было нешта сумнае ў тым, як старанна яны выконвалі практыкаванні, наіўна спадзеючыся вярнуць маладую лёгкасць. Дземаш лавіў сябе на тым, што ён спачувае гэтым людзям. І сам ён зусім нядаўна нізавошта не выбраў бы часу, каб гэтак спакойна і лагодна траціць цэлы адвячорак на дарогу, на цёплую ваду пад негарачым ужо сонцам. Ён нібыта пераступіў нябачную мяжу, уступіў у новы адлік часу: тая пара, калі не было як спыняцца і азірацца нават, калі ад імклівасці гудзела ў жылах кроў, а жыццё здавалася доўгім і падуладным табе, — тая пара кончылася неяк раптоўна. Цяпер нібыта намнога болей стала часу для одуму, і не звінела ў жылах кроў, і не туманілася ў галаве…

* * *

Тады быў вясновы перадмайскі дзень. Вясна ўзялася сапраўдная. Адгукнулася на сонечную цеплыню зямля, зазелянела лісце на дрэвах, а ў горадзе ў зацішках бела і густа зацвілі чарэшні. Адна з іх расла ў двары перад самым ягоным акном. Дземаш адчыніў акно насцеж, удыхаў жывы водар вясны, адчуваў сябе лёгкім і маладым.

Ён скончыў цяжкую і доўгую справу пра лютае забойства маладое дзяўчыны. Ззаду застаўся пошук, які не даваў яму спакою ні дзень ні ноч. Ён падпісваў апошнія паперы і думаў пра сваю аднапакаёвую кватэру, дзе цень ад дрэў і дзе ў адчыненую фортку дыхае вясна. Ён вымыецца ў ванне і засне, як не спаў ні разу за апошнія дні.

Дземаш загарнуў папку, устаў, лёгка ўскінуў рукі ўгору, каб пацягнуцца, з хрустам разварушыць плечы, — і адчуў, як востра, нібыта шыла, увайшоў у сэрца боль. Ён нібы ўбачыў і гэтае шыла, і сваё сэрца. Перахапіла дыханне. Паволі ён апусціў рукі. Буйныя, як боб, кроплі поту астудзілі твар. Сэрца не магло здрыгануцца. Ён з мёртвым ужо сэрцам выйшаў на калідор… Потым як скрозь туман ён адчуваў, што яго некуды неслі, нешта рабілі з ім. Ён не чуў ужо ні болю, нічога…

Вярнуўся Дземаш на белы свет у цішыні палаты. Па тым як весела гаварыў з ім доктар, зразумеў, што ўсё абышлося не горшым чынам. Потым дактары гаварылі, што ў яго і не інфаркт яшчэ быў, а перадінфарктнае становішча ад ператомленасці. Таму яму надалей трэба жыць крыху асцярожней, памятаць пра тое, што першы званок ужо быў… Ён усміхаўся з гэтае парады. «Асцярожней жыць» асацыіравалася ў яго з тым, што ідзе ён паволі, нібыта яйка нясе на галаве.

Тады да яго прыходзіла Лена. Ён толькі-толькі акрыяў, балела яшчэ ў грудзях, калі сястра з радасцю паведаміла, што да яго прыйшла жонка.

Усярэдзіне ў Дземаша ўсё здрыганулася: ён не хацеў, каб Лена бачыла яго хворага, ён адвык ужо ад слова «жонка», яно не мела да яго дачынення. Сястра была шчаслівая, што ўзрадавала яго, і нічога не заўважыла.

Лена ўвайшла да яго спакойна, прывіталася: — Дзень добры, Іван. Ён кіўнуў галавою.

Яна была ўсё гэтакая ж ладная, не надта і рослая, і не надта і прыгожая быццам, але нейкая асаблівая, якой магла быць толькі яна. Прысела на крэсла воддаль ложка.

— Лепш крыху?

— Лепш.

Вочы яе глядзелі на яго спачувальна і спакойна. Знаёмыя яму вочы, у якіх раптам мог загарэцца зялёны вядзьмарскі аганёк. І прычоска ўсё гэтакая ж кароткая, стрыжка.

— Як Валодзя? — папытаў ён пра сына.

— Дзякуй, нармальна. Паехаў на спаборніцтвы.

Яна зразумела, што Дземаш хацеў убачыць сына.

Дземаш кіўнуў галавою. Ён здагадаўся, што сын нічога не ведае, яна так вырашыла і пра гэтае рашэнне сказала яму. Толькі цяпер ён прыкмеціў тое, што не адразу кідалася ў вочы: двайны падбародак, які абазначыўся тоненькаю маршчынкаю, складачкі ля куточкаў губ, лятучы, але нейкі жорсткі прыжмур вачэй. Гаварыла Лена ўсё роўна як загадвала, і права на папраўку сказанаму не было. Пастарэла і змянілася яна. Дамаглася, праўда, камандаваць і распараджацца. Ёсць жанчыны, якія не могуць, каб не камандаваць хоць мужам ці дзецьмі. І яны датуль не адчуюць сябе шчаслівымі, пакуль ім не будзе здавацца, што яны дамагліся свайго, што ўсё ў жыцці кружыцца вакол іх.

Цяпер Дземаш з палёгкаю думаў: як добра, што яны некалі разышліся з Ленаю.

Лена адчула на сабе ягоны доўгі позірк. Калі яны жылі разам, яна не любіла такога позірку.

Дземаш адвёў вочы.

— Калі што трэба, скажы, я дапамагу.

— Дзякуй, пакуль што быццам нічога…

Дземаш усміхнуўся і ўбачыў, як паморшчылася Лена. Яна абяцала дапамогу, і ёй гэта лёгка было зрабіць, як разлічыцца з чужога кашалька. Ёй не падабалася ягоная ўсмешка: Дземаш ведаў становішча яе цяперашняга мужа і тое, што ёй хацелася пабыць перад ім былым сваім мужам, бацькам яе сына, высакароднаю. Тым больш што жыццё ў яго склалася не лепшым чынам, як думала яна. І ляжыць у адзіночнай палаце Дземаш таксама дзякуючы Лене.

— Калі што трэба будзе, усё ж пазвані.

— Скажы Валодзю, як вернецца…

— Скажу. Але думаю, цябе выпішуць. Я гаварыла з галоўным. Табе яшчэ пашанцавала…

Яна выйшла з палаты ўпэўнена і цвёрда на маладых нагах у маленькіх туфельках з высокімі абцасамі.

Дземаш адчуў, як сціскаецца сэрца. Боль, мабыць, адбіўся і на твары, бо сястра, якая зазірнула, хуценька села лічыць пульс і потым зрабіла ўкол…

* * *

Журботная прасторнасць панавала ў парку асабліва ў буднія дні. Сумавала касірка ў будачцы з сакавітаю шыльдаю саюзатракцыёнаў. Толькі на адной лодачцы-арэлях весела гойдаліся ў купальніках дзяўчынкі-школьніцы. Прывычна лузгала сланечнік вяснушкаватая дзяўчына ў палатцы пракату пляжнага начыння. Была яна надзіва незагарэлая, але на сонца не паказвалася, сядзела ў сваёй рэзідэнцыі, як царэўна, і лузгала сланечнік.

Дземаш аблюбаваў сабе месца непадалёку ад вады і ад раздзявалкі. У гэтым месцы было пясчанае, не загнатае ілам дно. Дземаш раздзяваўся, даставаў з аздобленага белым металам «дыпламата» махровы ручнік, цёмныя акуляры, лажыўся і разгортваў кнігу. Кніга пастаянна была з ім. Пра лес, пра чалавека, які толькі і жыве тым, што ходзіць па лесе і піша пра гэта. Чытаў Дземаш кнігу паволі і забываўся, што яна пра лес: пачынала здавацца, што гэта сам ён праходзіць па жыцці…

Калі добра прыгравала і ад цяпла рабілася цяжка ляжаць, Дземаш заходзіў у ваду і плыў. Вада была цёплая і густая, а таму здавалася жывою. Узнікала адчуванне, што ён нібы і не плыве, што вада сама нясе яго. Ён пакорліва падстаўляў ёй то адну, то другую шчаку, заплюшчваў вочы.

Плаваў Дземаш па паўгадзіны. Калі выходзіў на бераг і клаўся адпачываць, у вушах, здавалася, усё яшчэ роўна і шаўкавіста шумела вада. Ён паварочваўся на спіну, заплюшчваў вочы, і тады здавалася, што ад вады і ад сонца ў ягонае цела ўліваецца сіла і маладосць…

* * *

Паляжаў Дземаш у бальніцы дзевяць дзён. Першае, што ўразіла яго — раптоўна прапала цяпло, над зялёным лісцем павявала тугім ветрыкам. Пад ім асыпаліся прыжоўклыя і пакамечаныя, зусім нядаўна такія святочныя вішнёвыя пялёсткі. Цяпер яны ляжалі маленькімі сумётамі на тратуарах, і на іх не шкода было наступаць.

Дземаш асцярожна ўдыхаў свежае паветра, якое п'яніла яго пасля бальніцы. Яго накіравалі яшчэ на два тыдні ў прафілакторый. Дземаш ведаў, што гэта перастрахоўваюцца дактары.

Бадзёра і молада ён узышоў на свой паверх, адамкнуў дзверы, адчыніў форткі, каб праветрыць пакой, напусціў ванну вады, з асалодаю думаў, як будзе ляжаць у белай мяккай пене. Гэтага толькі і не ставала яму, каб быць зусім здаровым.

…Боль узнік паволі, аднекуль знутры падышоў да сэрца. Дземаш спыніўся, прыслухоўваўся да сябе. Яму стала аж страшна дыхнуць, паварушыцца, ступіць хоць крок. Ён заплюшчыў вочы і ступіў. Потым мыўся ў ванне, хадзіў у магазін, назаўтра ў цесным і душным аўтобусе дабіраўся да прафілакторыя, наперакор гэтаму болю, прывучаючы сябе да яго, і сябе — не звяртаць на яго ўвагі. Ён не прызнаваўся нават сабе самому, што хвароба пачала пакрысе быццам звужаць ягонае жыццё.

На першым часе яна ўмяшалася ў работу. Пасля хваробы яму далі зусім звычайную справу — знайсці паклёпніка, які замучыў дырэктара школы і дзесятак арганізацый, куды пісаў свае ананімныя лісты.

Дземашу, следчаму, які разблытаў не адно цяжкае злачынства, неяк і смешна было брацца за гэтую справу. Вядома, начальства яго разумела, але нельга не ўлічваць рэкамендацыі дактароў…

Ён і не заўважыў, як запаволіўся рытм жыцця, за першаю дробнаю справаю паплыла другая, трэцяя, стала раптам многа вольнага часу… Лета прынесла Дземашу возера, парк, стракаты, як луг, пляж, кнігу, спакой — тое простае і даступнае, чаго чалавеку амаль ніколі не хапае ці, правільней, на што ў чалавека не хапае часу. Не хапала яго і ў Дземаша, як гаварылі, «прыроджанага сышчыка». Ён толькі скептычна ўсміхаўся, калі гаворка заходзіла аб прызванні: успамінаўся малы смаркаты хлопчык у картовых штоніках на адной шлейцы, з парэпанымі нагамі і пукам шчаўевых «цырбуноў» запазухаю. Ён пасе свіней на аселіцы, яму холадна ў ногі і хочацца есці. Але Банька, седзячы пры свіннях, марыць, задраўшы галаву ўгору, пра тое, каб стаць сышчыкам і лавіць зладзеяў і бандытаў. Успамін пра дзяцінства заўсёды звязваўся з пастаянным адчуваннем голаду і холаду, якім студзіла ногі пастушку раса.

І яшчэ Дземаш успамінаў пра Анціка Грышкавага. Анцік жыў у сталічным горадзе, летам разоў колькі прыязджаў дадому на бартавым ЗІСу, сам за рулём. Быў ён невысокага росту, лысаваты. Працаваў на аўтабазе майстрам, і гэта гучала значна і загадкава. Ён меў ужо двухпакаёвую кватэру. Пра тое, што Анцік дасягнуў многага ў жыцці, сведчыў і жывоцік, што, як малады гарбуз, абазначыўся пад белаю тэніскаю-сетачкаю. Гэта быў гарадскі жывоцік, а не той рабочы трыбух, які мелі некаторыя вясковыя дзядзькі.

Ён быў старэйшы за Дземаша і ўспамінаўся як стары чалавек, хаця меў тады гадоў за трыццаць. Хадзіў ён па бацькавым садзе ў паласатых піжамных штанах, і гэтыя штаны на гумцы, якія ён час ад часу падцягваў на свой гарбузок, найбольш запомніліся. На ад'езд Анцік грузіў у кузаў мяшкі з бульбаю, карзіну з яйкамі і салам. Сам Грышка, гэтакі ж маларослы, як і сын, толькі худы, быццам верабей, у зашчытным галіфэ і гімнасцёрцы, з ліхімі будзёнаўскімі вусамі, ганарыста дапамагаў сыну грузіцца і моцна, каб чулі суседзі, падварушваў сваю мажную, што кузня, Вольку, якая цяжка дыхала і таксама дапамагала:

— Сыр і масла не забыла? А цыбулі са свае грады?

Пра апошні клопат — а цыбулі са свае грады? — ён паўтараў нязменна. У вёсцы ад гэтых праводзін засталася прымаўка: «Добра, брат, жывеш, толькі яшчэ каб цыбулі са свае грады». Але гэта пасля. А тады Анцік цалаваў на развітанне маці, шчаслівага і аж пакруглелага ад гонару Грышку. І ўся вёска чула, як раве матор, калі ён ад'язджае…

Маці тады гаварыла Дземашу: бач, што дае чалавеку навука. Вывучышся і будзеш, як Анцік Грышкаў.

А не будзеш вучыцца, то будзеш, як Меходзіеў, і ў горадзе пустадомкам астанешся.