157770.fb2 Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 34

Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 34

— Во, змей стары, чуе, дзе пахне матэрыялам! — не стрымаўся Туманоўскі.

Тое, што перадаваў цераз Эму Барысаўну рэдактар, пачаў рабіць ужо сам Туманоўскі. Рэдактарскі нюх на цікавую тэму, на цікавы матэрыял быў выключны, і Туманоўскі ведаў пра гэта.

— Дык ён, можа, і камандзіроўку мне перадаў ужо? Я яшчэ, мая даражэнькая, на бюлетэні. І невядома, што ў мяне з галавой, ці ў той бок я напішу.

— Рэдактар сказаў, што для вашай галавы гэта якраз і добра. Можа, ад такога сатрасення ўсё якраз і на месца стане.

— Гэта, даражэнькая, ён па сабе мерае: пакуль яму не абухам па галаве, датуль не пераканаеш. А як ваша новая пакупка, Эма Барысаўна?

— Вы не смейцеся. Вось папраўляйцеся, пазвоніце, і я прыеду на сваёй машыне, забяру вас, адвязу дадому.

— Го, сядзь з вамі ў машыну, то тады не ў такую бальніцу пападзеш і не так хутка адтуль выберашся!

— З групы я сама лепш здала экзамены на правы, Ян Данілавіч. Мне інструктар нават сказаў, што з мяне гоншчык можа быць…

— Будзе, будзе, мая даражэнькая… Цяпер вам, Эма Барысаўна, ад кавалераў адбою не будзе. Такая нявеста і за рулём яшчэ.

— А ў мяне і так кавалераў хапае!

— Чаму ж, я ведаю! — пра сваіх кавалераў Эма Барысаўна любіла пагаварыць, і Туманоўскі разумеў, што гэта надоўга.

Туманоўскі паабяцаў і назаўтра ўгаварыў доктара, аўтобусам паехаў дадому. З кватэры ён пазваніў рэдактару.

— Дзень добры, дарагі мой шэф! — прывітаўся Туманоўскі.

— Здароў, здароў, сышчык. Падлячылі табе голаў?

— Падлячылі, падлячылі. А мне тут Эма далажыла, што вы мяне на ордэн прадставілі.

— А як жа! Герой. Можа, у міліцыю пяройдзеш ужо, там сышчыкі патрэбныя.

— Калі вы мне дасце рэкамендацыю…

— Звяжыся з маёрам Пяткевічам. Ён цікавы як герой. Вось табе заданне. Глядзі, як ляжа. Ці адзін нарыс, ці цыкл матэрыялаў. Можаш з заўтрашняга дня…

— Дзякую за давер, шэфе. У мяне яшчэ тры дні законнага бюлетэня.

— Значыць, праз тры дні і займіся. А наогул, табе што трэба? Лякарства якое, ці што?

— Дзякуй. Пакуль што нічога. З маёрам я звяжуся сёння.

— Будзь здароў. Рэдактар паклаў трубку.

Сонца пахілілася на захад, і белыя, у ледзь прыкметных чорных крапінках ствалы бярозавага гайку засвяціліся мяккім жаўтлявым водсветам. У паветры панавала цішыня і цеплыня. Не спякота, а глыбокая летняя цеплыня.

Маёр Пяткевіч з веранды прыглядаўся да гаю, прыслухоўваўся да цішыні. Далей, за гайком, відаць былі палі, ужо таксама мяккія, залацістыя. У гэтай іхняй спеласці адчувалася лёгкая журба спелага лета.

Туманоўскі выйшаў з кухні, паставіў на столік паднос з кубачкамі гарачае кавы, прысеў да стала. На радасць Туманоўскаму, маёр аказаўся маладзейшым за яго і сціплым чалавекам, з тых, да каго не прыліпае слава і вядомасць. Вопытны работнік, ён па натуры сваёй не хварэў на гэту карослівую хваробу. Пяткевічу журналіст спадабаўся сваёй ненастырнасцю, спакойным жаданнем ведаць кожную драбніцу. Ён амаль не задаваў пытанняў, дзяжурных, трафарэтных, а ўмеў пагаварыць, і ў гэтых гаворках Пяткевіч знаходзіў нешта патрэбнае сабе. І з самога сябе ўмеў падсмейвацца, расказваючы пра тое, як ён сам учыняў расследаванне ў вёсцы пра смерць свайго сябра:

— Ведаеце, я ўжо пасля таго, як паехаў у райаддзел, паглядзеў фатаграфіі і зразумеў, што сапраўды памёр ён. Дагнала яго смерць чамусьці там, у крыніцах. Упаў чалавек. Памагчы яму не было каму, і наўрад ці хто і дапамог бы. Я ж ваяваў і ў партызанах, і на фронце. Смерць бачыў. Гэта быў твар не забітага чалавека, а чалавека, памёршага сваёй смерцю. І не верылася, што так. Знаеце, не верыцца, што ты стары. І сябар твой маладым таксама здаецца заўсёды. Так чалавек зроблены…

Туманоўскі памятаў лыжачкай у кубачку.

— Тады мне і захацелася даведацца: што гэта за людзі, якія галёкаюць начамі на матацыклах. Мы ў іх гады вымушаны былі па лясах і балотах лазіць. А яны тут п'юць і шастаюць…

— Не ўсё ж, Ян Данілавіч, — усміхнуўся Пяткевіч, бачачы, што Туманоўскі пачынае гарачыцца. Яго цешыла гэтая нейкая дзіцячая гарачнасць журналіста.

— Яшчэ гэтага не хапала. Але адкуль вось такія Заторы? Пайшоў шукаць… І знайшоў.

Туманоўскі ўсміхнуўся, пакратаў рукой голаў.

— У сям'і ніколі не было без вырадка. Яно, мабыць, так. Але жахліва, калі мы з чалавека пачынаем рабіць вырадка. Бацькі — патачкай, а мы найчасцей тым, што мая хата з краю і я нічога не знаю. Я ж паглядзеў, усё ў ажуры ў камсамольцаў, і ў партарганізацыі, і ў школе, і ў калгасе. Усюды гладкія справаздачы, мерапрыемствы… А на жывога чалавечка не хапіла часу. Нават такое падумалася, каб не было гэтага Затора, дык апошнімі гадамі ім бы не было на чым рабіць справаздачы за прафілактычна-выхаваўчую работу…

Туманоўскі, каб асадзіць сваю гарачнасць, гаварыў іранічна, але за гэтай іранічнасцю праглядваўся боль.

Пяткевіч не перабіваў яго.

— Вось вы ловіце бандыта. Вы можаце разбіцца на машыне, ён страляе па вас з пісталета. І гаворыце, што ваша гэта работа і што не ўзяць яго вам было нельга. А я хачу з'ездзіць да гэтага таварыша, які там у раёне за прафілактычную работу адказвае, паглядзець яму ў вочы, папытацца. Мне расказала жанчына: звоніць яму, што гэты Затор дома пагром учыняе. А ён, будучы дзяжурным, намякае ёй: што, хочаш, каб у сведкі запісаў, каб пацягалі?.. Прыпужвае. Вось і прафілактыка… Адзін, другі з абармотаў адчувае гэтую прафілактыку, і бяжы, даганяй ужо яго маёру Пяткевічу пад кулямі. А ў таго, згодна справаздачы, эфектыўнасць зніжэння правапарушэння расце… Ад кожнага многа залежыць.

— Залежыць, — усміхнуўся Пяткевіч. — Вось гэтага, маладзейшага, Барылку, бацька мучыў, а ён не стаў бандытам.

— Гэта паталогія, ці што? Забіваць людзей, як жывёлу. Сваяка свайго швайкай, у сэрца, каб і не пікнуў… А на мясакамбінаце два лепшыя байцы. Старэйшы на Дошцы гонару.

— Не, рана ці позна, як вы кажаце, такі б выпадак надарыўся. Нутро б адкрылася. У іх усё замкнулася на тым, каб больш мець. Спачатку збіралі. Выпадкова ўкралі. А потым прыёмшчык сустрэўся. Вось жа выйшаў на іх…

— Як яны збыт наладзілі?

— Проста. Выпісваліся дакументы на падстаўных. Нарыхтоўка ішла. Тавар забіраўся з халадзільніка ў Сімакова.

— І тут не абышлося без таго, што мая хата з краю. Маўчалі, амаль маўчалі калгасы і саўгасы.

— Маўчалі. Для іх дробязь, не са сваёй кішэні… Прагнасць згубіла Барылкаў — пачалі і ў людзей падкрадваць, а старога ледзь на той свет не адправілі.

— Грэблі дзеля таго, каб грэбці, дзеля грошай… А гэты, што гарэлкаправод зрабіў?

— Гэты схаваўся. Змоладу перапрадаваў, хімічыў, грошы збіраў. Усё жыццё звярнуў на тое, каб жыць прыгожа. У пасёлачку сядзеў на дачы, любаваўся сонейкам, пакуль вы і я на рабоце. Прывозіў дзяўчатак разбэшчваць. І заўважце, ніхто не заявіў на яго… Нават горш, мабыць, ад некаторых не мог адагнацца. Ціха, непрыкметна награбаў сабе ў кішэні. Гарэлка, адчуваю, не адзіны ягоны промысел. Можа, кнігі, можа, маркі?.. Ці мала што. І чужымі рукамі. Страшна тое, што недзе асядзе пад чужым прозвішчам, гэтакі знешне сучасны. І многім сапсуе жыццё. Чым хутчэй знойдзем, тым лепш. Шукаем чалавека, які прапаў,— Пяткевіч горка ўсміхнуўся. — Так што вам будзе пра што напісаць і паставіць пытанні. Пачакайце толькі суда. Там будуць у сведках і тыя, хто ў нейкай ступені нясе адказнасць і за Барылкаў, і за Гарбуза, і за Аляхновіча, які з-за таго, каб услужыць свайму шэфу, так гваздануў па галаве міліцыянера, што ледзь на той свет не адправіў. І вас таксама.

Туманоўскі сам сабе прамовіў:

— Белыя, ружовыя кветачкі… А потым і чорны павой. Мы з вамі гаварылі пра ўвесь гэты накіп. Знешне, калі глянеш, жывуць і багата, і лёгка, і прыгожа, а калі зазірнеш знутры — чорна. Так і павой, калі пасадзіць яго ля веранды, ён будзе цвісці бела, ружова, прыгожа быццам. А як прагледзіш, глушыць усё сабой, і гніллё пад ім пачынаецца. Усё пагубіць пад сабою і згноіць… Чорны павой, як казала Вера,

— Будзем палоць, — кіўнуў галавой Пяткевіч. Ён устаў з-за стала, падзякаваў гаспадару.

— А пакуль мяне начальства не паслала зноў на тэрміновую праполку і падпісала рапарт на адпачынак, раненька заўтра еду на Прыпяць. Знайдзіце, што ўдакладніць, і прыязджайце да мяне ў палатку. Не пакаецеся.

Туманоўскі правёў госця да машыны, паглядзеў услед, усміхнуўся, пацёр рукі: матэрыял атрымаецца і шэфа ён яшчэ раз прыстрашыць тым, што падасць заяву і пойдзе на пенсію.

Асабліва небяспечнае

Пракурор выклікаў Дземаша да сябе зранку. Выклік быў звычайны, рабочы. Учора Дземаш скончыў чарговую справу.