157770.fb2
— Што ж ён хоць натварыў?
— Пакуль нічога. Скажыце, у вас ёсць фатаграфія сына?
— Ёсць, а як жа.
Старая ўстала, прынесла альбом, разгарнула яго і падала фотаздымак Камару.
З фатаграфіі на яго глядзеў пастрыжаны, пры гальштуку, у касцюме малады хлопец студэнцкага ўзросту, акуратны, строгі, як з Дошкі гонару.
— А пазнейшай няма?
— Не, больш няма. Я яго такім і памятаю. А цяпер нейкі з доўгімі валасамі, лысы. Усё роўна як і не той. Цяпер прыязджаў, заснуў, я падышла, глядзела на соннага. Усё роўна як чужы чалавек, а не той маленькі Віця.
— Нічога не сказаў, куды паехаў?
— Не, толькі што надоўга і невядома, ці пабачымся… Так пажартаваў, калі выпіў тут з бацькам.
— Па багатае жыццё зноў некуды паехаў. Змалку ён на яго зайздросны быў, хацелася яму такога. Цяпер міліцыя шукае. Не верыў мне.
Стары Горскі цяжка пракаўтнуў нешта даўкае і яшчэ больш ссутуліўся.
— Ён, можа, украў што? Бо паехаў, а на стале, я гляджу, пачак з грашыма пакінуў. У нас ніколі гэтулькі грошай не было. Калі з-за іх шукаеце, то вазьміце, яны нам не трэба.
Горская, як нешта гарачае, падала Камару дзве пераклееныя банкаўскай лентай пачкі дзесятак. Камар падаў назад старой грошы.
— Можна ў вас папрасіць фатаграфію?
— Гэтую?
— Гэтую. Старыя замяліся.
— Не бойцеся, мы вам аддадзім яе назад.
— Больш у нас не асталося…
Камар устаў, развітаўся са старымі. Горскі правёў іх у веранду, і яны пачулі, як за плячыма пстрыкнуў французскі замок.
Да машыны з Воранавым ішлі моўчкі. Маўчалі і ў машыне. Было нейкае цяжкае адчуванне на душы.
— І сям'я не зладзеяў, не п'яніц.
— Затое на другіх глядзеў. Ён і бацькамі пачаў грэбаваць з-за таго, што яны маглі ўзяць і не бралі. Уяўляеце, лейтэнант, рос малады чалавек, а ў яго ўжо нянавісць была за тое, што недадалі яму. Яму хацелася адыграцца. Кінуў вучобу, заняўся фарцоўкай, а потым, відаць, большы бізнес наладзіў. Грошай сабраў, шыкаваць пачаў. А цяпер паехаў недзе раскашаваць. Чамаданчык грошай наклаў і паехаў раскашаваць…
— Думаеце, што больш ужо няма Горскага Віктара Антонавіча?
— Думаю, няма. Успеў уцячы. Толькі ён памыляецца, не ўтрывае, некалі захоча яшчэ дабраць, яшчэ лепш пашыкаваць…
— Шкода, што яшчэ не толькі сабе, а і людзям жыццё спаганіць можа.
— Аб'явім росшук. І будзем шукаць, пакуль не знойдзем. Давайце, Воранаў, заедзем у гасцініцу, а потым у аэрапорт. Мне рабіць тут больш няма чаго. Дзякуй за дапамогу.
— Няма за што. Такая наша з вамі служба. Машына з вулачкі выскачыла на шырокую, новую
магістральную вуліцу, абапал якое стаялі дзевяціпавярховыя нядаўна пабудаваныя дамы.
пра тое, як становяцца сябрамі маёр і Ян Туманоўскі.
Туманоўскага паклалі ў асобную палату. Толькі праз тыдзень ён пачаў уставаць, хоць і адчуваў, што кружыцца галава і пачынае падварочваць пад грудзі.
На другім тыдні, калі ён драмаў, прыкрыўшыся газетай, якую так і не дачытаў, у палату далікатна пастукалі.
— Заходзьце, — запрасіў ён.
— Дзень добры, Ян Данілавіч. Ой, як жа гэта вас! — Яшчэ ў парозе ўсклікнула Эма Барысаўна. Хударлявая, вастраносенькая, пафарбаваная пад бландзінку, яна трымала ў руцэ букет кветак, а ў другой напакаваную сумку. Туманоўскаму падалося, што ў сваім парыве яна кінецца зараз да яго, каб пацалаваць, і ён на ўсякі выпадак прыкрыўся газетай.
— Што, Эма Барысаўна, вы, падобна, у сваты да мяне прыйшлі?
— Ай, Ян Данілавіч, вы заўсёды так!..
— Заходзьце, заходзьце, Эма Барысаўна. І я ж саскучыўся без вас, — стараючыся, каб было ласкавей, запрасіў Туманоўскі наведвальніцу.
Эма Барысаўна, нязменны рэдакцыйны прафорг, паклала на тумбачку кветкі, пачала выгружаць з сумкі цукеркі, пірожнае і іншую здобу. Старая халасцячка, Эма Барысаўна заўсёды давала на старонкі газеты інфармацыі пра ўсе выстаўкі кандытарскіх вырабаў. Туманоўскі ніколі не любіў і не мог цярпець з дзяцінства салодкага.
— А горкага, Эма Барысаўна, няма там на дне нічога?
— Ой, Ян Данілавіч! Хіба ж можна ў бальніцы! Эма Барысаўна ўсклікнула так, нібы Туманоўскі
прапанаваў ёй забіць чалавека ці саграшыць вось тут, адразу ж.
— Сядайце, сядайце, Эма Барысаўна. Ну што вы мітусіцеся.
— Ой, Ян Данілавіч, уся наша рэдакцыя ўзрушана, так узрушана… Гэта геройства. Як вы не пабаяліся лавіць гэтых зладзеяў? Рэдактар асабіста прасіў перадаць вам прывітанне, каб вы не хваляваліся. І паездку вашу ён будзе лічыць камандзіроўкай па заданню рэдакцыі…
— А на ордэн ужо мне прадстаўленне напісалі ці не?
— Ян Данілавіч, паверце, што ўвесь наш калектыў ганарыцца вамі. Асабліва наша моладзь…
Туманоўскі ўздыхнуў і не стаў перабіваць болей Эму Барысаўну рэплікамі, счакаў, пакуль Эма Барысаўна выканае свой грамадзянскі абавязак, і толькі потым запытаўся:
— Дык што вы сказалі, даражэнькая, наконт камандзіроўкі?
— Шэф усе гэтыя дні адносіць вам за камандзіроўку па заданню рэдакцыі. Так што адпачынак за свой кошт застаецца за вамі на будучае.
— Дзіва проста. Што гэта я не пазнаю свайго шэфа? Можа, і праўда мне дадуць ордэн?
— Больш таго, шэф сказаў, што, калі трэба, ён яшчэ прадоўжыць вам камандзіроўку. Каб вы пра ўсё напісалі, што здарылася з вамі.