157770.fb2
— У нас. Віктар Антонавіч пакінуў, каб перадалі новым гаспадарам.
— Вазьміце, — міліцыянер спыніўся, пачакаў, пакуль Лідзія Яўгенаўна схадзіла па ключы. Калі падышлі да доміка, дзе іх чакалі, міліцыянер далажыў, што ключы ад дачы ў суседзяў. Чалавек у цывільным перадаў ключы свайму напарніку, каб адмыкаў дзверы, а сам падышоў да Лідзіі Яўгенаўны і Антона Казіміравіча.
— Вы не помніце, калі апошні раз бачылі суседа?
— Помню, мы палолі клубніку, — Лідзія Яўгенаўна зірнула на Антона Казіміравіча і выступіла наперад. — Віктар Антонавіч ужо з месяц назад сказаў нам, што едзе аж на пяць гадоў за граніцу. Ён прадаў машыну, потым дачу. Адпачываў тут апошнія дні. Раніцаю бегаў купацца. А потым чуем, кава пахне ў яго з доміка. Ён умеў варыць каву. І зярняты яму прывозілі. Потым глядзім, ён у касцюмчыку і з такім невялікім чамаданчыкам выходзіць да электрычкі.
— Куды і чаго паехаў, сказаў вам?
— Сказаў. Гаворыць, да бацькоў хоча заехаць перад ад'ездам. Пагасцяваць пару дзён. Нам ключы пакінуў, каб новым гаспадарам дачы перадалі, калі ён сам не паспее сюды заехаць. А што з ім, няшчасце якое? — не вытрывала Лідзія Яўгенаўна.
— Не, пакуль што няшчасця з ім няма. Заходзьце, вам трэба прысутнічаць пры вобшуку.
Камар не сумняваўся, што вобшук нічога не дасць. Да свайго ад'езду Горскі падрыхтаваўся спакойна. Адчуваў сябе ўпэўнена. Нават машыну і дачу прадаў, каб не траціць грошай. Не баяўся. Камар не паверыў, што Горскі праўду сказаў суседзям і што сапраўды ён паехаў да бацькоў. Аднак трэба было праверыць і гэты ход.
Вобшук на дачы, як і на кватэры, нічога не даў. Там гаспадара бачылі даўно. Ніхто не здзіўляўся, бо суседзі ведалі, што работа ягоная звязана з доўгімі камандзіроўкамі.
у якім губляецца след Клімакіна-Горскага.
На вакзале Камара чакала машына. Інспектар крымінальнага вышуку, малады, круглатвары хлопец, адразу ж падышоў да Камара, прывітаўся і назваўся: лейтэнант Воранаў. Ужо ў машыне коратка далажыў, што паводле назірання за домам Горскіх да іх ніхто не прыязджаў. Старыя дома, корпаюцца на градах, сама Горская рэгулярна зранку носіць на базар прадаваць пятрушку і ўкроп. Стары праводзіць яе да аўтобуснага прыпынку, чытае газеты, глядзіць тэлевізар і выходзіць да аўтобуснага прыпынку сустракаць жонку.
Пра маладога Горскага апытвалі суседзяў. Дома ён даўно не быў. Паводле распытанага ў суседзяў, малады Горскі насуперак бацькам пакінуў інстытут, што для іх было страшэнным ударам. Стары Горскі прахадзіў у начальстве да пенсіі. Адзінага сына выхоўвалі з дзяцінства строга, рыхтавалі да дыплома. Хлопчык рос ціхі і пакорлівы, бацькоў слухаў, школу скончыў добра і паступіў у інстытут. Толькі некалькі чалавек з класа паступіла, і сярод іх сын Горскага. Старыя не маглі нарадавацца на свайго Вікторчыка.
З трэцяга курса ён кінуў інстытут. Пайшоў на работу ў сталіцы слесарам. У старога Горскага, гавораць, ледзь не ўдар адбыўся, калі сынок прыехаў дадому і аб'явіў пра гэта. Стары выгнаў яго з хаты, заявіў, каб і нагі болей не было. Сын прыязджаў некалькі разоў. Ужо на сваёй машыне. Жыў багата ў сталіцы, гаварыла старая Горская. Але стары і старая радасці ад гэтага не мелі. Апошнія гады ён толькі на святы старым замест падарункаў прысылаў грашовыя пераводы. Па сотні і па болей. Суседзі зайздросцілі і не разумелі Горскіх, чаго яны гэтак перажываюць, што сын не мае дыплома: цяпер тыя, хто без дыплома, зарабляюць лепш. Вось і ўсё, што змаглі высветліць на месцы.
— Куды паедзем?
— Калі можна, адразу да Горскіх.
— Горская яшчэ на базары. Вы, відаць, захочаце пагаварыць і з ёй?
— Вядома.
— Тады лепш паедзем у гасцініцу. А потым машына падвязе вас да Горскіх. Я заеду па вас.
— Дзякуй. Калі будзе машына, я магу з'ездзіць і адзін.
— Удвух нам будзе весялей. Што-небудзь сур'ёзнае?
— Быццам і не. На ім павязаны продаж і перапродаж. Ён з інстытута заняўся фарцоўкай… Хацелася б нам ведаць усё.
— Ясна.
Лейтэнант Воранаў пакінуў Камара, пакуль той уладкуецца, і апоўдні асцярожна пагрукаў у дзверы нумара.
Горскія жылі непадалёку ад міліцыі, у самым цэнтры горада. Тут, як і шмат у якіх гарадах, асталіся астраўкі прыватных дамоў, забудаваных адразу пасля вайны. Гарады разрасліся далёка, на ўскраінах павырасталі новыя мікрараёны, а вось гэтыя раёны так і зелянеліся пакуль што ў цэнтры.
Ля звычайнага, не надта вялікага па цяперашніх мерках драўлянага дамка машына спынілася. Воранаў пайшоў паперадзе, адчыніў веснічкі. Сабакі гаспадары не трымалі. На прысядзібным участку рос невялікі, але ўрадлівы садок, а на градах ад вуліцы — кветкі.
Дзверы веранды былі замкнутыя, і Воранаў націснуў на званок.
Адчыніў ім сухенькі стары ў акулярах і піжаме…
Праз акуляры ягоныя вочы глядзелі па-начальніцку суха і строга.
— Мы з міліцыі,— пасля прывітання сказаў Воранаў, але стары пасля гэтага не запрасіў у хату, толькі зірнуў на Воранава і на Камара. Воранаў паказаў пасведчанне, і стары спакойна, але ўважліва прачытаў яго і толькі пасля гэтага сказаў:
— Заходзьце.
Правёў ён іх у невялічкі чысты пакойчык, пасярод якога стаяў круглы стол, засланы настольнікам, махры якога звісалі амаль што да падлогі. На стале стаяў драўляны гадзіннік, у куце старога выпуску, з маленькім экранам тэлевізар «Рэкорд», пры сцяне канапа з высокаю спінкаю і круглымі кацёлкамі па краях.
— Сядайце.
Стары прыняў са стала гадзіннік, сеў сам і чакаў, што яму скажуць.
— Следчы абласнога ўпраўлення, — назваў Камара Воранаў.
— Скажыце, Антон Восіпавіч, сын у вас быў даўно?
— У мінулую пятніцу. Прыехаў вечарам, пераначаваў і раненька паехаў.
— Куды паехаў?
— Не сказаў. Папярэдзіў толькі, каб не палохаліся, можа, надоўга і наўрад ці зможа падаць вестку.
— Усё?
— Усё.
— Можаце ўспомніць, пра што вы з ім гаварылі?
— Мы з ім больш ні пра што не гаварылі. У нас з ім даўно няма пра што гаварыць. Я не ведаю, чаго ён прыехаў. Ён жыве па-свойму, па-цяперашняму. Паказацца хацеў, што багаты? Я пра гэта ведаю.
Камар пачуў, як за плячыма ў яго нехта ўсхліпнуў. Ён азірнуўся. У дзвярах стаяла поўная, сівенькая старая жанчына. Гэта яна не стрымалася і ўсхліпнула, слухаючы мужа.
— Перастань, Маша. Даўно ясна было, што дабром ён не кончыць. Лішнія грошы дабра чалавеку не давалі ніколі.
— Заходзьце, Мар'я Гаўрылаўна, сядайце, — запрасіў Воранаў.
Жанчына зайшла, села на канапу. Памаўчалі, яна саўладала са слязьмі, пачала гаварыць.
— Ён адзін у нас. Пасля вайны і нястача, і ўсё. У людзей кавалачка хлеба не было. Слава богу, мы маглі накарміць яго і дагледзець. Антон рабіў усё жыццё чэсна, здароўе паклаў. Мы і яго так вучылі. Ён быццам і слухаў. А потым пайшлі гэтыя моды. То валасы кароткія, то доўгія, то штаны вузенькія, то шырокія, то сукеначкі, што далей нельга…
— Мы яму ніколі волі не давалі,— строга ўставіў Горскі.
— Праўда. Я часам дам яму на што грошы, то Антон сварыўся. Слава богу, вывучыўся, паступіў. А пасля прыехаў цераз два гады, мы яго не пазналі. Грошай аднекуль у яго. Дадому віно прыносіць, п'е. На танцы, у рэстаран. Тут у нас па суседству Трацяковы… Яго, старога, з месца на месца колькі пераганялі! Ён і сам то з жанчынамі блытаўся, то дадому валок. Але блат у яго ўсюды быў. Ён свайго сынка таксама ўстроіў вучыцца, хоць таго і са школы ледзьве выпхнулі. А бацька падмазаў, паступіў. Дак вот, прыехаў наш і з гэтым Трацяковым як злыганыя. Дзяўчат тут пачалі вадзіць. Ну, бацька, каб прыструніць яго троха, пачаў гаварыць… А ён на бацьку ўсяк. Што ненавідзіць і нас, і гэты дом, і тое, што мы тут святымі прытвараемся, што яго мучылі і што ён спаў і сніў, каб школу хутчэй кончыць, каб ад нас вырвацца… Што ён тады нагаварыў! Аж страшна! Бацька на яго: вон — а ён сабраўся і пайшоў! Плакаць не буду… Пасля нам грошы прысылаць пачаў, як на злосць. А пасля і на машыне прыехаў. Разадзеты. Ужэ і не піў, і не цягаўся тут альбы дзе. Я аж зарадавалася. А ён не запыніўся. Як чужы ад нас паехаў. Нават адрасу свайго не аставіў. На паштамт сказаў, каб пісалі…