157770.fb2 Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 31

Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 31

— На якім вы катэры пілі? — амаль механічна задаў ён пытанне, бо катэр і вада ніякага дачынення не мелі да гэтага раскінутага ў лесе за горадам дачнага пасёлачка.

— На выратавальным. На возеры ў горадзе. Арнольд узяў там катэр, і нас каталі па возеры.

— Хто даў вам катэр?

— А там Арнольда ўсе ведаюць. На выратавальнай станцыі. У яго там нават і шампанскае ў запасе.

Апошняе спадзяванне было на выратавальную станцыю.

— Раскажы мне, як ты пазнаёмілася з Кандрацік?

— Дома думаюць, што я вучуся завочна ў тэхнікуме, а раблю на заводзе, аператарам на эвээм. Я правалілася на экзамене. Трэба дадому ехаць, а як падумаю, што дома мяне поедам будуць есці, потым кармі гэтых свіней-гусей… Села і раву ў скверыку. Яна ля мяне села, распыталася, дадому завяла. На работу ўстроіла, прыпісала.

— Хто яна?

— Ну, Валя, барменша.

— Ты ў яе жывеш?

— Не, на кватэры. Яна памагла мне найсці.

— Так і думаеш пасуду мыць усё жыццё?

— Не. Валя абяцае, што ўстроіць мяне афіцыянткай ці буфетчыцай. Завочна ў гандлёвы тэхнікум паступлю. Цяпер хто звязаны з гандлем…

Алёна спахапілася, не дагаварыла. Яна паўтарала чужыя словы.

— І чым жа ты аддзячыла яе за дабро…

— Ну… Я прыбіраю ў яе кватэры, мыю…

— Бясплатная домработніца? — усміхнуўся Камар.

— Не, яна мне плоціць шэсцьдзесят рублёў.

— Выходзіць, ты зарабляеш у месяц, як інжынер. З Клімакіным Валя знаёмая?

— Ён часта ў бары бываў. А так я іх не бачыла разам.

— Хто і што прывозіў у бар, ну, акрамя тавараў з базы?

— Не! Нічога ніколі! Праўда! Дзяўчына гаварыла шчыра.

— Вось што, калі хочаш астацца чалавекам, кідай гэту сваю сяброўку, работу і ўсю мудрасць пра тое, як добра жыць таргашом… А не зробіш, я бацькам пра ўсё паведамлю. Запомніла, што я табе сказаў?

— Запомніла.

Алёну ён высадзіў у горадзе. Яна больш была яму не патрэбна: на гарадскім возеры толькі адна выратавальная станцыя.

Машыну Камар паставіў крыху воддаль доміка, пайшоў за дашчаны шчыльны плот, прайшоў па калідоры цераз домік і выйшаў да прычала, павітаўся, спытаў па-свойску:

— Арнольда тут не было?

На яго паглядзелі здзіўлена і доктар, і хлопцы-выратавальнікі, якія сядзелі ў цяньку ў альтанцы.

— Тут такога няма. Мы не знаем.

— А ён прыязджае да вас пакатаць дзяўчатак. У белым касцюмчыку, з лысінаю і доўгімі валасамі…

— А, таргаш, — кінуў адзін з выратавальнікаў і гукнуў мужчыну, які калупаўся ў маторы катэра: — Твайго таварыша пытаюцца.

Камар бачыў, як хлопцы ўважліва і крыху непрыязна разглядалі яго. Ад катэра, выціраючы рукі анучкаю, ішоў худы і чорны ад загару, нібы прасмалены, мужчына ў плаўках, у заношанай шэрай шапачцы.

Камар не чакаў, калі ён падыдзе, адышоўся да доміка, кіўнуў галавой і вывеў мужчыну следам за сабою на другі бок доміка, дзе нікога не было.

— Трэба бачыць Арнольда Клімакіна…

— А хто гэта? — мужчына востра паглядзеў на Камара.

— Гэта той чалавек, які бярэ ў вас катэр, катае на ім дзевачак.

— Ніякага Арнольда я не ведаю, — мужчына завярнуўся, каб ісці.

— Хвілінку, — Камар паказаў пасведчанне.

— Што вы хочаце ад мяне?

— Я хачу ведаць, дзе той чалавек, які прыязджае да вас і які катае па возеры дзяўчатак на катэры…

— Дакатаўся, падла, я так і гаварыў сваім, — з нейкага пераможнаю лютасцю сплюнуў сабе пад ногі мужчына. — Чуў, што гэтыя сікушкі яго чамусьці Арнольдам завуць. А гэта Віцька Горскі. Віктар Антонавіч Горскі. Мы разам вучыліся некалі ў інстытуце. Я не давучыўся… А ён кончыў, хвастаецца, па заграніцах шастае. Чырвонцамі направа-налева пры дзяўчатах: «Толік, прынясі мой запас…» Гэта мне, як халую. І каб бачыла гэтая ягоная сікушка, чырвонец падкіне!

Мужчына зноў сплюнуў, і Камару здалося, што ён ужо выпіў сёння віна, але яму хочацца яшчэ, і таму ён такі злосны і на свайго былога аднакурсніка, і на надвор'е, і на ўсё на свеце.

— Пайшлі да мяне ў машыну, і вы раскажаце ўсё па парадку, што пра яго ведаеце.

— А больш я пра яго нічога і не ведаю. Тыдні са тры ўжо не паказваўся тут, падла.

Дача Віктара Антонавіча Горскага, да якой выехала аператыўная група, ужо была не ягонай, стаяла замкнёнай, чакала новых гаспадароў.

Антон Казіміравіч і Лідзія Яўгенаўна са сваіх градак здзіўлена і разгублена глядзелі на міліцэйскую машыну.

— Ну, казаў я табе, што злодзей твой таргаш. І кофтачкі табе крадзеныя дарыў,— урачыста прыпужнуў Лідзію Яўгенаўну Антон Казіміравіч, калі ўгледзеў, як міліцыя абыходзіць домік.

Адзін з міліцыянераў неўзабаве накіраваўся да іх, прывітаўся і запрасіў быць панятымі пры вобшуку.

Лідзія Яўгенаўна пераступіла з нагі на нагу, дачакалася, каб першым следам за міліцыянерам пайшоў Антон Казіміравіч.

— Можа, ключы ўзяць ад дачы?