157770.fb2
— А Рудзь каму абавязана? Кандрацік?
— Падобна, так. Кандрацік закінула мне ў гаворцы, што Алёна больш ведае пра Клімакіна, чым яна… Неяк занадта ж з намёкам.
— Ну вось і раскруці гэты намёк. Дарэчы, што з сястрой Рудзь наконт таго гадзінніка?
— Аляхновіч не схлусіў. Афіцыйна пасведчыла, што ніякі гадзіннік у яе не прападаў. Вось так.
— Што яшчэ?
— Прасіў сустрэцца з вамі Туманоўскі Ян Данілавіч. Журналіст. Той, каго Аляхновіч аглушыў у полі. Ён ідзе па справе як пацярпелы і сведка.
— Чаго сустрэцца?
— Збірае матэрыял для газеты. На маральна-этычную тэматыку, так сказаць, хоча раскрыць прычыны і ўмовы, якія прыводзяць да злачыннасці.
— На тым тыдні. Усё ж высветлі, што мела на ўвазе Кандрацік, гаворачы, што Рудзь лепш ведала Клімакіна. Трэба шукаць яго. Як бачыш, кража жывёлы — асобная справа. Я перадаю яе следчаму пракуратуры, няхай раскручваюць да канца.
Назаўтра Камар выклікаў Валю да сябе. Яна зайшла лёгка і прыгожа, усміхнулася. Толькі губамі і вачыма, нібы гэтым ашчаслівіла.
— Дзень добры.
— Дзень добры, Валянціна Рыгораўна.
— Ну, можна і проста Валя. І сустрэцца маглі не ў кабінеце, а на беразе мора. Ці магу лазеньку заказаць, пазваніце Пашку, няхай прыедзе.
Яна ўсміхнулася стрыманай, халоднай усмешкай. І ў кожным яе руху было адчуванне сваёй перавагі, сваёй вышэйшасці. Холадна глядзелі вочы, і яны здаваліся плоскімі, без глыбіні. Яна нібы хацела паказаць, што можа ўсё тое, чаго не можа ён, Камар, якому яна зараз вымушана падпарадкавацца, але яна не надае значэння гэтай часовай ягонай перавазе, бо на самай справе перавага на яе баку, за ёй апошняе слова.
— У лазні нам больш разам не мыцца. І не загараць таксама. А з Пашам — гэта ваша прыватная справа. З вамі я сустрэчы назначаю не таму, што мне хочацца.
— Пашу я магу і пазваніць. А вам я б ніколі не пазваніла. Усе вашы фантазіі не выходзяць за аколыш міліцэйскай фуражкі. Што такое жыць па-сапраўднаму, вам ніколі не зведаць…
— Значыць, знаёмства з Клімакіным у вас выпадковае? А вось Рудзь гаворыць, што вы даўно знаёмы?
— Алёна? Адкуль ёй ведаць? Урэшце, я адзінокая і прыгожая жанчына, ён адзінокі мужчына. Але не гэта вас цікавіць.
— Па сведчанню тае ж Алёны, ён не з тых, хто вам падабаецца.
— А як ён спадабаўся ёй пасля загараднай прагулкі? Няхай пра гэта яна вам і раскажа. Гэта і ўсё, што вы хацелі ў мяне папытацца? Калі яшчэ што ёсць, то не адкладвайце — у мяне білет, я лячу ў Сочы. Там цёпла, там мора і там на пляжы вясёлыя мужчыны.
Яна ўстала, падала Камару пропуск. Усміхнулася. Камар моўчкі адзначыў пропуск. З кожнай сустрэчай з Кандрацік ён адчуваў, што яна выклікае ў ім нейкую глухую хвалю абурэння. Яго злавала і яе ўсмешка, і гэтая прыхаваная пагарда да яго, нікчэмнага і дробнага, — так і не іначай яна глядзела на Камара. І гэтыя словы пра Сочы, пра раскошу траціць грошы ў рэстаранах яна сказала знарок, каб паказаць сваю перавагу, каб даць зразумець, што да яе, багатай і маладой, яму ніколі не дацягнуцца.
Алёна Рудзь зайшла ў кабінет насцярожана.
— Што, Алёна, будзем гуляць у хованкі яшчэ? Дзе вы сустракаліся з Клімакіным акрамя бара і што пра яго ведаеце?
Камар прыстукнуў далонню па стале і ўстаў.
— Я гаварыла вам…
— Ад мяне толькі што выйшла Кандрацік. Яна гаварыла другое.
Дзяўчына ўсхліпнула:
— Мне брыдка гаварыць…
— Гаварыць брыдка, а рабіць?.. Я слухаю. Дзе вы яшчэ сустракаліся з ім?
— У яго на дачы. Ён катаў спачатку мяне на катэры, потым паехалі на машыне. У яго дача. А там, потым… Не, я не магу ўсяго. Валька сама падвучвала мяне пагуляць з ім, а пасля ўхмылялася!
— Вы можаце паказаць, дзе дача?
— Я не помню.
— Па якой дарозе вы ехалі?
— Па Усходняй шашы. І там чыгунка недалёка. Электрычка праходзіць.
— Паедзеце са мной. Пачакайце ў калідоры.
Праз дзесяць хвілін шэры «жыгуль» ад'ехаў ад абласнога ўпраўлення міліцыі. Алёна перастала шмыгаць носам, падпудрылася і пазірала на Камара.
— Правільна едзем?
— Правільна. А там далей будзе з'езд направа, зноў на асфальтавую дарогу. Гэта я помню. А потым пасёлак. Вялікі такі, у ім павярнуць налева, па вуліцы. Там з аднаго толькі боку дамы. А потым па лесе дарога.
— Глядзі ўважліва.
Дачны пасёлак пачынаўся за ўзгоркам, і з лесавое дарогі быў відаць вялізны масіў садовых домікаў. Пры ўездзе ў пасёлачак стаяў драўляны магазінчык, да яго цэнтральная лінія вяла ўздоўж усяго пасёлка. Ад яе па парадку адыходзілі лініі-вуліцы.
Камар завярнуў на першую лінію, ехаў паволі па вузкай, абсаджанай кустамі, бэзам, маліннікам дарозе. Зблізку домікі не здаваліся такімі падобнымі адзін на аднаго. Гэта былі стандартныя, купленыя і зманціраваныя, самаробныя, са сваёй архітэктурай, з верандамі, мансардамі і вострымі, як у церамках, дахамі. Стаялі і звычайныя перавезеныя і пастаўленыя вясковыя драўляныя хаты, некаторыя на высокім падмурку, са з'ездам у падвал-гараж.
— Не, недзе ўсярэдзіне. Звычайны стандартны домік…
Праехалі другую, трэцюю, чацвёртую лініі.
— Не, гэта недзе ўсярэдзіне пасёлка… Я не помню. Здаецца, жаўтлявыя сцены. І залацістыя шторы на вокнах. Праўда, акно з пакоя выходзіла ў сад, не на дарогу. І плота ад вуліцы там не было.
Пафарбаваных охрай было дзве трэці домікаў. Абыходзіць усе і глядзець на шторы ў тое акно, якое выходзіла ў сад, не было магчымасці ды і патрэбы.
Камар усё ж праехаў да канца ўсе лініі. Домік Алёна так і не змагла пазнаць. На малой хуткасці ў машыне было душна.
— Ён што, цябе з завязанымі вачыма сюды вёз, гэты Арнольд? — не стрымаўся Камар, калі яны выехалі з пасёлка, каб ехаць назад у горад.
— Я ж нічога не думала. Балбатала з ім. На катэры мы выпілі шампанскага. Ён крышку, а я астатняе, а пасля шампанскага…
Камар скоса паглядзеў на дзяўчыну і вылаяў Семежава: гэта ён пазнаёміў яго з гэтым ягняткам, якое ў горадзе замест навукі выбрала работу ў бары, якое возяць па дачах сумніцельныя мужчыны, якое потым гатова толькі плакаць і прасіцца, каб дома ні пра што не даведаліся. Баіцца, што перастануць даваць грошы ці вернуць назад да сябе. Добра, што тады ў яго хапіла вытрымкі і не пачаў заляцацца. У Камара нават узнікла жаданне спыніць машыну, высадзіць яе на ўзбочыне, няхай дабіраецца па гарачыні да горада, як хоча.