157770.fb2 Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

— Я адчыняю вароты, дзверцы шафёра. Ты страхуеш другога, калі будзе ў кабіне, — спускаючыся ўніз па лесвіцы, яшчэ раз паўтарыў Пяткевіч. Ён заўважыў, што ў многіх дамах яшчэ не патухлі вокны, было не так і позна.

Ужо стоячы ля варот, ён чуў, як мякка і спакойна пад'язджае машына, і калі яна пад'ехала да дома, прачыніў вароты. Машына прытармазіла, шафёр пачаў заварочваць улева, паставіў машыну ўпоперак дарогі і задам пачаў заязджаць на двор. Машына пайшла на двор упэўнена, і Пяткевіч адступаўся разам з ёй, каб аставацца ў цяні ад кабіны. Заглух матор, ляпнулі дзверцы, і шафёр лёгка, упэўнена саскочыў з падножкі, па-свойску кінуў:

— Прыбылі. Прычыні вароты. Ён быў нізкарослы, сярэдніх год.

— Рукі ўгору, — ціха загадаў Пяткевіч. Вароты ўжо зачыніў Васюкоў.

У святле ліхтара ён убачыў утрупелы ад страху і ад нечаканасці твар.

— Марш!

Шафёр пакорліва пайшоў у хату. У яго падгіналіся ногі.

— Дакументы на тавар з сабой?

— З сабой, — паслухмяна адказаў ён.

У пакоі Пяткевіч, разгортваючы шафёрскія дакументы, ружовыя запоўненыя лісткі, коратка кінуў:

— Ну вось, асталося толькі вагу пазначыць. Мужчына цяжка апусціўся на крэсла, калені яго

ўздрыгвалі. Ён не вытрываў, уткнуўся тварам у калені і заплакаў неяк па-бабску, наўзрыд, прыгаворваючы:

— Знаў, знаў, што рана ці позна!.. Каб вам калом зямля стала! Знаў, знаў жа!..

— Прозвішча правільнае? — папытаўся Пяткевіч, прыглядаючыся да накладных.

— Сволач, каб яму зямля калом! Задушыць яго мала! — мужчына не пераставаў плакаць.

— Хваціць, Залатарэвіч. Грошы ж бралі. Выведзіце яго.

Гэты страх перад пакараннем ніяк не вязаўся з той лёгкасцю і ўпэўненасцю, нават з бесклапотнасцю, з якой шафёр вылазіў з машыны.

Праз некалькі хвілін рэфрыжэратар ціха выехаў з двара, вароты за ім зачыніліся, праз некалькі хвілін за ім ад'ехала ад дома і міліцэйская «Волга». Два аператыўнікі і машына напагатове асталіся несці дзяжурства.

Праз некалькі гадзін у сябе дома быў арыштаваны прыёмшчык базы Новак. Падняты з пасцелі ў сваім ладна адбудаваным доме, ён спрабаваў абурацца і пратэставаць, але неяк адразу зніякавеў, калі Пяткевіч з усмешкаю кінуў, што яго чакае кампанія сяброў.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ

у якім маёр Пяткевіч завяршае пошук.

Маёр Пяткевіч перагарнуў яшчэ раз лісткі ў папцы, паказаў на крэсла Кульгаваму, якога ўвёў сяржант.

— Сядайце, грамадзянін Маёраў.

Мужчына асунуўся за апошнія дні, глядзеў на Пяткевіча спадылба.

— Перад тым як развітацца, давайце ўсё расставім на свае месцы.

Пры слове «развітацца» арыштаваны паглядзеў на Пяткевіча, быццам хацеў разгадаць, што стаіць за гэтым словам.

— Вы не хочаце гаварыць? Што ж, гаварыць амаль няма чаго і па тых фактах, што маем. Пра тое, што ўзята ў падвале вашага дома, пра напад на міліцыянера на дарозе. Пра арганізацыю рабаўніцкай шайкі…

І ніякі вы не Маёраў, а Сімакоў Яўген Іванавіч, трыццаць восьмага года нараджэння. У свой час прараб на будаўніцтве ў сістэме «Міжкалгасбуда». Памятаеце гісторыю са збытам будаўнічых матэрыялаў? Пераказваць доўга. Адзін з саўдзельнікаў крадзяжу ў асабліва значных памерах. Пяць год строгага рэжыму… У вас асталіся грошы, і, мне здаецца, вы лёгка выйшлі з тае сітуацыі. Ці яна вам дала добрую навуку?

Затрыманы маўчаў, быццам усё, што гаварылася, не датычыла яго. Урэшце, ён ведаў, што асобу яго хутка высветляць.

— У той час па справе будматэрыялаў праходзіў нехта Новак. Яму суд вынес умоўнае пакаранне. І вось аднойчы да яго з'яўляецца ў госці нехта Маёраў Мікалай Паўлавіч, чалавек, які чэсна адпрацаваў на Поўначы, які вырашае пасяліцца ў горадзе. Новак ужо працуе прыёмшчыкам на базе. Дапамагае па блату таму-сяму здаць жывёлу. У яго і на прыкмеце ёсць людзі. Такія, як Барылкі. Ён дапамагаў ім. Хата пабудавалася, з падвальчыкам. Пайшла работа, пайшлі грошы. Білі не толькі жывёлу, але і людзей…

— Людзей не білі. Бралі толькі ў калгасах.

— Пакуль бралі ў калгасах, на жаль, усё ішло шыта-крыта. З-за бычка-двух калгасы не заяўлялі ў міліцыю, яны «прападалі». Вось пратакол допыту малодшага Барылкі. Ён не адмаўляе, што ім у Забалоцці скалечаны да паўсмерці стары.

— Сволачы! Я так і думаў, што пачалі грэбці самі! Сволачы!

Сімакоў прамовіў гэта працяжна, з нянавісцю, быццам толькі зараз знайшоў разгадку таго, чаму ён сядзіць перад маёрам.

— Вы нічога не зразумелі, грамадзянін Сімакоў. Рана ці позна ўсё б скончылася. Чым раней, тым лепш для людзей. Вы паказалі, што можна браць і ні за што не адказваць. Вы адрадзілі Новака, вы далі ход прагнасці Барылкаў, і не толькі Барылкаў. Вы нават не пагрэбавалі звязацца з раённымі зладзюжкамі.

— Доўга я астаўся на адным месцы. І не шукалі б… Успелі!

— Заўсёды ўспелі б. Падумайце, што недарасказалі мне, раю чэсна расказаць следчаму пракуратуры.

Пяткевіч адчуваў, што яму няма цікавасці і не хочацца весці допыт далей. Факты былі сабраны, падрыхтаваны дакументы, падмацаваныя паказаннямі саўдзельнікаў, рэчавымі доказамі.

Пяткевіч націснуў кнопку. З'явіўся сяржант. Сімакоў недаўменна паглядзеў на маёра, быццам чакаў яшчэ пытанняў і працягу, не хацеў выходзіць з кабінета, туды, на ім самім выбраную дарогу, па якой так не хацелася цяпер ступаць далей.

Пяткевіч загарнуў папку, акуратна завязаў яе.

Сімакоў устаў, у ягоных вачах зноў мільгануў агонь тае лютасці, якім ён апёк Пяткевіча там, на полі, калі зразумеў, што нікуды яму не дзецца, што яго затрымалі.

Пяткевіч нейкую хвіліну сядзеў адзін, потым зняў трубку.

— Камар, ну што ў цябе?

— Нічога новага, таварыш маёр.

— Не можа быць. З кім працуеш?

— «Баксёр» нічога новага не даў. Думаю, што яго Клімакін і не падпускаў блізка.

— Барменша?

— Барменша гаворыць, што ведала яго як частага наведвальніка бара. З грашыма. Інжынер.

— Па самой барменшы?

— Ніякіх дакументаў, ніякіх доказаў. Дарэмна палезлі ў бар з рэвізорамі. Без барменшы тут не абышлося. Занадта ж вольна яна жыве і адчувае сябе.

— Гэта твае фантазіі. Факты дзе?