157770.fb2 Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 27

Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 27

— Пасля арміі нікуды не хацелі паехаць?

— Тата сказалі, каб вярнуўся дадому.

— А чаму вы пайшлі на мясакамбінат?

— Тата дамовіліся. Я прыйшоў з арміі і зразу ж на камбінат, каб месца не прапала.

— Чаму вы не пабудаваліся асобна? У вас жонка, сям'я. Цяпер маладыя сем'і не хочуць жыць са старымі.

— Тата сказалі, што на нас і аднаго дома хопіць.

— Грошы вы каму аддаяце, ну, палучку?

— Маме.

— А жонка?

— Жонка сваю палучку сабе пакідае. У мамы бяром, калі трэба.

— А вы знаеце, што вам павінна быць за зробленае?

— Што? Не памілуюць?

— За што вас памілаваць? Чаму вы забілі чалавека?

— Мне здалося, што тата паказалі галавою, каб я не пусціў яго паглядзець у машыну. Я не хацеў забіваць яго, я толькі стукнуў…

У вачах у малодшага Барылкі Пяткевіч бачыў толькі страх. Цяпер маёр разумеў, чаму гэты медзведзяваты Ванька, калі «тата сказалі», трымаў брата, пакуль той паласаваў яго тросікам у гумавым шлангу.

— Дарогу да Кульгавага помніце? Бацька сказаў, што пакажаш.

Пяткевіч успомніў, што Сяргей Барылка гаварыў пра нейкага кульгавага — чуў пра яго ад бацькі.

— Помню.

Пяткевіч устаў з-за стала і ўжо на хаду, радуючыся, што малодшы так хутка раскрыўся, быццам між іншым папытаўся:

— А як вы аказаліся ў Забалоцці? Вы ж толькі па калгасных фермах бралі.

— Сярожка быў у школьным лагеры. Ездзілі адведваць. А ночы тата сказалі, што можна заехаць. Сабе свежанінка будзе. Мы ўдзень яго прыгледзелі.

— Манціроўкаю старога білі?

— Не, кулаком… Каб не крычаў.

— Пакуль што не крычыць. У маю машыну яго, — загадаў Пяткевіч.

Праз некалькі хвілін «Волга» і «козлік» з аператыўнай групай выехалі з райаддзела міліцыі.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ

у якім маёр Пяткевіч затрымлівае бандыта.

Гарадок разбудоўваўся. Раён прыватных дамоў — У цэнтры месца на прыватную забудову болей не выдзялялі — падбіраўся да самага лесу. І Кульгавы не разлічваў, што гэтак хутка будзе ісці забудова і за ягоным домікам ужо пачнуць капаць траншэі на падмуркі і ўстануць дашчаныя часовыя хацінкі. Ля дома

Кульгавага канчалася падсыпаная гравіем дарога, далей, да самага лесу, яе не было.

Дом Кульгавага быў пабудаваны не на мясцовы, на нейкі сібірскі лад, ці што. Ён выкапаў глыбокі падвал, і над ім так званы падмурак падняў на добры паверх. А ўжо на гэты падмурак паставіў драўляны, куплены тут жа, у райцэнтры, на знос моцны, яшчэ са стрыжнёвага дрэва, дом.

Тое, што чалавек гэтак хутка і гэтак багата забудаваўся, ні ў кога не выклікала вялікага здзіўлення. Чалавек адрабіў сваё на Поўначы, меў дакументы, меў права пасяляцца, дзе яму захочацца. Да таго ж яшчэ быў і інвалідам. У раённай ашчаднай касе ляжалі пакладзеныя ім грошы… Жыў мірна, завёў галубоў, купіў з рук машыну і ездзіў па грыбы і на рыбалку. Больш пра яго ніхто нічога не ведаў, з суседзямі ветліва вітаўся, сяброўства вялікага не вадзіў. Яго і празвалі яны між сабою Кульгавы, хаця накульгваў ён ледзь прыкметна і заўважыць можна было толькі, калі добра прыгледзецца. А сам ён нават і прывабны, дужы з блакітнымі вачыма. Адзяваўся па-маладзёжнаму.

Мужчына зайшоў на кухню, уключыў газавую пліту, паставіў чайнік з вадой, зварыў кавы, наліў у кубачак, капнуў некалькі кропель каньяку, прысеў на табурэтку і пакрысе, смакуючы напітак, пацягваў яго і глядзеў з акна. Ён сам не заўважаў, што гэтак вось сядзіць на кухні і часта п'е ўдзень каву, калі хвалюецца. З кухні, як з назіральнага пункта, ён глядзіць на дарогу — толькі па ёй можна дабрацца да ягонага дома. Трывожыцца не было чаго. Усё ішло як і звычайна, не першы год ужо. Не прывезлі толькі свой узнос Барылкі. Але такое здаралася і раней. І ўсё ж нешта турбавала яго. Тое знаёмае адчуванне, якое было і раней, перад тым як яго бралі. Ён не верыў ні ў прыкметы, ні ў прадчуванні, але ад гэтага не станавілася спакайней. Неяк само сабой ён праверыў, ці запраўлены «Масквіч», даліў поўны бак гаручага, выгнаў машыну і паставіў за плотам.

Ён нават усміхнуўся, калі ўгледзеў «Волгу» і следам за ёй міліцэйскі «козлік» на дарозе, адпіў глыток кавы, асцярожна паставіў кубачак на стол, дастаў з буфета бутэлечку з бензінам для запальнічак, паліў падлогу, выйшаў з кухні, запаліў запалку, кінуў і зачыніў за сабой дзверы. І тады хутка, па-кашачы выбег на двор, адчыніў варотцы ў глухім дашчаным плоце, сеў у машыну, завёў яе і ціхенька, як крадучыся, паехаў нацянькі поплавам да другой вулачкі.

Моцна зробленая з жалеза брама і варотцы былі зачынены з двара. На званкі ніхто не адзываўся. І Пяткевіч адчуў, што іх ужо заўважылі, што гэта не выпадковасць. Ён памкнуўся абысці дом і ўгледзеў легкавічок, які прысадзіста, але хутка праставаў па поплаве.

Пяткевіч зразумеў усё адразу, падбег да машыны, адчыніў дзверцы, загадаў маладзейшаму Барылку:

— Вылазь! — І адразу ж Васюкову і капітану з раённага аддзела — Тэрмінова ў дом!

А сам ужо садзіўся ў машыну, з'ехаў з гравійкі і завярнуў за вугал дома, убачыў, як за пусткаю знік у вулачцы сіні дым машыны.

Перад тым як завярнуць у вудачку, Кульгавы азірнуўся: нікога следам. Ён з палёгкай усміхнуўся — цяпер шукай ветру ў полі. Па вуліцы ехаць не спяшаўся, яшчэ раз для кантролю азірнуўся.

Маёр Пяткевіч разумеў, што адпускаць далёка ўцекача яму нельга — але і палохаць адразу, на вулачках, якіх ён не ведаў, не хацелася.

— Я — першы… Вяду праследаванне. «Масквіч» сіняга колеру. Дваццаць пяць — нуль тры. Устанавіце, хто пражываў па адрасу. Перакрыйце выхады з гарадка…

Пяткевіч бачыў, як «Масквіч» выскачыў з завулка на заасфальтаваную вуліцу. Ён ужо тады, калі ўгледзеў машыну, якая ўцякала ад дома, зразумеў, што пагарачыўся, недаацаніў сітуацыю і зрабіў памылку, паехаўшы адразу да хаты. Трэба было абавязкова арганізаваць праверку, назіранне і засады. Разам з гаспадаром «Масквіча» магла абарвацца і адзіная, такая надзейная нітка, якая прывяла амаль што да завяршэння аперацыі.

Кульгавы зірнуў у люстэрка задняга абзору міжволі, па шафёрскай прывычцы, калі выязджаў з завулка. Вока паспела заўважыць толькі пярэднюю частку капота, крыло і фару. Але і гэтага было дастаткова, каб ён зразумеў, што за ім едзе «Волга». Чаго яна едзе, сумнення не ўзнікала. Ён адразу ж ірвануў наперад

свой «Масквіч», праклінаючы сябе за тое, што паспяшаўся, што не дастаў «жыгуля», на якім не страшна была б і «Волга».

— Я — першы… Іду па Валадарскага… Мяне заўважылі,— коратка перадаў Пяткевіч па рацыі, праверыў пісталет і зняў з засцерагальніка.

У «Масквіча» не хапала ні магутнасці, ні хуткасці, Пяткевіч гэта зразумеў з палёгкаю, але ягонай «Волзе» не давала ходу вузкая, з глыбокімі выбоінамі ў асфальце вуліца, якая выходзіла на шашу.

— Першы, першы, патрулі выйшлі з выхаду Валадарскага на шашу, — нібыта пачуўшы яго думку, ажыла рацыя.

— Зразумеў,— коратка адказаў Пяткевіч, выскокваючы следам за «масквічыкам» на шашу, набраў хуткасць. «Масквіч» з усёй сілы стараўся не паддацца. Маёр заўважыў, што патрульны міліцэйскі матацыкл з каляскай заміргаў святлом, спыніўся папярок дарогі, міліцыянер, які сядзеў у калясцы, падняўся, выйшаў крыху насустрач «Масквічу», загадзя выкінуўшы руку з жэзлам. Пяткевіч бачыў таксама, што і другі міліцыянер, які так і астаўся за рулём матацыкла, дастаў з кабуры зброю, каб падстрахаваць таварыша. Пачалі спыняцца машыны, якія ехалі ўслед за міліцэйскім матацыклам. «Масквіч» пачаў збаўляць хуткасць, набліжаючыся да міліцыянера. Пагоня канчалася. Пяткевіч нават расслабіўся на нейкае імгненне, усё было даволі звычайна і проста. І ў гэты час ён убачыў, як «Масквіч» рэзка газануў, ірвануў з месца, левым крылом ударыў у міліцэйскі матацыкл, паваліў яго, ірвануў па дарозе. Ужо краем вока Пяткевіч сфатаграфаваў міліцыянера, які бег да свайго таварыша, якога не было відаць з-за перавернутага матацыкла. Маёр прыбавіў хуткасці, з лютасцю прыціскаючы машыну, гатовы скінуць яе пад адхон. І ўбачыў, як з калоны сустрэчных машын, якая спынілася, паволі выруляваў МАЗ і наўскасяк загарадзіў праезд. Пяткевіч націснуў на тармазы, бачыў, як закруціў па асфальце «Масквіч», павіс пярэднімі коламі ўжо над кюветам. З машыны выскачыў чалавек у спартыўнай куртцы, з партфелем і кінуўся бегчы ў жытнёвае поле.

— Стой! — Пяткевіч бег следам за ім, але мужчына нават не азірнуўся. Пяткевіч адчуваў, што дагнаць уцекача яму будзе няпроста. Нібы ў пацверджанне гэтага, мужчына на хаду азірнуўся, ускінуў руку, і Пяткевіч пачуў, як блізка прайшла ў паветры куля.

Цяпер трэба было весці пагоню асцярожней. Чалавек, які мае зброю і пачынае страляць па міліцыі, мае за сабой такое, што можа пайсці на ўсё.

— Стой! — яшчэ раз крыкнуў Пяткевіч. Адлегласць паміж ім і мужчынам павялічвалася. Але ў адказ на крык уцякач зноў азірнуўся і стрэліў, быццам пацвярджаў, што літасці чакаць нельга.

Пяткевіч яшчэ не прыняў рашэння, але ведаў, што губляць з воч бандыта ў полі нельга.