157770.fb2 Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

— Давай за гэтым! — крыкнуў Семежаў, і машына пайшла ў аб'езд кустоў, падскокваючы ўжо на няроўным поплаве. Семежаў бачыў, што чалавек азіраўся на машыну, якая ўсё ж ехала хутчэй, чым бег ён да далекаватага яшчэ шнурочка кустоў, які цягнуўся па поплаве. Больш не было дзе схавацца тут.

— Стой! — крыкнуў Семежаў, калі машына амаль параўнялася з уцекачом.

Следам за Семежавым на хаду выскачыў і сяржант Асцюк.

— Чаго так бегаем, Аляхновіч? Часікі ж вам падарылі,— з усмешкаю сказаў Семежаў.

Васька прысеў, сцяўся ўвесь, гатовы рвануць з месца, падскочыць. Вочы яго востра рэзалі па баках, а рукі, сціснутыя ў кулакі, варушыліся, гатовыя біць. Семежаў глядзеў на гэтыя рукі і паволі неяк міжвольна даставаў з кішэні наручнікі.

Ён бачыў, што Аляхновіч не астыў яшчэ ад уцёкаў, ён яшчэ быў гатовы бегчы, кідацца.

— Рукі, уверх рукі,— загадаў Асцюк, і хлопец неяк адразу быццам аслаб, гледзячы на пісталет у руках у міліцыянера. Рукі паволі пачалі падымацца, але падняць іх угору Семежаў так і не даў — надзеў наручнікі.

— Пайшлі паглядзім, Аляхновіч, што там у цябе за бярлог, — загадаў Семежаў і паказаў на хляўчук.

Аляхновіч моўчкі пайшоў наперадзе. Ля кустоў першы заўважыў чалавека Асцюк:

— Таварыш следчы! Чалавек вунь!

На траве ляжаў мужчына ў вылінялай брызентавай штармоўцы, і сяржант адразу ж нахіліўся да яго.

— Хто такі? — запытаўся Семежаў у Аляхновіча.

— Адкуль я знаю! П'яніца нейкі прывалокся і ляжыць…

— Валодзя, аптэчку дай сюды! — папрасіў сяржант у шафёра, і той заспяшаўся да яго, на хаду адкрываючы аптэчку.

Асцюк пачаў націраць скроні незнаёмага нашатырам, даў панюхаць яго, і чалавек цяжка закруціў галавою, быццам сіліўся прачнуцца. Потым ён расплюшчыў вочы, няўцямна, аднекуль зглыбоку паглядзеў на міліцыянераў, якія нахіліліся над ім, прамовіў: «Чаго гэта так галава баліць?» — і зноў заплюшчыў вочы.

Асцюк абмацаў кішэні незнаёмага, дастаў невялікую чырвоную кніжачку, разгарнуў яе:

— Глядзіце, таварыш следчы. Карэспандэнт. Семежаў узяў у рукі карэспандэнцкае пасведчанне,

коратка запытаўся ў затрыманага: — За што вы яго? Той нічога не адказаў.

Семежаў падышоў да хлеўчука і прысвіснуў, гледзячы на батарэю бутэлек, кансервы і іншы набытак.

— Асцюк, ідзіце гляньце! Аказваецца, і тут спецыялісты па магазінах… Валодзя, давайце да вёскі, вазьміце пару чалавек — і сюды.

— Ёсць, — коратка адказаў шафёр.

Аляхновіч моўчкі сеў на траву, паклаўшы перад сабой рукі ў наручніках.

У галаве чамусьці была адна недарэчная думка — трэба было ускочыць у хляўчук і выліць, а не ўцякаць.

РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ

у якім маёр Пяткевіч выходзіць на фінішную прамую.

Пяткевіч моўчкі глядзеў на Аляхновіча. Коратка астрыжаны, круглагаловы, ён неяк асунуўся ўвесь, толькі час ад часу пазіраў на свае кулакі, якія ляжалі на каленях. Пяткевіч не спяшаўся задаваць пытанні. Ён ведаў ужо амаль усё, пра што не хацеў прызнавацца гэты зусім яшчэ малады хлопец. Пяткевіч глядзеў на ягоныя рукі, што міжвольна скручваліся ў кулакі, і думаў пра тую кароткую дарогу, якая прывяла хлопца сюды. Звычайная сярэдняя гарадская сям'я, звычайны вучань у школе, які не надта ўлягаў у навуку, але і не з горшых, не дысцыплінаваны, але і не парушальнік. Займаўся спортам, абараняў гонар школы, а потым і вучылішча. Звычайны гэпэтэвушнік. Не, не зусім звычайны: дырэктар паставіў умову, што калі бацькі забяруць яго з васьмі класаў, то адзнакі будуць выведзены болей-меней. Увогуле ціхі. І каб было ціха, бацькі забралі са школы. Займаўся боксам. Трэнер спадзяваўся на яго. «Звычайная» кампанія ў двары, «звычайныя» сябры… Прывод у міліцыю за бойку, вядома, выпадковую… Потым «звычайныя» бойкі, час ад часу «звычайныя» прыводы ў міліцыю. Дома, калі прыходзіць п'яны, бацькі ўжо не чапаюць, бо хмель дурны, можа тыцнуць кулаком. Грошай у бацькоў не просіць, але і сваіх не дае. Жыве сам на сябе. Саромеліся перад людзьмі, смецце з хаты не выносілі. Але і не праверылі, адкуль грошы, дзе прападае падоўгу. Чакалі, што восенню ў армію, можа, там вылеціць дурное з галавы. У армію ён не пойдзе, маёр Пяткевіч ведае пра гэта.

— Скажы, Аляхновіч, ужо больш года ты нідзе не на рабоце. Дома ты грошай не бярэш. Хто корміць і поіць цябе? За што? — у працяг сваіх думак запытаўся Пяткевіч, хаця пачаць допыт хацеў з другога.

— Пры дружках не прападзеш…

Хлопец насцярожана паглядзеў на маёра. Пяткевіч адчуваў, што ён нечага баіцца.

— Хто ж ён, гэты багаты дружок?

— Ну што вы да мяне прысталі! Не лез я ў гэты магазін! Дурны Затор папёрся і прывалок! Я не знаў пра гэта! І часікаў не краў! Сама мне дала! Яна і не толькі часікі… Ёй што, яна ўкормленая, дагледжаная, ёй маладзенькага захацелася. Чаго вы хочаце ад мяне!

Пяткевіч глядзеў, як Аляхновіч стукаў сябе па каленях, і калі той заціх, напаўголасу папытаўся:

— Клімакін? За што? Аляхновіч стомлена апусціў рукі.

Нейкае імгненне глядзеў на Пяткевіча са здзіўленнем, якое потым скамянела на твары спалохам.

— Не знаю я ніякага Клімакіна! Не знаю!..

— Чаго ты так спалохаўся? У пісьме нічога лішняга…

Пяткевіч паклаў пісьмо, якое знайшлі ў Аляхновіча, на стол. Маёр ужо ведаў, што гэта той чалавек, з якім Аляхновіч «апрацоўваў» Гарбуза. Чалавек, які быў У бары ў дзень, калі напалі на міліцыянера. Пяткевіч не сумняваўся, што з раёна прыйдзе пацвярджэнне, што гэта Клімакін прыязджаў да Аляхновіча ў вёску ў той час, калі абрабавалі старога… Гэта ўжо не супадзенні і не інтуіцыя. За ўсім стаіць адна рука… Пакуль што яна так і застаецца таямніцай. На паштамт па пісьмо Аляхновіча ён не прыйшоў, значыць, і не збіраўся прыходзіць… У пісьме Аляхновіч прасіў грошай і дазволу вярнуцца ў горад.

— Ладна. Чаго Клімакін прыязджаў да цябе?

— Прывёз грошы і загадаў, каб сядзеў ціха…

— І ўсё?

— Усё.

— За што ён даваў табе грошы? За прыгожыя вочы ці за тое, што ты вазіў гарэлку ў «Каштан»?

— Я гарэлку не вазіў. Я сачыў, каб Кранік прывозіў…

— Як ты находзіў Клімакіна?

— Ён сам находзіў мяне. У барах альбо дома…

— …Каб ты быў пры ім і біў па яго загаду? — дагаварыў за Аляхновіча маёр. Хлопец не запярэчыў, угнуў голаў.

— Чаго Клімакін аціраўся ў «Каштане»?

— Паўз барменшу цёрся. На дачу яе да сябе хацеў угаварыць… З-за яе баяўся, што адлупяць. А яна паплёўвае толькі на яго. Ён і гэту, што мяне з часікамі сыпле, туды цягаў…

Аляхновіч паспакайнеў, калі гаворка пайшла пра барменшу, пра дачу, пра дзяўчат Клімакіна.

— Дзе яго дача?

— Не знаю. Ён мяне туды ні разу не пусціў.