157770.fb2
Праверка на гарэлачным заводзе пакуль што не дала жаданых вынікаў, злавілі толькі двух «несуноў». Дзяжурства ў бары таксама не прынесла новых звестак. Адна толькі з пастаянных наведвальніц успамінала пра нейкага інжынера, у якога надта добрая дача за горадам, і пра «баксёра», які заўсёды з ім. Пасля таго як Камар далажыў маёру пра падазронага хлопца, на якога выйшла раённая міліцыя там, дзе пакалечылі старога, маёр успомніў гэтую інфармацыю. Маёр памятаў медыцынскае заключэнне пра калецтва і міліцыянера і старога: «удар тупым цяжкім прадметам». У сувязі з гэтым выплывала ў памяці клічка «баксёр». Кулак баксёра можа быць такім прадметам. Не, гэта хутчэй жаданне, а не вывад, нават не інтуіцыя… Праверыць, асцярожна праверыць усё па парадку.
Сказаць пра сваю версію Пяткевіч нізавошта б нікому не адважыўся — надта ж розныя былі справы, каб звязвацца ў адну. Ён вярнуўся ва ўпраўленне і распарадзіўся перадаць у раён — затрымаць хлопца і прывезці да яго. Дзяўчыну таксама запрасіць на гутарку.
Семежаў тросся ў прапыленым «газіку» і лаяў былога аднакурсніка. Яму, Семежаву, Камар даручыў даставіць Аляхновіча. А таксама Алёну. Ужо потым, пасля гаворкі з Камаром, Семежаў спахапіўся, што не ўдакладніў, як дастаўляць у абласное ўпраўленне Алёну. Пра хлопца было сказана зразумела і канкрэтна, а пра Алёну — што з ёю хоча пагутарыць Пяткевіч. Рашэнне з Алёнаю Семежаў прыняў сам — выпісаў ёй выклік на імя Камара і даў яго тэлефон. Няхай Камар разбіраецца сам, як хоча. Не будзе ж ён браць яе на ноч і трымаць пад замком.
Ля хаты Міхаля Рудзя Семежаў міжволі акінуў вокам тое месца, дзе знайшлі знявечанага старога, быццам цяпер мог знайсці тут нешта такое, што б магло дапамагчы следству. Алёну ён пазнаў, калі машына яшчэ не пад'ехала да варотцаў. Яна ў кароценькім халаціку праганяла ад двара вялізную чараду цяжкіх белых качак. На нагах у яе былі пляжныя гумавыя шлёпанцы.
— Што б вы падохлі! Не накорміш вас! Яна збянтэжылася Семежава.
— Добры дзень, — павітаўся Семежаў і сурова зірнуў на шафёра, які падміргнуў яму. — Вам, Алёна Міхайлаўна.
— Ну што, праверылі? Сестрыны часікі?
— Не. Сястра ваша пакуль што ў водпуску…
— Як у водпуску? Яна ж сказала… — Алёна не дагаварыла, асеклася, пачырванела.
— Заўтра вам трэба вярнуцца ў горад. Пазвоніце па гэтым тэлефоне, вам скажуць, калі прыйсці.
Дзяўчына асцярожна ўзяла паперку.
— Усяго добрага, — развітаўся Семежаў. Ён усміхаўся сам сабе з таго, якая фізіяномія будзе ў праведнага Камара, калі да яго на гутарку прыйдзе тая самая, з кім ён парыўся разам у лазні і якую праводзіў ноччу ў горадзе.
Пра тое, як знайсці хату, дзе спыніўся Аляхновіч, Семежаў распытаўся ў мужчыны. Ён, пакуль адказваў
Семежаву, прыглядаўся да міліцэйскага «газіка», да сяржанта, які кляваў носам. Семежаву здавалася, што сяржант спіць не толькі цэлую ноч, але і цэлыя дні і не высыпаецца: колькі яны ні выязджалі разам, сяржант шчыра драмаў. Мужчыну не здзівіла, што міліцыя пытаецца пра Аляхновіча.
Хату Семежаў пазнаў адразу. Яшчэ і не старая, і моцная, яна быццам бы неяк асела крыху, прытулілася да зямлі і прытаілася. Гэта, можа, здавалася ад таго, што паўз платы густа і высока прабівалася зелле, зусім звузілася, зарасла спарышом сцяжынка на двор, вісеў на адным цвіку кол у плоце, скрэблі і прарэзалі канаўку ў зямлі стаўбцом абвіслыя варотцы… У такіх хатах дажывалі адзінокія старыя.
Старая была на двары. Стаяла пры высакаватай калодцы і секла галлё на дровы. Тут жа ляжала і вязанка сухога галля, невялікая, перавязаная тасьмовым пастронкам. Паўз сцяну галлё было складзена роўным кастром. Старая запасалася на зіму.
— Змерзнеце, цётка, па такіх дровах, — сказаў Семежаў.
Бабулька падняла голаў, паклала на калодку сякеру. На Семежава паглядзелі сінія спакойныя і сур'ёзныя вочы.
— Дзень добры, — павітаўся Семежаў.
— Дзень добры.
Старая яшчэ глядзела на яго, чакала, што ён скажа і чаго ён тут.
— А дзе ваш Васька? — папытаўся Семежаў.
— А-а, — старая з палёгкаю расслабілася. — Чорт яго ведае. Ён, бывае, па некалькі дзён не паказваецца, бадзяюцца з гэтым Заторам. Звёў гасподзь бог пару!
— Ён унук ваш?
— Які ўнук! Унукі ў мяне малыя… Мой дурань пакінуў жонку, а цяпер сам бадзяецца, прападае.
Старая кіўнула галавою, нібы паказвала і на хату, і на агарод.
— Мо каб быў тут, то не распіўся б і не разбасячаў так. Унукі б прыязджалі. Памог бы мне троха, то я і карову б яшчэ яму трымала, і парася б пакарміла. А так і сама гібею. Пайшоў некалі ў свет, усё роўна як за свет.
Старой хацелася пагаварыць. Яна неяк падабрэла ўся і яшчэ больш, здавалася, пастарэла.
— Сваяк гэты Васька?
— Чорту лысаму сваяк! Прыехаў, сказаў, што гэта яго Шурык да мяне прыслаў… Сірата, у водпуск на лета. Я, дурная, была ў Волькі і малака дагаварылася… А ён з-пад другое каровы малако любіць. Пасядзеў спачатку ціха, а потым з гэтым Заторам як знюхаліся, і пацякло-палілося. Ужо і ў мяне дзесятку ўзяў — пазыч, кажа, старая, трэба. П'яны, вочы чырвоныя. Дала, думаю, яшчэ стукнеш ці папхнеш, то рассыплюся ці скалечуся.
— І даўно ён сядзіць тут?
— Даўно. Нейкі тут раз прыязджаў да яго на машыне адвячоркам. Недзе пасля таго, як Міхаля стукнулі. Мабыць, насварыўся на яго. Бо дзён колькі як мыш пад мятлою. Пакуль яму пісьмо не прыйшло. Грошы былі ў пісьме, я бачыла. Вот тыя грошы і не далі спакою, пайшоў прапіваць.
— А што, ён у гэтага Затора і начуе?
— Не, тут недзе на пашы будка пастухоўская, то адтуль, я прыкмячала, разоў колькі ён ішоў агародамі. Цяпер жа лета, дзе хочаш і пераначуй. А вы хто ж такі будзеце? — старая нібы спахапілася, што многа нагаварыла невядомаму чалавеку.
— Я, цётка, з міліцыі.
— Мой мо што там нарабіў?
— Не, нам кватарант трэба.
— Слава богу. Вы ж яго звязеце, а не — прыкажэце, каб сюды больш не паказваўся. Я ўжэ сама да ўчастковага ісці хацела, каб адправіў яго куды.
— Адправім, цётка. Дзе тая пастухоўская будка?
— А за канец выедзеце, налева зразу, паўз поплаў будзеце ехаць, а там і ўгледзіце. Домік такі з дошак. Там алешнічку купка. Яна здалёк і відна, і домік пад алешынкамі там у цяньку.
— Дзякуй, цётка. Што, так і збіраецеся з гэтымі дрывамі зімаваць?
— Торфу ж прывозяць, чаму. Я ж пенсіянерка. А гэта на падпал.
Сяржант усё яшчэ драмаў у машыне.
— Прачынайся, Асцюк. А то спрасонку мяне зловіш замест гэтага Ваські,— штурхануў Семежаў міліцыянера і загадаў шафёру: — Давай у канец вёскі і налева паўз поплаў.
Тое, што сказала старая пра прыезд на машыне да «кватаранта», аж скаланула Семежава. Менавіта, што прыезд гэты быў якраз у тыя дні, калі напалі на старога. Проста так супасці гэта не магло. У супадзенні Семежаў не верыў.
У надвячэрнім прыцемку ён адразу ўгледзеў на роўным поплаве невялікі астравок дрэваў і кустоў і маленькую будыніну ў іх. Да доміка вёў леташні, зарослы травой машынны след-дарога.
— Давай туды, — загадаў Семежаў.
Машына лёгка, мякка, як па дыване, памчала да доміка.
Да доміка заставалася метраў дзвесце, калі Семежаў заўважыў, што ад кустоў мільганула чалавечая постаць.