157770.fb2
— Хто табе падарыў? Хто? Укралі разам з Заторам, каб прапіць!
Алёна раззлавана завярнулася да хлопца і зноў злавіла сябе на тым, што бачыла, ведае яго.
— Сястрычка твая. Яшчэ мяне на машыне павазіць абяцала.
Васька зноў ухмыльнуўся. Ён не пазнаваў яе, бо там, дзе бачыліся, не звяртаў увагі на тую, што прыбірала са стала.
— Аляхновіч, адкуль у цябе гадзіннік?
— Я ж сказаў. Паехаў на Валеркавым матацыкле пакупацца. А там, на купальні, мадама на пясочку. Не маладзенькая, але нічога яшчэ… На яе падобная.
Васька ўхмыльнуўся.
— Спадабаўся ёй малодзенькі мальчонка. Паплавалі потым, на машыне павазіць яшчэ абяцала.
Пра машыну Васька прыхлусіў. Ён быў перакананы, што «мадама» нікому не прызнаецца пра тое, што было на беразе, і пра тыя «часікі». Васька іх сціхача ўсунуў у кішэню.
— Нахал! Злодзей ты, як і Затор твой!
Васька ўвайшоў у ролю і адчуваў сябе на кані. Ён цяпер зразумеў, што сказанае дзяжурным «магазін» не мела дачынення да таго магазіна, дзе яны пабывалі з Заторам.
Лейтэнант спакойна і нават абыякава глядзеў на затрыманага. Ён яшчэ ў дзяжурнага, як толькі ўгледзеў гадзіннік, зразумеў, што ён не з вітрыны універмага — там не было падобных гадзіннікаў. Цяпер Семежава зацікавіла толькі тое, што Алёна апынулася тут, што яна дачка таго самага старога.
— Так што прашу часікі назад, — Васька нават руку працягнуў. Маўчанне лейтэнанта ён зразумеў пасвойму.
— Дакументы.
— Нашто?
— Калі няма пашпарта, давядзецца пагасціць у нас, пакуль мы праверым, хто вы такі і ці праўда, што часікі вам падарылі.
Васька з палёгкай выдыхнуў: пашпарт у яго быў з сабой. Васька дастаў яго і падаў следчаму. Той зрабіў выпіскі і аддаў дакумент назад.
— Прайдзіце да дзяжурнага і на яго імя напішыце тлумачэнне, тое, што вы мне гаварылі. А вы, Рудзь, напішыце заяву. І адрас свае сястрычкі ўкажыце.
Лейтэнант зняў трубку. Краем вока ён заўважыў, як з палёгкай выскачыў з кабінета хлопец. Дзяўчына замялася, азірнулася на Семежава.
— Вы хацелі яшчэ нешта сказаць?
— Я ўспомніла, дзе бачыла яго. — Алёна кіўнула на дзверы. — У нас у бары… Ён ходзіць рукі ў кішэні, і яго ўсе баяцца…
— У якім бары?
— «Каштан» называецца.
— Ну і што?
— Нічога, толькі я падумала пра бацьку, калі ўспомніла яго…
— Што вы хочаце сказаць?
— Нічога. Проста падумала…
— Калі бачылі Аляхновіча апошні раз там, у бары?
— Даўнавата… Да таго, як міліцыянера найшлі ў двары, ля бара… Больш ні ён, ні яго лысы інжынер у нас не паказваліся…
— Ладна, Рудзь. Ідзіце напішыце заяву і пакіньце ў дзяжурнага. Мы пашлём запрос вашай сястры. А таго, хто напаў на бацьку, знойдзем…
Семежаў устаў, гэтым самым даў знак, што Алёна можа ісці. Ён здагадаўся, што яна пазнала яго, але так і не адважылася нават намякнуць на тую сустрэчу, нават папытацца, ці гэта ён быў там.
У панядзелак Камар пазваніў Семежаву: Семежаў нічога новага пра расследаванне справы старога сказаць не мог.
— Шукаць трэба, Паша, а не сядзець там, — голас Камара быў нават па-начальніцку не задаволены.
— Гэта не табе там. У нас не наседзіш. Сярод бела дня з вітрыны універмага гадзіннікі выбралі. Шукай. А хутчэй за ўсё вашы сталічныя кадры тут пагасцілі,— агрызнуўся Семежаў.
— Цікава, на каго вы спісвалі б, каб не было гарадскіх? У вас усе там святыя…
— А ты знаеш, каго я тут сустрэў? Тваю Алёну… Тую, тую. Толькі яна, аказваецца, у бары сталы прыбірае, — Семежаў хацеў дапячы Камару. — А ты яе, як інжынершу, абходжваў. У тым бары, дзе на міліцыянера напалі. Ну як было? Вось так і было…
Семежава здзівіла, што Камар не звярнуў ўвагі на ягоную з'едлівасць. Ён вымушаны быў падрабязна расказаць пра ўсё, што адбылося ўчора ў ягоным кабінеце.
— Вось што, Семежаў. У следства ўключы Пяткевіча і яго аддзел. Усё, што толькі новага, паведамляй мне альбо адразу маёру. І сам варушыся.
пра тое, як Туманоўскі апынуўся ля доміка пастухоў.
Круг даследаванняў для Туманоўскага акрэсліваўся: сям'я Мачанкі, выхаванне сына ў сям'і. Потым школа… Чаму Затора цягнуць да атэстата, Туманоўскі ведаў — каб не псаваць агульны паказчык па ўсенавучу. Сустрэчу ён рашыў пачаць з сакратара камсамольскай арганізацыі школы. Яго Туманоўскі застаў дома. Дакладней — яе. Дом трактарыста Булыкі ён пазнаў адразу: у вочы адразу кідаўся пафарбаваны сіняй фарбай плот, жалезная брама з варотцамі. Ад варотцаў да ганка вымашчана бетоннымі пліткамі дарожка. Перад хатай кашлата стаяў малады, урадлівы садзік. Сама ашаляваная хата пафарбавана ў мяккі колер. Для хлявоў, якія зроблены збоч хаты, быў выгараджаны асобны двор.
Ва ўсім адчуваўся дастатак і спраўная гаспадарская рука.
На двары маладая жанчына мыла бялізну. Шумела пры верандзе пральная машына. У садзе між яблынь ужо віселі белыя прасціны і навалачкі.
Туманоўскі міжволі прыпыніўся перад варотцамі і загледзеўся на жанчыну, якая стаяла бокам да яго і выкручвала мокрую бялізну, складала яе ў белы эмаліраваны таз. Рухі яе загарэлых залацістых рук былі нетаропкія, ласкавыя. Жанчына кончыла выкручваць, тыльным бокам далоні адкінула з ілба грыўку валасоў.
Яна адчула позірк Туманоўскага, азірнулася.
— Дзень добры, — павітаўся ён.
— Дзень добры.
— Туманоўскі. Карэспандэнт газеты… Дзяўчына не здзівілася:
— Бацькі няма дома.
— Я не да бацькі… Я да Тані.