157770.fb2
Кінуты наўздагон кол не дастаў.
Цяпер Затор ужо не толькі радаваўся, што вырабіўся цэлым, але і шкадаваў: звязвацца са студэнтамі не варта было. Пасля бойкі і Васькавага ножыка дарога туды закрыта на ўсё лета. А там танцы амаль кожны вечар, адны ва ўсім наваколлі. Каб не гэтыя штаны ў абліпку…
Васька, які соп усю дарогу, нечакана прачнуўся і ля магазіна скамандаваў:
— Заварочвай!
Затор заехаў за магазін, хаця і не разумеў — нашто.
— Глушы, — загадаў Васька. Ён азірнуўся, прыслухаўся, потым хутка падышоў да дзвярэй складзіка, дастаў з кішэні звязку ключоў. Замок адамкнуў адразу, усё роўна як дадому заходзіў.
— Давай сюды!
У складзіку ён на нейкае імгненне чыркануў запалкай, падхапіў мяшок, які ляжаў на скрынках. Нагою ўдарыў у дзверы, і яны адчыніліся. Тут жа за дзвярыма Васька памацаў рукой, нешта падняў, падышоў да сейфа. Скрыгатнула жалеза. Вочы прывыклі да прыцемку, і Затор убачыў, што Васька шукае ў сейфе.
— Пуста! — Ён сунуў нешта ў кішэню і загадаў: — Чаго стаіш? Давай грузі гарэлку ў мяшок!
Васька зусім працверазеў, памагаў Затору. Укінуў у мяшок кансерваў, пячэння, хлеба. Перад тым як выйсці на вуліцу, паглядзеў у прыадчыненыя дзверы, потым махнуў рукой Затору — выходзь. Дзверы замкнуў за сабой, забраў у Затора мяшок, ускінуў за плечы.
З вёскі выехалі моўчкі. Затор стараўся не газаваць, і матацыкл толькі ціхенька вуркатаў маторам. Ад разгубленасці ён нават не пытаўся — куды ехаць.
— Давай на базу.
Спыніўся матацыкл ля пакінутага пастухоўскага доміка ў засені кустоў і дрэў. Васька асцярожна апусціў на падлогу мяшок.
— Цяпер жытуха! А то мне старая больш грошай не хоча пазычаць…
— І так напазычала! Затор рагатнуў.
Васька адкаркаваў бутэльку, пацягнуў сам, перадаў Затору. Хутка яны спалі на сене моцным і здаровым сном. Дні са тры закадычныя сябрукі нідзе не паказваліся.
Таня прачнулася досвіта. Уставаць яшчэ рана. Соладка спаў побач муж, нават пасвістваў у свой шырокі нос. У ранішнім змроку на ягоным белым твары праступала рабацінне. Трактарыст, а твар белы, не бярэ ні сонца, ні пыл. Худая жылістая шыя, скудлачаныя мяккія валасы над лысінай. Таня прыўзнялася, абаперлася на локаць, крутаплечая, чарнявая, дагледжаная жанчына: бач, спіць як пшаніцу прадаўшы, і хоць бы што… Здавалася, прайшло гэтулькі гадоў, двое дзяцей прыжылі, а тое даўняе адчуванне непрыязні, якое было і перад выхадам замуж, не знікла, наадварот, паўставала часам у грудзях. Яна тады кідала на яго дзяцей, гаспадарку, якую ён мусіў даглядаць, робячы на трактары. Ехала ў раён на нараду, часам вярталася дадому толькі назаўтра. Вярталася быццам спустошаная, вінаватая перад дзецьмі, але не перад ім.
Нібы ён вінаваты, што перабірала і дабірала кавалераў так, што асталася ў перастарках і сваякі ўжо знайшлі ёй яго ў жаніхі, старэйшага, непрыгожага. Яна і пайшла за яго, каб толькі пакінуць бацькоў з іхнім багаццем, з-за якога яны не пусцілі яе ў горад. Свой рай абяцалі, а яна верыла.
Яна прыехала ў новы прасторны дом, знайшлася чыстая работа — магазіншчыцай. Можна было зайздросціць усяму: рабоце, сям'і, дзецям. Любы тавар дастаць можа, а па цяперашнім свеце гэта не так і мала.
Але ж не, той здрок, які нападаў на Таню і пёр з дому ў прочкі, не праходзіў.
Сёння ёй прысніўся кароткі і брыдкі сон. Саснілася, што вязе яна тавар з Жэнькам — так звалі яго ўсе, хоць у мужчыны даўно ссівела галава. Праўда, ён і хадзіў у джынсавых штанах, і глядзеў на жанчын нахабна. Ехалі яны з гэтым Жэнькам, і завярнуў той з дарогі ў малады сасоннік. Сонца свеціць, дзень, а яны… Таня раптам угледзела, што зусім блізка бягуць да іх Зіна і Анька. З гэтым жахам яна і прачнулася. Дочкі спалі на суседнім ложку разбрыкаўшыся, і над імі сонна яшчэ кружыла ранішняя муха.
Таня ўстала, падышла да дзяцей, паправіла коўдру, спрытна махнула рукой, злавіла муху, якая настыралася над імі, ускінула на сябе лёгенькую кофтачку. надзела спадніцу, у верандзе ўссунула на ногі растаптаныя рабочыя басаножкі, выйшла на двор. Нават і ранішняга халадку яна не адчувала.
Усё паказвала на тое, што і сёння можа быць «здрок». Прынамсі, так падумала суседка, старая Волька, калі ўгледзела, як пашыбавала на вуліцу Таня.
Таня і сама не ведала, ці гэты самы «здрок», ці нешта іншае, нейкае нядобрае прадчуванне не давала спаць і пагнала раніцай да магазіна — узяць солі, забылася, што дома няма. Магазін быў звычайны, з адным зальчыкам, дзе мясціліся і прадуктовыя тавары, і гаспадарчыя, і прамысловыя. Цяпер на магазінах павесілі шыльды «Тавары паўсядзённага попыту». З зальчыка дзверы вялі ў склад. За магазінам, асобна адгароджаны, быў яшчэ напаўразбураны барак — там некалі прадавалі газу.
Таня, нібы хтосьці вёў за руку, адразу пайшла да дзвярэй склада і, як толькі ступіла на прыступку, угледзела, што замок вісіць не тым бокам. Не трэба і на кантрольку глядзець. Дрыжачымі рукамі дастала з сумачкі ключы, адамкнула замок, адчыніла дзверы, запаліла святло. Дзверы са складзіка ў залу прыадчынены. Таня на нейкае імгненне застыла на месцы, адчула, якімі цяжкімі сталі ногі і рукі. І дзверцы сейфа адчынены. Праўда, сейфам металічную скрынку можна было назваць толькі ўмоўна, і замок там як для прыклёпу. Грошай не было… Хаця і выручкі за ўчарашні вечар рублёў з дваццаць, не больш, і набралася б.
Ад гэтага Таня паспакайнела, вярнулася ў склад, зашчапіла дзверы на зашчапку з сярэдзіны, агледзелася: у складзе нічога не чэпана, зайшла ў залу, найперш кінула вокам на адзенне. Быццам некранутае. Каракулевае футра вісіць на месцы. За прылаўкам у прадуктовым аддзеле спатыкнулася аб кансервавыя бляшанкі. Выбралі паўскрынкі гарэлкі.
«П'янчугі, каб вас паразрывала!» — Таня аж задыхнулася ад злосці, памкнулася выбегчы на вуліцу, падняць людзей, але ля сейфа спынілася, дрыжачымі рукамі пачала перабіраць шапаткія накладныя. Не, усё на месцы. Уставіла ключ у замок, ён паслухмяна павярнуўся. Замкнула дзверцы сейфа. Дзверцы падкалупілі ломікам, якім яна адчыняла скрынкі. Падабрала з падлогі кансервы і толькі цяпер заўважыла, што з шуфлядаў бралі лячэнне, хлеб таксама бралі. Наводзіла парадак, а сама думала пра тое, што, калі заявіць у міліцыю, магазін зачыняць на рэвізію, усё ператрасуць, пачнуць апытваць людзей, а тады… Ад гэтае думкі стала млосна. Няхай гараць гарам гэтыя грошы і гарэлка! І сама не ў пару прыперлася ў магазін, хто паверыць у тых зладзеяў?
Цяпер яна спяшалася пайсці з магазіна, пакуль спіць вёска. У складзе ўзяла пачак солі, спатыкнулася позіркам на няздадзеных мяшках з-пад мукі. Тады на мяшкі мукі яе быццам ненарокам, жартаўліва падапхнуў Жэнік.
Таня аж перасмыкнулася ад успаміну. Пасля Жэнік і пачаў глядзець на яе, як на сваю. Яна больш не падпусціла яго і блізка, але ён на гэта і не зважаў. І неўзабаве прывёз ёй накладныя на дываны. І грошы, у двух пакеціках… Тавар быў аформлены на яе магазін, прададзены, грошы ў касу пайшлі і крыху ёй самой, што ў малым пакеціку. «Не будзь дурная, план будзеш мець, і да плана. А не — дачуюцца бабы, чым ты тут са мной займалася». Гэтага яна не надта баялася, свайго вахлака асадзіць на месца. Грошы ўзяла, і праўда, больш не мела праблемы з планам — тавар дэфіцытны магла б з базы сабе дастаць… А хто дакажа, што яна і сабе грошы брала?
Калі ўжо шыбавала па вуліцы з пачкам солі ў руцэ, Таня здагадалася, чаму ёй гэтак гнюсна сасніўся сёння Жэнік. Прадчувае душа, што дабром гэта не кончыцца.
Старая Волька здзіўлена глядзела на Таню, якая ляцела з пачкам солі дадому, і вачам сваім не верыла. Але неўзабаве пачула, як тугія струменьчыкі малака цырканулі па бляшанай даёнцы на Таніным двары.
Пасля снедання Таня схадзіла на медпункт, «захварэла», павесіла пра гэта аб'яву на дзвярах магазіна, а ў канверце адправіла ў сельпо заяву, што пакідае работу па ўласнаму жаданню з-за дрэннага здароўя. Пра гэта ніхто не ведаў, нават муж, а таму ўсёй вёсцы было вялікае дзіва: Таня перадавала сваю «дэфіцытную» пасаду маладой дзяўчыне, якая будзе прыязджаць на работу аж з самага раёна. У гэтым усёй вёсцы была вялікая невыгода, а таму гэтага Танінага «здроку» ніхто не мог ні зразумець, ні апраўдаць…
у якім сталічныя жыхары сустрэліся ў раённым аддзяленні міліцыі.
Старшына Вашчылін рабіў абход свайго асноўнага аб'екта — базарнай плошчы. Базар толькі пачынаўся, павільён, дзе прадавалася піва, яшчэ пуставаў. Старшына памятаў базар не такім — людзей збіралася, што не праціснуцца і не прабіцца. Цяпер вазоў не стала, прыязджаюць на машынах. Нарабілі новых паднавесаў і прылаўкаў, але добрая трэць іх так і пустуе. Ля самага ўваходу цёткі прадаюць малако і тварог. Старшына ведае іх амаль што ўсіх. І пакупнікі ў іх пастаянныя. Многа кветак. Цяпер іх сеюць і прадаюць амаль усе пенсіянеры. Дзве чарнявыя кабеты з семачкамі. Прыезджыя. Не многа людзей і ў магазінчыках на базары. Людзі едуць у горад, у новыя магазіны, там большы выбар. Старшына вітаецца з прадаўшчыцамі. Гэта ў асноўным пажылыя жанчыны. Маладыя дзяўчаткі ідуць прадаўшчыцамі таксама ў новыя магазіны, там моладзі больш.
Старшына выйшаў з магазіна. У вочы кінуўся матацыкл пры плоце. Сюды заязджаць нельга. Знак вісіць. Матацыкл не перашкаджаў тут нікому, і старшына, як кажуць, заплюшчыў на гэтае парушэнне адно вока — можа, трэба было падвезці чалавеку цяжкае. Але другім вокам ён усё ж акінуў базар і знайшоў тых, хто прыехаў на матацыкле. Пазнаць іх было няцяжка: адзін так і не зняў з галавы чырвоны шлем, другі насіў яго ў руцэ. Ім, мабыць, і патрэбы не было заязджаць на базар, маглі і прагуляцца ад стаянкі якую сотню метраў.
Старшына пакіраваў да хлопцаў, якія церліся ў гурце ля гандлярак семачкамі. Дайсці да іх старшына не паспеў:
— Таварыш міліцыянер! Таварыш міліцыянер! Дзяўчына спяшалася насустрач Вашчыліну і паклікала яго амаль шэптам.
— Што такое?
— Таварыш міліцыянер, вунь той, у шлеме, прадае залатыя часікі! Якраз такія, якія прапалі ў мае сястры! А з ім з нашае мясцовасці п'яніца…
— Праверым. Не адставайце.
Старшына Вашчылін не паскорыў хады. Спакойна падышоў да хлопца, узяў яго за локаць.
— Пройдзем, маладыя людзі, са мной.
Ён адчуў, як таргануўся, напружыўся той, каго ён узяў за локаць, але адразу ж пакорліва расслабіўся. Сілу старшыны Вашчыліна ён адчуў і зразумеў, што вырывацца не варта, пакуль цябе трымаюць далікатна. Ні адзін вясковы здаравіла, які спрабаваў буяніць на базары, больш на гэта не адважваўся.
— А што такое?
Другі, са шлемам у руцэ, адскочыў, як пеўнік, убок, гатовы даць дзёру.
— Парушаем правілы…
Той, са шлемам, на хаду надзяваў яго на голаў і бег да матацыкла. Старшына памкнуўся даганяць яго, але ўспомніў, што гадзіннік у гэтага, якога ён трымае. Уцекача ведае дзяўчына, нікуды ён не дзенецца.
— Пайшлі ў аддзяленне! І вы з намі,— загадаў старшына дзяўчыне.
Залатыя гадзіннікі на базары не прадаваліся ўжо даўно. І хлопец невядомы, прыезджы. Старшына быў перакананы, што ўсіх у раёне ён ведае, а чужых нюхам чуе.