157770.fb2 Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

Мужчына прыкурыў, Мачанка абапёрся на сахор. Ён, як заўсёды, быў зарослы густою кароткаю шчэццю.

— Хаця нашто табе гэтыя грошы… Твой гэты Затор усё роўна прап'е, яшчэ і табе ў карак надае!

— А табе на чорта? Усё косіш, грабеш. Ты ж на пенсіі. Сядзеў бы дзе пад кустом і «чарніла» піў у цяньку.

— Знаеш, Федзя, як варушышся, то і жывеш яшчэ, а як сядзеш — згніеш к чортавай мацеры.

— Яно і так…

— Слухай, а з кім гэта твой Затор лётае на матацыкле? Чуць не знёс мяне на павароце!

— А прыехаў з Мінска да Ермаліцкай сынаў друг. Кажа, на заводзе робіць, водпуск у яго. Чорта водпуск.

Сядзіць тут у старое, праядае яе пенсію разам з маім, і цэлыя дні з матацыкла не ссядаюць…

— Я б на тваім месцы скулу яму ў бок, а не матацыкл. Гэтакі бугай вырас, а толку ніякага.

— Хай ён голаў скруціць! А зачапі — б'ецца, гадасць. І жонку б'е, і мяне. Вунь, каровы быў чаргу адпасвіў, пятнаццаць рублёў садраў. Яна яму толькі дзесяць дала. Набіў і запёр у варыўні. Цэлы дзень сядзела, пакуль я з Капыля не прыехаў. Скарэй бы ўжэ ў армію забралі, там, можа, дурату гэту выбілі б.

— Змалку вы яго раздурылі.

— Мая як дурная перла яму ўсё. А цяпер я вінаваты.

— Чуў, што з Міхалём зрабілі?

— Чуў. Навёў нехта, чаго б так палезлі… Ведалі, што стары.

— Што цяпер тут ведаць? Тут і ўсляпую, то папробуй наскоч на тую хату, дзе мужчына. Маладыя дзе? У новых хатах альбо ў пасёлку.

— Але ж прыгледзелі, што кармляк ёсць.

— Ну, прыгледзелі.

— А ты вазіць будзеш?

— Буду. Пасля абеду.

— Дак у Асінаўку «Лучыстага» прывезлі. Петрыка бачыў на трактары, курэў адтуль. Ты б мо завінуўся на кані. Бо больш жа нідзе, хоць шаром пакаці.

— Давай грошы.

Мужчына дастаў з кішэні складзеныя рублі. Мачанка зняў васьміклінку, паклаў грошы ў шапку над казырком, надзеў яе на голаў.

— Я вунь там касіць буду, — мужчына паказаў на кусцікі.

— Добра, чакай, заеду.

Мужчына лёгка асядлаў веласіпед, а Мачанка зноў узяўся за работу. Але нешта змянілася ў ягоных руках, спрытней захадзіў сахор.

Праз паўгадзіны падвода з Мачанкам, які сядзеў на ладным пуку травы, каб не трэсла, курыла-пыліла па дарозе да Асінаўкі.

Туды ж па сваёй дарозе ехаў і Туманоўскі. Праўда, не на веласіпедзе, а ў калгасным «газіку».

Суправаджаў Туманоўскага, як і мінулы раз, сакратар партыйнай арганізацыі. Веласіпед, на якім Туманоўскі зранку прыехаў да канторы, так і астаўся там.

У канторы на гэты раз Туманоўскі застаў старшыню, які ў кабінеце нешта запісваў у блакнот. Ён моўчкі і ўважліва разгледзеў пасведчанне, падаў яго назад. Потым гэтак жа ўважліва паглядзеў на Туманоўскага. Карэспандэнту такое саліднае газеты, здавалася, вымагала і выглядаць адпаведна. Само сабою напрошваўся гальштук, касцюм. Гэтая брызянтоўка, як у студэнтаў, якія прыехалі будаваць цялятнік, чаравікі не да твару сур'ёзнаму чалавеку. Але старшыня чалавек ужо вопытны на сваёй пасадзе. Таму ён пастараўся ўявіць Туманоўскага ў касцюме, пры гальштуку і зразумеў, што выглядаў ён салідна, надавалі гэтай саліднасці акуляры. У касцюме наведвальнік мог быць нават і самім рэдактарам, а не проста карэспандэнтам.

Гаварыў карэспандэнт пра маральна-этычную аснову выхавання моладзі, пра тое, што ён хацеў бы паглядзець, як у іх, у гаспадарцы, як кажуць, сярэдняй, якіх большасць усюды, выхоўваецца моладзь у плане павагі да старэйшых, да іхняй працы… Усё гэта было туманна і ненадзейна. Старшыня ведаў, што цікавіць карэспандэнтаў у кожную пару года. Цяпер сама пара была заняцца тым, як ідзе ўборка сена і як падрыхтаваўся калгас да жніва, як адрамантаваў найперш тэхніку, як замацаваў за ёй механізатараў.

Было зразумела, што, пачынаючы ад гэтае брызянтоўкі і канчаючы гаворкаю пра ўсе праблемы выхавання, гэты Туманоўскі пускаў туман, каб выведаць усё і выгледзець.

Аднак выгляду старшыня не падаў, наадварот, ён адсунуў убок блакнот і з веданнем справы загаварыў пра ролю і бацькоў, найперш бацькоў, у працоўным выхаванні, і школы. Ён нават дазволіў крыху самакрытыкі з-за таго, што, занятыя выкананнем тэрміновых работ, калгасныя кіраўнікі забываюць пра гэта. Тады і вырастаюць такія, як Мачанкаў Затор.

— Во-во, я якраз пра яго і хацеў распытацца, даведацца ўсё. Бацька яго ж не адсюль, мне гаварылі?

— Затор Мачанкаў — гэта не зусім тыповы выпадак, — старшыня загарнуў блакнот, ямчэй сеў на крэсле. Ён гатовы быў гаварыць пра Затора, як пра лепшую сваю даярку ці свінарку. Тут небяспекі ніякай для падрыву ягонага калгаснага аўтарытэту не намячалася і не магло быць. Затор фігура адметная ўжо ў раённым маштабе. Ім займалася не першы год раённая камісія па справах непаўналетніх, і, як гаворыцца, персанальная адказнасць клалася ўжо цалкам на раённае звяно і да калгаснага прасачыцца не магла. Старшыня непрыкметна зірнуў яшчэ і на насценны гадзіннік — хутка павінны былі сабрацца ў кантору спецыялісты, а там займацца карэспандэнтам ужо не ягоная, старшынёва, справа.

— Мачанка чалавек не наш. Прышлы ён. Тут меліярацыйныя канавы апляталі лазою. Некалі было такое, каб не размывала вада берагі… Ён з гэтымі плетунамі і прыйшоў. За трыццаць было ўжо. Ён на кватэру ў Піліпіхі старое астаўся. Старая хітрая была. Яна ўсё сваёй Вольцы выбірала жаніха. Каб і рахманы быў, і каб багаты. Так і давыбіралася, што сама састарэла і дачцэ недзе пад сорак павяло ўжэ. Тут не да жыру, як кажуць, а быць бы жыву. У акрузе Вольку ведалі, язык у яе доўгі, натура, як у асы. А старэць пачала — яшчэ горш. А тут гэты Фёдар ад лазы. Піліпіха яго і ўзяла на кватэру. А ён і тады быў такі, хоць і маладзейшы. Боты кірзавыя, шапка блінцом, морда непабрытая, а пад вечар у самагонку памочыцца. Адным словам, так ён і жыў, начаваў у будцы ў садзе. У Піліпіхі старое пытаюцца, як, ці жаніх будзе. «Не, галубка, які з яго жаніх. Я яму мачанку з салам і зранку, і ўдзень, і вечарам! Аполак сала скарміла, а ён у гэту будку сваю ўлезе і храпе, аж сабака спрасонку гыркае, пужаецца…» Але ўсё ж мачанка, мабыць, памагла, бо Волька пад восень пакруглела, а Фёдар пачаў галіцца, надзеў новую рубашку і штаны. І не пайшоў следам за сваёй брыгадай…

Старшыня ўвайшоў у ролю, але адчыніліся дзверы, зайшлі галоўны аграном, інжынер, сакратар партарганізацыі. Ён павітаўся з Туманоўскім, што старшыню здзівіла, але выгляду ён не падаў:

— Я ў вас прашу прабачэння, Ян Данілавіч. Тут у нас…

Туманоўскі ўстаў.

— Вы можаце якую гадзіну самі пахадзіць тут, агледзець нашу цэнтральную. З усіх бакоў, не толькі з таго боку, з якога мы самі паказваем, — пажартаваў старшыня,

— Не хвалюйцеся, калі ласка. Я зайду пазней, а цяпер не буду перашкаджаць вам.

На здзіўленне старшыні, журналіст не клюнуў на дэмакратычную прапанову, не пайшоў аглядаць цэнтральную сядзібу з «чорнага» боку.

Старшыня паспрабаваў распытацца пра карэспандэнта ў парторга, але той паўтарыў прыкладна тое, што гаварыў старшыні сам Туманоўскі.

— Ён жук вопытны, глядзі, парторг. Ты ў мяне на тое, каб і прыняць чалавека, і паказаць яму. Глядзі…

— Не, у яго другое тут.

— Глядзі мне, глядзі. Калі не даецца на пачастунак, то не настырайся і ў баньку нашу не валачы. А то ён нам потым гэту баньку і распіша…

— Не, ён не такі чалавек. Ён па другой лініі,— паспрабаваў абараніць Туманоўскага парторг, але прызнацца ў тым, што лазню ён паказаў, не адважыўся. На ўсякі выпадак.

Аграном і інжынер цярпліва чакалі, пакуль кончыць гаварыць старшыня з парторгам, — часу ў іх, як заўсёды, не хапала…

Іван Спірыдонавіч быў рады, што журналіст згадзіўся паехаць у Асінаўку. Па-першае, гэта ўжо быў не іхні калгас, суседні. Таму ўсё тое, што там можна ўбачыць, ужо быццам і не датычыла ні Івана Спірыдонавіча, ні ягонага калгаса. Да ўсяго гэтага ў яго быў і канкрэтны клопат — паглядзець, хто з іхніх работнікаў сярод рабочага дня пакінуў работу і падаўся «на запраўку».

— Старшыня вам расказаў ужо, адкуль пайшла мянушка Мачанка? З-за тае мачанкі, якой карміла будучага прымака Піліпіха.

— А чаму Заторам завуць меншага?