155503.fb2
Радасна загуў, закрычаў натоўп, воі ўзмахнулі мячамі, тэўтон сцяўся, скурчыўся на ўзаранай конскімі капытамі зямлі, і тут Вячка пачуў слова. Адно-адзінае слова з мора слоў:
— Татухна!
Гэта ўскрыкнула дачка Соф'я.
Ён азірнуўся, глянуў на яе, і меч абвяў у ягонай руцэ. Яму расхацелася абрываць нітку чужога дыхання.
— Князёўна Соф'я даруе табе жыццё, — сказаў ён Пірмонту. — Маліся за яе, тэўтон.
Пірмонт маўчаў, кашляў. Ён быў падобны на чалавека, якога толькі што знялі з крыжа. Яму здавалася, што з нябёсаў, з-за белых воблакаў, глядзяць ягоныя продкі-рыцары і праклінаюць яго за свой растаптаны гонар. Чаму не грыміць, не скрыгоча зубамі гром?
Кукейносцы тым часам крычалі славіцу свайму князю. Натоўп любіць тых, хто перамагае. Самы слабы, самы маленькі і нікчэмны з натоўпу адчувае сябе ў такія хвіліны пераможцам.
— Слава! Слава! — грымела наўкол.
— Рубон! — ускідвалі ўгору мячы дружыннікі князя Вячкі.
— Рубон! — апантана падтрымліваў натоўп.
І ўсё-такі большасць кукейносцаў была незадаволена тым, што князь не прыкончыў чужака. Яны мелі права на відовішча крыві, усе гэтыя рамеснікі і купцы, баярская чэлядзь і смерды з навакольных селішчаў. Яны патрабавалі крыві, бо ад ліваў чулі, што ў вусці Дзвіны тэўтоны праліваюць чалавечую кроў рэкамі.
— Князь, вазьмі ягоны жывот! — ярасна гуў натоўп. — Забі тэўтона!
Вячка зняў з галавы шлем, трасянуў спатнелымі валасамі. Пакрысе супакойвалася ўзбунтаваная паядынкам кроў. Ён сарваў пук травы, выцер ёю меч, з хрустам загнаў меч у похвы.
— Забі! Забі! — роў натоўп.
Ён узняў угору дзясніцу ў баявой пальчатцы.
— Забі! — крычала жанчына, трымаючы на руках дзіця.
— Забіць лёгка, — сказаў Вячка, і адразу замоўк, як знямеў, натоўп. — Жыццё адлятае ад чалавека, як шпачынае пёрка. Чалавечую выю можна перашчыкнуць двума пальцамі. Я не шкадую яго, — глянуў князь на тэўтона, які сядзеў на пяску, абхапіўшы галаву рукамі.— Ён ішоў забіць мяне. А зараз ён як чарвяк, на якога магутным капытом наступіў пушчанскі зубр. Ён ляжыць ля маіх ног, а хацеў сядзець на маіх плячах і абразаць мне вушы. Там, — рэзка махнуўшы рукою, паказаў Вячка на захад, — ягоныя браты востраць мячы, каб адсекчы нашым воям галовы, уюць вяроўкі, каб звязаць і пагнаць у няволю нашых жанок і нашых дзяцей. Там насыпаюць у скрыні зерне, каб пасеяць яго на магілах нашых дзядоў. Я, князь Кукейноса Вячаслаў, кажу: адпусцім яго, захаваем жыццё крываваму тацю, каб там, у Рызе, пачулі нашы словы. А словы нашы такія: мы не хочам вайны ні з рыжскай царквой, ні з ордэнам тэўтонаў. Не мы да іх, яны прыплылі да нас. Хай глянуць на неба, хай убачаць божы прастол. І бог скажа ім: спыніцеся! Спыніцеся, бо анафема чакае вас і геена вогненная. Я адпускаю тэўтона, — махнуў дзясніцай Вячка.
— Слава! — закрычаў натоўп.
— Хай убачыць тэўтон, як мы ўмеем помсціць. Прывядзіце з катавальні мураля Брацілу, — загадаў воям князь.
Знясіленага, знявечанага Брацілу выцягнулі, быццам бервяно, з падзямелля, паставілі перад знямелым натоўпам. Ён ледзьве стаяў, бледны, кволы, як абадраная ліпка. І тут, распіхваючы людзей, выбегла зялейніца Домна.
— Светлы князь, — упала яна ў пясок перад Вячкам, — не губі майго сына. Пашкадуй мяне, тваю чорную рабыню. У цябе ж таксама ёсць дзіцятка. Пашкадуй майго Брацілу. Я ж тваю дочачку лячыла і лячыць буду. Я вечна за цябе, светлы князь, богу маліцца буду. Пашкадуй.
— Твой сын — таць і галаўнік. Ён хацеў забіць мяне, князя, — строга сказаў Вячка. — Ідзі ў церам, зялейніца.
Домна падпаўзла да сына, абвіла ягоныя ногі рукамі.
— Зернетка маё… Сонейка маё… А як жа ты маленькі быў і зубік у цябе першы вырас і потым выпаў, я загарнула зубік у палатно, кінула за печ і сказала: «Мышка, мышка, на табе лубяны, дай мне касцяны…» Сатлеюць твае зубкі ў сырой зямлі…
Яна загаласіла, закалацілася, пачала браць жменямі шэра-жоўты пясок, сыпаць сабе на галаву. Браціла глядзеў на яе, здавалася, не пазнаваў маці, а можа, не хацеў пазнаваць. Голас, што палохаў яго ўначы, калі ён разам з тэўтонам лез цераз кукейноскія забаролы, знік. Лёгка было душы без гэтага голасу.
— Кат, — зычна сказаў Вячка, — вяршы суд і справу.
Кат са сваімі памочнікамі звязаў Брацілу рукі і ногі вяроўкай, сплеценай з конскага хваста. Потым Брацілу ўвапхнулі ў вялікі скураны мяшок.
— Тэўтону даруюць жыццё, а майго сына забіваюць?! — ускрыкнула старая зялейніца. Яна, як раз'ятраная ваўчыца, ускочыла на ногі. Здавалася, гора памаладзіла яе, бо дзіка заблішчэлі вочы, смелымі і рашучымі зрабіліся рухі. З галавой, пасыпанай пяском, яна падбегла да Вячкі, стала насупраць яго, гнеўна загаварыла: — Зашывай у мяшок абодвух. І тэўтона зашывай. Хай рака возьме дзве душы, а не адну. Чуеш, князь?
Вячка маўчаў. Са здзіўленнем глядзеў ён на сваю рабыню. Загаварыў камень. Загаварыла сама зямля. Старая вераб'іха замахнулася кволым абскубеным крылейкам на льва. Цуд, дый годзе! Ды ён зараз загадае вытрасці душу з гэтых старых жоўтых мошчаў. Раб павінен маўчаць, схіліўшы выю, калі гаворыць або думае гаспадар.
— Чуеш, князь? — не адступала зялейніца.
Ён бачыў шэры мох броваў, у якіх жаўцеўся пясок.
— Няздзіл, — сказаў Вячка вою, таму, хто першы трапіўся на вочы. — Гэтай жанчыне тут не месца. Завядзі яе ў церам.
Няздзіл быў малады, шыракаплечы і паслухмяны. Ягоныя губы былі бруснічнага колеру. Ён згроб зялейніцу ў ахапак і панёс у церам. Зялейніца залівалася слязьмі.
Брацілу вось-вось павінны былі зашыць у мяшок. Апошнія імгненні ззяла над ім неба. Апошні раз кратаў валасы вецер, які вольна лётаў над Дзвіной, над Кукейносам. У натоўпе ён убачыў латгала Сцегіса. Латгал стаяў з бярэмем дроў у руках, нецярпліва перасмыкаў худымі шчокамі, пэўна, спяшаўся ў час запаліць усе печы ў княжацкім цераме.
— Благаславі, ойча, — сказаў Браціла дзяку, які ў адсутнасць іерэя Сцяпана вёў службу ў кукейноскай царкве.
— Бог благаславіць, — хмура выдыхнуў дзяк, але сухой шчэпаццю акрэсліў над Брацілам святы крыж. Калі доўгі нязграбны мяшок неслі да ракі, падалося людзям у натоўпе, што з мяшка, са смяротнай цемры, чуліся ціхія ўсхліпы.
Тэўтона ж адпусцілі ў Рыгу. Але не конна і нават не пешшу. Змайстравалі невялічкі плыт са слупком пасярэдзіне, пасадзілі на плыт і моцна прывязалі да слупка графа Пірмонта. Ён толькі соп, апусціўшы на грудзі галаву.
— Плыві да епіскапа Альберта, — сказаў Вячка. — Калі бог за вас, тэўтонаў, то неба напоіць цябе вадой, а чайкі не выдзеўбуць вочы. Калі бог за вас, рака не зацягне цябе ў вір і лівы з узбярэжнага хмызняку не ўсадзяць у бок кап'ё. Скажы рыжскай царкве, што тут, у Кукейносе, жывуць хрысціяне, такія самыя, як вы, і не гожа вам праліваць хрысціянскую кроў.
Вячка з дружынаю ўзышлі на забаролы і доўга глядзелі на раку, па якой плыў тэўтон. Плыт пахіствала імклівая дзвінская хваля, ён аддаляўся, змяншаўся, вось ператварыўся ў трэску, у камара, знік…
Пераначаваўшы ў Кукейносе, Вячка на золку са сцягам Халадка, з пятнаццаццю латгальскімі лучнікамі старэйшыны Ніцына конна рушыў у стольны горад Полацк. Але перад самай дарогай з перапісчыкам пергаменаў Клімятам ён узняўся на пясчаную, парослую светлым бярэзнікам выспу, якая крута ўставала над Дзвіной. Тут арцель каменячосаў шчыравала над велізарным каменем-пісанікам.
Шмат камянёў спрадвеку драмала на гэтай зямлі. Іх вырваў з абдымкаў суровых паўночных гор ледавік, прывалок сюды і, страціўшы сілы, кінуў у дрымучых лясах, на зялёных лугах. Большасць з іх сцёрлася на арэх, на гарох, але некаторыя, веліканы з веліканаў, палохалі людзей сваімі незвычайнымі памерамі. На гэтых камянях полацкія князі, пачынаючы з Рагвалода, загадвалі высякаць свае імёны. Смерды і рамеснікі пісалі на бяросце, князі — на камянях.
Камень, перад якім у пачцівым маўчанні спыніліся Вячка і Клімята, быў падобен на агромністага старога тура, што задрамаў у цяньку, пад нямоўчны шум бяроз. Шэра-рыжымі касмылямі звісаў з яго мох. Колькі чалавечых жыццяў вясновымі ручаямі адзвінела каля яго! Колькі яшчэ адзвініць!
Вячка з хваляваннем глядзеў на маўклівую аграмадзіну. На камені быў выбіты вялікі шасціканцовы крыж і пад крыжам словы: «У лета 6714-е, у серпеня дзесяты дзень узведзены гэты крыж. Вожа, памажы рабу свайму Вячку».
З сённяшняга дня, як вянок, кінуты ў раку часу, паплыве ўдалеч ягонае імя. З сённяшняга дня ён ужо не ўладны над сваім імем. Разбурыцца, знікне грэшная плоць, сатруцца сляды на зямлі, а гэты камень будзе ўзвышацца над ракой, над вольнай сіняй дарогай. І некалі, у недасяжна далёкі дзень, паплыве тут пад белым смелым ветразем малады вой або малады купец. Аб чым падумае ён, убачыўшы гэты камень, прачытаўшы надпіс? Хоць на імгненне б адхінуць чорную заслону гадоў, глянуць у той дзень.
Кіраваліся на ўсход правым берагам Дзвіны. Тут, паміж лясоў і балот, пралягала старадаўняя дарога, па якой полацкія князі са сваімі дружынамі хадзілі браць даніну з латгалаў і ліваў. Вячка вёў вояў з вялікай асцярогаю, бо кожны момант можна было чакаць нападу літоўцаў і іх саюзнікаў-селаў, якія ў гэтых мясцінах Перапраўляліся цераз Дзвіну, каб рабіць набегі на землі эстаў. Праз тры дні на супрацьлеглым беразе ракі ўбачылі высокі земляны вал Селпілса, галоўнага гарадзішча селаў. Там віднеліся слупы чорнага дыму, пэўна, селы палілі сігнальныя агні. Некалькі чоўнаў з узброенымі селамі пагналіся па рацэ за дружынай Вячкі, але неўзабаве адсталі.
За Селпілсам пачаліся ўладанні герцыкскага князя Усевалада. На герцыкскай зямлі было пяцьдзесят замкаў, мноства ўмацаваных узвышшаў, за сценамі і валамі якіх людзі хаваліся ў часы небяспекі. Найбольш магутнай, багатай і прыгожай між іх была сама Герцыке, шумны людны горад з дзвюма праваслаўнымі цэрквамі, з грозным княжацкім церамам, з шыкоўнымі сядзібамі баяр і купцоў. Герцыке нельга было абмінуць, дый Вячка даўно хацеў сустрэцца з мясцовым князем Усеваладам.
Начавалі пад адкрытым небам. Халадок і старэйшына латгалаў Ніцын выстаўлялі дазорцаў, загадвалі раскласці вогнішчы, рыхтаваць вячэру. Засыналі лясы. Згарнуўшыся ў клубок, засынала ў цемені лясоў звяр'ё. Неба глядзела безліччу залатых вачэй.
Нялёгкія думы гнялі Вячку, калі, падклаўшы пад галаву сядло, ён стараўся заснуць на ласінай шкуры, якую заўсёды браў з сабой у дарогу. Не ўзрадуецца ягонаму прыезду вялікі князь полацкі Уладзімір Валадаравіч. Скажа: «Навошта пакінуў свой удзел? Што ты ўсё бегаеш, князь? Сядзі спакойна ў Кукейносе, з тэўтонамі не задзірайся, купцоў іхніх пускай па Дзвіне. Полацк пакуль што не можа ваяваць з Рыгай. Каб толькі адна Рыга стаяла супраць Полацка. Сам Рым стаіць з папам Інакенціем, лацінскі свет стаіць са сваім рыцарствам, Свяшчэнная Рымская імперыя стаіць. Задушаць, і вокам не міргнем… Сядзі спакойна ў Кукейносе». Як быццам ён, князь Вячка, палахлівы сляпы крот. Як быццам не цячэ ў ім кроў вялікага неўтаймоўніка Усяслава, лютага на сечу, меч якога ведала ўся Русь ад Ноўгарада да Тмутаракані. Але што можа зрабіць ён адзін, удзельны князь, малодшы князь, слуга вялікага князя?
Толькі пад раніцу засынаў Вячка. З панылых тарфяных балотаў, з цёмных залітых расой лясоў павольна ўсплывала сонца, як чырвоны, абпалены полымем бясконцых бітваў шчыт грознага бога Сварога. Чырвоны водсвет перакочваўся па рачной і балотнай вадзе, па дрэвах, па траве. Табункі сернаў беглі на вадапой, а потым купаліся ў блакітных лясных азёрах, распырскваючы ва ўсе бакі бліскучыя начныя зоркі, якія, пэўна ж, клаліся спаць на дно азёр. Магутныя туры нетаропка калываліся ў маўклівасці ранішніх лясоў, цёрліся пукатымі лбамі аб камлі дрэў. Першыя птушкі ўзнімаліся на крыло.