155503.fb2 Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

— Пергаменамі, Клімята, не спыніш тэўтонаў. Трэба меч, востры, гартаваны меч, які не баіцца варожай крыві.

— Праўду кажаш, князь, — згадзіўся Клімята, трасянуўшы кужэльнымі валасамі,— але аднаго мяча мала. Я таксама быў нядрэнным ваяром, я біўся, ты ж памятаеш, — з аўкштайтамі і селамі, пакуль жалеза не адгрызла мне руку. І ўсё-ткі мудрае слова мацнейшае за меч. Меч кароткі. Слова доўжыцца ў людскіх пакаленнях.

— Хай будзе па-твойму. Вы, кнігачоты, бліжэй да неба і да божага прастола. Вы лепш бачыце дарогу жыцця і мудрасці. Скажы мне, Клімята, пра што ты зараз пішаш?

Вячка ўстаў з услончыка, узяў у рукі цяжкі скрутак пергамена, трымаў яго, як бы ўзважваючы. Вочы Ў Клімяты натхнёна заблішчэлі. Ён таксама дакрануўся рукою да пергамена, нібы сагрэўся гэтым дотыкам.

— Пра што пішу? Я ўжо скончыў жыцці Рагвалода, Рагнеды і сына яе Ізяслава. Пра Усяслава пішу, якога народ Чарадзеем назваў. Пра тое, як сядзеў ён У стольным Кіеве ў порубе і як вызвалілі яго з цямніцы і вялікім князем Кіеўскім абвясцілі.

— Пра мой род пішаш, — ціха сказаў Вячка.

— Не толькі пра твой род. Пра ўсю зямлю славянскую. І пра нашу Полацкую зямлю, бо яна дачка зямлі славянскай. Хачу, каб не толькі ў стольных Кіеве і Полацку свой летапіс быў, а каб і Кукейнос меў яго.

— Чым я табе магу памагчы, Клімята? — запытаўся Вячка, збіраючыся выйсці з каморкі.

— А мне нічога не трэба, — Клімята ўжо размешваў тонкай касцяной пласцінкай-мастыхінам кінавар. — Дзякуй, князь, за хлеб, за ваду і мёд, якія прыносяць твае чалядзіны. Толькі аб адным хачу папрасіць цябе…

— Аб чым? — спыніўся на парозе Вячка.

— Твае ратайныя людзі, што робяць на зямлі, часам выкопваюць з яе свяшчэнныя камяні, ідалаў, дзедаўскую зброю, касцякі невядомых жывёл. Не трэба гэта знішчаць. Захоўваць, берагчы ўсё гэта трэба, каб ведаць, што было на нашай зямлі да нас. Вочы жывых людзей не павінны быць у павуцінні. Нам трэба бачыць і глыбока, і далёка, шанаваць родную зямлю. Помні, князь: дарагі той куток, дзе рэзалі пупок. Хто скажа за нас перад богам, калі не мы самі? Так што хай не знішчаюць знойдзенае ў зямлі.

— Добра, — паабяцаў Вячка. — Аб гэтым будзе сказана ратайным старастам, цівунам і радовічам. Будзь здароў, Клімята.

— Многая лета табе, князь, — пакланіўся Вячку перапісчык пергаменаў.

Вячка, шчыльней захінуўшыся ў карзно, спусціўся на першы ярус церама, выйшаў на двор. Нікога з дружыннікаў ён не ўзяў з сабою, не надзеў на галаву баявы шлем, бо любіў, калі расчэсвае валасы халодны суровы вецер. Ужо не першы раз да горкай сліны ў роце захацелася яму пабыць аднаму, сам-насам з нялёгкімі думкамі. Ён адчуваў, як страшэнна стаміўся за апошняе лета і вясну. Стома каменем ляжала на сэрцы, але нельга было паказваць яе ні дружыне, ні баярам, ні пасадскаму люду. Паміж гвалту і шуму жыцця, паміж грукату мячоў, паміж галасу паходных труб пакрысе выспявала, налівалася болем і сумам звонкая і непрыкметная, як мужчынскія слёзы, цішыня. І ён быў пасярод гэтай трывожнай цішыні, як пясчаны бязлюдны востраў пасярод хваль Дзвіны. Ён быў адзін. Адзін як палец, адзін як вока ў лобе. Толькі старшы вой Халадок, толькі Клімята, толькі дачка Соф'я заставаліся ў яго. Ды заставалася надзея яшчэ на адну спагадлівую душу, на князёўну Дабранегу, залатакосую шэравокую прыгажуню, якая жыла ў сядзібе Свіслач, у густых дрымотных лясах, што на самым сутоку Свіслачы і Бярэзіны.

Дачка Соф'я, ледзь што не па ёй, ледзь чым не ўгодзіш, плача і кажа яму, бацьку: «Не буду з табой дружыць». Быццам яе дружба, быццам увага пяцігадовага неразумнага чалавечка самая высокая ўзнагарода бацьку на гэтай зямлі! А можа, так яно і ёсць, можа, так і ёсць?

Вячка стаяў адзін у цемры, наструнена прыслухоўваўся да ўсхліпаў дажджу. Гэта быў ужо восеньскі дождж, мёртвы дождж. Ён не мог даць сілы ні зярняці, ні траве. Ужо нішто не расло пад гэтым дажджом, толькі камяні. Аб тым, што камяні растуць, расказваў Вячку ягоны бацька князь Барыс Давыдавіч. І Вячка верыў, што камяні растуць, — і маладзенькія каменьчыкі велічынёй з арэх, і шматпудовыя валуны, якім не адна тысяча гадоў. «Зрабіцца б каменем, — падумаў раптам ён, — каб усё было каменнае, для ворагаў недаступнае. Толькі сэрца жывое. Я б скінуў тэўтонаў у мора і вярнуў Полацку Дзвіну, наш Рубон».

Чорная аграмадзіна царквы ўразалася ў неба побач з княжацкім церамам. І Вячка, як бы нешта ўспомніўшы, пакрочыў да царквы. Ён разбудзіў дзяка, які спаў у царкоўным прытворы.

— Дзе айцец Сцяпан? — спытаўся Вячка ў дзяка, сухенькага, сагнутага, як сярпок, старога.

— Святы айцец два дні назад конна паехаў у Полацк да ўладыкі Дзяніса, — спалохана сказаў дзяк. Ён з маленства баяўся ўзброеных людзей.

— Адчыні царкву і запалі тры свечкі,— загадаў Вячка.

Дзяк яшчэ болей сагнуўся, хацеў нешта сказаць, але толькі перасмыкнуў сухімі губамі і пакорліва загрымеў вязкай ключоў.

Цішыня і цемра абрынуліся на маладога князя ў начной царкве. Ён запаліў свечкі, стаў на калені. Па старадаўняму звычаю ён хацеў папрасіць парады ў продкаў.

Замірала сэрца. У скронях звінела кроў.

Парыў ветру ўварваўся ў адчыненыя дзверы. Патухла свечка.

— Ты прыйшоў, Усяслаў? Я чую цябе, — дрогкім голасам сказаў Вячка.

Патухла другая свечка.

— Ты бачыш мяне? Дапамажы. Асвяці мой розум і мой шлях.

Патухла трэцяя свечка.

— Дзякуй табе. Ты ўхваліў маё рашэнне. Я ведаў, што так будзе і што ты зразумееш мяне. Нашу размову не падслухаюць чужыя вушы, бо мы размаўлялі сэрцамі. Дзякуй табе, прыснапамятны князь.

Лёгкім крокам выйшаў Вячка з царквы. Крумкач трывогі зляцеў з душы, вальней стала дыхаць, будучыня зрабілася святлейшаю і весялейшаю. Праз начны дажджысты морак ён пакрочыў на гарадскі вал, да сваіх вояў. Зараз ён павінен быў быць з імі, толькі з імі.

— Рубон! — строга крыкнулі з цемры.

— Рубон! — адказаў князь. — Хто на варце?

— Старшы дружыннік Мсцібог з усім сваім сцягам9. І сцяг Халадка.

Вячку спусцілі лесвіцу, і ён спрытна ўзабраўся на забаролы. На самым версе землянога вала каля дубовага частаколу была выкладзена з камення вузкая сцежка — па ёй хадзілі воі-дазорцы.

— Што чутно? — спытаўся Вячка ў Мсцібога, які паверх кальчугі апрануў лісіны кажух.

— Усё спакойна, князь. Вецер і дождж ідуць з Дзвіны. Ноч золкая, і я дазволіў людзям надзець кажухі. Табе таксама загадаю прынесці.

— Не трэба, — спыніў яго Вячка. — Кажаш, усё спакойна? Ты, Мсцібог, спіш са сваімі воямі. Толькі што ў цераме злавілі двух псагалоўцаў з Рыгі.

Мсцібог, здаецца, анямеў. І не ад страху — ад здзіўлення. Ён лічыў сябе мудрым і вастравокім, як начная сава. Ён хваліўся, што за некалькі попрышчаў можа пачуць свіст стралы.

— Князь, напэўна, яны былі з крыллямі і пераляцелі ў горад па паветры, — нарэшце вымавіў ён разгубленым голасам. — Добра, што хоць іх усяго двое.

— І адзін камень шмат гаршкоў разбівае, — незадаволена сказаў Вячка. Прытрымліваючыся рукою за мокрыя слізкія штыкеціны забаролаў, ён пайшоў па каменнай сцежцы, пакінуўшы Мсцібога ў сораме і трывозе. І ўвесь час глядзеў у густы змрок, на захад. Туды, на захад, цякла Дзвіна. Туды несліся неспакойныя думкі маладога князя.

Калі б ён зараз сеў на шкут або на лайбу, у якіх купцы плаваюць па Дзвіне, то ўжо на світанку з правай рукі ад сябе ўбачыў бы замак Ашэрадзен. А трохі ніжэй — Леневардзен. А потым — Ікесколь і Гольм і нарэшце Рыгу. І ўсюды сядзяць тэўтоны. Усе гэтыя замкі — гнёзды ненаедных каршуноў. Адсюль божыя пілігрымы, несучы крыж і меч, ходзяць у паходы на эстаў Сакалы, на латгалаў Таловы. Сюды яны вяртаюцца, гонячы палонных жанчын і дзяцей, коней, кароў і авечак, везучы нарабаванае дабро. У самым вусці яны наступілі на горла Дзвіне, слаўнаму полацкаму Рубону, і Вячку часам здаецца, што любімая рака задыхаецца, б'ецца ў сутаргах, чарнее і вось-вось знікне пад зямлёю, растворыцца ў пясках і балотах, абы толькі не бачыць глум і здзек, якія пасяліліся на яе берагах.

Спрадвеку была Дзвіна полацкім вадзяным ходам у Варажскае мора, на Гоцкі бераг і да паўночных людзей — урманаў. Латгалы, селы і лівы караніліся ўздоўж яе. Яны яшчэ былі язычнікамі і плацілі полацкім князям даніну. Іхнія старэйшыны і купцы ўсё часцей прымалі праваслаўную веру, не забываючы, праўда, і сваіх мясцовых багоў і бажкоў. Які ж злы вецер прыгнаў сюды караблі тэўтонаў?

Тэўтоны прыплылі з крыжамі, схаваўшы на першым часе мячы пад сутаны. І на гэтых берагах, у гэтых палях і лясах рымскі крыж сутыкнуўся з крыжам славянскім.

Вячка павольна ішоў уздоўж забаролаў. Воі пазнавалі князя, віталі яго. Большасць з іх Вячка ведаў у твар, помніў іхнія імёны, і дружыннікам было прыемна чуць свае імёны з вуснаў самога князя. Ён любіў сваю дружыну, ганарыўся ёю, бо дружына давала яму і славу, і сілу, і ўладу ў Кукейноскім княстве. Без дружыны яго б не было — ён цвёрда ведаў гэта. Пакуль у яго ёсць дружына, з ім будуць лічыцца і рыжскі епіскап Альберт, і князь Герцыке Усевалад, і вялікі полацкі князь Уладзімір. Але сённяшняй ноччу смутак браў у абладу Вячкава сэрца, і ён суха і стрымана вітаўся з дружыннікамі.

Смяротны час надышоў для Кукейноса. Лівень, агонь і серу гатовы праліць нябёсы. Няўжо згарыць церам, у якім памерла княгіня Звеніслава, у якім жыве маленькая Соф'я? Няўжо серп вайны без літасці сажне жыта на кукейноскіх нівах і людзей, якія пасеялі гэта жыта? З трывогаю, з вялікім хваляваннем глядзеў Вячка на захад, і дождж з ветрам білі яму ў твар, зрывалі з плячэй барвовае карзно.

З горыччу думалася маладому князю, што дужа глыбокія карэнні паспелі пусціць тэўтоны не толькі ў Рызе, але і ў некалькіх попрышчах ад Кукейноса. Спачатку прыплылі ў вусце Дзвіны брэменскія купцы. Потым свяшчэннік ордэна блажэннага Аўгусціна Мейнард са жменькай клірыкаў пачаў будаваць царкву для ліваў у Ікесколе. Потым пачаў будаваць каменны замак. Ды прыйшлі лівы і сямігалы з даўжэзнымі карабельнымі канатамі і спрабавалі сцягнуць гэты замак у Дзвіну, каб ён сплыў у мора. Лівы верылі і вераць у святую сілу дзвінскай вады. Яны прынялі хрышчэнне ад Мейнарда, але адразу ж змылі гэта хрышчэнне рачной вадой. Мейнард памёр, стварыўшы епіскапскую кафедру ў Ікесколе і ўзвёўшы яшчэ адзін замак — Гольм.

Тэўтонам шанцуе. Лівы з Тарэйды хацелі манаха цыстэрцыянскага ордэна Тэадорыха прынесці ў ахвяру сваім багам. Але свяшчэнны конь, на якога пасадзілі манаха, пераступіў уваткнутыя ў зямлю коп'і нагой жыцця, правай нагой. І Тэадорыху, хітрай заморскай лісе, захавалі жыццё, хоць ліўскі вяшчун-вядзьмар старанна працёр конскую спіну мокрым пяском — змыў, скінуў з яе хрысціянскага бога. Чаму так шанцуе тэўтонам?

Праўда, другога епіскапа — Бертольда, якога пасвяціў у гэты сан архіепіскап брэменскі Гартвін, ліў Імаўт у час адчайнай сечы навылет прабіў кап'ём. Але прыплыў з-за мора на 23 караблях Альберт, новы епіскап, набраўшы людзей на Гоцкім беразе, у Даніі, у Саксоніі, атрымаўшы благаславенне папы Інакенція IIІ і падтрымку караля Піліпа Швабскага. Лівы скарыліся, прынялі ў свае замкі тэўтонскіх свяшчэннікаў і прызначылі штогод на ўтрыманне кожнага паўталанта жыта з плуга. Чаму так шанцуе тэўтонам?

Полацкі князь Уладзімір Валадаравіч, бачачы, што ў ліваў з'явіўся новы гаспадар, сабраў раць і ў лета 6714-е10 спусціўся на стругах, шкутах і плытах уніз па Дзвіне, выклікаў епіскапа Альберта на перамовы на раку Богу, што цячэ непадалёку ад Ікесколы. Ды Альберт і не падумаў выйсці з Рыгі, вырашыў адседзецца за яе сценамі. Тады Уладзімір узяў у аблогу замак Гольм. Вячка быў там са сваёй дружынай, дапамагаў Уладзіміру, і з болем і сумам успамінаюцца яму тыя дні.

Тэўтонскія арбалетчыкі са сцен Гольма прабівалі шчыты і кальчугі палачан цяжкімі жалезнымі балтамі. Воі Уладзіміра і Вячкі стралялі з лукаў. І хоць праўду кажуць, што стрэлы ў палачан лётаюць хутка, але нічога не маглі зрабіць лучнікі, хоць і паранілі многа тэўтонаў.