155503.fb2
Латгальскія лучнікі старэйшыны Ніцына былі ў круглых рысіных шапках, аблямаваных меднымі бляшкамі. Сіне-чорныя плашчы былі зашпілены ў кожнага з іх на плечуку спражкай-сактай.
Па правую руку ззяла ранішняя Дзвіна. Чаіцы бязладна мітусіліся ў сонечных промнях. Лось, ганарыста ўзняўшы крылатую карону рагоў, спакойна плыў упоперак ракі, разразаючы шырокімі грудзьмі вірлівую плынь.
Выйшаў з вады, страсянуўся, трошкі пастаяў і рушыў у глыб латгальскіх лясоў.
Пад самы поўдзень, калі ўжо змарыліся коні, калі ў верхавых ад спякоты і доўгай траскай дарогі пачало звінець у скронях, пачуўся востры п'янлівы пах гарачага дыму. Ён гусцеў, забіваў ноздры коням. Воі пачалі церці кулакамі вочы, кашляць.
— Князь, што гэта?! — крыкнуў Халадок. Наперадзе, як размахнуцца позірку, з куп'істага чэзлага балота, проста з нутра зямлі, выбіваўся, вырываўся шырокімі жоўта-сінімі клубкамі дым.
— Падземныя чэрці вараць сабе есці,— ціхім спалоханым голасам, але так, што пачуў Вячка, прашаптаў малодшы дружыннік Грыкша.
Дружыннікі спыніліся. Усе пазіралі на Вячку, чакаючы ягоных слоў.
— Гэта гарыць зямля, — хвіліну-другую памаўчаўшы, сказаў Вячка. — Але хто запаліў яе?
— Запалілі селы, — пераканана загаварыў старэйшына латгалаў Ніцын. — Яны не хочуць пусціць нас у Полацк. Ім трэба, каб мы вярталіся назад. Толькі селы запалілі гэтыя балоты, гэтыя праклятыя балоты…
Вячка глянуў на Ніцына, запытаўся:
— Але што маюць супроць Кукейноса селы?
— Яны саюзнікі літоўцаў.
— Ну й што?
— А Літва, як табе вядома, князь, узнімае апошнім часам галаву, хоча валодаць усёй Даўгавай. Літоўскія кунігасы гадуюць у лясах свае баявыя дубіны.
Гэта Вячка ведаў. І пра дубіны літоўскія ведаў. Жадаючы зрабіць сабе зброю, ідзе літовец у лес, выбірае малады дубок. Асцярожна, каб не параніць, ачышчае дрэўца ад сукоў з верху да самага нізу. Потым рассякае ў дрэве кару і абалону. У шчыліну ўтыкае вострыя рубчастыя крамяні, якія пакрысе ўрастаюць у дрэва, ды так урастаюць, што здаецца — дуб вырас з імі з самага жолуда. Праз нейкі час гатова баявая дубіна, якую літоўцы называюць мачуга. Не адзін тэўтонскі чэрап хруснуў, як гнілы арэх, пад літоўскай мачугай.
— Літва ўзнімае галаву, гэта праўда, — пасля некаторага маўчання сказаў Вячка. — Але нам трэба, каб яе дубіны білі не па нас, а па мечаносцах. Мы хутка будзем у Герцыке, Ніцын. А там сталец трымае князь Усевалад, васал Полацка. У жонкі ён узяў дачку літоўскага кунігаса Даўгерута. Усевалад верны сябра літоўцаў, і яны не нападаюць на ягонае княства. А чаму? Толькі таму, што ён зяць Даўгерута? Не, Ніцын.
Вячка пагладзіў па чорнай доўгай грыве свайго каня Печанега, які нервова перабіраў нагамі, прынюхваючыся да цяжкога смуродлівага паху гарэлай балотнай зямлі.
— Чуў я ад свайго бацькі, князя Барыса Давыдавіча, пра візантыйскі палон полацкіх князёў. Калі памёр вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах, той, што ад рамейкі быў народжаны, Полацк узбунтаваўся супраць ягоных сыноў, не прыняў іх. Тады Мсціслаў, сын Манамаха, з вялікаю сілаю і з вялікім гневам рушыў на Полацк. Ішлі з ім кіяне і куране, торкі і Расціслаў Мсціславіч са Смаленска, наўгародцы, Усеваладка з Гародні, Вячаслаў з Клецка. З усіх бакоў ішлі. Спалілі Лагожаск і ўзялі ў палон князя Брачыслава Лагожаскага. Потым зруйнавалі Ізяслаў, абклалі Полацк. Кончылася тым, што на полацкі сталец пасадзілі Рагвалода Друцкага, кіеўскага падбрэхіча, а полацкіх князёў з жонкамі, з чадамі малымі выслалі ў Візантыю, у Царгорад. Але не ўвесь, як казаў мне бацька, полацкі княжацкі дом быў згвалтаваны. Некалькі малодшых удзельных князёў з дружынамі падаліся ў Літву, у лясы ды балоты, там аселі, моцы набраліся, з Літвой парадніліся. І зараз у лясах літоўскіх ёсць такія кунігасы, якія полацкай касці-крыві. Моцны полацкі корань — агнём не спаліш, мячом не ссячэш, не вырвеш.
Вячка змоўк, бо ўбачыў, як проста на яго імчыць ахоплены полымем магутны дзікі вепр. Пэўна, звер аслеп ад агню і дыму. На ім тлела шчаціна, і ён вішчаў ад болю, і боль ягоны пераўтвараўся ў ярасны, нястрымны гнеў.
— Сцеражыся, князь! — разам крыкнулі воі. Некалькі коп'яў паляцела насустрач вепру.
Вячка рэзка крутануў Печанега, і вогненны вепр, пранізваючы страшнымі ікламі паветра, прамчаўся побач са стрэмем. Халадок з усяго пляча ўдарыў звера кап'ём у вуха, зваліў на траву.
Воі саскочылі з сёдлаў, пачалі свежаваць нечаканую здабычу. А Вячка адчуў, як на пераноссі праклюнуліся кроплі халоднага поту. Квік смяротна параненага вепра яшчэ звонка стаяў увушшу.
— Лепа13 ты зрабіў, вой, — сказаў Вячка, пад'ехаўшы да Халадка, які ў пяску адшароўваў ад крыві шырокі наканечнік кап'я. Халадок глянуў на Вячку яркімі сінімі вачамі, радасна ўсміхнуўся.
Трохі перадыхнулі, парэзалі, пасалілі мяса, напакавалі вяпрацінай сядзельныя торбы і рушылі далей. Дым засцілаў наваколле. З едкай дымнай імглы чуўся дробны часты стук капытоў — лясное звяр'ё ратавалася ад смерці. Дзесьці ў лесе рыпела надламанае дрэва, быццам клікала на дапамогу. Непадалёку плёхнуўся ў Дзвіну, нязграбна паплыў велізарны тур. Сажа лётала чорнымі пялёсткамі, садзілася на конскія галовы.
Раптам Халадок, які ехаў леваруч ад Вячкі, з шумам і трэскам праваліўся разам з канём у вогненную яму. Полымя выела сухі торф на некалькі локцяў углыб, а зверху застаўся толькі тонкі слой злямчанай жоўтай травы. У гэтую пастку і шаснуў абедзвюма пярэднімі нагамі конь Халадка і адразу ж зламаў сабе шыю.
Воі ў разгубленасці спыніліся, пачалі паварочваць коней назад. Дый самі коні, хоць ты іх забі, ні пядзі б не ступілі ўперад, бо там, у дыме, у агні, страшна ржаў, а потым захроп, паміраючы, іхні чацвераногі таварыш.
— Халадка ўзяў Жыжаль, уладар падземнага агню! Ратуймася! — спалохана закрычаў тонкі юначы голас. Гэта зноў быў Грыкша.
Воі, няшчадна б'ючы коней шпорамі, густым бязладным натоўпам хлынулі назад. Каля ямы, у якую праваліўся Халадок, засталіся Вячка, Ніцын і чамусьці Грыкша. Пэўна, малодшы дружыннік, або дзецкі, як іх называлі, так спалохаўся, што страціў уладу над сваімі рукамі і нагамі.
Вячка напачатку як бы здранцвеў ад нечаканасці. Але адразу ж саскочыў з Печанега, сціскаючы ў руцэ кап'ё, прыжмурваючы вочы ад іскраў і дыму, не пабег і не пайшоў, а папоўз да ямы. Так ён не раз рабіў ранняй зімой, калі лёд на Дзвіне быў тонкі і лёгкі, як дыханне, і калі разам з дружынай трэба было нечакана для селаў і літоўцаў набегчы на іхні бераг.
Ён дапоўз да ямы, канец кап'я працягнуў Халадку. Вой схапіўся за кап'ё, па пояс выстрыкнуўся з дымнай іскрыстай пасткі, і ў гэты момант кінулі аркан, смаляной пяньковай вяроўкай абвілі грудзі, выцягнулі яго ў бяспечнае месца.
Ён ляжаў заплюшчыўшы вочы і, здавалася, не дыхаў. На твар яму лілі дзвінскую ваду, якую воі прыносілі ў шаломах.
Калі Вячка нахіліўся над ім, Халадок з цяжкасцю ўзняў кароткія абгарэлыя веі, прашаптаў:
— Я цябе, князь, кап'ём выратаваў, і ты мяне… Мы — браты па кап'ю. Дзякуй табе…
І знясілена прыжмурыў павекі, патушыўшы сіні агонь вачэй. Вяснушкі на ягоным роўным прыгожым носе былі, як жоўтыя зорачкі мёду на белым малацэ.
Вячка адчуў, як радасць і незразумелая пяшчота мякка агортваюць сэрца. Ён заўсёды любіў адважных, прыгожых людзей, бо сам быў з іхняга семені, і ён сказаў, лёгка паляпваючы, нібы гладзячы воя па плячы:
— Мы — браты па кап'ю.
Змайстравалі паходныя насілкі — між двух коней нацягнулі перавітыя яловымі лапкамі рамяні — і, спусціўшыся да самай Дзвіны, накіраваліся ў бок Герцыке. Рака пакорна лізала абдымленыя конскія капыты.
На трэці дзень дарогі мінулі Асоцкае гарадзішча, дзе сядзелі воі герцыкскага князя Усевалада, або Вісвальда, як называў яго Ніцын са сваімі латгаламі, і нарэшце ўбачылі Герцыке. Яна, хацеў бы гэта прызнаць Вячка або не хацеў, была і прыгажэйшая і буйнейшая за Кукейнос. Горад велічна ўзвышаўся на стромым беразе, ззяў чырвоным золатам царкоўных купалоў, шумеў багатым людным торжышчам. Пасад быў апаясаны высокім земляным валам з дубовымі забароламі. На пасадзе шчыльна цясніліся сядзібы рамеснікаў і гандлёвых людзей, весела дыміліся іхнія лазні. Царква пракляла лазні, назвала паганскай забаваю, бо ў іх не толькі абмываюць грахоўную плоць сваю. У святыя дні простыя людзі прыносяць у лазні, хаваючыся ад папоў, яйкі і масла і пакідаюць сваім нябожчыкам. З'ядуць мышы падарункі, не пакінуць ні крошкі, а ўсе думаюць, што ў лазні продкі смачна вячэралі, нашчадкаў сваіх хвалілі. Як бы там ні было, а лазні ў Герцыке дыміліся весела, і ўсім было відно, што жыве тут вясёлы здаровы народ, бо толькі вясёлых любіць пякучая лазня.
Для дружыны князя Вячкі апусцілі пад'ёмны мост, затрубілі ў баявыя трубы на забаролах. На высокай надваротнай вежы, якая ахоўвала ўваход у горад, узвіўся сцяг Усевалада і Герцыке — чырвоны, з белым крыжам. Гэта не вельмі каб спадабалася Вячку. Ён падумаў: «Свой сцяг завёў князь Усевалад, хоць, як і я, падданы Полацка. А я сваіх вояў вяду ў сечу пад старадаўнім полацкім сцягам — белым, з харобрым коннікам, які ўздымае дзясніцу з мячом».
Князь Усевалад з княгіняй-аўкштайткай14, маладой, прыгожай, светларусай, сустрэлі Вячку на высокім ганку свайго церама. Вакол князя тоўпіліся баяры, у багатых сукнях, у сабаліных шапках, хоць добра прыпякала сонца.
Вячка, пакінуўшы каня воям, ішоў да ганка, і халопы князя Усевалада раскочвалі, рассцілалі перад ім цудоўны рамейскі кілім, на якім золатам былі вытканы львы і арлы. «Багата жыве Усевалад», — думаў Вячка, цвёрда стаўляючы ногі ў запыленых паходных поршнях на заморскія дзівосы. Яму ўспамінаўся драўляны церам у Кукейносе, хворая дачка Соф'я, дзікія вочы пераможанага тэўтона і нянавісць у гэтых вачах.
«Адсюль далёка да Рыгі,— думаў Вячка, — але не настолькі далёка, каб на пазалочаны дах Уладзіміравага церама не ўпалі іскры з тэўтонскіх кастроў».
Князь Усевалад спусціўся з ганка насустрач Вячку, абняў, пацалаваў у шчаку, сказаў хрыплаватым голасам:
— Вітаю цябе, брат мой. Хлеб і мёд Герцыке будуць тваімі.
У князя былі шэрыя стомленыя вочы, пакамечаны бяссонніцай твар. Затое ярка ззяла на князю наборная сталь, падарунак епіскапа Альберта. Яна складалася з некалькіх дзесяткаў прамавугольных і квадратных пласцін, злучаных між сабою раменьчыкамі. Грудзі закрывала стальная круглая бляха, якую тэўтоны называюць умбонам. У тэўтонаў у Рызе ўжо ёсць цэлы атрад вояў, апранутых у наборную браню. Імя ім — жалезаносцы.
— Мір табе, князь, — сказаў Вячка Усеваладу, потым павярнуўся да прыгажуні княгіні, схіліў перад ёю калена:
— Мір табе, княгіня Юрга. Пакланіўся баярам:
— Мір вам, мужы княжыя, людзі вятшыя15. Рукою ў баявой пальчатцы шырока павёў наўкруг сябе:
— Мір табе, слаўны град Герцыке.