155503.fb2
Даўно мне хацелася напісаць пра беларускую мінуўшчыну. Сверб стаяў у душы, незагойная стрэмка ныла ў сэрцы. Ды на кожнае хаценне патрэбна ўменне і патрэбна цярпенне. Яшчэ ў маленстве (яно такое далёкае), чытаючы кніжкі пра славутых віцязяў, пра аблогі гарадоў, пра жахлівыя вастрадзюбыя бярвенні-тараны, якія, нібы шкарлупінне, праломвалі акутыя жалезам брамы, марыў я нейкім чынам сустрэцца з продкамі — з крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі. Але як?
Сто гадоў таму назад у багатых дамах Еўропы і Паўночнай Амерыкі на спірытычных сеансах выклікалі душы продкаў. Я не ўмею гэта рабіць і не веру ў такое дрымучае шарлатанства. Я пішу кнігу, каб сустрэцца з продкамі. Каб напісаць гэту кнігу, мне трэба ведаць гісторыю.
Гісторыя… Якое прывабнае і якое няўлоўнае паняцце! Каменная сякера ў руках дзікуна — гісторыя. Юрый Гагарын у космасе — гісторыя. Сказ, напісаны мною за імгненне да сказа, які я зараз пішу, — гісторыя. Бясконцы ланцуг… Ні пачатку, ні канца не відно…
«Гісторыя — гэта вялізны, разнастайны вопыт чалавецтва, сустрэча людзей у стагоддзях». Так напісаў гісторык Марк Блок, герой французскага Супраціўлення, расстраляны фашыстамі.
У кожнага народа павінна быць нацыянальная энергія і гістарычная памяць. У кожнага.
Калі Навухаданосар заваёўваў чужы горад, ён адразу ж разбураў гарадскія сцены, найбольш уплывовых палонных кідаў у падзямелле. Яны сядзелі ў цемры, сядзелі, здаралася, дзесяткі гадоў, да скону жыцця, і ўласнымі рукамі пераціралі на пясок, на пыл косці сваіх продкаў. Так сціралася памяць.
Старадаўнія грэкі мацеркай усіх муз называлі Мнемазіну — музу памяці. У іх, мудрых і вясёлых элінаў, ужо тады, тысячагоддзі назад, была свая гісторыя і прадгісторыя, і Парфенон быў пабудаваны на месцы нейкага пракаветнага, дужа старога храма.
Сяджу, пішу кнігу… Канчаецца зімовы дзень, і я ўключаю святло. Маленькае сонца электралямпачкі ззяе над галавой. Утульна, самотна… Аказваецца, электралямпачка, яе ніць, у адну секунду 50 разоў(!) патухае і ўспыхвае, патухае і ўспыхвае. Чалавечае вока па сваёй фізічнай прыродзе не здольна ўлавіць, зафіксаваць гэтыя рытмічныя чаргаванні святла і цемры, і нам здаецца, што электралямпачка гарыць роўным спакойным святлом. Нешта падобнае можна заўважыць і ў гісторыі. Імгненні, чалавечыя жыцці зліваюцца ў вечнасць, у адну суцэльную плынь.
З дваццатага стагоддзя пераношуся ў трынаццатае, у самы яго пачатак, пераношуся ў Полацкае княства. Яно тады займала амаль усю Беларусь, было дзяржавай еўрапейскіх памераў і значэння.
У склад Кіеўскай Русі Полацкая зямля ўвайшла ў канцы 9-га стагоддзя. Пасля смерці Уладзіміра Манамаха Кіеўская Русь распалася. Яшчэ раней, у 11-м стагоддзі, выдзелілася з яе Полацкае княства. І гэта, як можна меркаваць, не выпадковасць.
Усе гісторыкі, усе даследчыкі адзначаюць «сепаратызм» полацкіх князёў, або крывіцкіх ці крыўскіх, як іх яшчэ называлі. Тут ёсць над чым задумацца і гісторыку, і раманісту, і кожнаму, хто цікавіцца славянскай даўніной.
Лаўрэнцьеўскі летапіс паведамляе: «Мечь взимають Роговоложи внуци противу Ярославлим внуком». «Ярославли внуци» — князі кіеўскія, з гнязда Яраслава Мудрага. «Роговоложи внуци» — полацкія князі. Чаму ж ідзе такая барацьба паміж імі, чаму гараць гарады і весі, вынішчаюцца нівы, ільецца братняя кроў?
Гісторык Васіль Ключэўскі, тлумачачы механізм перадачы ўлады ў Кіеўскай Русі, калі ўлада ад князёў-бацькоў пераходзіла да князёў-сыноў, піша пра князёў-ізгояў. Ізгоем князь мог стаць з-за пазачаснага сіроцтва, калі ягоны бацька паміраў раней ягонага дзеда. Такі князь страчваў чаргу да ўлады, выцясняўся з гэтай чаргі. Ключэўскі, даючы спіс такіх князёў, піша: «Яшчэ раней за ўсіх гэтых ізгояў у становішчы выдзеленых князёў апынуліся не з-за пазачаснага сіроцтва, а ў выніку асаблівых абставін князі полацкія, нашчадкі старэйшага сына Уладзіміра Святога ад Рагнеды». Што ж гэта за асаблівыя абставіны? Хто адкажа?
Да Рагнеды павінны мы звярнуцца, да гордай дачкі полацкага князя Рагвалода, якая не прыняла багатых падарункаў, не захацела стаць жонкай князя Уладзіміра, сказаўшы: «Не хачу разуць рабычыча». Уладзімір, помсцячы, і помсцячы жорстка, узяў сілай Рагнеду на вачах у яе родзічаў, а потым забіў яе бацьку Рагвалода, маці і двух братоў і павёз зняволеную князёўну ў свой гарэм. Ен тады яшчэ быў язычнікам, меў, калі верыць летапісам, некалькі соцень наложніц.
І вось Рагнеда, яна ж Гарыслава, а потым, у манастве, Анастасія — жонка вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаслававіча. Высока ўзляцела дзвінская чайка, усе ёй зайздросцяць, але хто бачыў яе тайныя слёзы, хто чуў, як плача яна ўначы? Ніхто не чуў і не бачыў. Муж, вялікі князь Уладзімір, не чуў і не бачыў, бо быў заняты сваёй дзяржавай, сваёй дружынай і сваім гарэмам.
Але адна душа ўсё-ткі пачула. І быў гэта яе першынец, сын Ізяслаў.
І вось Рагнеда, дачка забітага Рагвалода (гісторык Тацішчаў піша, што ён забіты ў 975 годзе, а гісторык Шахматаў — што ў 970), нарадзіўшы сыноў забойцу сваёй радні, пражыўшы з ім у шлюбе па розных падліках ад 10 да 18 гадоў, узнімае на яго корд1. Уладзімір Краснае Сонейка і тут выходзіць сухім з вады. Рагнеду чакае пакутлівая смерць. Ды ў 988 годзе Уладзімір мяняе гнеў на літасць, будуе ёй горад Ізяслаўль (сённяшняе Заслаўе) і разам з сынам Ізяславам адпраўляе Рагнеду ў гэты горад.
Што ж выратавала Рагнеду ад непазбежнай смерці? Па-першае, відаць, тое, што Уладзімір у гэты час прыняў хрышчэнне, распусціў гарэм і, як хрысціянін (смерды ж і баяры глядзяць на яго!), «вазлюбіў бліжняга свайго», тым болей што гэтым «бліжнім» была ягоная жонка. Па-другое, а відаць, зноў жа, па-першае, тое, што за маці заступіўся Ізяслаў.
Тут маецца нейкая тайна, якую мы з вамі, напэўна, так і не разгадаем. Але я хачу прапанаваць ключык для разгадкі. С. Аннінскі, перакладчык «Хронікі Лівоніі» Генрыха Латвійскага на рускую мову, у сваіх каментарыях да «Хронікі» зазначае: «Спрадвечнай княжацкай дынастыяй, якая наследна правіла Полацкам, былі Рагвалодавічы. Шэраг абставін (своеасаблівасць княжых імён гэтай дынастыі, амаль пастаянная ізаляванасць полацкай палітыкі ад палітычнага жыцця Рурыкавічаў, родавая нянавісць і стогадовая барацьба паміж нашчадкамі Рагвалода і «ўнукамі Яраслава» ў 1021–1129 гг.) дазваляе думаць, што «ўнукі Рагвалода» не належалі да Рурыкавічаў, таму што і першы з іх, Ізяслаў, сын Рагнеды, не мог быць сынам Уладзіміра».
Вунь яно што! Калі ісці за гэтай версіяй, то шмат што праясняецца. І чаму Ізяслаў уступіўся за маці супраць няроднага бацькі, і чаму Уладзімір, захаваўшы жыццё Рагнедзе, выслаў разам з ёю ў Ізяслаўль свайго першынца. Ды таму, што Ізяслаў быў не ягоны сын!
Хто ж мог быць бацькам Ізяслава? Як вядома, да Рагнеды адначасова з Уладзімірам, які ў той час княжыў у Ноўгарадзе, сватаўся Яраполк Кіеўскі, і Рагнеда хацела выйсці за Яраполка, кахала яго.
Меркаванні, легенды… Без легендаў гісторыя губляе сваю прывабнасць, таямнічасць. Гэта — як неба без зорак.
Калі ж глянуць вачамі гісторыка-эканаміста, то адасабленню Полацкага княства ад Кіеўскай Русі садзейнічала больш ранняе развіццё феадальных адносін, чым у іншых месцах. Баяры-землеўладальнікі і купцы былі зацікаўлены ў моцнай мясцовай уладзе, якая б надзейна ахоўвала іхнія інтарэсы. Полацк па Заходняй Дзвіне меў свой гандлёвы шлях у Еўропу, жыў у адносным міры са сваімі суседзямі, у той час як на паўднёвыя і ўсходнія рубяжы Кіеўскай Русі адна за адной накочваліся хвалі захопнікаў.
Гісторыя Полацкай зямлі — такое мора, у якім знойдзецца месца і свежы вецер кожнаму ветразю. Упершыню думку аб стварэнні спецыяльна полацкай гісторыі выказаў на пачатку 19 стагоддзя кобрынскі манах ордэна піяраў Мацвей Брадовіч. Потым прыйшлі гісторыкі — Ігнат Даніловіч, Зміцер Леанардаў, Васіль Данілевіч, Аляксей Сапуноў… Ёсць яны і сёння — Георгій Штыхаў, Леанід Аляксееў, Мікола Ермаловіч…
Гісторыкі ёсць, а летапісаў, полацкіх летапісаў няма. Не захаваліся летапісы, зніклі… А яны ж былі, былі! Толькі кавалачкі засталіся нам ад таго вялізнага залатога сасуда, які быў разбіты, раскрышаны бязлітасным часам, — «Жыціе Ефрасінні», твор, прысвечаны дзейнасці Ефрасінні Полацкай, і аповесць аб Святохне, змешчаная Васілём Тацішчавым у ягонай «Гісторыі Расійскай».
Полацкія летапісы былі, бо калі ў час Лівонскай вайны кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый 30 жніўня 1579 года штурмам узяў Полацк, ягоныя салдаты, па ўспамінах відавочцаў, хадзілі ў бібліятэцы Сафійскага сабора «па нейкіх дужа старых кнігах».
Полацкія летапісы былі, бо сам Васіль Тацішчаў успамінаў, што бачыў і чытаў іх у бібліятэцы Пятра Яропкіна, рускага дойліда, якога ў 1740 годзе чвартавалі па загаду імператрыцы Анны Іаанаўны. Яропкін склаў галаву за тое, што быў лютым ворагам немцаў, якія забралі вялікую сілу пры двары самадзержыцы.
Яшчэ ў пачатку 19-га стагоддзя частка летапісаў захоўвалася ў Бельчыцкім манастыры. У 1821 годзе рускі бібліёграф Пётр Кепен, які падарожнічаў па Беларусі, бачыў у Бельчыцах «древние грамоты, среди которых одна какого-то Ярослава Изяславича».
Былі… А можа, яны (не ўсе, частка іх) ёсць недзе і сёння, як ёсць у нечай калекцыі славуты крыж Ефрасінні Полацкай? Шасціканечны напрастольны крыж, шэдэўр нашага мастацтва, у 1161 годзе зроблены Лазарам Богшам, роўна праз 780 гадоў, у час захопу фашыстамі Магілёва, бясследна знік. Летапісы паміраюць. Народ жыве.
Цяжка плыць па рацэ, імя якой — Гісторыя. Асабліва цяжка дабірацца да вытокаў, да тых мясцін, дзе ракі, па сутнасці, няма, а ёсць тоненькія ручайкі, вадзяныя ніткі, з якіх праз колькі дзесяткаў кіламетраў спляцецца, сатчэцца шырокі абрус ракі.
Еўрапейская, а разам з ёй і славянская гісторыя, відаць, усёткі бярэ свой адлік з вялікага перасялення народаў і з паходаў, якія сучаснікі назвалі крыжовымі.
Той, хто быў крыжаносцам, лічыў сябе разумнейшым, мацнейшым, адным словам, «звышчалавекам» у параўнанні з жыхаром, тубыльцам той зямлі, куды ён «нёс» крыж. Пад гэтыя амбіцыі падводзілася навуковая база, пісаліся цэлыя трактаты. Народам, расам адмаўлялася ў праве на ўласную гісторыю, на родную мову. Лозунг быў адзіны: «Рабы ды загавораць на мове сваіх гаспадароў».
Большасць з нас крыжовыя паходы звязваюць толькі з Усходам, з Іерусалімам і Палесцінай. Але яшчэ ў канцы 12 стагоддзя германскія феадалы Генрых Леў і Альберт Мядзведзь рынуліся крыжовым паходам на сваіх суседзяў палабскіх славян — бодрычаў і люцічаў. Гэта было не ў пясках Палесціны, а ў самым цэнтры Еўропы. Германцы і англасаксы ўжо тады аб'яўляліся «вышэйшымі» за славян, арабаў, яўрэяў…
У часы першых крыжовых паходаў «вышэйшымі» за ўсіх лічылі сябе, вядома ж, рымскія папы. На тых, хто сумняваўся ў гэтым, яны накладалі царкоўнае пракляцце, анафему. Вось яе тэкст: «Адлучаем ад царквы і анафемствуем таго ліхадзея, які завецца (называлася імя «ліхадзея»), і адганяем яго ад дзвярэй святой божай царквы, каб ён аддадзены быў на вечныя пакуты з усімі, хто кажа госпаду богу: «Адыдзі ад нас, бо мы не жадаем ведаць шляхоў тваіх!» Ды будзе ён пракляты ўсюды, дзе б ні знаходзіўся: у доме, у полі, на стайні, на вялікай дарозе, у вадзе, на лесвіцы, у пустыні і нават на парозе царквы. Ды будзе пракляты ён у жыцці і ў час смерці! Ды будзе пракляты ён ва ўсіх справах сваіх, калі ён п'е, калі ён есць, калі ён насычаецца і прагне, калі ён пасціцца, калі ён спіць і калі не дрэмле, калі гуляе і калі адпачывае, калі ён сядзіць або ляжыць, калі ён стаіць або сцякае крывёю! Ды будзе пракляты ён ва ўсіх частках свайго цела, унутраных і знешніх! Ды будзе пракляты волас ягоны і мозг ягоны, мазжачок ягоны, скроні ягоныя, лоб, вушы, бровы, вочы, шчокі, нос ягоны, кісці рук, пальцы, грудзі, сэрца, страўнік, унутранасці ягоныя, паясніца, сцёгны, калені, ногі, пазногці ягоныя. Ды будзе ён пракляты ва ўсіх суставах сваіх ад макаўкі галавы да ступакоў ног! Каб хваробы грызлі яго! Ды пракляне яго дзівосная раць пакутнікаў за веру! Ды пракляне яго хор святых дзеў, якія дзеля славы Хрыстовай пагрэбавалі мітуснёй і тлумам свету! І каб неба і ўсе жывыя сілы абрынуліся на яго, каб пракліналі да таго часу, пакуль не дасць ён нам поўнага пакаяння. Ды будзе так! Амен!»
Як бачыце, пракляццяў не шкадавалі, кожны валасок чалавечага цела аддавалі на пакуты.
На самым пачатку трынаццатага стагоддзя наш народ жыў, павярнуўшыся тварам да Балтыкі, бо адтуль, як ненажэрная саранча, лезлі і лезлі крыжакі. Шмат крыві пралілося ў той час, шмат чалавечых касцей бялелася паміж маўклівых прыморскіх дзюнаў, на берагах Дзвіны і Нёмана. Знікалі цэлыя народы. Дзе сёння прусы і яцвягі? Іх няма. Яны загінулі пад мячамі крыжакоў, пад капытамі рыцарскіх коней, часткова былі асіміляваны. Ад ліваў, магутнага і шматлікага народа, засталося некалькі дзесяткаў чалавек, маленькая этнаграфічная групка, якая жыве на Рыжскім узмор'і.
Нашы продкі ўзялі шчыты, узялі мячы і разам з продкамі эстонцаў, латышоў і літоўцаў пайшлі на святую бітву за сваю зямлю, за сваё жыццё. Гэта было на самым золку трынаццатага стагоддзя…
Рака трывожна шумела ў начным змроку. Пахла гнілымі водарасцямі, рыбай, паленым драўняным вугалем, які штогод выкідвалі ў Дзвіну з дружыннай кузні, што стаяла на самым беразе.
Чалавек нячутна, як прывід, вынырнуў з вады. Трымаючыся левай рукой за бервяно (гэта быў разбураны вільгаццю і часам ствол калісьці магутнай ліпы), ён плыў, шырока і моцна падграбаючы правай рукою. За спінаю ў чалавека быў прывязаны шчыт і кароткае кап'ё-суліца.
Чалавека вельмі непакоіў месяц, які вось-вось павінен быў выкаціцца з-за хмар на сінюю прагаліну начнога неба. Чалавек хацеў быць нябачным для ўсіх, акрамя бога.
Месяц усё-ткі заззяў над зямлёй, як вялізная срэбная грыўня. Малочна-залацістае месячнае святло палілося на цёмную раку. Грабеньчыкі хваль рэзка выступілі з цемры, і адразу адчулася магутная сіла ракі і бясконцасць ночы. Вада нястрымна неслася ўдалеч. Яна і чалавека з ягоным бервяном магла б падхапіць і, як трэску, завалачы ў самае Варажскае мора2, але чалавеку неабходна было прыбіцца да берага. Ён мацней упіўся пальцамі ў слізкае, дрогкае на хвалях бервяно, напружыў усе сілы.
Месячныя промні ўспыхнулі на металічным наканечніку суліцы, і той засвяціўся, як вугалёк. Чалавек не мог гэта бачыць, але здагадаўся, мякка перавярнуўся ў вадзе і паплыў на спіне. Цёплая вада пяшчотна казытала шчокі, і ён успомніў пальцы маці. Калісьці маці, як толькі ён, зусім яшчэ маленькі, прачынаўся, любіла гладзіць яму шчокі пальцамі.
Чалавеку зрабілася сумна і адзінока. Маўклівае неба вісела над ім. Таемная сіла запальвала ў небе зоркі. «Пэўна, гэта мая апошняя ноч і я не дажыву да раніцы», — падумаў чалавек.
Бервяно з лёгкім сухім шоргатам уткнулася ў прыбярэжны пясок, і чалавек нецярпліва і радасна зняў руку са слізкай мяккай кары — яму ўвесь час чамусьці здавалася, што ён трымае ў руцэ слізкую мяккую жабу. Ён нават намацаў дно і, растапырыўшы пальцы, пачаў ярасна церці рукою аб пясок, нібы змываў са скуры богведама які бруд. Потым нерухома, як вялізная знясіленая рыбіна, ляжаў на самай мяжы вады і берага, супакойваў дыханне, даваў адпачыць целу, чакаў свайго спадарожніка. Той выплыў з цемры, таксама трымаючыся за бервяно.
Нейкі час яны моўчкі ляжалі побач, і толькі шумела чорная, як дзёгаць, рачная вада. А можа, гэта шумела кроў у вушах ад вялікай напругі?
Проста перад імі, у некалькіх сажнях ад берага Дзвіны, шчацініліся на высокім пагорку дубовыя забаролы грознага замка. Быў час другой варты. Воі на забаролах свяцілі паходнямі, сонна, млява крычалі, перагукваліся між сабою: «Полацк!.. Менск!.. Друцеск!.. Рша!..»
Той, што прыплыў пазней, паправіў на поясе меч, прыжмурыўся, сказаў нібы сам сабе:
— Вось ён — Кукейнос, гняздо мярзотнага Вячкі. Мы раструшчым гэты пракляты горад, як курынае яйка. Мы знішчым князя і княжых слуг. Птушкі балотныя і гады паўзучыя звіюць гнёзды ў іхніх чарапах. І ты дапаможаш святому божаму войску, Браціла.
У словах, якія ён вымавіў, была такая злосць, такая пякучая нянавісць, што Браціла міжволі ўздрыгнуў. Кожнае слова здавалася кропляй атруты. Упадзі такое слова на прыбярэжны пясок, і пясок (Браціла не сумняваўся) зашыпіць, расплавіцца.