152746.fb2 Млын на Сініх Вірах - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Млын на Сініх Вірах - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Дзея першая

Стварылі вас не для жывёльнай долі, –

Для доблесці і ведаў. Людзі вы!

(Дантэ. “Пекла”. XXVI, 118 – 120)

Карціна першая

Кабінет старшыні гарвыканкома. Вялізны пакой, вельмі светлы, з двума квадратнымі вокнамі, за якімі панарама горада. Звычайнае кабінетнае абсталяванне: вялікі стол, крэслы. Двое дзвярэй: адны налева – выхад, другія направа – у зал. Карта на сцяне. Вельмі ціха і спакойна, але нешта не так, як заўсёды: папера на рэпрадуктары прадзёртая, з адчыненага сейфа на падлогу вывалілася купа паперы, фіранка вырываецца з акна на вуліцу, як сцяг. Відаць, што па пакоях гуляе пройма. Толькі пасля далятаюць здалёк гукі кананады. Ля акна Каляда і Пятро Лаўрановіч. Маўчаць. Кураць. I раптам гучны, злёгку асіплы голас з рэпрадуктара.

Голас з рэпрадуктара. Увага! Увага! Грамадзяне горада! На ўсходняй аколіцы ідуць баі. Палае горад! Палае горад! Грамадзяне горада, усе, хто можа трымаць зброю, ратуйце горад...

Лаўрановіч. Горад вырашылі здаць?

Каляда. Так. Утрымаць няма магчымасці... Жах бярэ глядзець на адступаючых. Чорныя ўсе, раненых вядуць... Немагчыма, ну немагчыма ж без дапамогі, без боепрыпасаў.

Лаўрановіч. А радыё яшчэ трымаецца?

Каляда. Там, напэўна, ужо немцы блізка, але яшчэ трымаецца. Гэта дыктар наш, Ветка, сепаратна сядзіць там... Кажа, што не пойдзе стуль. Яму ўсё добра відаць, вышэйшага месца за радыёвузел у горадзе няма. Зусім дрэнна, браце. На Ленінскай склады палаюць, нехта разбіў, дзе-нідзе грабёж там пачаўся. Напэўна, зладзеі...

Голас. Грамадзяне горада! Калісьці вашы продкі не пусцілі за гарадскія муры Іасафата Кунцэвіча, драпежнага ваўка, навялі на яго гарматы і наказалі пайсці прэч. Будзьце вартымі іхняй славы! Браты! Сёстры! Бацькі! Сыны! Таварышы! Бярыце зброю! Заходняя станцыя ледзь трымаецца.

Каляда. Калі прыйдуць людзі па справе з млынам?

Лаўрановіч. Прызначылі на трынаццаць гадзін.

Каляда. Добра. Пакуль тое будзе, паклічце Дзюбку.

Лаўрановіч выходзіць і вяртаецца з Дзюбкам.

Дзюбка апрануты старамодна і трохі зухавата, вусы падкручаны, у руках кіёк.

Сядайце, Елпідзіфор Сяргеевіч. Памятаеце нашу размову дзесяць дзён таму? Вы самі бачыце, час наступіў... Вы не камуніст, менавіта таму мы вас і выбралі, менш падазрэнняў. Вы не перадумалі? Не будзеце эвакуіравацца?

Дзюбка. Не, у мяне тут засталося яшчэ шмат экспанатаў. Але, перш за ўсё, дзякуй вам, што дапамаглі вывезці мой музей... Шчыра дзякую. Старажытныя шыферныя прасліцы... меч старасты адроўскага, бронзавы меч, такога і ў Гнёздаве няма... надзвычайныя косткі маманта, карціна Пэна... А вось чучалы пакінулі... мядзведзь, рысь яшчэ. I мая надзвычайная арніталагічная калекцыя. Мне заўсёды не шанцавала. Я, вядома, ад яе нікуды не паеду, так што, калі ласка, я да вашых паслуг.

Каляда. Што б вы сказалі, калі б вам прапанавалі трымаць канспіратыўную кватэру?

Дзюбка. Па прынцыпу: добрага сабаку на прывязі трымаюць? Ну што ж... Я, малады чалавек, маю, вядома, брушка і падобны да бухгалтара, але, мне здаецца, мы падчас той нашай размовы ўсё высветлілі. Так што размаўляць няма чаго. Значыцца, спатрэбіліся мае старыя косці, а я ў такіх выпадках не адмаўляюся тым, што я з большым задавальненнем сядзеў бы ў піўной і піў піва. Піва, вядома, лепей за шыбеніцу, але, як падумаеш, і за піва, нарэшцее, трэба расплачвацца.

Каляда. Добра. Пра абавязкі даведаецеся паслзя. Пакуль што, ведайце адно, пароль будзе вельмі складаны, запамятайце добра: “Ці не прадасцё што-небудзь цікавенькае? Можа, ёсць старыя фібулы або слуцкі пас (менавіта, пас). Водзыў: многа хочаце, гэтага няма, але ёсць унікальная каптарга. Зноў пароль: гэта значыць металічны кашэль? водзыў: так, з бычынай галавой”. Запамяталі? Добра.

Дзюбка. Чакайце, але з якой прычыны яны будуць пытацца ў мяне такое?

Каляда. Вы будзеце камерсантам, значным камерсантам. Грошы атрымаеце, іх будзе дастаткова. Адкрыеце ўласную краму пад шыльдаю, – трэба нешта вытанчанае, – ну, хаця б так: “Гандаль старажытнасцямі, рэчамі культу, інкунабуламі і прадметамі народнага мастацтва. Камерсант пан Е. С. Дзюбка”.

Дзюбка (абурыўшыся). Не, браткі, і ракаў не хачу, і ног не мачу. Я ў прынцыпе супраць прыватнага капіталу. Я разумею, трэба, каб хадзілі людзі, але чаму б мне не стаць, ну лудзільшчыкам, ці што. Я ўмею.

Каляда. Чалавек павінен працаваць па свайму густу. Каго здзівіць, што былы загадчык музея адкрыў гандаль старажытнасцямі. Грошы будуць. Вы будзеце мець магчымасць раз’язджаць па вёсках дзеля скупкі, ездзіць нават у вялікія гарады. Як жа, камерсант, паважная асоба. Будзеце запрашаць нямецкіх афіцэраў у госці, задавальняць іх, калі нам будзе патрэбна.

Дзюбка (менш рашуча). Гандляваць свяшчэннымі для мяне прадметамі? Не, не буду. Ды і скуль я іх дастану?

Каляда. Не турбуйцеся, гандляваць вы будзеце падробкамі. Мы паклапаціліся, яны ў вас будуць. Вы ведаеце пра калішнюю калекцыю Сіпайлы?

Дзюбка. Гэты блюзнір! Гэтае падла! Добра ведаю. Мы з ім спрачаліся дваццаць пяць год таму, ён думаў, што калі ён багатыр, дык ён мае добры густ. Трасца ў яго была, а не густ! Яму перакупшчыкі спіхнулі на дзесяць тысяч без малога самых грубых падробак, якія я бачыў. К-калек-цыянер!

Каляда. Дык вось, гэтыя падробкі, калі Сіпайлу выселілі з маёнтка, ляжалі ў фондах драмтэатра, для гістарычных драм. Цяпер яны будуць у вашай краме.

Дзюбка. Я пратэставаў – не слухалі. Такую дрэнь нельга было нават на сцэне ўжываць замест сапраўдных рэчаў.

Каляда. Добра, добра. Я думаю, што для вас гэта будзе дадатковай радасцю: збыць у іхнія рукі такое. Ну як, згода?

Дзюбка (амаль згаджаючыся). Эканаміст з мяне дрэнны, таварыш Каляда. Я вексель з жырафам блытаю. Прагандлююся ўшчэнт. I тут мне не шанцуе.

Лаўрановіч. Ну вось тады і будзеце лудзільшчыкам. Гэта будзе нават зусім натуральна: банкрут Дзюбка, былы антыквар, зараз лудзільшчык.

Дзюбка. Кінь ты, Пятро, свае жартачкі... Ну... добра ўжо, няхай. Буду камерсантам. Усім быў, а гэтага – не, не было. Я, таварыш Каляда, няўдачнік.

Каляда. Галоўнае: маўчанне, канспірацыя, трываласць.

Дзюбка. Я ўсвядоміў. Можаце спадзявацца.

Каляда. Пакуль што пабудзьце тут... 13.00. Напэўна ўжо прыйшлі (ідзе да дзвярэй і адчыняе іх). Заходзьце, таварышы.

Уваходзяць Цыкмун Асінскі ў танным шэрым гарнітуры, Марыся, за ёю Сміхальскі, малады чалавек у добрай вопратцы, трохі пасля – Андрэй Лаўрановіч.

Сядайце. Паразмаўляем у цеснай кампаніі. Вы згадзіліся застацца тут, таварышы...

У рэпрадуктары нешта трэснула.

Голас: Грамадзяне горада! Добраахвотнікі толькі што адбілі атакі ворага на Заходнюю станцыю. Становішча там стабілізавалася. Мы падпалілі склады ля могілак цягнікоў. Агонь выкурыў фашыстаў з могілак. Зараз на радыёстанцыі таварыш са штаба таварыства садзейнічання авіяцыі і хімічнай абароне. Ён просіць перадаць: вораг насядае з боку ракі, вораг насядае з боку ракі. Трэба затрьмаць яго, пакуль са станцыі не вывезуць апошніх эшалонаў з жанчынамі і дзецьмі. На дапамогу, людзі! Бярыце зброю хто можа.

Лаўрановіч. Як ты сабе хочаш, Каляда, але гэта ганьба. Армія адышла, а зараз стрымліваюць ворага пацаны, героі ў кароткіх портках. Сорам! Дзеці торкаюць салдатам дулі пад нос.

Каляда. Не трэба, Пятрусь... Што ж паробіш, калі нельга. Відаць, замала сілы.

Голас. Г – 745 – 934 – 88 – 5641

Лаўрановіч. Шыфроўкі нашы.

Голас яшчэ некаторы час агалошвае лічбы, усе пасуровелі.

Каляда. Што ж, таварышы. Вы ведаеце, у чым справы. Ад станцыі Чорны Бор цягнецца пушча. Мы, пакуль што, прайгралі адкрыты бой, армія пакіне горад і адыдзе, можа, аж за Дняпро. Не хачу вас пужаць, але становішча цяжкае, і, невядома, можа, нават цэлую зіму давядзецца людзям сядзець у лесе. А галоднага, хоць бы ён быў героем, можна забраць голымі рукамі. Нам патрэбен хлеб, шмат хлеба. Сёе-тое ў нас ёсць, вывезлі з элеватараў у лясныя сховішчы. Але адным збожжам не абыдзешся, на сялянскія жорны яго не змелеш. Патрэбен млын. I вось мы вырашылі.

Падыходзіць да карты раёна.

Бачыце, кут між рэкамі. Тут дарога ў Звініцкія пушчы. Яны цягнуцца на сто восем вёрст на поўдзень ад станцыі Чорны Бор да чыгункі, якая ідзе з захаду на ўсход. Калісьці праз пушчы ішоў чумацкі шлях, але ён ужо гадоў сто дваццаць як заглохнуў. Да калектывізацыі ў самых нетрах там была вёска Пагост, на гэтым калішнім шляху, а ля яе яшчэ карчма і млын на два паставы. Дарога канчалася вёрст за пяць да Пагоста, і далей цягнуўся звычайны зімнік. У калектывізацыю вёску перанеслі ў Дравічанскі сельсавет, а на млын неяк забыліся. Тыдні тры таму я там пабываў. Глуш страшэнная. На поўдзень – восемдзесят восем вёрст да чыгункі, на поўнач – дваццаць да станцыі Чорны Бор, на ўсход дваццаць пяць да ракі (там, на беразе, ёсць вёскі), на захад – каля трыццаці вёрст да вёсак Дудзічы, Ведрычы, Пляскі і да ўрочышча Разбіты Рог, дзе ёсць лясніцтва. Адзіным бяльмом на воку з’яўляецца вёска Чарнабогі, дзесяць вёрст ад млына і дзесяць вёрст з гакам ад станцыі, трошкі ўбок. Ды яшчэ ля Чарнабогаў ёсць некалькі невялікіх вёсак. Вось і ўсё. Як бачыце, лепшага месца не знойдзеш. Млын хоць і ладна спарахнелы, але прыдатны. Мы адрамантавалі там усё, што магчыма. Ёсць там, акрамя млына, руіны карчмы, потым даволі моцны каменны будынак, добры будзе свіран.

Дзюбка. Я гэта месца ведаў яшчэ калі паляваў. Лясы такія, як кафедральны касцёл. Чыстая готыка! Па берагах рэчак драбналессе. I між соснамі ў сонечны дзень пара ад зямлі ідзе, быццам ладан кураць. I рэчкі: Тна, Вілюшка, Зубраўка – чыстыя. Уначы ляжыш ля кастра, восень, паветра – віно халоднае, і зоры кацяцца, кацяцца, кацяцца.

Аглянуўся, усе слухаюць, засаромеўся.

Каляда. Невядома яшчэ, калі нам такую мірную размову давядзецца чуць, Сяргеевіч. Гаварыце, калі ласка.

Дзюбка. Вільгаццю ад вады тхне. Бугай вадзяны недзе “Буукае”... Між іншым, гістарычная назва гэтага Пагоста – Сінія Віры. Калісь быў даволі вялізны пачынак. Адзін з Ягайлавічаў там памёр, не сумелі ўрача даставіць, такая глуш была. I зараз не лепей... Назва якая, “Млын на Сініх Вірах”! Я там начаваў аднойчы з сябрам. Якія мясціны! Рэкі, лясы бясконцыя, дзе-нідзе курганы, лілеі ў затоках. Паветра, як у першы дзень стварэння. Што пасля яго тая гарэлка? Хваробы сабе купіў на свае грошы. Увосень, у апошнія дні палявання на качак, здарыцца прымаразак, – трава, як драбнюткай соллю пасыпаная, хрумстае пад нагамі, ружовая ад зары. I недзе ў паветры спявае нешта, спявае, далёкае такое. I цішыня, слухаць яе можна, як сімфонію.

Далёкі выбух.

За гэту цішыню даў бы яму па галаве, – праз рэбры ўласныя бы глядзеў на свет белы, бандзюк. А то б галавою ў вір – і садухі.

Каляда(пасуровеўшы). Добрая ўмоўная назва: “Млын на Сініх Вірах”. Мне няма чаго гаварыць, што гэтага патрабуе ад вас Радзіма – вы ведаеце самі. На вашых плячах баяздатнасць партызан цэлай акругі. Лаўрановіч, пры поўнай рабоце млына на два паставы колькі насельніцтва ён можа забяспечыць?

Лаўрановіч. Я не ваенны інтэндант, але раней у нас такі, прыблізна, млын працаваў на два сельсаветы, у тым раёне, адкуль я зараз прыехаў. I нічога, не вельмі скардзіліся.

Каляда. Вось бачыце. Сытасць такой колькасці людзей будзе ў вашых руках. Таму таямніцу млына берагчы, як зрэнку вока, а самы млын трымаць да самага скону, як гонар свой. Вы, Цыкмун Пятровіч, працавалі да рэвалюцыі на млыне братоў Лапіных?

Асінскі. Так, а пасля ў млынтрэсце.

Каляда. Дык вось, Цыкмун Пятровіч Асінскі, як майстра, будзе млынаром.

Асінскі. Добра. Праца будзе ладная, дык я і дачку вазьму з сабою, як гаспадыню. I падсыпку дайце такога, каб сала еў мала, а мяхі варочаў вялікія.

Каляда. Добра. Андрэй Лаўрановіч тут?

Андрэй. Тут... Таварыш Каляда, мне неяк нязручна. Руку, бачыце, асколкам раздзёрла ў першы ж налёт. Дазвольце лепей стрэльбу ўзяць. Мяхі цягаць мне цяжка будзе.

Лаўрановіч. І я лічу, што правільна. Няма чаго на млыне ацірацца, няхай ваюе разам з іншымі ў лесе.

Каляда. А я думаю іначай. Мяхі яму цягаць цяжка, а па шэсцьдзесят вёрст рабіць, у багне гадзінамі ляжаць, на дрэвы лазіць – гэта не цяжка?.. Гэта зараз найважнейшае. Зразумеў, Андрэй? Ты з адзінай здаровай рукою будзеш за дваццаць інсургентаў ваяваць.

Андрэй. Калі трэба, я пайду.

Марыся. А можа... можа б, Віцю... Віктара Сміхальскага на млын, а Андрэя... задаволіць яго просьбу (саромеецца). Усё ж гэта будзе лепей, бо Сміхальскі мацнейшы.

Сміхальскі. Не, дазвольце адмовіцца. Я гераізму жадаю, рамантыкі. Радзіма ў такім становішчы, а мяне на млын, кулі цягаць.

Асінскі. Гэта ён таму адмаўляецца, што думае: хлеб на вярбе расце.

Сміхальскі. Не, я ўсё ведаю. Я толькі думаю, што на млыне кожная пасрэднасць працаваць можа. А я больш карысці прынясу, калі буду партызанам. Да таго ж, як адзін з працаўнікоў райкома камсамола я не магу так: крычаць на зборах пра Карчагіна, а як пачалося сапраўднае, дык на млын.

Каляда. Глупства ты вярзеш, хлопча. Ты і ў райкоме быў не таму, што ў цябе з дня нараджэння шышка чыноўнасці на галаве развілася, і тут будзеш ваяваць у атрадзе не таму, што ў райкоме камсамола працаваў. Ты проста больш спрактыкаваны чалавек, ніж Андрэй. I запамятай, будзеш чакаць дзіва, пацягнеш людзей на “рамантычны” ўчынак, нешта накшталт нападу на танкі са стэкам у руках – зганю. I наогул, вельмі рамантычнага месца не дам. А вось што. Будзеш, малец, трымаць сувязь з Дзюбкай. Будзеш на гэтым самым млыне жыць, хадзіць па атрадах і ў горад. Тут табе будзе выгодна. I паветра галаву халадзіць, і лясны водар прадухіляе чалавека ад разліцця чорнай жоўці. Ну і яшчэ... мне старому за гэта, некаторыя людзі “дзякуй” скажуць.

Сміхальскі. Таварыш Каляда! Радзіма гіне, а я...

Каляда. Што ты, што ты. Крый цябе божа. На Радзіму хан Койдан нападаў, – яна не загінула, Літва з палякамі ішла, – таксама не загінула. Палякі і немцы ў грамадзянскую ішлі – яна не загінула. I цяпер, калі працаўнік райкома Віктар Сміхальскі, які яшчэ хварэе адцягненым, трохі вонкавым гераізмам, добры хлопец, падабаецца многім, падобны на Дэмана, – не пойдзе проста ў атрад, а будзе сувязным – яна таксама, я думаю, неяк вытрымае, не загіне. Так што досыць размаўляць. Значыцца так, мы вырашылі, Цыкмун Пятровіч з Марысяю адразу ж, разам са мною, едуць у аколіцы Чорнага Бору і стуль дабіраюцца да Млына на Сініх Вірах. А вы ўсе пабачыцеся са мною праз тыдзень. Цяпер выйдзіце ў залу і атрымайце там дакументы і іншае. У Лаўрановіча.

Усе ідуць да дзвярэй у залу, Асінскі ідзе апошні.

Цыкмун Пятровіч, пачакайце. Вось што, патрэбна, каб нехта меў сувязь асабіста з вамі на той выпадак, калі ў гэтых небяспечных Чарнабогах з’явяцца немцы. Можа, там трэба кагось пасяліць, скажам, пад выглядам бежанкі, жанчыну якую-небудзь?

Асінскі. Пасяляць там нікога не трэба. Там у мяне жыве сваячка, Тэкля Каваль. Я і то збіраўся спытаць, ці нельга, каб яна калі-нікалі прадуктаў падкінула. Дый небяспека ад немцаў з гэтага боку вялікая.

Каляда. А вы за яе можаце паручыцца?

Асінскі. Вы давяраеце мне – давярайце і ёй. I выйці з вёскі яна можа так, што ніхто не заўважыць. Дый прафесія ў яе такая, патрабуе бадзянняў у лесе.

Каляда. Чакайце, Тэкля, Тэкля Каваль? Нешта знаёмае.

Асінскі. Гэта тая... ну... “вядзьмарка”.

Каляда(шчыра разрагатаўся). Памятаю, памятаю, гэта тая, знахарка, чараўніца. Што гэта ў нас такі народ падбіраецца... цікавы. Ноеў каўчэг нейкі. Сем пар чыстых, сем пар нячыстых.

Асінскі. Дарэмна вы так. Недарэчны смех. Яна не замовамі лечыць, яна адмыслова ведае травы. I ўрэшце (раззлаваўся), што ёй было рабіць? Што, я вас пытаю? Мужа забілі на Мазурскіх азёрах, старэйшых сыноў легіянеры закатавалі за партызаншчыну. Думаеце, яна менш надзейная, ніж гэтае фу-фу Сміхальскі, хоць ён і камсамольскае начальства.

Каляда. Ну, дарэмна гэта вы так, ён яшчэ малады, ён як малады хорт: гоніцца за ваўком, абгоніць зграю і не ведае, што ваўку раз кляцнуць зубамі і – гамон яму.

Асінскі. А вы занадта добры. Зараз ён малады яшчэ, пасля, калі будзе сталы, на неўраўнаважанасць будзеце спасылацца, а пасля: “Ды ён жа стары, яму дараваць трэба”. Андрэй лепшы – яго раскалыхаць, дык трэба пяць чалавек, як той брацкі Звон у Магілёве, але ён верны, сумленны чалавек, не фіцюлька. Добры вы чалавек, таварыш Каляда, але не да тых, да каго трэба. Што Тэклі было рабіць з дачкой ды з немаўляткам-сынам? Ну і пачала лячыць, балазе маці яе і бабуля першымі траўніцамі былі. Дасць добрую траву – нашы людзі лаяцца пачнуць: “Ты б хоць сказала нешта”. Цемра! Ну яна і пачала шаптаць. Вось вы, як кажуць, аж дзве кнігі калісьці напісалі, а ці ведаеце вы, што аптэка ад іншых хвароб не так добра лечыць, як гэта Тэкля. Не паважаюць урачы траў, а, між іншым, аптэкі не заўсёды былі, і ў аптэках валяр’ян, канвалія, маліна, ліпавы цвет ляжаць. А колькі яшчэ невядомых траў? Вы б вось спыталіся, як яна мёдам ды зязюльнікам язву страўніка ў вашага бухгалтара вылечыла? Альбо як звычайнай ясноткай лячыла ад слабасці, альбо як падтыннікам ад воўчага мяса лячыла людзей, маладым дзяўчатам прыгажосць вяртала. Цяпер яна і шаптаць кінула, – людзі не тыя, дый сын дапамагае.

Каляда. Што гэта ты, бацюхна, так разбушаваўся?

Асінскі. А таго, што сам гадоў дзесяць таму нешта вельмі лёгка пачаў співацца. Вып’ю чарку – і з капытоў. Перад сябрамі сорамна. Ну, Тэкля адшукала траўку. Апетыт да гэтай справы загубіў, але выпіць магу добра. Так што мне мой мужчынскі гонар не дазваляе, каб яе лаялі. Не тараканаў дае, не з вугаля брызгае – лечыць чыстай, сумленнай травой.

Задумаўся.

Каляда. Рознае бывае ў жыцці. Можа быць. Ведаеце, калі будзем жывыя, дык трэба будзе пагаварыць пра гэта, дзе трэба. Не злуйцеся. Калі будзем жывыя, вы мне пра гэта падрабязна раскажаце. Добра? А цяпер хадзем у залу. Стуль пойдзеце чорным ходам, да машыны. А Марысю возьмем па дарозе.

Выходзяць, прапусціўшы ў дзвярах Сміхальскага і Марысю.

Віктар, хвілін праз пяць будзьце тут, у кабінеце.

Сміхальскі. Добра (да Марысі). Ну нашто, нашто ты гэта прапанавала? Немаведама што могуць падумаць.

Марыся. Віця, не трэба так. Ты ведаеш, я гэта зрабіла не для цябе, мне Андрэя стала шкода. Яму горш, ніж табе. Ты ж такі моцны, вялікі, на ўсякім месцы будзеш добры.

Сміхальскі. А ён?

Марыся. Ён не такі. Ён, ведаеш, вельмі добры, але, напэўна, бязвольны хлопец. Яму там, на млыне, будзе дрэнна, зусім яго засмокча... Ну ведаеш, напэўна, дурная, але я сама не ведаю, чаму я так зрабіла.

Сміхальскі. А я ведаю. Ты маеш да яго прыхільнасць.

Марыся. Віця, навошта ты так! Ты проста яшчэ не ведаеш...

Уваходзіць Андрэй і накіроўваецца да дзвярэй.

Сміхальскі. А я табе кажу, што гэта так. Ты сама не ведаеш. Што ж, мне нічога не застаецца, як падставіць галаву пад першую кулю. I можаш тады думаць пра яго колькі хочаш. I, калі ласка, не плач. Вашы слёзы – вада.

Андрэй(павярнуўся). Слухайце, сеньёр. Вы можаце размаўляць якім хочаце тонам і са мною і з іншымі, але з ёю гэты тон пакіньце.

Віктар. А якое права...

Андрэй. Я маю права сябра дзяцінства.

Віктар. I ўсё???

Андрэй. Так, пакуль што ўсё.

Віктар. Пакуль што? Вось што, малады чалавек, я здзіўляўся высакароднасці вашай і вашага бацькі, але толькі да таго часу, пакуль Каляда не адмовіў вам у вашай просьбе. Цяпер я бачу замест высакароднасці танную спробу адсядзецца ў ціхім месцы і зрабіць выгляд, што гарыш жаданнем біцца.

Марыся. Віця, не трэба.

Андрэй. Ух-х. Вось што, панок. Я буду сядзець там, дзе трэба. I я не баюся цябе, але зараз не такі час, каб даваць нейкаму дурню па твары. Бачыш, вайна.

Пайшоў. Выходзіць Каляда.

Каляда. Вы яшчэ тут, таварыш Асінская?

Марыся. Я зараз пайду. (Пайшла.)

Каляда. У мяне да вас некаторыя пытанні. Вось хлеб, вось колькасць людзей, падлічыце дзённы выхад, патрэбу.

Лаўрановіч(уваходзячы). Таварыш Каляда, там вас нейкая дзіўная дэлегацыя пытае. Прывялі кагосьці.

Каляда. Ну добра, гэта ўжо апошняя справа. Трэба ехаць. Кажуць, што вораг выйшаў на цэнтральную вуліцу. Прасіце іх.

Адчыняюцца дзверы з вуліцы, і да кабінета ўваходзяць чалавек пяць людзей рознага выгляду. Яны вядуць Трубайлу, скруціўшы яму рукі. Перад працэсіяй крочыць дзіўны чалавек, падобны да бацяна, апрануты сціпла, але добра. Манеры ў яго экстравагантныя. Гэта Высакародны злодзей.

Што вам трэба, таварышы?

Высакародны злодзей. Прабачце, але нас нельга назваць “таварышамі”. Мы, як бы мовіць, люмпенпралетарыят, адрынутыя законам і грамадскасцю. Мы, людзі, якія кіруюцца ў сваёй дзейнасці кніжкай, якая называецца КПК, крымінальна-працэсуальны кодэкс. Карацей кажучы, мы – правапарушальнікі.

Каляда. Дзіўная сітуацыя. Але ў чым справа? Што за жарты?

Злодзей. Мы просім у вас увагі, толькі пяць хвілін увагі. Як гэта кажуць, мы не затрымаем вас на час большы, чым трэба на тое, каб узламаць добры сейф.

Каляда. Як бачыце, сейф тут адчынены. Турма зараз не функцыяніруе.

Злодзей. Фі, турма! У мяне ад гэтага слова пабольвае сэрца. Ад такіх недалікатных слоў. Дазвольце звярнуцца да вас хоць аднойчы як сумленным людзям. Ведайце, што і ў бандзюкоў ёсць чуллівае, чулае, уразлівае сэрца. Слухайце, савецкая ўлада нам была як мама родная. Яна лупцавала нас і ставіла ў кут, але бывала, што мы раскайваліся – і яна карміла нас пернікамі. Паслухайце, – хто б тут пакрыўдзіўся? – некалькі месяцаў турмы гэта ж глупства. А немцы, кажуць, будуць расстрэльваць. Гэта ж ціхі жах, гэта антыгуманна. Вы ведаеце, тут грабілі склады. Мы падумалі, што гэты грэх таксама ўпадзе на нашы бедныя галовы. Гэта ж ганьба, калі такое думаюць пра сумленных зладзеяў. I што сказалі б нашы бедныя мамы на тым свеце? Яны б перавярнуліся ў труне. I мы сказалі: “Ша!” Мы сказалі: “Хопіць”. Мы спаймалі аднаго з гэтых бандзюкоў (якое шчасце, што гэта зусім не прафесіянальны злодзей. I ніхто не кіне такі дакор сапраўднаму злодзею, ніхто не запэцкае яго добрае імя), мы ўзялі яго і даставілі вам. А склады мы запалілі, усё адно іх не вывезеш ужо.

Каляда(стрымліваючы ўсмешку). Што вас штурхнула на гэта?

Злодзей. Ведаеце, аднойчы былі ў вёсцы перавыбары старшыні. Калі перавыбралі, устаў вясковы злодзей і папрасіў, каб перавыбралі і яго. Ён сказаў: “Я ўкраду кавалак сала – кажуць, што я ўкраў дзежку. Я ўкраду пуд дзерці – скажуць, што я ўкраў мех крупчаткі. Перавыбірайце”. Ведайце, нам было б вельмі прыкра, каб з-за гэтага булахоўца і пагромшчыка, з-за гэтае контры наша імя зазнала б ганьбу.

Каляда. Добра, Дзякую вам... таварышы. (Да звязанага, рэзка.) Прозвішча.

Трубайла(ганарліва). Трубайла, шляхціц.

Каляда. Чаму вы рабавалі?

Трубайла. Чалавек, род якога прыгадваецца ў Гарадзельскім прывілеі, не будзе адказваць хаму.

Каляда. Ну й дапатопная істота! А што, Гарадзельскі прывілей даў вам прывілею і крамы рабаваць таксама?

Трубайла. Гэта вы нас зрабілі зладзеямі.

Злодзей. Ша, паклёпнік!

Трубайла. Вы зрабілі нас рабаўнікамі. Дзе мае пяцьдзесят валок? Дзе маёнтак дзедзіч маіх?

Каляда. Значыцца, пяцьдзесят валок было? Ну, тады ў вас па рабаванню досыць даўняя практыка.

Трубайла. Жартуеш, пшэклёнта халера? Нядоўга вам жартаваць. Хутка вас – варам, як непатрэбных шчанюкоў... За наш край!

Каляда. I яшчэ, напэўна, за беларуса сябе лічыць. Беларусы сваёй мовай размаўляюць. I яны не рабуюць, яны зараз па лясах. Табе і азёрны твой край толькі тады патрэбны і добры быў, калі на тваіх валоках пейзане ў стракатых анучках жыта жалі.

Адвярнуўся.

Злодзей. I што рабіць з гэтым дэгенератам, скажыце, добрыя людзі?

Каляда. Вызавіце чалавека з варты. Няма чаго з ім валаводзіцца, расстраляць (павяртаецца).

Віктар(ціха). Вось лічбы. Млын на Сініх Вірах можа пракарміць некалькі тысяч чалавек. (Трубайла прыслухаўся.) Думаю, што, калі я зраблю нешта вартае, вы перавядзеце мяне з Звініцкае пушчы ў іншае месца. Мне ўсё ж не імпануе суседства з Чарнабогамі.

Трубайла прыслухоўваецца.

Каляда. Тут не месца гаварыць пра гэта, Віктар. З млына вы пойдзеце тады, калі прыкажуць.

Уваходзяць двавартавыя. Бяруць Трубайлу пад рукі.

Трубайла. Свалота! Куды вы схавалі наш ціхі край! Паркі нашы высеклі, палацы нашы запаскудзілі!

Каляда. Ты маўчы, ты на новую Беларусь смярдзючае джала не высоўвай. Воўк.

Трубайла. Нічога, мы вас вылегчаем. Каціцеся адсюль, сабачыя сыны, чырвоная падла!!! Чака-айце. Наш час прыйшоў!

Трубайлу выводзяць, выходзіць за вартавымі і дэлегацыя.

Злодзей. Бывайце здаровы, таварыш старшыня. Я думаю, што гэта ўсё хутка скончыцца, і мы з вамі яшчэ пабачымся, калі я, вядома, буду на волі.

Каляда. Бывайце.

Уваходзіць Лаўрановіч.

Лаўрановіч. Машына чакае. Выбух непадалёку.

Каляда. Пачакай, давай пасядзім. Вось быў я, браце, пісьменнік, дрэнны пісьменнік, не хапала ўсведамлення самага важнага, у гарвыканкоме больш быў да месца. I раптам звалілася гора: гарады палаюць, дзеці маленькія без хлеба, без бацькоў. Сакратара гаркома бомбай напавал, партызаншчына на нашы плечы ўпала. Добра, хоць цябе з вобласці прыслалі. Дзе тая былая цішыня. Але які народ! Асінскі гэты, знахарка, Ветка наш. I нават зладзеі гэтыя, язык не паварочваецца іх так назваць. I я ведаю, чаму гэта. Мы хлябнулі за дваццаць год сапраўднай волі. I нас з кожным годам будзе ўсё больш і больш немагчыма загнаць у калішнюю цемру. Як бы гэта ні было газетна і банальна, але шлях ад кувалды да аэраплана – гэта велічна. Не, не так я буду пісаць, калі давядзецца. З сэрцам, з болем, са шчырасцю вялікай.

Блізкі выбух.

Лаўрановіч. Час ехаць.

Хутка ўбягае адзін з вартавых. На твары ягоным кроў.

Вартавы. Таварыш Каляда, выбухам забіты Рубанаў... Словам... арыштаваны скарыстаў момант і ўцёк.

Каляда. Ну і трасца яго матары. Бандзюк звычайны. Хадзем, Лаўрановіч. Час ехаць.

Накіроўваецца да дзвярэй, у гэты час зноў выбух, і, як бы ў адказ, загаварыў рэпрадуктар. Усе спыніліся.

Голас. Увага! Увага! Жыхары горада. Хто мае магчымасць – пакідайце горад. Немцы ўзялі Заходнюю. Апалчэнцам ля прычалаў трэба адыходзіць, іх могуць адрэзаць.

Каляда. Што ён робіць, вар’ят! Могуць вузел адрэзаць.

Лаўрановіч. Ён не пойдзе. У яго жонку забіла. Памятаеш, як калісьці смяяліся. Важна так кажа: “Чытаў аб’явы дыктар Ветка”. Што яшчэ акрамя аб’яў, чытаць даводзілася? Сёння, можа, ўпершыню адчуў сябе сапраўдным дыктарам, на сваім месцы.

Каляда. Трэба яго ратаваць. Паехалі.

Голас. Яны падпалілі вузел. Выйсця няма (трывожна). На Чартальне пачаў гарэць старажытны помнік, будынак калегіума. Добраахвотнікі, змагайцеся з агнём, змагайцеся з агнём. Гарыць ваша старына. Гарыць ваш горад. Ратуйце яе, ратуйце яго!

3 рэпрадуктара чутны глухія ўдары.

Яны ўдзіраюцца сюды. Бывайце, таварышы, бывайце, сябры мае, браты. Яны ламаюць дзверы, яны пагражаюць, што будуць страляць.

3 рэпрадуктара аўтаматная чарга. Цішыня.

Т-таварышы, я яшчэ жывы. Яны ламаюць дзверы... М-м-м...

Каляда. Дабілі, дабілі Ветку... Ветку дабілі.

Голас. Таварышы!.. Таварышы!.. Без панікі... Пакідайце кватэры... Пакідайце. Горад гіне... Гіне наш горад. Жывіце ў барацьбе, жывіце ў славе.

Паўза.

Хай жывуць Саветы!

Паўза. Пасля адрывіста, хрыпла.

Хай жыве Беларусь!

Заслона

Карціна другая

Млын на Сініх Вірах. Звініцкія пушчы. Цёплы жнівеньскі дзень ружавее над пушчаю. На пярэднім плане, справа, ціхі поплаў, пакрыты вільготнай зялёнай травой. Амаль на сярэдзіне сцэны некалькі густых кустоў здзічэлага бэзу. Яшчэ лявей таўшчэзны дуб-волат, лісце якога звісае над поплавам, утвараючы зялёны паўзмрок. Дуб вельмі стары, вялікае дупло ззяе ў яго ствале. Пад дубам старая, тоўстая, далоні ў тры, лава, на чурбаках, укапаных у зямлю. Тут жа каменны будынак, дзверы яго адчынены, маленькае акенца забрана кратамі. Віецца сцежка ў глыб сцэны, да млына. За поплавам увесь другі план злева займае рачулка, якая разлілася тут даволі вялікім стаўком і блішчыць пад сонцам. Люстра яе зарасло лотаццю, кугой, дзе-нідзе бялеюць ля берагоў лілеі. Ставок перагарадзіла ўдалечыні зялёная грэбля. Над ёю, справа, бачны шэры будынак млына. За стаўком – густыя кусты каліны над вадою, далей – палоса падлеску, у якім яшчэ стаяць руіны старой карчмы. А далей густыя, цяністыя, зялёныя шаты лясоў. Неба амаль нямое над імі. Зялёна, вільготна. Спяваюць птушкі, даносіцца далёкі гоман млынавага кола. I цішыня толькі падкрэсліваецца гэтым, цішыня стаіць такая, што звініць у вушах. Марыся на траве сядзіць і зашывае нешта, мармыча сабе паднос і зрэдку запявае ўголас:

“Як табе, рачушка, без крутых беражкоў, Так і мне, дзяўчыначцы, без любага дружка”.

Віктар(асцярожна падыходзіць, ціха). Марыська!

Марыся. Віктар, даражэнькі. Ой, якая я шчаслівая. Мне так цяжка бывае, калі ты ідзеш. Усё мне здаецца, што ты ўжо недзе схоплены, забіты.

Віктар. Ну кінь, кінь. Я не з тых, што лёгка даюцца ў рукі.

Марыся. Я ведаю. Але ўсё адно баюся.

Віктар. Нічога, Марыська. Не дзеля сябе аспрэчваем смерць, а дзеля тых, што ўладараць над нашым сэрцам, нельга ж прымірыцца з тым, што яны загінуць. Нічога, у апошняй бойцы перамогуць каханне і любоў.

Марыся. Нейкі ты дзіўны сёння, Віця... Ты лепей раскажы, што ў горадзе?

Віктар. Ат, месяц як там немцы і месяц як там робіцца няведама што. Думаеш, усе тыя, што крычалі пра перамогу, і зараз крычаць. Сядзяць, як бараны, па хатах... паразмаўляем пра іншае, Марыся.

Марыся. Што ты?

Віктар. Я не ведаю, што са мною робіцца, не магу гэтага растлумачыць. Уся мая энергія перайшла да кагосьці іншага, ніяк не магу пазбегнуць адчування пустаты. Нішто мне не лезе ў галаву, акрамя аднаго, і гэта адно ўсю маю душу запаланіла. Не то я, што раней, іншым уяўляю сабе свет. Балюча мне, але самы боль мне вялікі – радасць і таямніца. Ты мяне не разумееш?

Марыся. Не.

Віктар. Ну дык вось (бярэ яе галаву ў далоні, цалуе). Вось і ўсё. I можаш зараз рабіць са мною што хочаш. Усяго сябе, з усёй душой аддаю. I якая мне справа да ўсяго, калі ты са мною, лепшая мая. Усё гэта сон, гэтыя спрэчкі, бойкі. Шкода, што праходзіць маладосць пад гэты надакучлівы акампанемент. А ты мяне кахаеш?

Марыся. Я цябе даўно кахаю. Я чула, што не трэба так адразу казаць. Маўчаць, так будзе мацней. Але я баюся цябе пакрыўдзіць, перарваць тонкую ніць. Нашто мне мучыць цябе, каб было мацней? Я ж цябе таксама кахаю, я цябе не паўкрыджу. За Андрэя ты не крыўдзішся? Я яго вельмі люблю. Ён сябра з дзяцінства.

Віктар. Не, за Андрэя я табе даўно дараваў. Я яго проста шкадую.

Марыся. Не трэба, ён таксама вельмі добры. Іншы раз мне здавалася...

Віктар. Пачакай. Слухай цішыню. (Цалуе ёй рукі.) Мне другі раз здаецца, што ўсё гэта сон, гэтыя выбухі. Расплюшчу вочы – і будзе ціхі дзень, акно адчынена, ты яшчэ спіш.

Уваходзіць Асінскі.

Асінскі. Да вас можна сюды, моладзь? Дзень добры, Віцька. Як справы ў горадзе?

Віктар(незадаволены). А трасца яго бяры і разам з немцамі.

Асінскі. Цю-у, здурэў дзяцюк! Ты якія гэта словы гаворыш, га?

Віктар. Я і на самай справе, Ім бы барыкады будаваць, а яны сядзяць ціхутка, як мышы. Што я ім дапамагаць хавацца буду, ці што? Мяшчане! Тыранія дробязяў. А дробязяў гэтых у жыццё чалавеку напхана, як сардынак у бляшанку. Адзін гіне, а другому пляваць – у яго мазалі. Дый не так ужо там жахліва, як я думаў. Камендантам нейкі Адлерберг. Я думаў, што будуць паліць і на кожным ліхтары вешаць, – аж ціха ўсё. Лётчыка нашага падбілі, упаў за горадам, а калі немцы прыехалі, дык яго ўжо нейкая падла абрабавала. Ну, гэты Адлерберг і кажа, што вы, – свінні, сваіх герояў не паважаеце. Вярнуць вопратку і ўсё, што забралі з самалёта, інакш вёску спалю і ўсіх пад корань. Праз пяць мінут усё прынеслі, цалюткае. Тады яны лётчыка пахавалі і далі над магілаю салют: “Глядзіце, як шануюць нямецкія героі гонар героя рускага”. А таго, хто рабаваў, Трубайлу нейкага, забралі з сабою, але, кажуць, не забілі. Што ж, годны, рыцарскі ўчынак.

Асінскі. Глупства ты вярзеш. Такія для нас яшчэ больш небяспечныя, чым адвартыя гады. Але ж мярзота якая! “Ру-ускаму гер-рою!” А мы сваіх гадуем. Адаслаў ужо другі абоз з мукой. Комам стане ў іхняй глотцы наш хлеб. А што яшчэ чуць? Як Дзюбка?

Віктар. Адкрыў краму і зараз прагарае. Што праўда, знайшоў выхад: робіць са спарахнелае драўніны ідалаў. Купляюць. “О-о, беларусішэ калёрыт! Еўрапейскія папуасы!” Дзюбка гэты яшчэ! Турак нейкі.

Паўза.

Ну, мне час. Трэба зноў у горад. Я там занёс да вас што трэба, Цыкмун Пятровіч.

Асінскі (павярнуўшыся спіною). Добра. Можаш ісці.

Віктар(карыстаючыся, што Цыкмун не бачыць, ціха). Бывай, мая каханая (цалуе ёй руку).

Асінскі (усё яшчэ стоячы спіною). Гэх, усім бы ты добры быў, Віця, ды вось толькі не ўмееш ты з сучаснымі паненкамі абыходзіцца. (Павярнуўся.) Ты б гэта зараз пеўнікам падскочыў, дыгнуў ножкаю, вусы падкруціў, падставіў руку абаранкам і па-французску : “Куркуле-муркуле альфоне ролле”.

Віктар(змрочна). Гэта не па-французску.

Асінскі. Нічога, яны ўсё роўна не зразумеюць. Яны толькі па-тутэйшаму, яны высуванцы.

Віктар. Слухайце, Цыкмун Пятровіч, кінулі б вы, праўда, гэтыя вульгарныя выразы, гэты вульгарны дыялект.

Асінскі. Што, па-французску лепей? А чаму? Чым не французская мова: “Марылён трэ, Сымон целяпасэ, Сідар рэ пужрэ?” Чаму “рэ пужрэ” – добра, а “рэпу жрэ” дрэнна? Не бачу розніцы. Значыцца, і мова нічым не горшая за французскую. Не, браце, як ты не вучыся – усё адно будзе ў цябе “дзе” і будзе “ру” і “г” будзе грубае, хоць ты па-італьянску брашы. Як калісьці “культурныя” семінарысты казалі, калі ім прапанавалі тытуню (націскаючы на р): “Бла-га-да-ру, я не куру, ваша табака – дрань, трапкай ваніць”. Толькі сорам адзін будзе і сабе і людзям. (Сур’ёзна.) I я табе кажу, хлопча, дрэнна ты скончыш, калі будзеш сваё лаяць. (Адышоў да будынка.)

Віктар. Гэта ўсё ўжо ўстарэла, пяцьдзесят год як стала глупствам.

Марыся. Віця, пакінь, пакінь зараз жа. Гэтага ты не смееш чапаць. Я ведаю, ты жартуеш, але з гэтым – і зараз – не жартуюць. Гэтага я не дазволю... нават табе.

Віктар. Так, я сапраўды пажартаваў, дрэнна пажартаваў (да Марысі, ціха). Даруй мне за гэта, любая.

Марыся. Чакай мяне, любы.

Віктар. Чакаць? Ну да, як жа... чакаць. Я вельмі кахаю цябе. Я буду чакаць... Але бывай. Бывайце, Цыкмун Пятровіч!!!

Асінскі не адказвае, Віктар выходзіць. Некаторы час ціха, толькі чуваць кумканне жаб. Потым з’яўляецца Андрэй, перапэцканы мукою, пасталелы.

Андрэй. Цыкмун Пятровіч, я спыніў працу. Малоць няма чаго.

Цыкмун. Ну што ж, на сягоння пашабашым. Ты еў хаця што-небудзь, сынок?

Андрэй. Нічога, я зараз пайду, мне трэба наведацца ў Чарнабогі. Нешта зноў рука баліць.

Цыкмун. Казаў табе, не цягай такія мяхі. Гэтак няцяжка і грыжу зарабіць. Адпачывай. На млыне я дараблю.

Цыкмун выходзіць. Андрэй і Марыся сядзяць, апусціўшы вочы.

Андрэй. Што з табою, Марыся. Мне балюча глядзець на цябе. Нейкая ты сумная, як асенні дзень. Ці не магу я табе дапамагчы чым?

Марыся. Не, Андрэй, тут і ты мне не дапаможаш. Смутна ў будучым. Але дзякую, ты добры друг. З табою дзяўчыне спакойна і не страшна.

Андрэй. Сумны камплімент. Я б жадаў, каб табе са мною не было спакойна. А страшна? Няхай іншыя страх выклікаюць, я чалавек просты.

Марыся. Мне заўсёды добра з табою, Андрэйка. Ты добры. Але ад сапраўднага чалавека, ад Георгія-перамаганосца мала ў табе ёсць чаго.

Андрэй. З табою... з табою быць грозным, гордым? Нельга ж так.

Марыся. Аднак вось па Віктару адразу можна бачыць, што гэта за чалавек. Нязломны, сумленны.

Андрэй. Ат, Віктар. Што пра яго казаць. Не варта.

Марыся. Чаму ты яго не любіш? Гэта несумленна. Ён ніколі дрэнна пра цябе не кажа. А гэта дрэнны спосаб спадабацца мне: лаяць таго, хто мне дарагі. За што ты яго?

Андрэй. Я кахаю цябе... Я так кахаю цябе, што дыхаць не магу, няміла мне ўсё без цябе, жыцця няма.

Марыся. Андрэй, дарагі, не пакутуй... Дарагі ты мой, стары сябра мой. Можа, усё было б іначай, каб я не сустрэла яго, лепшага чалавека на свеце. Ён верны, ён верна будзе кахаць мяне. Мы вырашылі пажаніцца, як толькі скончыцца вайна. Табе цяжка, але такое лепей ведаць адразу. Не сумуй толькі, сябра. Не трэба.

Андрэй. Мне абы толькі ты шчаслівай была, здаровай, вясёлай. Я, вядома, бервяно, куды мне да такой, як ты. Але я цябе кахаю, я не вытрымаю, калі з табою здарыцца што. Таму я не магу крывіць душою. Іншы, можа, маўчаў бы, каб на яго не думалі, што ён гэта з нізкіх пачуццяў, з рэўнасці, з зайздрасці. Але па мне хоць бы хто быў, толькі не ён. Не люблю яго. Несур’ёзны ён. Сэрцам адчуваю – дрэнны ён.

Марыся. А можа, проста зайздрыш? Розуму зайздрыш, прыгажосці яго. Сорам!

Андрэй(пабялеў, устае). Кепска ты мяне ведаеш. Урачыста кажу, ад думкі маёй не адступлюся, не дам зглуміць тваё жыццё. А там будзь шчаслівай з кім хочаш. Я цябе кахаць заўсёды буду, і дай табе бог быць шчаслівай з іншым. А я моўчкі кахаць буду ці мёртвым прыцягнуся да цябе і другі раз памру. Будзь шчаслівай, жыві, радуйся. Як я цябе кахаю, няхай столькі і шчасця табе будзе з іншым... Бывай.

Амаль бяжыць. Марыся разгублена глядзіць услед.

Марыся. Не трэба! Андрэй!

Андрэй знік.

Што ж гэта атрымалася? Што я гэта яму сказала, не герой, але сэрца добрае, але ж шчыра мяне кахае! Ох, што ж я нарабіла!

Уваходзіць Цыкмун.

Цыкмун. Чаго гэта ты божкаеш так? Андрэя шкода? Мне таксама. Што ты яго мучыш?

Марыся. Не ведаю. Раслі разам, разам з “баранчыкамі” ў лугі хадзілі, разам лазілі ў садкі за яблыкамі. А зараз я не ведаю, такая я маленькая, такая дурная... Віктар з’явіўся, добры, разумны, на Андрэя не злуецца.

Цыкмун. Вось гэта і дрэнна. У наш час былому саперніку косці б пераламалі, а тут (перадражнівае) “не злуецца”.

Сядае поруч з дачкою.

Ходзім мы з табою, дачушка, па нажы над ямаю, кожную хвіліну можам кувырнуцца і тады – зацягнуць нам вяроўкамі шыі. Выбірай чалавека сапраўднага, каб было чым успомніць кароткі век свой... I ведаеш, чаму мне Віктар твой не падабаецца? Таму што наш чалавек, не чыноўны па бацьку, а трымае сябе, як шляхцюк. Мы яго высунулі, нашай воляю ён стырчаў, як пузыр на вадзе, і адразу забыўся, скуль ён і хто. Сапраўдны начальнік, вось як Каляда, заўсёды просты, а гэты спачатку адгарадзіўся ад нас кабінетнай сценкаю, а зараз імкнецца адгарадзіцца сваёй надзвычайнасцю. Ну няхай ён надзвычайны, няхай яму ўсе абяцалі будучыню не абы-якую, але ўсё ж сапля ён у параўнанні, – ну, хаця б, з такім чалавекам, як Купала, а я Купалу бачыў, сам з ім размаўляў. Просты ён быў: і паразмаўляць з чалавекам, і паспачуваць, і, галоўнае, паслухаць чалавека, і выпіць нават з ім. Прастата чалавечая – вялікая справа, такога чалавека з усіх бакоў іншыя падпіраюць, ён як сасна ў бары, а той, хто адгараджваецца, той адзін у полі пад вятрамі. I папомні мае словы, той, хто вось так адгараджваецца ад людзей, рана ці позна хрупне ў спіне і зваліцца, бо ў адказны момант у душы сваёй, у сваім народзе не адчуе падтрымкі. Гэта, дачушка, тая кантора, скуль вярбуюць дрэнных людзей.

Марыся(амаль са слязамі). Ах, татка, ну нічога, нічога я не ведаю! Цяжка мне! I яго я не ведаю, і вас не ведаю... і сябе...

Пры апошніх яе словах з-за будынка з’яўляецца Тэкля Каваль з кошыкамі цераз плячо, асцярожна ставіць іх на лаву. Яна даволі высокая, з прыемным тварам і добра збераглася для сваіх гадоў. На ёй цёмная вопратка з белым фартукам. Гаворыць рэзка і ўладна.

Тэкля. А хто з нас ведае сябе. Ніхто не ведае.

Марыся Цётухна!

Цыкмун Здарова, Тэкля. Нешта даўно я не бачыў цябе.

Тэкля. А табе, бацюхна, і бачыць мяне не трэба было. Ты на дзеўку лепей глянь, да слёз давёў. Чаго ты яе пілуеш, стары грахаводнік?

Цыкмун. Лепей зараз няхай паплача гадзіну, чымсьці потым век плакаць.

Тэкля. Ты ўжо маўчы. Я вам прынесла тое-сёе. Ідзі там разбярыся. (Цыкмун пайшоў. Тэкля прысела да Марысі.) Фу-у! Запарылася. Але стары конь трымаецца, пакуль на нагах. Дык што ж гэта ты так разрумілася? Што з табою?

Марыся. Сэрца маё неспакойнае, цётухна.

Тэкля. Гэта дрэнна. Але што паробіш, заўсёды так было ў чалавека, што спакою яму не было. А ты плюнь. Колькі я сябе памятаю, заўсёды мужыкі адзін аднаму глоткі перарывалі, заўсёды ў вайну гулялі. I яшчэ зараз вайна сапраўдная, неспакою ў сэрцы быць не павінна. Раней, думаеш, спакайней было на сэрцы? Вось як у мяне пайшоў мужык на вайну, не пайшоў – павялі, засталася я адна, з дзяцьмі дробнымі. Колькі слёз было, колькі нястачы! (Прыглядзелася, кажа іншым, сур’ёзным тонам.) I каханне заўсёды было не мёд. Сусед мой, Кандрат, я яшчэ дзяўчынкаю была, ажаніцца хацеў на дзяўчыне з суседняга пачынка. I ўсё добра было, пакуль ягоны бацька з бацькам нарачонай на мяжы не папароліся граблямі да смерці з-за зямлі. Або яшчэ, Базылёвых ведаеш? Дык вось, Янка Базылёў хадзіў да Анэлі з вёскі Казлы, а яе аддалі за суседа. Янка на вяселлі напіўся і лёг на снег, сухоты жадаў зарабіць. Не зарабіў, але пальцы на руках адрэзалі, стаў калекам. I шмат яшчэ такіх невясёлых гісторый было. Так што, калі ты пакутуеш, дык гэта глупства. Цяжкі наш лёс: не ведаем мы дня ані часа. Ніхто ж не забараняе табе цяпер выбіраць таго, каго жадаеш.

Марыся. Ды не, цётачка. Я сама не ведаю, чаго мне цяжка. Можа, таму... (схлусіла), што зубы вось баляць.

Тэкля. Ну, гэта нічога, гэтаму гору мы дапаможам. Пажуй маўнкорань, і ўсё як рукой зніме. I наогул, травы вывучы, хоць некаторыя, гэта патрэбна. Давай вось я табе першы ўрок дам. Гэта што?

Марыся. Баражоўка.

Тэкля. Так, яе трэба даваць, калі чалавек на лёгкія захварэе і адхаркнуць не можа... Тут і алцей дапамагае. А вось гэта чабор, таксама лёгачная трава. А там унь чарнакорань, пакладзі пад падлогу – мышэй не будзе ў хаце. Вось так яно й вядзецца на свеце, амаль кожная трава на якую-небудзь карысць. А замовы – глупства. Адна толькі замова дапамагае і якраз ад зубоў. Хочаш дапамагу?

Марыся. Давайце ўжо.

Тэкля(шэпча). Зара-зараніца, сонца – светлая маці, дапамажы памагаці. На моры-акіяне, на востраве Буяне стаіць камень, на тым камені жарства, над той жарствою дуб зялёны, пад тым дубам ваўкі выюць... Каб жа ж і ты выла так ад зубнога болю.

Марыся(засмяялася). Здаецца, дапамагло, цётачка.

Тэкля. Ну ай добра. Глядзі, дзетухна, не сумуй. Гэта ўсё пройдзе. А галоўнае, як раней спявалі:

Праўда, праўда ў свеце, Праўды не ўзыскаці, праўда ёсць. Як цяжка дзеткам без маткі пражыці, Так цяжка свету без праўды пражыці.

I перад гэтай Праўдай нашай, нашы маленькія праўдачкі – глупства... Цыкмун, дзе ты там?!

Цыкмун(выйшаў з-за будынка). Чаго табе?

Тэкля. Я пайшла. Вось што я толькі табе скажу. Уначы, хлопча, не працуй, гук па ветры і да нас далятае. Праўда, той, хто не ведае, не здагадаецца, але лепей не трэба. Немцы ходзяць па пушчы. Я й то чакаю, што вось-вось да Чарнабогаў дабяруцца.

Цыкмун. Добра. Ты б папярэдзіла нас на такі выпадак.

Тэкля. Не ведаю. Я хоць і старая, але мне жыццё не абрыдла, вельмі ўжо лезці на ражон не буду, мы пра гэта не дамаўляліся.

Пайшла. Цыкмун сеў ля Марысі на траву.

Цыкмун. Трэба табе, пэўна, Марыська, перабірацца глыбей у лес, да Каляды.

Марыся. Ты што, татка, жартуеш? Кіну я тут цябе і справу, чакай яшчэ. Вось што, ты мне лепей раскажы нешта старое-старое, каб такі ж час, як наш, каб героі былі, каб усё на карту ставілася... Даўно мы з табою ўжо не размаўлялі.

Цыкмун. Што б табе расказаць? Хіба што пра гісторыю белага воіна.

Марыся. Раскажы.

Цыкмун. Добра. Вось закуру толькі... Дык вось, было гэта дзвесце год таму. Яшчэ больш страшная навала прыйшла на нашу зямлю, але мы выстаялі, як выстаім, вядома, і зараз. Мы – каменныя. Але было цяжка, вялікае пала гора... Па начах білі гакаўніцы недзе па-над Сожам-ракой і нешта палала, палала... палала...

Заслона