152604.fb2
Спі-і, спі.
Кастусь спіць. Яна гладзіць яго валасы. I раптам, праз калыханку, з вуснаў яе прарываюцца гнеўныя, смутныя, жалобныя словы.
Зямля маўчыць. Яна ў пажары ўся.
Парваліся на ліры сонца струны,
Застрашлівай не даспяваўшы руны
Пра смерць і неўміручасць Кастуся...
(Яна не можа стрымаць сябе . Яна тужыць, яна вяшчае.)
О, мой народ, зачаты для бяссмерця
Так, як і ўсе народы на зямлі.
Мужайся, ў кулаку зацісні сэрца
I рабства ў ім навекі спапялі.
Варухнуўся Кастусь. I тады яна, глушачы словы і рыданні, вядзе калыханку далей.
Над зямлёй-балесніцай
Тонкі чоўнік месяца.
Ў хвалях месячык скакаў,
З плаўняў чоўнік выплываў,
З плаўняў чоўнік выплываў,
Князя ціха калыхаў...
Натаміўся жывучы,
Нахадзіўся уначы,
Столькі стрэл параскідаў,
Столькі нівак заараў.
(I зноў вырваліся глухія словы).
Бо сонца шчасця немінуча ўстане,
Калі яго чакаць і зваць, як мы,
Сярод цямноцця і сярод рыданняў,
Сярод бязлітаснай, як смерць, зімы.
Заснежаная галіна яблыні, вырастаючы, пранікла ў камеру, працягнулася над ложкам, сіняя, зорная ад іскраў. Кастусь застагнаў у сне.
Люлі-люлі-люленькі,
Не шуміце лазнякі,
Божыя націнкі,
Моцныя трысцінкі...
Яна ўстае і цалуе яго ў лоб. Ён усміхаецца ў сне. Святло цьмянее паўсюль, акрамя сіняга-сіняга ззяння на заснежанай галіне.
Спі... Сярод бязлітаснай, як смерць, зімы...
Спіць Кастусь. Постаць знікла, але недзе вядуць і вядуць напеў калыханкі скрыпкі. Цяпер ужо не змрочна, а з праніклівым, палкім сумам... I вось на галіне ўжо не снег, вось ужо ўся яна ўсыпана, заліта не сінім снегам, а ружова-белай, магутнай квеценню. I над ёю, у празрыстым сяйве, па чарзе з’яўляюцца постаці людзей... Кастусь прыўстае, гледзячы на іх.
Караліна. Бачыш, яблыні цвітуць... Я ніколі не думала, што я так не магу без цябе... Уначы блішчыць раса на пялёстках, як зоры.
Кастусь. То хадзем туды...
Караліна. Я ніяк не магу дацягнуцца, падаць табе руку.
Кастусь. Нічога... Усё адно дзякуй. Бо я блытаю імя тваё і радзімы. Бо я працякаў праз пустыні. Бо толькі з табой я паверыў у вясну.
Караліна. Сэрца згарае ад любові... Я не магу без цябе... Каб ты толькі ведаў, як я не магу без цябе.
Кастусь. Яблыня, яблыня... Абсып яе пялёсткамі... Бяжым, сланечнік... Глядзі, якая цвецень.
Знікае Караліна. З’яўляецца Яневіч.
Яневіч. Я дапамагу вам. Вось месяц-чоўнік дрыжыць ля берага. За ракой зорны сад. Ён чакае. Плывіце. А тых, хто асуджае такіх, як ты, – заўсёды будуць глытаць чорныя воды... Бывай, сынок... А рукі мае сумавалі-такі па тваім сыне... Бывай... Плыві.
На месцы яе Чортаў Бацька.
Чортаў Бацька (на твары ягоным слёзы). Я табе такое вясельца выстругаю... хаця... каркадзілаў ганяй. Я, сынок, для цябе – усё. Толькі і святла, разумееш, убачыў, што з табою... Бывай...
Устаў Марцявічус.
Марцявічус. Трымайся, светлы мой... Было б магчыма – я б за цябе... Тым, хто катуе такіх, як ты, ніколі ў вяках не заззяе сонца. Ну вось... Бывай...
Узнік Арсень.
Арсень. Мужчыны маўклівы народ. Але я... вельмі люблю цябе... Сёння дзесятае сакавіка. Пачнём... Бывай... I няхай для ворагаў волі не існуе вялікага жыцця.