152604.fb2
Ты мне – зорныя іскры на мурагу.
Караліна. Устань, хлопчык мой. Устань, яркае сонца маё. (Заплюшчыўшы вочы, яна гладзіць яго валасы.) Залатая павуціна. Веі апушчаны... (Глуха.) Слёзы? Ты?!
Кастусь. Стрымаць... не магу... Я пятнаццаць год не плакаў...
Караліна. Рвуцца, як дождж вясной? Бедны...
Кастусь. Буду з табой вельмі верны, вельмі пяшчотны.
Караліна. Ведаю... нашто ты так мучыўся?.. Нашто, калі няма нічога на свеце, чаго б я не зрабіла, каб табе было светла жыць? Калі ўся т вая пакута – вось яна. Знішчы. Адкінь з дарогі... Застанься... Спі ціха...
Паўза.
Нашто, калі ўсё адно ахвяраваць? Учора. Сёння. Заўтра. Заўсёды.
Паўза.
(Глуха.) Ты мне скажы, як ты мяне любіш... Скажы нарэшце.
Кастусь. Паўсюль – ты. Спявае жаўрук – і гэта твой смех... Стронг б’е ў патоку – і гэта твой гнеў. Вясёлка гарыць у расе – і гэта калі ты смяешся праз слёзы. Уся ты, з усім, стала нада мной – як святло нябёс... як радзіма.
Караліна. Кажы.
Кастусь. Я блытаю вашы імёны. Успомню – радзіма – і прад вачыма ты на квітнеючым поплаве, ты спіш у пушчы на сонечнай заечай капусце, ты пад ліпай у мокрай сукенцы, а вакол залатыя завесы дажджу... Ты... ты... ты...
Караліна. Вельмі буду цябе кахаць.
Кастусь. Усё жыццё... як рака, над якой ніколі не бывае сонца. I вось... Мне здаецца, я ўліваюся ў цябе. З усіх пустынь, праз якія я працякаў... Нарэшце... Як рака ў акіян... (Прыціснуў яе да сябе. Вусны сустрэліся ў не вельмі ўмелым, але моцным-моцным, нібы ад адчаю, пацалунку.) Няма дарогі.
Караліна. Не хачу...
Заплюшчыўшы вочы, прыпаўшы адно да аднаго, яны стаяць. Неразлітна. Вызвалена. Адно... Увайшла Я н е в і ч. Спынілася. Да Пархвена, які пахмура круціць пальцам зорны глобус.
Яневіч. Яны?
Чортаў Бацька. Але...
Яневіч. Матка боска... Дзякуй табе, божа... Ёсць ты на зямлі.
Кастусь. Хто там?
Яневіч. Я... я рада за вас... за сябе...
Кастусь. Калі думаеш, што больш узрадавана, чым я, то памыляешся. (Абхапіў за плечы Яневіч і Караліну, закружыў па пакоі.)
Чортаў Бацька. То, можа, ўжо разам і мяне?
Кастусь. Давай і ты... Дав-вай, стары, любы...
Яневіч. Хлапчына...
Кастусь. А што, грэх? Мне на дзесяць год менш. Мне шаснаццаць. Я кахаю!
Караліна (мякка). Кастусь, любы... Ты не адмовіўся ад думкі пайсці адсюль?
Кастусь. Ты кажаш. То як я магу?
Яневіч. Кватэра ёсць. На Георгіеўскім. Хадзем па рамізніка, Караліна.
Кастусь. Стой... Ты не знікнеш?
Караліна. Я вярнуся праз гадзіну. I нікуды, ніколі больш не пайду.
Кастусь. I тады я скажу... Я тады ўсё, усё табе скажу. Як я люблю.
Караліна. I я... я табе скажу потым.
Пайшлі разам з Чорт авым Бацькам. Кастусь агледзеўся вакол, глыбока ўздыхнуў і раптам пайшоў па абсерваторыі, вырабляючы нейкія прыгожыя, надзвычай пластычныя рухі. Дарогаю накіраваў секстант у другі бок.
Кастусь. Ты, брат , у тй бок глядзець не смей. (Раскруціў глобус.) Круціся, пузан, круціся, як загадана, хутчэй, хутчэй. (Шчасна засмяяўся, кінуўся на рыштаванні і з грукатам шырока рассунуў створкі абодвух купалоў. Бязмежнае неба ўварвалася ў запылены пакой. I чалавек стаў на фоне зор і ўзняў рукі, як крылы.)
Пусціце зоры ў мой пакой шырокі!
Пусці ў пакой сузор’і, чалавек!
Нічога не палохайся. Пад сонцам
Ёсць толькі ты і свет лыя сузор’і.
Нічога, акрамя цябе і іх.
Каханне, зорка чыстая, ў глыбінях
Бязмежнага сусвету ты гарыш
Святлом далёкім, цёплым, нездрадлівым.
О колькі год я да цябе ляцеў,
Раскрыліўшы свае слабыя рукі,
I сек сваім мячом мячы камет!
Я знемагаў, я паміраў у муках,
I ты пачула мой апошні крык.