152604.fb2 Кастусь Каліноўскі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

Кастусь Каліноўскі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

Стрэл пракаціўся рэхам у далёкіх завулках.

Чортаў Бацька. Што такое?

Кастусь. Пэўна, вартавому здалося... I чаму не ідзе?

Паўза.

Чортаў Бацька. Кажуць, зорка падае – душа падае.

Кастусь. То што?

Чортаў Бацька. У-у, які гэтай восенню быў зарапад... Падалі, падалі, канца не відно.

Марцявічус. З людзьмі пра такое нельга... Пархвен.

Чортаў Бацька. Ведаю. Гэта я – з вамі.

Паўза.

Марцявічус. I вось я ляжаў і думаў. А зоры кружыліся ў вечным абегу. I праходзілі перада мной пакаленні. У-у, якая далячынь... Што людзі будучага перад намі? Нікога не здзівіць чалавек сярод людзей. А вось чалавек сярод ваўкоў, свіней, гіен – вось што варта здзіўлення. А нараджаецца, жыве чалавекам сярод поскудзі. Значыць, ад прыроды – харошы... А я раней не бачыў неба... як многія...

Уваходзіць Караліна ў футранай шапачцы з вэлюмам.

Караліна. Кастусь.

Кастусь. Нарэшце... Божа мой... У-ух...

Караліна. Вось. Трыццаць два пашпарты для ўцекачоў... У Лібаву іх адразу, на караблі і – шукай іх за мяжой.

Кастусь. Нарэшце.

Караліна. Кастусь, мне трэба пагаварыць сам-насам.

Марцявічус. То я ў дворык выйду... Пад зоры... (Выйшаў.) Чортаў Бацька адышоў у далёкі кут, за вялізны зорны глобус. Сеў там.

Караліна. Ішла сюды паўз губернатарскі палац... Там некалькі рот пад ружжом. Такія сілы яны выводзяць толькі супраць небяспечных атрадаў.

Кастусь. Даведаемся. Што яшчэ?

Караліна. Трывожна мне. Ты жывеш тут так доўга... Пакінь Вільню... Прашу.

Кастусь. Вільня – сэрца. Мне нельга ад яго.

Караліна. Вазьмі пашпарт.

Кастусь. Не.

Караліна. Чаму?

Кастусь. У мяне – надзейны. Я вазьму, а ў другога не будзе.

Караліна. Цяжка мне... Як душыць мяне ўсё гэта... Вежкі... Знакі...

Кастусь. Супакойся. Я змяню кватэру, хаця гэта – надзейная. Хочаш зараз? Ты не думай, мне трэба берагчы сябе. Дзесятага сакавіка зноў пачнём.

Караліна. То я – па рамізніка.

Кастусь. Пачакай... Не ідзі... Тут пераклікаліся... Стрэл быў... За гэты час нібы крывёй сэрца сплыло.

Караліна. І ў мяне за цябе.

Кастусь. Жывём, як на вастрыі маланкі. Вось блісне аб скалу...

Караліна. Цемра для цябе.

Кастусь. Што я? Я і жыву толькі таму, што для іншых.

Караліна. Толькі?

Кастусь. А для каго яшчэ?

Караліна. Для Яневіч... мяне...

Кастусь. Было б у мяне сто жыццяў – усе аддаў бы вам. Ты дзяўчынкай хадзіла босая?

Караліна. I цяпер хацела б.

Кастусь. То я іх аддаў бы... каб пылок ад кветак асядаў на твае ногі...

Караліна. Сто? Хаця адно жыццё сабе пакінь.

Кастусь. Хіба гэта здрада, калі я ведаю на другім канцы горада, што табе дрэнна? Калі я падумаю – і ты побач? I сілы мае так узрастаюць, што я магу ўсё. I ты ж таксама?

Караліна. Але.

Кастусь. I няхай нехта палічыць здрадай... I чорт з імі...

Крок. Яшчэ крок у глухой цішыні. Заст алося чатыры... т ры... два...

Караліна! (Голас яго гучыць так, быццам ён заклінае.) Не думай ні аб чым... Кінь усё... Толькі не адштурхні дзеля нейкіх там меркаванняў, бо я ўжо больш – не магу... (I тут ён кінуўся да яе, абняў і, як непрытомны, як смяртэльна паранены, споўз да яе ног, абняў іх , прынік галавою. Глыбокі, вызвалены, страшны ўздых вырваўся з яго грудзей.)

Ты мне – дождж яснавокі над полем і борам,

Без цябе я ні дыхаць, ні жыць не магу.

Ты мне сонца і зоры,

Ты мне – цёплае мора,