152604.fb2
Крокі зусім блізка. I тут Яўхім ляпае далонню па лбе.
Яўхім. А жаніх?
Заруба. На вяселле паехалі, а жаніха ў гумне забылі. Малоціць!
Вастравух. Людцы! Абы выпіць!
Яўхім (глядзіць на Пархвена). Вось яно... Знайшліся... (Хапае за рукі Пархвена і Гарэліху.) Марш у галаву стала!
Чортаў Бацька. Што ты!.. Што ты!.. Ды я? Ды з ёю? То Зарубу, то мяне! Жартачкі?!
Арсень. Трэ было не высоўвацца!
Вастравух. Пацягнулі бычка.
Гарэліха. Каб я, сумленная ўдава?! Ды з гэтым эфіёпам?!
Крокі ўжо зусім блізка. Пархвена і Гарэліху пасадзілі сілком, змайстравалі вэлюм, вянок з галінкі. Пархвену паклалі за вуха кветку. Выгляд у “пары” надта смешны.
Заруба. Семярых прыжыла, а ўсё дзеўкай была.
Людзі размясціліся ў маляўнічых паставах. I вось ужо гэта сапраўды вяселле. Яўхіміха падае Кастусю кол.
Яўхіміха (Кастусю). А ты вастры кол!
Кастусь вострыць. I тут з-за хаты з’яўляецца капітан фон Юнген з салдатамі. Натоўп за сталом прыйшоў у рух. Людзі п’юць і відавочна “п’янеюць”.
Яўхім. Бяседа нішто сабе!
Арсень. Ты цёшчу на другі дзень набі, чым пад руку трапіць.
Чортаў Бацька. Дзеля чаго?
Арсень. Так... Каб ведала.
Яўхіміха (да Гарэліхі). Плач, кажу табе. Плач.
Гарэліха (галосіць). А-а родная ж мая матачка! А-а сама ж ты йшла за роднага татачку! А-а мяне ж ты аддаеш за чужога мужыка!
Гамонка робіцца бязладнай, твары – чырвонымі. Ідзе геніяльная містыфікацыя. Гульны, п’яны, шалёны натоўп не звяртае аніякай увагі на афіцэра і салдат.
Яўхіміха. Горка!
“Маладыя”, вагаючыся, цалуюцца. Гарэліха непрыкметна сплёўвае. Шум сціхае.
Арсень. Пі, кажу, пі, каб ты дзёгцю ўжо дзе была напілася!
Яўхіміха. Вой, упілася!
Вастравух. Пі!
Заруба. Білі мяне... малацілі... Вось вам і свята.
Арсень (суцяшае). Ну і чорт з ім, што набілі. Свята без мучаніка не бывае.
Юнген. Ці-ха!
Шум сціхае.
Ч аму зборышча? Якая прычына? Чаму з сякерай?
Чортаў Бацька. Жанюся, паночак, выпі, не пагрэбуй. (Падносіць Юнгену чарку.)
Вастравух (шэптам). Здурэў, ёмашнік стары... Вада ж...
Юнген (жорстка ўсміхаецца). Каму прапануеш, хам? Стайню забыў? П’яныя напіліся, халеры.
Чортаў Бацька далікатна дыхае ўбок.
Хто чалавек з сякерай? Што робіць?
Гарэліха (падкаціўшыся да яго). Госць... Аднадворац! Калок вострыць!
Юнген. нашто?
Гарэліха. А л-любенькі. Вядома нашто... (I засаромелася.)
Яўхіміха. Забіваць ля хаты жаніха будзем. Каб трымаўся моцна, як кол, – усё жыццё, аж пакуль не спарахнее.
Юнген. Дзікуны.
I тут успыхвае сумная, прыгожая песня.
Яўхіміха.
Прывяжу я свайго коня
Да ліповага кола,
Яўхім.
А сам пайду да каханай
У вясёлае кола.
Яўхіміха.