152604.fb2
Сваiх паноў з мячом, свiнцом, агнём...
I вось я скiнула свае уборы
I чорны плашч усклала. Ў соты раз.
Але ў бясконцых, страшных гэтых бедах
Не апусцiла я сваiх вачэй....
Вы, што глядзiце зараз мне ў зянiцы,
Вы, светлыя, вы, добрыя, вы, дзецi
Вялiкiя мае, павiнны ведаць
Паданнi краю.
Вось, вазьмiце крылы,
Якiя Вас туды перанясуць...
I уявiце, што якраз сягоння
Рассыпалiся вёскi i палацы
Чырвоным жарам. Шыбенiцы страшна
На раздарожжах стогнуць па начах...
Па жылах рук маiх iдуць салдаты
I валяць родны лес наўсцяж дарог,
I паляць пушчы, каб нiхто не здолеў
Схавацца там са зброяй i страляць
Па карнiках. Яны ж паўсталi, дзецi,
Не вытрымалi рабства i цяпер
Ляжаць, забiтыя рукой варожай,
Мiж зрынутых калон маiх лясоў.
Не будзе дрэваў - i мяне не будзе...
Паслухайце... Вось... Вось яшчэ... Яшчэ.
Здалёк, глухiя i нерэальныя, далятаюць, мацнеюць, гучаць, гучаць удары сякер.
I уявiце, што сягоння, зараз,
Выходзяць лепшыя сыны змагацца.
I рог гучыць. I раўкаюць гарматы.
I мужыкi, што верылi спачатку
Ў цара, цяпер за лепшымi iдуць.
Узняўшы вiлы ў зарыва... I гэта
Зрабiў адзiн з сыноў маiх... Кастусь.
Сын той зямлi, што несла крыж пакуты...
I тут узмывае страшная, на мяжы голасу i адчаю, песня-лямант "Дарота".
А Дарота крыж нясе
Па сцюдзёнай па расе,
Па папёлах стылых,
Па пажарах дымных
Нясе...
Нясе...
За ўсiх бедных людзей
Па палёх яна iдзе...
Iдзе... iдзе...
Беларусь. Глядзiце! Успомнiце! Прыходзiць час!..
Уздымаецца заслона. Закiнуты вадзяны млын пад Бахарэвiчамi. Грэбля парасла дрэўцамi, лес прысунуўся амаль да самых сцен... Чортаў Бацька i баба Гарэлiха глядзяць у глыбiню сцэны, адкуль чуцен далёкi шум натоўпу.
Гарэлiха. Куды гэта народ сыпануў? Га, Чортаў Бацька?
Чортаў Бацька. Паўстанца ловяць... Паныча... Iшоў нiбыта па дарозе сюды.
Гарэлiха. А Яўхiм наш... Сокал-мужык!..