152604.fb2 Кастусь Каліноўскі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

Кастусь Каліноўскі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

I людзі спяць, абпіўшыся хлуснёй...

Нічога... Ёсць такія, што не дрэмлюць.

Такія не даюць сабе дазволу

Любіць што-небудзь, акрамя свабоды.

Няшчасна закаханыя ў яе,

Адрынутыя ёю ў смерць і ў турмы,

Яны пажнуць найлепшых закаханых

Праз трыста год. У новы вольны час,

Калі прамовіць нейкая дзяўчына:

“Чаму я не жыла тады, матуля?

Чаму не йшла на бітву сярод іх?”

Ты будзеш жыць і танцаваць, дзяўчына,

Кахаць... А ў нас крык гневу рвецца з вуснаў...

Сланечнік мой, прамень мой светлы, добры...

Гляджу услед, і ад пяшчоты сэрца

Спыняецца. А ты, мая зямля,

Глядзіш мне ў вочы змрочнымі вачыма,

I нема замірае мой язык.

Паўза.

Ідзе... З Дамініканскага завулка,

Дзе мураўёўскі, чорны той засценак,

Святло касое падае пяшчотна

На плечы, твар і золата касы...

О, як ты будзеш танцаваць сягоння,

Якім жывым і цёплым захапленнем

Заззяюць вочы мілыя. I руку

Адчую я ў сваёй руцэ. I вочы

Ніжэй сваіх вачэй убачу я.

I вусны мне раскрыюцца насустрач,

Як кветка цёплая насустрач сонцу...

А потым... Што казаць аб тым, што потым...

Дадому з балю разам не паедзеш...

I я ў святле бягучых ліхтароў

Не буду цалаваць тваіх вачэй...

Ідзі далей, маленькая вясёлка,

Свяці над добрай, змучанай зямлёй,

Што ў нетрах цёплых парасткі раджае.

Жывую рунь апошніх нашых дум.

Паўза.

Ідзі далей, маленькая вясёлка,

Гары над светам. Я не пазаву.

Большае людзей на вуліцы. Паўз Кастуся прабег, звонячы вярыгамі, гарадскі юрод Агей Блажэнны.

Агей (Кастусю). Дай што-небудзь Блажэннаму Агею... Не... Не грошы... Душу дай...

Кастусь (сумна). Аддам, Агей.

Юрод. Дай каму трэба. (Робіць пальцамі вілы.) У-у... Ані дня, ані часу... Ястрабы над табой. Крылатыя.

Кастусь. Бог з табою, Агей.

Юрод. З табою, з табою... (Адбег убок і сеў на кукішкі, як ідал.) Вось. Лятуць.

Выходзіць варта. За ёю Мураўёў, Цаплін, дэ Салье, Тызенгаўзен.

Кастусь. Дык вось ён, Цаплін... З Мурашом побач.

Дэ Салье. Б’яніні проста выключны Атэла. Такі раўнівы! Як гляне на мяне – сэрца падае... Як гэта можна так душыць?!