100740.fb2 Ноч маладзiка (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Ноч маладзiка (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Андрэй Дзмiтрук

Ноч маладзiка

Пераклад: Павел Марцiновiч

Толькi цяпер, пасля раскопак, магу я сказаць сёе-тое пра знiкненне Сяргея Iўчанкi.

Сёе-тое, але нiчога такога, што магло б, скажам, спатрэбiцца работнiкам мiлiцыi. (Я ўжо даўно ведаў, што Серж знiк: я вытрымаў шматдзённую буру тэлефонных званкоў яго мацi, быў вымушаны ўдзельнiчаць у няўцямнай Iрынiнай мiтуснi па горадзе, але цалкам адчуў прапажу толькi перад РАУС, дзе красавалiся на стэндзе вышуку лiстоўка "Знайсцi чалавека" з фотакарткаю Iўчанкi.) Магчыма, я адзiны, хто здагадваецца, дзе цяпер Серж. Калi я нават маю рацыю, дык вярнуць яго да нас не лягчэй, чым з таго свету альбо з iншай Галактыкi. (Гэта быў добра вядомы мне здымак, прафесiйны, хоць i зроблены ў хатнiх умовах. Здымаў наш прыяцель - аператар кiнакронiкi; фонам служыла белая прасцiна, павешаная на сцяну. Святы Божа, каб мы ведалi, дзеля чаго паслужыць гэтая зробленая пад мухай фатаграфiя! Паважны Серж са сваiмi крыху лупатымi вачыма i роўна падстрыжанымi светлымi вусiкамi глядзеў з мiлiцэйскага стэнда, захоўваючы выраз камiчнага пафасу: разварот у тры чвэрцi, нiжняя губа выпнутая, галава задраная...)

Так, ён лiчыўся маiм найблiжэйшым сябрам. Адзiнаццаць гадоў мы з iм прагульвалiся, ездзiлi на пляж i ў грыбы, хадзiлi ў кiно цi ў тэатр, фiласофствавалi за шклянкай вiна - адным словам, вадзiлiся, як заведзена ў людзей, што любяць адзiн аднаго i не звязаны нiякiмi дзелавымi зносiнамi. Разоў колькi Серж зрабiў мне пратэкцыю ў якiхсьцi службовых асобаў, колькi разоў i я "закiнуў слоўца" за яго; трохi больш было выпадкаў грашовай узаемавыручкi. На падставе гэтага мне цяжка сказаць, цi пайшоў бы я з Сержам "у разведку" i як бы ён паставiўся да мяне ў гэтай "разведцы". Пэўна, не горш, чым я - да яго. Магчыма, мы сапраўды былi сябрамi.

Серж вызначаўся высокiм ростам, меў роўную мужную паходку i выдатную выпраўку, але ж вялiкiм поспехам нi ў грамадзе, нi ў жанчын ён не карыстаўся. Нямала людзей намнога саступаюць яму i вонкава i духоўна, але пры гэтым нейкая беспамылковая iнтуiцыя падказвае iм, як сябе паводзiць, што дзе сказаць... Такi чалавек у любы момант адчувае сябе нiбы рука ў зручнай пальчатцы. Нахабнасць, хамства, непрыкрыты эгаiзм - усё яму даруецца. Затое прыгожаму, вытанчанаму, чуламу Сержу з яго прыемным мяккiм нiзкiм голасам i дагледжанымi рукамi - менавiта яму не даравалi нiякай памылкi. I было гэта з прычыны яго вечнай няўпэўненасцi ў сабе. Дастаткова было каму-небудзь адпусцiць у яго бок iранiчную рэплiку альбо жанчыне зашаптаць сяброўцы на вуха, паглядаючы пры гэтым на Сержа, каб ён разгубiўся, зрабiўся нудны, пануры i ў рэшце рэшт змоўк зусiм падчас ледзьве не са слязьмi ў вачах. (Мабыць, поўнае раўнадушша да людзей i да iх поглядаў - гэта i ёсць сакрэт поспеху памянутых мною генiяў адаптацыi?..)

Серж даволi часта ўлюбляўся, i многiя ахвотна прызначалi яму сустрэчу, але хутка расчароўвалiся, бо мой рамантычны сябра ўжо лiчыў выбраннiцу незвычайным стварэннем, сваiм другiм "я" i абрушваў на яе ўсе свае перажываннi i выпакутаваныя думкi. Убачыўшы, аднак, што цудоўная дама становiцца ўсё больш халодная, мой сябар пачынаў дапякаць ёй настолькi палкiмi i патрабавальнымi прызнаннямi, што ўмомант адпужваў яе канчаткова. (Ён быў адзiны сын, яго бацькi выязджалi ў доўгiя камандзiроўкi, i Серж з малалецтва заставаўся пад наглядам старэнькай бязвольнай бабулi, сам-насам з велiзарнай бiблiятэкай.)

Увогуле, я ад душы радаваўся за Сержа калi мне ўдалося звесцi яго з Iрынай. (Даўняй студэнцкай парою мой раман з ёю быў не вельмi ўдалы: яна ўладалюб i я таксама...) Iра разумная, эрудзiраваная, энергiчная. Была замужам i разышлася не з нейкай трывiяльнай прычыны накшталт мужавага п'янства, а "з-за неаднолькавасцi перакананняў". Чакае свайго прынца, аднак настолькi цвярозая ў штодзённым жыццi, што разумее: хутчэй за ўсё прынца давядзецца ляпiць самой з каго-небудзь, патэнцыяльна здольнага на гэтую ролю.

Серж ёй падышоў. Яны не толькi вытрымалi амаль штодзённыя сустрэчы паўгода, але нават памянялi свае аднапакаёвыя кватэры на двухпакаёвую. Iра канчаткова дабiла майго сябра тым, што адзелася для рэгiстрацыi шлюбу ў чорнае велюравае плацце.

Ён металафiзiк, я археолаг. Нас аб'ядноўвае прыхiльнасць да ўсяго ўзвышанага i адцягненага. Зрэшты, калi высокавугляродзiстыя сталi i гексанiтавы абразiў мне ўвогуле недаступныя, дык Сержа мне ўдалося заразiць археалогiяй, цi бо не столькi самой навукай, колькi тым духам амаль казачных культур, якi робiць свяшчэннадзействам нашу кратовую работу.

...Далiбог, мне самому нiколi не ўяўляўся галоўнай задачай нудны, абстрактны аналiз: як, скажам, змянiлася дзяржальна баявой сякеры за пяцьсот гадоў. Не - кожная культура выклiкала да жыцця яскравы пачуццёвы вобраз. Менавiта ажыўленне вобразнай сутнасцi мiнулага было мне даражэйшае за ўсё. Хiба археалогiя толькi ўпарадкоўвае, хiба не ўваскрашае?!

...Страшная, дамавiнная цесната празмерных каменных мас. Скучаныя зверагаловыя монстры i сярод iх - смуглы хлопчык з тонкай шыяй i вялiкiмi вачыма, наiўны i паважаны, у золаце, з накладной барадой - забаўка хiтрых старых. Золата, спякота, духмянасць, ад якой чмурэеш, манатонны гук струны гэта Эгiпет. Сцены з размаляваных чарапоў, пыл на падстрыжанай траве свяшчэннага стадыёна, сонца i рэзкi цень пiрамiды, званочкi на шыях брудных ламаў. Быць сёння крывi. Жорсткiя i скрытныя дзецi - ацтэкi... Адпачнём на ўзбочыне дарогi пад мелавым схiлам, над бiрузовым шчытом мора. Разломiм наздраваты праснак, пакладзём на яго жоўты сыр... Вып'ем аскомiстага вiна, спачатку ўзлiўшы Хмараганiцелю. Элада...

Усё ж такi я - ускосны вiноўнiк прапажы сябра. Чытаючы на стэндзе вышуку спiс Сержавых прыкмет, я дайшоў да вопраткi. Джынсы старыя, гiмнасцёрка вайсковая, акуляры цёмныя сонцаахоўныя, сумка сiняя на рэменi цераз плячо, з надпiсам "Аэрафлот". Я адчуў на iмгненне непрытомнасць. Значыць, Серж адправiўся ў поле, i можна ўпэўнена сказаць куды.

Вядома ж, гэты маршрут упершыню паказаў iм я ў леташнiм чэрвенi. Не так ужо i далёка ад Горада: гадзiну з нечым на рэйсавым аўтобусе да апошняга прыпынку - маленечкага сельмага пасярод запыленай плошчы. Потым прасёлкам направа, па плацiне цераз возера, дзе ў цесным чароце стракатыя дзiкiя качкi дружаць з белымi свойскiмi. Ад плацiны - звiлiстай лясной дарогай...

...Калi выйшлi з лесу, у Iрыны i Сержа, хоць i падрыхтаваных маiм расказам, на хвiлiну перахапiла дыханне, а потым яны навыперадкi сталi захапляцца. Уздымаючы хрыбет на вышыню двухпавярховага дома, бурым тлустым драконам ляжаў сярод поля старажытны абаронны вал. Справа ён хаваўся ў сасновым бары, затое налева адыходзiў, як ахапiць вокам, па мiрным лёгкiм жыце. Каляiна, па якой мы прайшлi лес, цяснiнай прарэзвала вал.

Так, калiсьцi ў гэтым цiхiм, зялёным, хлебным краi, дзе патрыярхальна стракочуць трактары i ляжаць у цянi вала пярэстыя сонныя каровы, - калiсьцi ў гэтым краi кiпела вялiкая работа. Нашыя з вамi прашчуры, суровыя, гаспадарлiвыя, забабонныя славяне, ставiлi бар'ер перад драпежным, вераломным стэпам. Увесну рылi i цягалi зямлю; пабудаваўшы насып, часалi вострыя калы на агароджу па хрыбце, ставiлi вартаўнiчыя вежы. Потым колькi хочаш маглi налятаць стэпавiкi на каратканогiх кудлатых конiках, раўцi нялюдска, круцiць над галавой арканамi. За глыбокiм ровам, за крутым бокам дракона, на якi вершнiк не ўзбярэцца, а пешага сустрэнуць гартаванай стралой, гэтаксама, як сёння, цiха-мiрна каласiлася i выходзiла ў трубку жыта. Дымамi зямлянак курылiся гарадзiшчы. Жанчыны даiлi ўсё тых жа гнядых ды плямiстых, ганчары выраблялi ляпныя паяскi на вазах (так, у iх былi i вазы!), а кавалi па золаце набiвалi руку на фiбулах для плашчоў. Як доўга i добра жыла краiна за вялiкiм валам, сведчыць чорная, жоўтая, чырвоная керамiка. Мiрыяды асколкаў, якiя штолета выгортваюцца плугамi i вымываюцца дажджамi на раллю. Нават капаць не трэба.

Прайшоўшы кiламетры тры спякотным пыльным гасцiнцам уздоўж насыпу, Iра раптам абвясцiла прывал i рынулася на схiл, штурмуючы пахучую блытанiну жаўтазелю, пiжмы, бярозкi i пругкага белага дзяцельнiку. Уверсе, дзе калiсьцi за брустверам чакаў стэпавiкаў вастравокi лучнiк, расла моцная разгалiстая груша-дзiчка. Схаваныя мноствам дробнага лiсця i цвёрдых, быццам костка, пладоў, мы разгарнулi пакункi з ежай. Перад намi аж да самага далягляду грувасцiлiся хвалi рудой збажыны, а пасярод iх - шыза-зялёныя плямы капусных градак i лесаахоўныя палосы. Толькi падкрэслiваючы ўсеабдымную цiшыню, дзелавiта лескаталi конiкi, зароў у палёце грузны чмель ды недзе пад нерухомым небам вуркатала сенакасiлка. Я нацiраў радыску мокрай камякаватай соллю, жаваў булку з вяндлiнай i думаў, запiваючы ўсё гэта цёплым лiманадам з рыльца бутэлькi: гэтыя, не закаламучаныя мiтуснёю хвiлiны - цi не лепшыя ў маiм жыццi?

Перакусiўшы, Iра з Сержам яшчэ доўга качалiся б на траве i палiлi. Але я, нiбы фанабэрысты ўладальнiк калекцыi, прыспешваў iх з жаданнем як мага болей паказаць да цемнаты.

Гэта ў мяне атрымалася. Iра i Серж былi выдатныя хадакi...

Тады быў чэрвень. А на зыходзе жнiўня, у панядзелак, Серж выклiкаў мяне з iнстытута i прывёў на самую зацiшную лаўку ў блiжэйшым парку. Серж не ўмеў нi прыкiдвацца, нi гаварыць на нейтральныя тэмы, перш чым падысцi да галоўнай. Таму ён проста глядзеў на наскi туфляў, маўчаў i ламаў у пальцах пруток. Я пачакаў i невiнавата запытаўся, цi не пакахаў Серж, скажам, маю жонку i цi не хоча ён у гэтым прызнацца. Потым я запэўнiў яго, што трымаюся самых перадавых поглядаў i, калi ў яго са Светаю ўсё дагаворана, я перашкаджаць не буду.

Але Серж узняў на мяне бездапаможныя дакорлiвыя вочы, i я, убачыўшы цёмныя паўмесяцы пад iмi, зразумеў, што жарты не да месца.

- У мяне да цябе дзве просьбы.

- Адразу дзве? Ого! - не здолеў усё-такi ўстрымацца я.

- Ага, адразу дзве. Урэшце, калi ты не хочаш, я магу...

- Хачу, хачу! Лiчы, што я iх ужо выканаў. Толькi кажы хутчэй, у чым праблема.

- Тады, першае, нiчога не расказвай Iрцы. Другое, не перапыняй мяне i не старайся растлумачыць, не даслухаўшы да канца. I ўвогуле, не спяшайся з высновамi. Добра?

Я абяцаў, заiнтрыгаваны такiм пачаткам. Серж адшпурнуў паламаны пруток гэты жэст здаўся мне iстэрычным - i раптам спытаўся з такой дрыготкай у голасе, быццам ад майго адказу залежала ўсё яго жыццё:

- Як ты думаеш, толькi папраўдзе - цi здольны я на рашучыя ўчынкi? Альбо пан, альбо прапаў...

Кажучы па праўдзе, я думаў, што Серж не здольны.

Ён заўсёды лiчыў у глыбiнi душы, што ўвесь свет, як мама, усё даруе, варта толькi сказаць: "Больш не буду".

Ва ўсякiм разе, адзiнаццаць гадоў нашага знаёмства не давалi падставы лiчыць Сержа чалавекам дзеяння, тым больш на ўзроўнi "альбо пан, альбо прапаў". Акрамя таго, ён хваравiта высока цанiў сваё жыццё...

- Не ведаю. Думаю, што здольны, - сказаў я. - Магчыма, проста не трапляўся выпадак.

Мусiць, нават мая бойкая хлусня яго не падбадзёрыла. Серж цяжка ўздыхнуў i пачаў спавядацца.

Аказваецца, учора яны з Iрай самi паўтарылi той шлях, якiм я правёў iх у чэрвенi. Там, дзе крутым зрэзам быў зведзены ў далiну старажытны вал, яны збiралi каля каранёў па пасадках моцныя круглякi-порхаўкi. Праз тыдзень у грыбах быў бы ўжо ржавы пыл, а тады яны былi яшчэ сама раз - "на смак - быццам трасковая пячонка", як аўтарытэтна заявiла Iра.

Сама ж далiна, глыбокая, серпападобная, выклiкала ў iх проста-такi дзiцячае захапленне багаццем палявых шампiньёнаў. У нас, тутэйшых, яны называюцца "пячэрыцы". Шампiньёнаў не трэба было шукаць. Белымi агеньчыкамi ззялi яны ў нiзкай траве, прыметныя нават з процiлеглага схiлу.

На жаль, у сумцы быў толькi адзiн нож на дваiх, а рваць з коранем вопытная Iра не дазваляла, каб не загубiць грыбнiцу. Таму збор вельмi запаволiўся. Вымушаныя рухацца разам, яны амаль дзве гадзiны хадзiлi па схiлах, адразаючы гладкiя, як гумавыя цацкi, грыбы. Зверху да далiны збягалi карчакаватыя яблынi, жоўтыя плады ўжо гарэлi на iх, i здавалася дзiўным, што няма аховы. Не маючы сiлы перамагчы спякоту, павiслi асавелыя яблыкi. Далiна, быццам запоўненая нябачнай стаячай вадой, замерла ў сонным змярцвеннi.

Менавiта тут Iрына ўпершыню выказалася пра фiзiчныя ўласцiвасцi часу: пра тое, што час, паводле сваiх таямнiчых законаў, можа паводзiць сябе, як адчувальная субстанцыя. Хто ведае, цi не ўтварае ён на самай справе нерухомыя ставы ў адных месцах, цi не iмчыцца шалёным патокам у iншых. Прасторавая структура часу. Турбуленцыя, вiхуры, узаемапранiкаючыя слаi - верагодна, недзе ёсць i адваротныя плынi, адбiтыя ад якiх-небудзь запруд... Чаму мы лiчым час нейкiм сумным бесструктурным маналiтам?

- Можа быць, узiмку ляжыць снег, а тут усё так жа горача i растуць шампiньёны, - пажартаваў Серж, мiж iншым, з адчуваннем таго, што жарт няпросты, з падвойным дном.

- Так, так, i на мяжы зiмы ходзiць анёл з вогненным мячом, - падхапiла Iрына, не адчуўшы другога дна.

...Грыбная лiхаманка досыць затрымала iх у дарозе. Захопленыя, яны проста забылiся, што канец жнiўня - не чэрвень: сонца заходзiць значна раней.

Ззаду засталося бураковае поле. Яны заблудзiлiся ў доўгiх, пераблытаных вулiцах сяла, сярод дыхтоўных хат пад шыферам i хлявоў, крытых замшэлым толем. Iм прыязна паказалi дарогу. За сялом Серж выцягнуў з калодзежа вядро вады, такой ядрана свежай, што нiбы ў мароз ламала зубы. Напiўшыся, ён папрасiў жонку аблiць яго i зняў дзеля гэтага кашулю...

Так, спяшаючыся, але не адмаўляючы сабе нi ў якiм уражаннi, яны наблiзiлiся да мэты - грады крутабокiх узгоркаў. Маленькiя сельскiя могiлкi прытулiлiся на самай нiзкай з гэтых страшэнных спiн, а самую высокую ўвенчвала арлiнае гняздо - дзяцiнец гарадзiшча, падобны на Манамахаву шапку. Гэты "кулiч", акружаны кальцавым валам, я ўпершыню паказаў Iры i Сержу здалёк, ад грэбеня далiны шампiньёнаў. Ён вiдзён на дзесяткi вёрст. Цяпер, аплыўшы пад цяжарам шматлiкiх стагоддзяў, дзяцiнец насоўваўся ў адвячоркавай смузе, ахоплены чарамi i вядзьмарствам, - падножжа воблачнага горада, рэрыхаўская цвярдыня, здольная прымусiць трымцець любую рацыянальную душу.

Калi яны, выбраўшы самы пакаты пад'ём, дасягнулi седлавiны ўзгорка, цяжкая шапка ўжо страцiла аб'ём i сiлуэтам прыклеiлася да ультрамарынавага фону. Тут Серж мiмаходам зiрнуў на гадзiннiк i ўбачыў, што ўжо пачатак дзевятай гадзiны.

- Ну i што? - сказала Iра. - Апошнi аўтобус, здаецца, у дваццаць адну дваццаць.

- Давай вернемся, - скурай на лапатках адчуўшы небяспеку, папрасiў Серж. У цемнаце тут вельмi проста ногi зломiш. Акрамя таго, вадзiцель аўтобуса наўрад цi дакладна трымаецца раскладу. Можа i раней паехаць.

- А можа i пазней.

- Гэта наўрад, ехаць няма каму - нядзеля... "Нядзеля" - раптам сказаў выразны голас над вухам у Сержа. Ён палез у нагрудную кiшэню гiмнасцёркi, дастаў блакнот i прачытаў запiсаны сваёю рукою графiк руху аўтобуса: "Адпраўленне з сяла X... - 18.00, 19.30, 21.20. Нядз. i святы - апошнi 19.30". У яго неяк адразу аслаблi навярэджаныя ногi. Сеў у траву.

Вядома, яны маглi спусцiцца i зусiм спакойна заначаваць у X... Ледзь не кожны селянiн з задавальненнем пусцiў бы iх у хату, а гаспадыня дала б павячэраць: густое пахучае малако пад рудою пенкаю, лусты мяккага i сытнага хлеба... I ў вынiку спакойнай ночы на тоўстых утульных сеннiках, мы з Сержам яшчэ незлiчоную колькасць гадоў сустракалiся б i гутарылi аб узвышаным i адцягненым. Але Iры суджана было прадэманставаць, што яна ўжо дык здольная на хуткiя i цвёрдыя рашэннi.